«БОРЬБА»,
штодзённая грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася з 16(29).11.1917 да 3(16).1.1918 у Віцебску на рус. мове супрацоўнікамі газ. «Известия Витебского Совета солдатских и рабочых депутатов», закрытай за антыбальшавіцкую дзейнасць. З 27.12.1917(10.1.1918) стала «органам сацыялістычнага блоку Віцебскага гарадскога самакіравання», у які ўвайшлі прадстаўнікі розных паліт. партый: Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, РСДРП, Бунда, партыі нар. сацыялістаў, аб’яднанай яўр. Сацыяліст. партыі. Гал. задачай абвясціла барацьбу з анархіяй, за хутчэйшае адкрыццё і свабоднае, незалежнае функцыянаванне «Усенароднага і Поўнаўладнага Устаноўчага сходу». Апошні раз выйшла пад назвай «Наша борьба». Закрыта бальшавіцкімі ўладамі Віцебска.
М.Я.Сяменчык.
т. 3, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)