ПА́ЎЛАЎ (Якаў Савельевіч) (20.6.1940, в. Самуйлы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 7.12.1996),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1983), праф. (1984). Скончыў БДУ (1967). З 1967 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ (заг. сектара), з 1976 у Мінскай ВПШ (заг. кафедры). З 1991 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, кіраўнік групы па вывучэнні паліт. рэпрэсій на Беларусі ў 1920 — пач. 1950-х г. З 1993 у Бел.НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы (заг. аддзела). Даследаваў гісторыю рэвалюцыі 1905—07, грамадзянскай вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 у Расіі і Беларусі, падп. і партыз. барацьбы на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ваен.буд-ва і паліт. рэпрэсій у 1920—40-х г., праблемы метадалогіі і гістарыяграфіі Вял.Айч. вайны. Адзін з аўтараў прац «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995) і інш.
Тв.:
В.И.Ленин и партизанское движение. Мн., 1975;
Комиссар Бумажков. Мн., 1978;
Народная война в тылу интервентов и белогвардейцев. Мн., 1983;
В суровом сорок первом. Мн., 1985;
У истоков победы. М., 1986;
Драматычны лёс польскіх асаднікаў // Бел. мінуўшчына. 1994. № 4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖЭ́ВІЧ ((Różewicz) Тадэвуш) (н. 9.10.1921, г. Радомска, Польшча),
польскі пісьменнік, драматург. Вывучаў гісторыю мастацтваў у Ягелонскім ун-це ў Кракаве (1945—49). Друкуецца з 1938. Аўтар паэт. кніг «Непакой» (1947), «Зялёная ружа» (1961), «Трэцяя асоба» (1968), паэм «Галасы» (1948), «У цэнтры жыцця» (1956), «Ахерон апоўдні» (1968), зб-каў апавяд. «Апала лісце з дрэў» (1955), «Перапынены экзамен» (1960), «Падрыхтоўка да аўтарскага вечара» (1971), аповесцей, у т. л. «Смерць у старых дэкарацыях» (1970), эсэ, нарысаў і інш.Найб. значныя яго п’есы: «Картатэка» (паст. 1960), «Група Лаакаона» (паст. 1962), «Сведкі» (паст. 1964), «Дзеянне, якое перапыняецца» (паст. 1978), «Пастка» (паст. 1984, пра Ф.Кафку). У творах тэмы вайны і фашызму, чалавека і грамадства, мастацтва як носьбіта гуманізму, узаемадачыненняў мастака і ўлады, культуры і цывілізацыі, крызісу духоўнасці. Рэаліст. паэзія адметная свядомым «антыэстэтызмам», празаізацыяй верша, вобразнай прадметнасцю, экспрэсіўнасцю, жывапіснасцю, багаццем сатыр. палітры. Зрабіў вял. ўплыў на польскіх пісьменнікаў т.зв. ўцалелага (ваеннага) пакалення. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклалі М.Танк, В.Дранчук, Ш.Раманчук, Я.Семяжон, апавяданні — Я.Брыль, П.Стафановіч. Дзярж. прэмія Польшчы 1955, 1966.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Ад Буга да Одры: Апавяданні пол. пісьменнікаў. Мн., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛГАК (Ян) (6.10.1876, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.2.1950),
бел. і польскі майстар мастацкай краязнаўчай фатаграфіі, этнограф, фалькларыст. Скончыў рус. класічную гімназію ў Вільні (1897). Вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў; 1897—99). З 1905 займаўся фатаграфіяй. У 1910 пазнаёміўся з мастаком Ф.Рушчыцам. З 1912 у Вільні. У 1919—39 кіраўнік лабараторыі маст. фатаграфіі пры Віленскім ун-це. Заснавальнік і старшыня фотаклуба Польшчы, Віленскага фотаклуба, саюза польскіх мастакоў-фатографаў, польск. фатаграфічнага т-ва. Апубл. шмат здымкаў бел.нар. тыпаў, краявідаў, вёсак, гасп. пабудоў бел. сялян («Беларус з-пад Клецка», «Бабулька-беларуска з маёнтка Перасека пад Мінскам», «Жабракі беларусы пад Мінскам», «Беларус з Міншчыны», «Вечар (Міншчына)», «Краявід з Ашмянскага павета», «Месячнае неба. Багданаў», «Ціша. Возера Нарач», «Белавежская пушча» і інш.). Аўтар прац пра Рушчыца (у кн. «Фердынанд Рушчыц», Вільня, 1939), артыкулаў пра бел. фальклор і краязнаўства, даследаванняў і падручнікаў па эстэтыцы і тэхніцы фатаграфіі. Фотатэка і калекцыя яго здымкаў (каля 10 тыс.) згарэла ў 1944. Многія яго фота захоўваюцца ў архівах і б-ках Вільнюса і Варшавы.
Тв.:
Fotografika. Warszawa, 1931;
Wędrówki fotografa...Cz. 1—9. Wilno, 1931—36;
Technika bromowa. Wilno, 1933;
Bromografika czyli metoda wtórnika. Wilno, 1934;
Estetyka światła. Wilno, 1936;
Fotografia ojczysta. Wrocław, 1951.
Літ.:
Grabowski L. Jan Bułhak. Warszawa, 1961;
Zdzarski W. Jan Bułhak // Kronika Warszawy. 1978. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК),
Віленскі нацыянальны беларускі камітэт (Вільнацбелкам), каардынацыйны прадстаўнічы орган бел. нац.-дэмакр. партый і арг-цый у Польшчы ў 1921—38. Створаны ў Вільні. У розны час аб’ядноўваў 19—40 прадстаўнікоў розных партый, арг-цый і т-ваў. Стаяў у апазіцыі да польскага ўрада. Вёў нац., культ.-асв. і кааператыўную работу. Ставіў за мэту напачатку дасягненне культ.-нац. аўтаноміі Зах. Беларусі, а потым стварэнне Бел.-Літ.дэмакр. рэспублікі. Пасля стварэння Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) апынуўся пад яе ўплывам. У гэты час у БНК уваходзіў 31 прадстаўнік бел.паліт. партый і арг-цый: БСРГ, Бел.сял. саюза (БСС), Бел. хрысціянскай дэмакратыі (БХД), Т-вабел. школы (ТБШ), Бел. студэнцкага саюза, Бел.навук. і выдавецкага т-ваў, бел. прэсы, кааператываў і інш. У 1926—27 вядучую ролю ў БНК адыгрывала левае крыло на чале з кіраўнікамі БСРГ Б.А.Тарашкевічам, С.А.Рак-Міхайлоўскім, П.В.Мятлой. Пасля разгрому БСРГ і рэпрэсій польскіх улад супраць яе прадстаўнікоў дзейнасць БНК заняпала. У пач. 1930-х г. БНК рэарганізаваны пад эгідай БХД. У 1934 БНК складаўся з 26 чал. У 1935 прыняты новы статут арг-цыі, у якім падкрэслівалася, што к-т з’яўляецца прадстаўніком арганізаванага бел. насельніцтва Зах. Беларусі, якое дамагаецца ажыццяўлення права бел. народа на самавызначэнне. У студз. 1938 дзейнасць БНК забаронена польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАПНІ́ЦКАЯ ((Konopnicka) Марыя) (23.5.1842, г. Сувалкі, Польшча — 8.10.1910),
польская пісьменніца, буйнейшы майстар польск. рэаліст. л-ры. З 1890 жыла за мяжой. Літ. дзейнасць пачала ў 1875, першы цыкл вершаў «У гарах» (1876—78). Вядомасць прынёс цыкл лірыка-эпічных вершаў «Карцінкі» (1879—80). Асн. матывы яе творчасці — сялянская нядоля, жыццё гарадской беднаты, любоў да радзімы, вера ў народ, у надыход справядлівасці (зб-кі «Паэзія», т. 1—4, 1881—96: «Лініі і гукі», 1897; «Італія», 1901; «Людзям і часу», 1904). Паэзіі К. уласцівы дэмакратызм, спалучэнне лірычнасці і публіцыстычнасці, блізкасць да фальклору. У эпічнай паэме «Пан Бальцэр у Бразіліі» (1892—1906, поўнае выд. 1910) праз трагічны лёс польскіх сялян-эмігрантаў паказаны веліч народа, яго патрыятызм. Аўтар зб-каў апавяданняў «Чатыры навелы» (1888), «Мае знаёмыя» (1890), «На Нарманскім беразе» (1904), апавядання «З узломам» (1892), кн. «Міцкевіч, яго жыццё і душа» (1899). Неаднаразова наведвала Беларусь, перапісвалася з Я.Лучынам. На бел. мову вершы К. пераклалі А.Абуховіч, Г.Леўчык, Я.Купала, Т.Гардзялкоўская, З.Верас, Я.Дыла, А.Вялюгін, С.Дзяргай і інш., прозу — Я.Брыль, В.Каваль.
Тв.:
Бел.пер. — Дым. Вільня, 1908;
Мэндэль Гданскі... Мн., 1930;
Пра гномаў і сіротку Марысю. Мн., 1984;
Рус.пер. — Соч.Т. 1-4 Мн., 1959.
Літ.:
Пиотровская АГ. Творческий путь М.Конопницкой. М., 1962;
Śladami życia i twórczości Marii Konopnickiei. Warszawa, 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКІЯ ДЫВІ́ЗІІ,
вайсковыя злучэнні Войска Польскага ў 1919—20. Першая Л.-б. д. фарміравалася на тэр. Гродзенскай, Ломжынскай і Сувалкаўскай губ. з добраахвотнікаў палякаў і беларусаў-католікаў, ураджэнцаў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. Складалася з 3 стралк. брыгад і палка ўланаў. Дывізія і палкі мелі толькі свае геагр. назвы без агульнай нумарацыі. Дзейнічала на бел.-літ. фронце польскіх войск. У лютым 1919 заняла Беласток, у крас. правяла наступальную аперацыю ў раёне Баранавіч і Навагрудка, у ліп.—жн. дзейнічала супраць войск 16-й арміі Зах. фронту, наступала на Мір і Стоўбцы, удзельнічала ў наступленні на Бабруйск. Вясной 1920 ёй нададзены № 1, а з Лідскага, Ковенскага, Слуцкага і Беластоцкага палкоў сфарміравана 2-я Л.-б. д., якая дыслацыравалася ў раёне Вільні. У ліп. 1920 у час наступлення Чырв. Арміі дывізіі са стратамі адышлі да Варшавы, удзельнічалі ў яе абароне. У канцы вер. 1920 пасля адступлення Чырв. Арміі камандзірам 1-й Л.-б. д. прызначаны ген. Л.Жалігоўскі, яе ўзмацнілі Лідскім і Ковенскім палкамі з 2-й Л.-б. д. 8.10.1920 паводле загаду Ю.Пілсудскага Жалігоўскі ў знак нязгоды перадачы Вільні і Віленскага краю Літве ўзняў т.зв. «бунт» 1-й Л.-б. д. 9.10.1920 заняў Вільню, 12.10.1920 абвясціў пра стварэнне Сярэдняй Літвы. Дывізіі атрымалі агульную нумарацыю: 1-я Л.-б. д. стала 19-й, 2-я — 20-й дывізіяй Войска Польскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАБЕ́ЛЬСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА»,
назва Рудабельскай і суседніх валасцей Бабруйскага пав., дзе на працягу ўсяго перыяду акупацыі Беларусі войскамі Германіі (1918) і Польшчы (1919—20) захоўвалася сав. ўлада. Яе ўстанаўленнем кіраваў Рудабельскі вал. рэўком, рэарганізаваны ў час барацьбы з польск. корпусам Доўбар-Мусніцкага (студз.—лют. 1918) у штаб па фарміраванні Чырв. гвардыі, а ў час ням. акупацыі — у падраённы к-т РКП(б). Яго члены: А.Р.Салавей (старшыня), Л.Я.Адзінцоў, М.А.Ляўкоў, М.Ф.Ус, Н.Я.Званковіч. Пазней у Р.«р.» ўвайшлі суседнія воласці Бабруйскага, Мазырскага і Рэчыцкага пав. Партызаны в. Рудобелка і навакольных вёсак ахоўвалі тэр. воласці ад нападаў ням. акупантаў і польскіх легіянераў, і вялі агітацыю сярод мясц. насельніцтва і салдат варожых фарміраванняў. Яшчэ да адступлення немцаў партыз. атрады Салаўя і інш. ўвайшлі ў г. Бабруйск і перашкодзілі акупантам вывезці нарабаваную маёмасць. У час польск. акупацыі дзейнічалі партыз. атрады пад кіраўніцтвам Ляўкова, П.Дз.Малаковіча, Ц.К.Валадзько, А.К.Паланейчыка і інш.
У студз. 1920 польск. камандаванне накіравала супраць рудабельскіх партызан карную экспедыцыю, якая спаліла некалькі вёсак, у т. л. Рудобелку. У 1920 на ўрачыстым сходзе з нагоды вызвалення жыхары Рудобелкі перайменавалі сваю воласць у Акцябрскую. Пра Р.«р.» напісаны кнігі, пастаўлены спектакль, зняты кінафільм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБЗА́Р,
украінскі нар. пясняр і музыкант, які акампануе сабе на кобзе (бандуры). Першыя звесткі пра К. (бандурыстаў) як музыкантаў з Украіны пры дварах польск. каралёў ёсць у польскіх хроніках 15—16 ст. Асабліва былі папулярныя ў Запарожскай Сечы, куды ўцякалі і бел. сяляне, якія пасля прыносілі дадому рэпертуар К., асабліва гіст. песні (напр., «Ой, Марозе, Маразеньку»), У сваіх творах К. выказвалі сац. спадзяванні прац. народа, заклікалі да барацьбы з прыгнятальнікамі. Бралі ўдзел у казацкіх вайск. паходах, бітвах, славілі ў сваіх думах, гіст., быт., жартоўных і сатыр. песнях герояў нар. барацьбы з захопнікамі. Росквіту мастацтва К. дасягнула ў 16—17 ст. Вядомымі гайдамацкімі К. (бандурыстамі) у 18 ст. былі Г.Кабзар, Д.Бандурка, В.Варчанка, П.Скрага. Вядомыя К. 19 ст.: А.Шут, І.Краўчанка-Крукоўскі, А.Верасай, Ф.Халодны, М.Краўчанка і інш. Песні на сучасную тэматыку стваралі І.Кучугура-Кучарэнка, Ф.Кушнерык, П.Носач, Я.Моўчан, П.Цішчанка і інш. У 1918 у Кіеве была створана Укр.маст. капэла кабзароў, у 1935 аб’яднаная з Палтаўскай капэлай бандурыстаў (пазней Дзярж. капэла бандурыстаў Украіны). К. выконвалі часам бел.нар. песні. У бел. традыцыі да К. блізкі гусляр.
Літ.:
Лавров Ф. Кобзарі. Київ, 1980;
Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972. С. 192—203;Лисенко М.В. Характеристика музичних особливостей українських дум і пісень у выконанні кобзаря Вересая. Київ, 1978; Кирдан Б.П., Омельченко А.Ф. Народні співці-музиканти на Україні. Київ, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭ́ЙКА ((Matejko) Ян) (24.6.1838, г. Кракаў, Польшча — 1.11.1893),
польскі мастак; стваральнік нац.гіст. жывапісу. Ганаровы чл. Парыжскай, Берлінскай і Урбінскай АМ. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1852—58; з 1873 яе дырэктар) у В.Статлера і У.Лушчкевіча, у АМ у Мюнхене (1858—59) і Вене (1859—60). З 1860 у Польшчы, падтрымліваў паўстанне 1863—64. Ствараў шматфігурныя, поўныя экспрэсіі і нац.-рамант. пафасу карціны, прысвечаныя гісторыі Рэчы Паспалітай, у т. л.бел. зямель. У ранні перыяд сюжэты будаваў на канфліктным супастаўленні вобразаў своекарыслівай шляхты і патрыётаў: «Казанне Скаргі» (1863—64), «Рэйтан — заняпад Польшчы» (1865) і інш. У творах канца 1860—70-х г. услаўляў мінулае Польшчы: «Люблінская унія» (1869), «Стафан Баторый пад Псковам» (1872), «Уздым звона Жыгімонта», «Бітва пад Грунвальдам» (абодва 1878). Работы 1880-х г. вызначаюцца пэўнай пампезнасцю і тэатралізаванасцю: «Пруская прысяга» (1882), «Ян III Сабескі пад Венай» (1883), «Касцюшка пад Рацлавіцамі» (1888) і інш. Аўтар партрэтаў Станчыка (1862), Ю.Дзітла (1864), М.Каперніка (1875), К.Падлеўскага (1882), аўтапартрэтаў (1892 і інш.), цыклаў «Гісторыя цывілізацыі ў Польшчы» (1888—89), «Партрэты польскіх князёў і каралёў» (1890—91), манум. размалёвак у Марыяцкім касцёле ў Кракаве (1889—91) і інш. Зрабіў серыю дакумент. замалёвак (т.зв. «Слоўнік»), частка якіх была выдадзена ў альбоме малюнкаў «Касцюмы ў Польшчы» (1860).
Я.Матэйка. Аўтапартрэт. 1892.Я.Матэйка. Бітва пад Грунвальдам. 1878.
Літ.:
Мытарева К.В. Матейко. Л., 1963;
Островский Г. Ян Матейко. М., 1965;
Стажиньский Ю. Ян Матейко: Пер. с пол. Варшава, 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІ БОЙ 1812.
Адбыўся 9—10 ліп. каля мяст. Мір (цяпер г.п. Мір Гродзенскай вобл.) паміж рас. казацкім корпусам ген. М.І.Платава і дывізіяй польскіх уланаў ген. А.Ражнецкага са складу напалеонаўскіх войск у час вайны 1812. Адступаючы з Ваўкавыска на Нясвіж, камандуючы 2-й Зах. арміі ген. П.І.Баграціён загадаў Платаву затрымаць ворага на 2 дні каля Міра. У склад рас. корпуса ўваходзілі 3 казацкія брыгады (5 тыс.чал.). Дывізія ген. Ражнецкага налічвала 6 палкоў. За 3 вярсты ад Міра па дарозе на Карэлічы была падрыхтавана засада, з Міра іх павінен быў падтрымаць полк Сысоева. 9 ліп. 3 палкі польскай дывізіі пад камандаваннем ген. К.Турно пачалі атаку на Мір, але былі контратакаваны казакамі з засады, якіх падтрымалі інш. палкі корпуса Платава. У ноч на 10 ліп. да Платава падышоў атрад І.В.Васільчыкава (16 эскадронаў). Платаў пакінуў у Міры 3 казацкія палкі, а з астатнімі пачаў адступленне на Нясвіж. Раніцай 10 ліп. дывізія Ражнецкага размясцілася каля Міра і пачала дзеянні супраць часцей Васільчыкава. Спачатку праціўнік пацясніў рускіх, але з падыходам брыгады Д.Е.Куцейнікава палякі адступілі да Міра, дзе іх чакала дапамога ў складзе коннай брыгады ген. Т.Тышкевіча і артыл. брыгады. Пасля бою корпус ген. Платава адышоў да Нясвіжа і 12 ліп. далучыўся да гал. сіл 2-й Зах. арміі. М.б. даў магчымасць 2-й Зах. арміі адарвацца ад праследавання і праз Слуцк і Бабруйск рушыць на злучэнне з 1-й Зах. арміяй.