польскі і ўкр. матэматык; адзін са стваральнікаў львоўскай матэм. школы. Чл.-кар.АН у Кракаве (1924). Скончыў Львоўскі політэхн.ін-т (1914). З 1924 праф. Львоўскага ун-та. Адзін са стваральнікаў сучаснага функцыянальнага аналізу. Яго імем названы лінейныя прасторы, у якіх найбольш плённа вывучаюцца лінейныя функцыяналы і аператары.
Тв.:
Рус.пер. — Дифференциальное и интегральное исчисление. 3 изд. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСКРЭ́ТНАСЦЬ (ад лац. discretus раздзелены, перарывісты),
раздзеленасць, перарыўнасць у прасторы і часе; процілегласць неперарыўнасці. Напр., сістэма цэлых лікаў (у процілегласць сістэме рэчаісных лікаў) — дыскрэтная. У фізіцы Д. азначае перарыўнасць будовы матэрыі (яе атамістычнасць), а таксама перарыўны квантавы характар працэсаў паглынання і выпрамянення энергіі ў атамах і малекулах. Д. некат. фіз. велічыні — змяненне яе значэнняў, што адбываюцца праз пэўныя прамежкі часу (скачкамі). Гл. таксама Неперарыўнасць і перарыўнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМНЫ́ МАГНЕТЫ́ЗМ, геамагнетызм,
1) з’ява, якая характарызуе ўласцівасць нашай планеты ствараць магнітнае поле Зямлі. У гэтым працэсе дзейнічаюць пастаянныя ўнутрызямныя крыніцы магнетызму, абумоўленыя ўнутр. будовай Зямлі і дзеяннем віхравых токаў у зямным ядры, і пераменныя — у магнітасферы Зямлі і іанасферы.
2) Раздзел геафізікі, які вывучае размеркаванне ў прасторы і змены ў часе магнітнага поля Зямлі і звязаныя з ім геафіз. працэсы. Гл. таксама Магнітаметрычныя метады разведкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКАРЭ́ННЕ СВАБО́ДНАГА ПАДЗЕ́ННЯ, паскарэнне сілы цяжару,
паскарэнне, з якім рухаўся б цэнтр цяжару кожнага цела пры падзенні яго на Зямлю з невял. вышыні ў беспаветранай прасторы. Як і сіла цяжару, П.с.п. залежыць ад геагр. шыраты месца і вышыні яго над узроўнем мора. Спосабы вымярэння П.с.п. вывучаюцца ў гравіметрыі. На шыраце Мінска П.с.п. g = 9,8135 м/с2, на шыраце С.-Пецярбурга g = 9,8193 м/с2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРПЕНДЫКУЛЯ́РНАСЦЬ,
узаемнае размяшчэнне 2 прамых, плоскасцей ці прамой і плоскасці, пры якім гэтыя фігуры ўтвараюць прамы вугал. 2 прамыя наз. ўзаемна перпендыкулярнымі, калі яны ўтвараюць прамы вугал (у прасторы такія прамыя не абавязкова перасякаюцца). Прамая і плоскасць наз. ўзаемна перпендыкулярнымі, калі дадзеная прамая перпендыкулярная да кожнай прамой, што знаходзіцца на плоскасці. 2 плоскасці наз. ўзаемна перпендыкулярнымі, калі пры перасячэнні яны ўтвараюць прамы двухгранны вугал. Гл. таксама Артаганальнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАПАЛАГІ́ЧНАЯ А́ЛГЕБРА,
раздзел алгебры, што вывучае розныя тапалагічныя сістэмы (групы, паўгрупы, кольцы, алгебры, вектарныя прасторы і інш.), якім нададзены тапалогіі, з неперарыўнымі алг. аперацыямі ў дачыненні да гэтых сістэм.Асн. пытанні, якія разглядаюцца ў Т.а., — існаванне тапалогій у алг. сістэмах, што пераўтварае іх у тапалагічныя алг. сістэмы, прадаўжэнні тапалогій на пашырэнні алг. сістэм, уласцівасці тапалогій алг. сістэм, напр., магчымасць задання тапалогій з дапамогай метрыкі, нормы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕНДЖ (англ. henge),
від рытуальных помнікаў, якія сустракаюцца толькі на Брытанскіх а-вах. Складаюцца з акруглай прасторы ад 150 да 1700 футаў (ад 45,7 да 518,16 м) у дыяметры, абмежаванай ровам, са знешняга боку якога насыпаны вал. Бываюць з адным уваходам ці з двума (адзін насупраць другога). Некат. Х. маюць пахаванні, ямы, колы з вертыкальна пастаўленых камянёў (напр., Стонхендж, Эўбюры), слупы (Вудхендж і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧА́НДРА»
(англ. Chandra),
касмічны апарат для пошукаў і даследаванняў крыніц рэнтгенаўскага выпрамянення. Створаны Нацыянальным кіраўніцтвам па аэранаўтыцы і даследаванні касмічнай прасторы (НАСА) ЗША. Названы ў гонар С.Чандрасекара. Запушчаны 25.7.1999 з амер. пілатуемага касм. карабля «Калумбія». Самы буйны рэнтгенаўскі тэлескоп у свеце: даўж. 11,8 м, дыяметр 4,27 м, агульная маса 5865 кг. Выкарыстоўваецца для вывучэння чорных дзір, актыўных ядзер галактык, квазараў, пошуку скрытай масы Сусвету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ЧАСЦІ́Ц,
уласцівасць мікрааб’ектаў, якая абумоўлена іх спінам і характарызуе ступень сіметрыі або асіметрыі часціц у прасторы.
Часціца з ненулявой масай спакою і спінам s можа знаходзіцца ў адным з 2s + 1 квантавых станаў, якія адпавядаюць рознай арыентацыі спіна адносна зададзенага напрамку. Палярызацыйны стан часціц ёсць суперпазіцыя ўсіх квантавых станаў. Калі каэфіцыенты суперпазіцыі вядомыя, то часціца цалкам палярызавана (чысты стан). Напр., фатон, які мае спін s = 1 і нулявую масу спакою, характарызуецца 2 спінавымі станамі (паралельна і антыпаралельна выбранаму напрамку). Аднолькавасць уласцівасцей часціц па ўсіх напрамках азначае яе бясспінавасць (s = 0) і немагчымасць палярызацыі. Часціцы са спінам 1 (ці больш) маюць дадатковую характарыстыку — выстраенасць, якая сведчыць пра адсутнасць сферычнай сіметрыі і вінтавой восі ў прасторы. Выяўленне незахавання прасторавай цотнасці (1956—57) у слабых узаемадзеяннях дало магчымасць атрымаць палярызаваныя часціцы і ядры ў рэакцыях распадаў. Прадказана натуральная П.ч. у пучку электронаў і пазітронаў пры руху ў магн. полі. Эксперыменты з палярызаванымі пучкамі часціц выкарыстоўваюцца для праверкі сіметрыі фундаментальных узаемадзеянняў, вызначэння спектраскапічных характарыстык ядз. узроўняў, вымярэння магн. дыпольных і эл. квадрупольных момантаў узбуджаных станаў ядра, для праверкі ядз. мадэляў і ўстанаўлення механізмаў ядз. працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЕТРЫ́Яў геаметрыі,
уласцівасць геаметрычнай фігуры пры вызначаных пераўтварэннях (зменах свайго становішча) сумяшчацца з самой сабой так, што не ўсе яе пункты займаюць першапачатковае месца ў прасторы.
Віды С. на плоскасці: С. адносна прамой (восі С.) пры люстраным адбітку (кожнаму пункту фігуры адпавядае іншы пункт гэтай фігуры на перпендыкуляры да дадзенай прамой на той жа адлегласці ад яе), напр., круг сіметрычны адносна кожнай прамой, якая праходзіць праз яго цэнтр; С. адносна пункта (цэнтра С.), калі фігура супадае сама з сабой пры яе вярчэнні на 180°, напр., паралелаграм сіметрычны адносна пункта перасячэння дыяганалей; С. парадкуnадносна пункта (цэнтра С. парадку n), калі фігура супадае сама з сабой пры вярчэнні на 360°/n, n = 3, 4, 5, ..., напр., правільны n-вугольнік; С. бесканечнага парадку адносна пункта (цэнтра С. бесканечнага парадку), калі фігура супадае сама з сабой пры вярчэнні на адвольны вугал вакол цэнтра, напр., круг і ўся плоскасць. Паняцце С. абагульняецца на целы ў прасторы, а таксама на інш.матэм. паняцці (група, аператар і інш.) і адыгрывае значную ролю ў матэматыцы і яе дастасаваннях.
А.А.Гусак.
Сіметрыя ў геаметрыі. Плоскія фігуры, сіметрычныя адносіны прамой a (1) і пункта O (2).