«ЧА́НДРА»
(англ. Chandra),
касмічны апарат для пошукаў і даследаванняў крыніц рэнтгенаўскага выпрамянення. Створаны Нацыянальным кіраўніцтвам па аэранаўтыцы і даследаванні касмічнай прасторы (НАСА) ЗША. Названы ў гонар С.Чандрасекара. Запушчаны 25.7.1999 з амер. пілатуемага касм. карабля «Калумбія». Самы буйны рэнтгенаўскі тэлескоп у свеце: даўж. 11,8 м, дыяметр 4,27 м, агульная маса 5865 кг. Выкарыстоўваецца для вывучэння чорных дзір, актыўных ядзер галактык, квазараў, пошуку скрытай масы Сусвету.
У.С.Ларыёнаў.
т. 17, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)