ПСІ́ХІКА (ад грэч. psychikos душэўны),

вышэйшая форма ўзаемасувязі жывых істот с прадметным светам, якая праяўляецца ў іх здольнасці дзейнічаць на аснове інфармацыі аб ім і рэалізоўваць свае намеры. Узнікла на пэўнай ступені біял. эвалюцыі, выступіла ў якасці аднаго з яе фактараў і забяспечвае ўсё большую складанасць прыстасавання арганізмаў да ўмоў існавання. Дзякуючы актыўнаму і аператыўнаму адлюстраванню органамі пачуццяў і галаўным мозгам аб’ектаў становіцца магчымым ажыццяўленне дзеянняў, адэкватных уласцівасцям гэтых аб’ектаў, а тым самым — выжыванню арганізма. Забяспечвае пошук і надсітуатыўную актыўнасць арганізмаў. П. чалавека і жывёл уключае комплекс працэсаў і станаў: успрыманне, памяць, мысленне, намеры, сны і інш., а таксама элементы псіхічнага вопыту: адчуванні, вобразы, уяўленні, эмоцыі. У чалавека П. набывае якасна новы характар, абумоўлены наяўнасцю мовы, свядомасці і самасвядомасці. П. чалавека развіваецца пад уплывам сацыякульт. фактараў і ўключае псіхічныя ўласцівасці (накіраванасць, тэмперамент, характар, здольнасці), працэсы (пазнавальныя, эмацыянальныя і валявыя), станы (уздым, прыгнечанасць і інш.), вопыт (веды, навыкі, уменні, звычкі). У П. прадстаўлены і ўпарадкаваны падзеі мінулага, сучаснага і магчымай будучыні. Падзеі мінулага выступаюць у даных вопыту, уяўленнях памяці; сучаснага — у сукупнасці вобразаў, перажыванняў, разумовых актаў; магчымай будучыні — у імкненнях, намерах, мэтах, а таксама ў фантазіі і інш. Залежнасць псіхічных працэсаў ад аб’ектыўнай рэчаіснасці адлюстравана ў тэорыі І.М.Сечанава, які вызначыў рэфлекторную прыроду П. ў процілегласць уяўленням аб П. як асобнай бесцялеснай субстанцыі — душы і механістычна-матэрыялістычным тэорыям, якія зводзілі П. да нервовых працэсаў. Ідэя Сечанава лягла ў аснову тэорыі грамадска-гіст. паходжання П. чалавека (рас. вучоныя Л.​С.​Выгоцкі, А.​Р.​Лурыя, А.​М.​Лявонцьеў). Рас. вучоны С.​Л.​Рубінштэйн разглядаў П. як працэс, які фарміруецца і выяўляецца ў дзейнасці і павінен даследавацца праз праяўленні ў асн. відах дзейнасці. Асаблівы падыход у вывучэнні П. чалавека прапанавалі заснавальнік псіхааналізу З.Фрэйд і заснавальнік аналітычнай псіхалогіі К.Г.Юнг.

Літ.:

Лурия А.Р. Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;

Веккер Л.М. Психические процессы. Т. 1—3. Л., 1974—76;

Выготский Л.С. История развития высших психических функций // Собр. соч. М., 1983. Т. 3;

Гримак Л.П. Резервы человеческой психики: Введение в психологию активности. 2 изд. М., 1989;

Юнг К.Г. Структура психики и процесс индивидуации: Пер. с нем. М., 1996;

Леонтьев А.Н. Эволюция психики: Избр. психол. тр. М.;

Воронеж, 1999.

Л.​А.​Кандыбовіч.

т. 13, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 10—18.6.1938 у Мінску. Прысутнічалі 422 дэлегаты з рашаючым і 124 з дарадчым голасам ад 31 526 чл. і канд. у чл. партыі (без вайсковых арг-цый). Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б (АА.​Волкаў), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (М.​І.​Малінін); выбары ЦК КП(б)Б, Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі гасп. і культ. будаўніцтва ў БССР за год, што мінуў пасля шаснаццатага з’езда КП(б)Б. Прырост валавой прадукцыі прам-сці за гэты час склаў 15,8%, у калгасы аб’яднана 88% сял. гаспадарак (96,2% пасяўных плошчаў), іх абслугоўвалі 200 МТС. З’езд падкрэсліў неабходнасць большай актыўнасці акругкомаў і райкомаў партыі ў працы па выкананні пастановы студзеньскага (1938) пленума ЦК ВКП(б) «Аб памылках партарганізацый пры выключэнні камуністаў з партыі, аб фармальна-бюракратычных адносінах да апеляцый выключаных з ВКП(б) і аб мерах па ліквідацыі гэтых недахопаў». На 15.5.1938 у КП(б)Б было разгледжана 5366 апеляцый, 3143 выключаныя адноўлены ў партыі. Волкаў, які выступаў са справаздачным дакладам, зачытваў запіскі НКУС БССР, КПК пры ЦК ВКП(б) па БССР, аддзелаў ЦК, даносныя лісты, з якіх вынікала, што антысав. падполле «віло сабе гнёзды» ў парт. апараце, органах дзярж. улады, наркаматах і грамадскіх арг-цыях. У заключэнне ён сказаў, «што ворагі рассыпаліся па ўсёй Беларусі, па ўсіх яе ўчастках — у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, у савецкіх органах, у школах, ВНУ, камсамольскіх органах, у ваенных арганізацыях, аж да магазінаў», а таму 1938 павінен стаць годам «новага выкарчоўвання ворагаў». Апублікаваны 18.6.1938 у газ. «Советская Белоруссия» даклад Волкава меў ужо не той тэкст, які захоўваецца ў стэнаграме Нац. архіва Рэспублікі Беларусь. На з’ездзе прысутнічалі прадстаўнікі ЦК ВКП(б), якія аб усім, што адбывалася, паведамлялі ў Маскву. 18 чэрв. ў прэзідыуме з’явіўся сакратар ЦК ВКП(б) А.​А.​Андрэеў разам з нам. заг. Аддзела кіруючых парт. органаў ЦК ВКП(б) П.​К.​Панамарэнкам. Андрэеў паведаміў, што Волкаў не спраўляецца са сваімі абавязкамі і таму адклікаецца на інш. работу, а ў склад ЦК КП(б) рэкамендуецца ўвесці Панамарэнку. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 66 чл. і 23 канд., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 9 чл.

Літ.:

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 3. 1933—1945. Мн., 1985.

Р.​П.​Платонаў.

т. 14, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЕ́ЎСКІ (Валерый Мікалаевіч) (н. 20.6.1939, Мінск),

бел. рэжысёр, педагог. Засл. дзеяч маст. Беларусі (1976). Нар. арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). З 1968 у Нац. т-ры імя Я.​Купалы (з 1973 гал. рэжысёр, з 1991 маст. кіраўнік). Адначасова выкладае ў Бел. АМ (з 1996 праф.). Творчасць Р. адметная паэтычнасцю, метафарычнасцю, філас. абагульненнямі, спалучэннем выразнай сцэн. формы з дакладнай распрацоўкай характараў. Сярод пастановак у т-ры імя Я.​Купалы: «Што той салдат, што гэты» Б.​Брэхта (1969), «Трыбунал» (1971), «Святая прастата» (1976) і «Пагарэльцы» (1980) А.​Макаёнка, «Лесвіца славы» Э.​Скрыба (1972), «Вясёлы тракт» Б.​Васільева (1973), «Брама неўміручасці» К.​Крапівы (1974; 2-я рэд. 1983), «Апошні шанц» В.​Быкава (1974), «Характары» паводле В.​Шукшына (1975), «Эшалон» М.​Рошчына (1976), «Мы, што ніжэй падпісаліся» А.​Гельмана (1979, апошнія тры з А.​Андросікам), «Святая святых» І.​Друцэ, «Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага (абедзве 1977), «Плач перапёлкі» І.​Чыгрынава (1980), «Закон вечнасці» Н.​Думбадзе (1981), «Рэвізор» М.​Гогаля (1982), «Парог» (1983), «Радавыя» (1984, Дзярж. прэмія СССР 1985), «Князь Вітаўт» (1997), «Чорная панна Нясвіжа» (2000) А.​Дударава, «Бура» У.​Шэкспіра (1986), «Мудрамер» М.​Матукоўскага (1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988), «Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева (1989), «Цынкавыя хлопчыкі» С.​Алексіевіч і Р. (1991), «Тры сястры» А.​Чэхава, «З нагоды мокрага снегу» паводле Ф.​Дастаеўскага (абодва 1992), «Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата (1996) і інш. Паставіў спектаклі ў Гомельскім абл. драм. т-ры: «Страсці эпохі» паводле рамана «Завеі. Снежань» І.​Мележа (1989), «Суцяшальнік удоў» Д.​Марота і Б.​Рандоне (1998), «Каханая, павінен я памерці» паводле Э.​Растана (2000) і інш. Ажыццяўляе пастаноўкі таксама ў т-рах Расіі — «Характары» паводле Шукшына (Т-р камедыі, Ленінград, 1977), «Парог» Дударава (Якуцкі драм. т-р, 1987), «Надзежда Путніна, яе час, яе спадарожнікі» І.​Малеева (Т-р на Малой Броннай, Масква, 1988), «Суцяшальнік удоў» Марота і Рандоне (Рус. драм. башкірскі т-р, Уфа, 1999); Украіны — «Паўлінка» Я.​Купалы (Кіеўскі драм. т-р імя І.​Франко, 1982); Польшчы — «З нагоды мокрага снегу» (1991), «Рэвізор» (абодва Т-р імя А.​Венгеркі, Беласток, 1993); Славеніі — «Зацюканы апостал» Макаёнка (Славенскі нац. т-р, Марыбар, 1984); Эстоніі — «Рэвізор» (Рускі т-р, Талін, 1986); Паўн. Ірландыі — «Парог» Дударава (т-р «Luryc», Белфаст, 1989) і інш. На Бел. тэлебачанні паставіў спектакль «Па шчасце, па сонца» паводле твораў Я.​Купалы (1971), фільм-спектакль «Апошні шанц» паводле Быкава (1981).

Літ.:

Баравік Р.І. Рэжысура Беларусі: прабл. канцэптуальнасці спектакляў. Мн., 2000.

Н.​А.​Крывашэева.

В.М.Раеўскі.

т. 13, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДНЯ́К»,

аб’яднанне бел. пісьменнікаў у ліст. 1923 — ліст. 1928. Узнік як гурток маладых паэтаў пры час. «Маладняк». Заснавальнікі: М.​Чарот, А.​Вольны, А.​Дудар, А.​Александровіч, А.​Бабарэка, Я.​Пушча. Са стварэннем філіі ў Маскве (май 1924) і ініцыятыўных груп у Віцебску і Магілёве прыняў назву Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў. Меў філіі ў Мінску, Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гомелі, Клімавічах (Калінінская філія), Магілёве, Оршы, Полацку, Слуцку, Смаленску, Ленінградзе, Празе, Рызе, студыі і гурткі ў многіх гарадах і мястэчках, а таксама нац. секцыі рус., літ., польск. і яўр. пісьменнікаў.

Членамі «М.» ў розны час былі М.​Аляхновіч, З.​Бандарына, І.​Барашка, П.​Броўка, З.​Бядуля, У.​Галубок, В.​Гарбацэвіч, Ю.​Гаўрук, П.​Глебка, К.​Губарэвіч, А.​Гурло, У.​Дубоўка, Я.​Журба, У.​Жылка, М.​Зарэцкі, А.​Звонак, В.​Каваль, Т.​Кляшторны, К.​Крапіва, М.​Лынькоў, В.​Маракоў, Р.​Мурашка, М.​Нікановіч, Л.​Родзевіч, В.​Сташэўскі, П.​Трус, У.​Хадыка, Н.​Чарнушэвіч, К.​Чорны, С.​Шушкевіч, А.​Якімовіч і інш. Кіруючы орган — прэзідыум, з лют. 1925 Цэнтр. бюро, у розныя гады якое ўзначальвалі М.​Чарот, А.​Вольны, Дубоўка, П.​Галавач. Друк. орган — час. «Маладняк», многія філіі мелі свае часопісы або альманахі. З мая 1925 «М.» выдаваў на свае сродкі бібліятэчку (кніжніцу) — невял. зборнікі твораў сваіх членаў (выйшла каля 60).

Творчая праграма «М.» сфармулявана ў дэкларацыі (снеж. 1924): «...ідэі матэрыялізму, марксізма і ленінізма ажыццявіць у беларускай мастацкай творчасці...»; мастацкі вобраз павінен аб’ектыўна адпавядаць рэальнасці. Праграма ўдакладнялася новымі дэкларацыямі (1925, 1926) у кірунку размежавання творчай і культ.-масавай працы, барацьбы за развіццё марксісцкай крытыкі і інш. Праводзіў выхаваўчую работу сярод моладзі, садзейнічаў выяўленню талентаў, наладжваў сувязі з літ. арг-цыямі інш. рэспублік, кнігаабмен з зарубежнымі краінамі. Творчасць маладнякоўцаў прасякнута пафасам сцвярджэння сацыяліст. ладу, вызначалася пошукамі новых маст. форм і сродкаў. Аднак многія з іх абвяшчалі літ. спадчыну перажыткам старога грамадства, захапляліся арыгінальнічаннем, фармаліст. штукарствам (атрымала назву «бурапена»). У сваёй дзейнасці «М.» кіраваўся ўказаннямі КП(б)Б, быў цесна звязаны з камсамолам. У маі 1926 у выніку расколу многія члены (К.​Чорны, К.​Крапіва, Дубоўка, Бабарэка, Глебка, Пушча, М.​Лужанін і інш.), а на мяжы 1927—28 і асн. кіруючае ядро (М.​Чарот, А.​Вольны, А.​Дудар, Сташэўскі і інш.) выйшлі з «М.». Рэарганізаваны ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў.

Літ.:

Гарэцкі М. «Маладняк» за пяць гадоў, 1923—1928. Мн., 1928;

Пшыркоў Ю.С. Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.). Мн., 1960;

Перкін Н.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг. Мн., 1960;

Гілевіч Н.С. Акрыленая рэвалюцыяй: (Паэзія «Маладняка»), Мн., 1962;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975;

Навумовіч У.А. Шляхамі арлянят: Проза «Маладняка». Мн., 1984;

Чыгрын І.П. Проза «Маладняка»: Дарогамі сцвярджэння. Мн., 1985.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 9, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРБ,

1) знаходкі комплексаў манет, плацежных зліткаў і разнастайных рэчаў (вырабаў), ухаваных у зямлі ці інш. месцах, уладальнік якіх невядомы. Самыя стараж. С. з эпохі неаліту — каменныя прылады працы і зброя. У 7 ст. да н.э. — 20 ст. н.э. пераважаюць манетныя і манетна-рэчавыя С. (манеты, сярэбраныя і залатыя плацежныя зліткі і іх фрагменты, тавара-грошы рознага тыпу, упрыгожанні і г.д.). У С. позняга сярэдневякоўя пераважалі манеты (манетным лічыцца С., калі ў ім знаходзілася не менш як 5 адзінак). Захоўваліся яны ў розных упакоўках (посудзе, шкатулках, скрынках, скураных і палатняных торбах, драўляных калодах і інш), часам у камбінаваных (напр., скрутак тканіны, у якім былі грошы, змяшчаўся ў скрынку ці інш. ўпакоўку). Звычайна С. выяўляюць на невял. глыбіні (0,2—1 м), што тлумачыцца выветрываннем, узорваннем ці вымываннем глебы. Знаходкі багатых С. і ўзнікненне легенд, звязаных з імі, садзейнічалі вял. пашырэнню скарбашукальніцтва ва ўсіх краінах. С. з’яўляліся ў выніку адтоку грошай з абарачэння, выключэння ранніх паўнавагавых (па масе і пробе) манет у параўнанні з больш познімі легкавагавымі, у час войнаў, паўстанняў і інш. грамадска-сац. узрушэнняў ці прыродных катаклізмаў. Паводле заканадаўства знойдзены С. належыць дзяржаве і павінен быць перададзены ў банк ці музей. У Рас. імперыі згодна з указамі 1718 і 1728 С., знойдзеныя на дзярж., грамадскіх і ўдзельных землях, належалі дзяржаве, а на прыватных — землеўладальнікам з правам музеяў набываць іх для нумізматычных калекцый. Да 1917 С. ў Рас. імперыі вывучаліся ў Імператарскай археал. камісіі, у 1919—29 — секцыяй нумізматыкі і гліптыкі Акадэміі матэрыяльнай культуры, з 1930-х г. — у рэсп. музеях. З 1920-х г. той, хто знаходзіў С., атрымліваў узнагароджанне ў памеры 25% ад кошту знаходкі. Тэр. Беларусі багатая на С. і адзінкавыя знаходкі манет. Зафіксавана больш за 1100 С., з іх больш за 100 у Брэсцкай вобл., больш за 200 у Віцебскай, больш за 170 у Гомельскай, каля 140 у Гродзенскай, больш як па 200 у Мінскай і Магілёўскай абл. Самыя стараж. манеты — стараж.-грэч. і рымскія (адпаведна і С., у якіх яны былі) — на тэр. Беларусі з’явіліся ў канцы 1 — пач. 2 ст., пасля некат. перапынку ў 4—8 ст. яны выкарыстоўваліся рэгулярна.

2) У праве — закапаныя ў зямлі або схаваныя інш. спосабам грошы ці каштоўныя прадметы, уласнік якіх не можа быць устаноўлены ці паводле акта заканадаўства страціў на іх права. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь С. пераходзіць ва ўласнасць асобы, якой належыць маёмасць (зямельны ўчастак, пабудова і да т.п.), дзе С. быў схаваны, і асобы, якая знайшла С., у роўных долях, калі пагадненнямі паміж імі не ўстаноўлена іншае. У выпадку, калі ў С. былі рэчы, што адносяцца да помнікаў гісторыі або культуры, яны належаць перадачы ў дзярж. ўласнасць. Пры гэтым уласнік маёмасці і асоба, якая знайшла С., маюць права на атрыманне ўзнагароджання ў памеры палавіны кошту знойдзенага. Прысваенне С., які мае вял. каштоўнасць, цягне за сабой крымін. адказнасць.

Літ.:

Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.

Ш.​І.​Бекцінееў, Г.​А.​Маслыка (права).

Да арт. Скарб. Гальшанскі манетны скарб. Пач. 16 ст.

т. 14, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІУДАІ́ЗМ,

рэлігійны, нацыянальны і этычны светапогляд, які традыцыйна вызначаў вераванні і жыццёвы ўклад яўрэяў У больш вузкім сэнсе — нац. рэлігія яўрэяў, дзярж. рэлігія Ізраіля. Узнік у 2-м тысячагоддзі да н.э. Адыграў гал. ролю ў станаўленні стараж. дзяржавы — Ізраільска-Іудзейскага царства (10 ст. да н.э.). Прыхільнікі І. веруюць у Яхве — адзінага Бога, стваральніка і ўладара Сусвету, у бессмяроцце душы, замагільнае жыццё, будучы прыход Месіі, богавыбранасць яўр. народа. Тэрмін «І.» паходзіць ад назвы яўр. племяннога аб’яднання Іуды, якое было самым шматлікім сярод усіх 12 яўр. плямён («дванаццаці кален ізраілевых»), а ў канцы 11 ст. да н.э. стала пануючым. Гал. крыніцай веравучэння І. з’яўляецца Біблія (прызнаецца толькі Стары Запавет), асн. догмы выкладзены ў першых яе 5 кнігах, аб’яднаных у Тору (Пяцікніжжа Майсеева). Цэнтрам І. ў 1-м тыс. да н.э. быў Іерусалімскі храм (у 586 да н.э. зруйнаваны вавіланянамі, адбудаваны; у 70 н.э. зруйнаваны канчаткова рымлянамі). У перыяд 2-га Храма найб. поўным выражэннем І. стала Галаха — сукупнасць законаў, якія вызначаюць рэліг. жыццё яўрэяў. Ва ўмовах рым. прыгнёту (1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.) сфарміравалася вучэнне аб будучым прыходзе Месіі — збавіцеля з роду Давіда, які павінен адрадзіць Ізраільска-Іудзейскае царства. Пасля зруйнавання 2-га Храма рэліг. жыццё І. засяродзілася вакол сінагог, рэліг. кіраўнікамі сталі законавучыцелі — рабіны, якія не маюць такой складанай іерархіі, як хрысціянскія свяшчэннаслужыцелі. Да 5 ст. н.э. склалася другая па значэнні крыніца І. — Талмуд, дзе сабраны ўсе дагматычныя, рэліг.-этычныя і прававыя палажэнні, рэгламентуюцца складаная абраднасць і нормы паводзін кожнага верніка. З пашырэннем хрысціянства (з 4 ст. дзярж. рэлігія Рым. імперыі) і ісламу (I ст.), якія бяруць пачатак у І., узнік іх канфлікт з І.: яўрэйства адмовілася прызнаць прэтэнзіі гэтых рэлігій на новыя ісціны і разглядала іх як скажэнне І.; тыя, са свайго боку, ставіліся да І. як да нейкага гіст. рудымента і богаадступніцтва. Доўгі час нормы Галахі садзейнічалі ізаляванасці яўрэяў сярод іншаэтнічнага і іншаканфесійнага насельніцтва ў дыяспары. У 19 ст. ў сувязі з эмансіпацыяй яўрэяў (ураўнаванне ў правах з астатнім насельніцтвам) у шэрагу зах.-еўрап. краін узнікла супярэчнасць паміж неабходнасцю захавання вернасці І. і інтэграцыяй у навакольнае культ. асяроддзе. Вынікам гэтага стала з’яўленне новых кірункаў у І., адрозненні паміж якімі вызначаюцца адносінамі да Галахі: выкананне ўсіх яе патрабаванняў абвяшчае артадаксальны І.; за сінтэз традыцый з паступовымі рэформамі выступае кансерватыўны І.; адмаўленне ад прызнання бясспрэчнасці законаў Галахі і выкананне толькі яе асобных палажэнняў характарызуе рэфармісцкі (прагрэсісцкі) І.

У Беларусі першыя звесткі пра яўрэяў, прыхільнікаў І., вядомы з канца 14 ст. Гэта акты аб прывілеях 1388—89 вял. князя Вітаўта, дадзеныя 5 яўр. абшчынам ВКЛ: у Троках, Брэсце, Гродне, Луцку і Уладзіміры-Валынскім. У цэнтр. і ўсх. Беларусі І. пашырыўся з 16 ст. Побач з артадаксальным І. у 18 ст. на Украіне ўзнікла яго новая містычная плынь — хасідызм, які меў пэўнае пашырэнне і на Беларусі, але не адыграў тут значнай ролі. І. вызначаў духоўнае жыццё яўр. мас Беларусі да рэв. пераўтварэнняў 1920-х г. (у Зах. Беларусі да 1939). У 1980-я г. пачалося адраджэнне І. На 1.1.1998 у Рэспубліцы Беларусь 18 іудзейскіх абшчын (у т. л. 8 прагрэсісцкіх).

Я.​З.​Басін, Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫ РЭАЛІ́ЗМ,

творчы метад літаратуры і мастацтва, эстэт. пастулаты якога грунтаваліся на сацыяліст. канцэпцыях светаўспрымання. У аснову маст.-выяўл. патрабаванняў былі пакладзены народнасць, гуманістычнасць, рамантыка, праўдзівасць гіст.-канкрэтнага адлюстравання рэчаіснасці ў яе эвалюц. развіцці. Генет. вытокі С.р. фіксуюцца ў рэв.-пралет. л-ры Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі (сярэдзіна — 2-я пал. 19 ст.), Расіі, Балгарыі, Польшчы, Украіны, Беларусі і інш. еўрап. краін (канец 19 — пач. 20 ст.). Тэрмін «С.р.» упершыню з’явіўся ў перыяд. друку ў 1932 і быў закліканы абазначыць маст. своеасаблівасць сав. л-ры, паняційна канкрэтызаваць іманентную сутнасць таго рэалізму, які пачаў дамінаваць у яе творчай практыцы. Існавалі варыянты азначальнай часткі тэрміна: «гераічны», «рамантычны», «рэвалюцыйны», «сацыяльны», «тэндэнцыйны», «манументальны» і г.д., але зацвердзіўся «сацыялістычны» як найб. універсальны. Паняцце С.р. замацавана на I Усесаюзным з’ездзе сав. пісьменнікаў (1934) для абазначэння асн. метаду сав. маст. літаратуры і літ. крытыкі. У статуце Саюза пісьменнікаў СССР, прынятым на гэтым з’ездзе, дэкларавалася, што С.р. павінен забяспечыць маст. творчасці «выключную магчымасць выяўлення творчай ініцыятывы, выбару разнастайных форм, стыляў, жанраў». Тэарэт. асновы С.р. закладваліся ў працах эстэтыкаў-марксістаў Г.​Пляханава, Д.​Благоева, А.​Луначарскага, Ю.​Мархлеўскага, В.​Вароўскага, А.​Варонскага і інш. Адным з буйнейшых пачынальнікаў лічыцца М.​Горкі (раман «Маці»). На Беларусі актыўным прапагандыстам новага метаду быў Ц.​Гартны. У 1918 у лекцыі пра бел. л-ру, прачытанай студэнтам Бел. нар. ун-та ў Маскве, ён сфармуляваў вядучыя прынцыпы пралет. творчай дактрыны, у аснову якой быў пакладзены класавы кампанент. На гэту дактрыну ў сваёй творчай практыцы арыентаваліся члены літ. аб’яднанняў «Маладняк», «Звенья», Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў, якія ўспрынялі заклік М.​Горкага паказваць канфлікты сучаснай рэчаіснасці праз прызму гіст. аптымізму, адлюстроўваць іх у перспектыве грамадска-рэв. развіцця, маляваць велічны вобраз новага чалавека, стваральніка новага свету, рэалізатара спрадвечнай мары аб вольнай працы на вольнай зямлі. Аднак адразу быў узяты курс на ператварэнне С.р. з асноўнага ў адзіны для ўсіх творцаў маст. метад, а сац. аптымізм прадпісвалася разумець як лакіроўку рэчаіснасці. Неўзабаве з’явілася тэорыя бесканфліктнасці, якая выключала паказ сапраўдных грамадска-паліт. супярэчнасцей і недахопаў, дапускаючы адлюстраванне барацьбы, сутычак толькі добрага з лепшым, а лепшага з выдатным. Тэарэт. база С.р. пашыралася ідэямі народнасці (1930-я г.), сацыяліст. гуманізму (1950-я г.), прынцыпам эстэтычна адкрытай сістэмы (1970-я г.), што дазволіла стварыць шэраг высокамаст. твораў ва ўсіх жанрах л-ры (паэмы Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, А.​Куляшова, М.​Танка і інш., раманы І.​Мележа, І.​Шамякіна, І.​Навуменкі, І.​Пташнікава і інш., п’есы К.​Крапівы, А.​Макаёнка і інш). С.р. — з’ява інтэрнацыянальная, яго прадстаўнікамі былі як савецкія (У.​Маякоўскі, М.​Шолахаў, К.​Федзін, Л.​Лявонаў, А.​Фадзееў і інш.), так і зарубежныя (Л.​Арагон, Г.​Зэгерс, М.​Пуйманава, Ж.​Амаду, Я.​Гашак і інш.) пісьменнікі. Метад С.р. быў пашыраны на ўсе віды мастацтва, у т. л. архітэктуру (пераважна аздабленне), выяўл. мастацтва, кіно, тэатр, музыку. Пасля распаду СССР С.р. не знік з творчай практыкі, але яго гіст. місія ацэньваецца даследчыкамі неадназначна.

Літ.:

Ленин В.И. О литературе и искусстве. 7 изд. М., 1986;

Марков Д.Ф. Проблемы теории социалистического реализма. 2 изд. М., 1978;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Гаранін Л Я., Яскевіч А.С., Матрунёнак А.П. Нараджэнне новага мастацтва. Мн., 1980.

С.​С.​Лаўшук.

т. 14, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМІНА́РЫЯ (ад семінар),

агульнаадукацыйная навуч. ўстанова, што рыхтавала духавенства або настаўнікаў для пач. школ. Узнікненне духоўных С. звязана з Трыенцкім саборам (1545—63), на якім было вырашана арганізаваць шэраг спец. навуч. устаноў для падрыхтоўкі добраадукаваных асоб. Каталіцкія духоўныя С. звычайна адкрывалі мясц. біскупы. Выкладчыкамі ў іх былі прадстаўнікі якога-н. манаскага ордэна. На Беларусі першыя духоўныя С. засн. ў Вільні (1582) і Краславе (1755), належалі ордэну місіянераў, які да 1-й трэці 19 ст. кантраляваў С. ў Беластоку, Вільні, Заслаўі, Магілёве. Дамініканцам належала С. ў Мінску. Духоўныя С. існавалі таксама ў Брэсце і Нясвіжы. Пры Віленскім ун-це ў 1808—32 дзейнічала гал. духоўная С., якая рыхтавала біскупаў, прэлатаў і канонікаў каталіцкага і уніяцкага веравызнання. Яна мела праграму духоўнай акадэміі і была разлічана на 50 клірыкаў. Пасля задушэння паўстання 1830—31 большасць духоўных С. скасавана. У сярэдзіне 19 ст. каталіцкія духоўныя С. захаваліся ў Вільні, Мінску, Магілёве. Яны былі разлічаны на 20—50 клірыкаў; у іх выкладаліся: багаслоўе, царк. абрады, маральная, дагматычная, палемічная тэалогіі, кананічнае права, рыторыка, логіка, духоўнае красамоўства, свяшчэнная і айч. гісторыя, лац., франц., польск. і рус. мовы, нар. права, патрыстыка, фізіка, матэматыка, спевы, паліт. эканомія. З 1822 выкладчыкамі маглі быць толькі асобы, якія мелі дыпломы доктара ці магістра багаслоўя. Для паступлення ў С. патрэбен быў дазвол губернатара. У пач. 20 ст. каталіцкая духоўная С. захавалася толькі ў Вільні. Першая уніяцкая духоўная С. адкрыта ў 1746 у мяст. Свержань. На пач. 19 ст. яны дзейнічалі ў Лаўрышаве, Супраслі, Полацку, Жыровічах. Навуч. праграма была такая ж, як і ў каталіцкіх С. У 1820—30-я г. яны скасаваны ці ператвораны ў праваслаўныя. Права слаўныя духоўныя С. пачалі стварацца на Беларусі з 2-й пал. 18 ст. (у 1752 у Магілёве, у 1785 у Слуцку) і па сваёй праграме нагадвалі езуіцкія калегіумы. У адпаведнасці са статутам 1808 мелі 6 класаў і падпарадкоўваліся духоўным акадэміям. Іх праграма адпавядала 4 старэйшым класам гімназіі; выкладаліся: рус., грэч. і лац. мовы, эстэтыка, рыторыка, гісторыя, геаграфія, алгебра, геаметрыя, механіка, медыцына, логіка, метафізіка, мараль, багаслоўе, герменеўтыка, царк. абрады, сельская гаспадарка. Пасля заканчэння С. лепшыя выпускнікі працягвалі адукацыю ў акадэміях, астатнія выкладалі ў пав. і прыходскіх духоўных вучылішчах ці ішлі ў манастыры. Паводле рэформы 1867—69 С. сталі незалежнымі ад духоўных акадэмій, з навуч. праграмы выключаны сельская гаспадарка і медыцына, уведзена педагогіка; пры С. адкрыты нядзельныя школы. У 1884 прыняты новы статут духоўных С., паводле якога ў іх павінен быў выкладацца поўны курс класічнай гімназіі, а таксама псіхалогія, гісторыя філасофіі, сельская гаспадарка і медыцына. На пач. 20 ст. такія С. дзейнічалі ў Віцебску, Вільні, Мінску, Магілёве. У наш час у Жыровічах існуе праваслаўная духоўная С. (гл. Мінская вышэйшая духоўная семінарыя). У 19 ст., з пашырэннем ідэі І.​Г.​Песталоці аб сістэматычнай падрыхтоўцы настаўнікаў, пачалі масава адкрывацца настаўніцкія семінарыі (першапачаткова яны з’явіліся ў Францыі і Германіі ў канцы 17 ст.).

Літ.:

Бобровский П.О. Русская греко-униатская церковь в царствование императора Александра I. СПб., 1890;

Жукович П.Н. Об основании и устройстве главной духовной семинарии при Виленском университете (1803—1832 гг.). СПб., 1887;

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915.

А.​Ф.​Самусік.

т. 14, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́ТАК,

на Беларусі гарбарна-шавецкае рамяство (гл. Гарбарства) як самастойная галіна існуе з часоў Полацкага княства. Стараж. майстэрні па апрацоўцы скуры і вырабу абутку археолагі выявілі ў Полацку, Мінску, Пінску. Асн. тагачаснымі тыпамі абутку гараджан былі поршні, чаравікі, боты. Магнаты, гарадская знаць насілі абутак з дарагіх матэрыялаў, вытанчаных формаў, упрыгожаны спражкамі, бантамі і інш. Выпрацоўка новых формаў залежала ад маст. рысаў усяго ансамбля адзення, развівалася ў агульным еўрап. стылі. Нар. абутак выраблялі ў хатніх умовах або спец. рамеснікі — шаўцы. Ён бытаваў у вёсках і дробных мястэчках і лепш, чым абутак гараджан, стасаваўся з прыродна-кліматычнымі ўмовамі, спецыфікай працы насельніцтва. Самы стараж. тып абутку беларусаў складаўся з абгортак, прывязак і ўласна абутку. Абгорткі (анучы, завойкі) — 2 полкі белага палатна, якімі абгортвалі ногі. Абгортка ног да шчыкалатак кавалкам палатна пры хадзе басанож была пашырана сярод жанчын, асабліва ў час жніва. Прывязкі (аборы, валокі) вілі з пянькі, лёну, канапель, конскага воласу, наразалі з сырамятнай скуры. Мацавалі абгорткі па-рознаму: на Тураўшчыне і Мазыршчыне доўгія прывязкі ўтваралі своеасаблівую вяровачную панчоху, на Пн Беларусі былі кароткія і абкручваліся да шчыкалатак. Уласна абутак у мінулым — плеценыя ці скураныя вырабы. Нязначнае пашырэнне мелі дзеравяшкі. Асн. від плеценага абутку, які бытаваў да пач. 20 ст., — лапці (шчарбакі, кавярзні). Іх плялі з лазовай і вязавай кары (лыка), пянькі. Скураны абутак быў 2 відаў: шыты з аднаго кавалка скуры — пасталы і з прышытымі падэшвамі і абцасамі — боты, чаравікі. Майстэрствам вырабу ботаў у 19 — пач. 20 ст. славіліся шаўцы наваколляў Турава, Давыд-Гарадка, Петрыкава, Слуцка і інш. На святы жанчыны абувалі і чаравікі (боцікі, шнуроўкі). Валены абутак (валёнкі) набыў пашырэнне ў 19 ст., бытуе і цяпер. Гумавы абутак пачалі насіць у 1930-я г. Бахілы (глыбокія галошы) надзявалі звычайна на буркі.

Сучасны абутак падзяляюць на бытавы, вытворчы, спартыўны і медыцынскі (гл. Абутак артапедычны). Паводле канструкцыі загатовак адрозніваюць боты, чаравікі, паўчаравікі, туфлі і інш. Падзяляецца на групы: пінеткі (памер, ці даўжыня ступні, 95—125 мм), гусарыкі (120—140), маладзіцячы (145—175), дзіцячы (180—200), школьны (205—225), дзявочы (230—250), хлапечы (230—255), жаночы (215—275), мужчынскі (245—305). Паўната (абхват ступні) — ад 1 да 10 умоўных адзінак (найб. пашыраная 6 і 7).

Дэталі верху і нізу абутку злучаюцца ніткамі, шпількамі, цвікамі, вінтамі, клеем (пераважна сінтэтычным), вулканізацыяй, ліццём. Вонкавыя дэталі верху робяць з натуральнай ці штучнай скуры, тэкстыльных матэрыялаў; дэталі нізу — са скуры, гумы (порыстай, няпорыстай, скурападобнай), пластмасаў (напр., поліурэтану) і інш. Абутак павінен мець цеплаахоўныя ўласцівасці, быць водаўстойлівым, паветра- і паранепранікальным. Тэхналогія вырабу абутку ўключае раскрой матэрыялаў на дэталі, іх апрацоўку, выраб загатовак верху і фармаванне іх на калодцы, прымацаванне нізу да верху, аддзелку. Прамысловы раскрой робяць разакамі на электрагідраўл. ці мех. прэсах, спец. аўтаматах. З дапамогай ЭВМ разлічваюць аптымальныя варыянты ўкладкі дэталяў на матэрыяле. Дэталі верху скошваюць, загінаюць, апрацоўваюць; дэталі нізу выраўноўваюць па таўшчыні, фрэзеруюць, скошваюць, шліфуюць. Дэталі верху злучаюць у плоскія загатоўкі, якім надаюць аб’ёмную форму: увільгатняюць (часам награваюць), расцягваюць удоўж і ўпоперак, зацягваюць і прымацоўваюць загатоўкі да вусцілкі. Затым змацоўваюць верх і ніз і робяць канчатковую апрацоўку (абразанне залішняга матэрыялу, афарбоўку, паліраванне і інш.). Гл. таксама Абутковая прамысловасць.

М.​Ф.​Раманюк (гістарычная частка).

Да арт. Абутак. Скураны абутак 12—13 ст. з раскопак Полацка, Мінска, Гродна.
Да арт. Абутак. Асноўныя дэталі мужчынскага рантавага паўчаравіка: 1 — падэшва; 2 — рант; 3 — цвёрды насок; 4 — верх; 5 — асноўнае палатно; 6 — прасцілка; 7 — вусцілка; 8 — укладная паўсцілка; 9 — абцас; 10 — заднік; 11 — набойка; 12 — берац; 13 — саюзка; 14 — насок.

т. 1, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЕРУСАЛІ́М (стараж.-яўр. Іерушалаім, араб. Аль-Кудс),

горад у Ізраілі, на паўпустынным пласкагор’і на З ад Мёртвага м. Зах. ч. — Новы горад (адм. ц. акругі Іерусалім), належыць Ізраілю, усх. ч. — Стары горад, з 1967 акупіраваны Ізраілем; паводле пастановы (1950) урада Ізраіля сталіца дзяржавы, месца знаходжання ўрада і парламента. 602 тыс. ж. (разам з Усх. Іерусалімам, 1996). Рэлігійны («свяшчэнны») цэнтр іудзеяў, хрысціян і мусульман. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Вядучыя галіны прам-сці: паліграф., лёгкая, харчовая. Развіты гарбарна-абутковая, металаапр., фармацэўтычная, шкляная, радыётэхн. прам-сці, апрацоўка алмазаў. Розныя рамёствы. Ун-т. 2 Акадэміі. Цэнтр міжнар. турызму.

Адзін з самых стараж. ханаанскіх гарадоў (3-е тыс. да н.э.). У пач. 10 ст. заваяваны Давідам, які зрабіў яго рэліг. і паліт. цэнтрам сваёй дзяржавы (адсюль вызначэнне І. як горада Давідава). Росквіт І. адбыўся пры цару Саламоне (пабудаваны храм). Пасля падзелу дзяржавы І. — сталіца Іудзейскага царства. У 586 (587?) зруйнаваны Навухаданосарам II. Адбудаваны яўрэямі пасля вяртання з Вавілонскага палону. З 538 да н.э. сталіца перс. правінцыі. Пасля заваявання Персіі Аляксандрам Македонскім і распаду яго дзяржавы пад уладай Пталамеяў, з 198 да н.э. — Селеўкідаў. З 141 да н.э. сталіца дзяржавы Макавеяў. У 70 н.э. зруйнаваны рым імператарам Цітам. У 4 ст. пры імператару Канстанціне свяшчэнны цэнтр хрысціян. З 395 пад уладай Візантыі. Пасля араб. заваявання (638) — свяшчэнны цэнтр мусульман. У 1099 захоплены крыжаносцамі, стаў месцам паломніцтва хрысціян. У 1173 І. наведала Ефрасіння Полацкая. У 1187 горад заваяваны егіп. султанам Салах-ад-дзінам. З 1517 у складзе Асманскай імперыі. У 1917 захоплены брыт. войскамі. У 1920—48 адм. ц. брыт. падмандатнай тэр. Палесціны. Паводле рашэння Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 І. павінен быў стаць самаст. адм. адзінкай пад кіраваннем ААН. Пасля араба-ізраільскай вайны 1948—49 быў падзелены на 2 часткі: усх. адышла Іарданіі, зах. — да Ізраіля. У 1950 урад Ізраіля насуперак рашэнню ААН аб вылучэнні І. ў самаст. адм. адзінку аб’явіў яго сталіцай Ізраіля. У выніку ізраільска-арабскай вайны 1967 Ізраіль захапіў увесь І. і ў ліп. 1980 абвясціў яго «вечнай і непадзельнай сталіцай» Ізраіля.

У 960—62 да н.э. на ўзгорку Марыя, дзе, як сведчыць легенда, адбылося ахвярапрынашэнне Аўраама, паводле загаду Саламона фінікійскія майстры з Тыра пабудавалі храм, у якім захоўвалася Арка Прымірэння, асн. сімвал монатэізму і богаабранніцтва ізраільцян (зруйнаваны вавіланянамі ў 586 да н.э., адноўлены ў 520—515 да н.э., канчаткова знішчаны ў 70 н.э. рымлянамі). У канцы 1 ст. да н.э. былі ўзведзены гар. ўмацаванні. У 130 на месцы Старога горада пабудаваны г. Алія Капіталіна. Ад комплексу абарончых збудаванняў захаваўся фрагмент зах. муру (Сцяна Плачу). У 335 паводле загаду Канстанціна I Вялікага на месцы Галгофы ўзведзены храм-ратонда Труны Гасподняй (неаднаразова перабудоўваўся). У 5 ст. збудаваны некалькі крыптаў, базілікі на Маслічнай гары. Пасля далучэння І. да ўладанняў Амеядаў на месцы разбуранага храма Саламона пабудавана антаганальная мячэць Кубат ас-Сахра («Купал скалы», другая назва — мячэць Амара), побач — мячэць аль-Акса (перабудавана ў пач. 8 ст. з хрысц. базілікі; перабудоўвалася ў 780, 1035). У час валодання І. крыжаносцамі ўзводзіліся новыя храмы і манастыры, Айюбідамі і мамлюкамі — мячэці і медрэсэ. Да 14 ст. адносіцца цытадэль — Вежа Давіда (з перабудовамі 16 ст.). У 16 ст. І. умацаваны, паводле загаду султана Сулеймана Велічнага адноўлены муры рым. часу (з 34 вежамі і 8 брамамі), якія ўключалі з усх. боку крэпасць Ірада (1536—41). У 1892 пачалася мадэрнізацыя І. У 20 ст. пашырылася забудова зах. ч. Новага горада. Арх. акцэнты І. — Яўрэйскі універсітэт (1925, арх. Д.​Рэзнік, Э.​Рау), сінагога мед. цэнтра «Эйн-Керэм» (1952—61, арх. І.​Нейфельд, 12 вітражоў М.​Шагала), Кнесет (арх. Д.​Кармі, І.​Кларвайн, інтэр’еры аздоблены габеленамі Шагала), мемарыял Дж.​Кенэдзі (абодва 1966) і інш. Нац. музей Ізраіля (1965), Нац. музей «Бецалель» (Стары музей, 1906), музей Рокфелера (1927).

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура).

Да арт. Іерусалім. М.​Шагал. Вітраж у сінагозе іерусалімскага медыцынскага цэнтра «Эйн-Керэм».
Мячэць Амара ў Іерусаліме. 687—691.
Цытадэль — Вежа Давіда ў Іерусаліме.
Мемарыял Дж.​Кенэдзі ў Іерусаліме. 1966.

т. 7, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)