ЭКЗІСТЭНЦЫЯЛІ́ЗМ (ад позналац. existentia існаванне),
ірацыяналістычны кірунак у філасофіі. Узнік напярэдадні 1-й сусв. вайны ў Расіі (Л.Шастоў, М.А.Бярдзяеў), пасля вайны склаўся ў Германіі (К.Ясперс, М.Хайдэгер, М.Бубер), у перыяд 2-й сусв. вайны — у Францыі (Ж.П.Сартр, А.Камю і інш.), а пасля вайны і ў інш. краінах. Ідэйныя вытокі Э. — вучэнне С.К’еркегора, філасофія жыцця, фенаменалогія. Цэнтр. яго паняцце — экзістэнцыя, што абазначае спецыфічна чалавечы спосаб існавання ў свеце, асн. праяўленні чалавечага існавання — клопаты, страх, рашучасць, сумленне. Паводле Э., чалавек разумее экзістэнцыю як аснову свайго існавання ў гранічных сітуацыях (барацьба, пакуты, смерць); на працягу ўсяго жыцця ён павінен рабіць сябе чалавекам, а не проста быць. Спасцігаючы сябе як экзістэнцыю, чалавек набывае свабоду, якая ёсць выбар самога сябе, сваёй сутнасці, што накладвае на яго адказнасць за ўсё, што адбываецца ў свеце. Адрозніваюць Э. рэлігійны (Ясперс, Бярдзяеў, Бубер і інш.) і атэістычны (Сартр, Камю, М.Мерло-Панці, Хайдэгер і інш.). Іх пазіцыі разыходзяцца ў разуменні сэнсу экзістэнцыі, свабоды і сапраўднага існавання. У атэіст. Э. чалавек «асуджаны» быць свабодным, ён у адзіночку нясе адказнасць за ўвесь свет. У рэліг. Э. экзістэнцыя звязана з трансцэндэнтным, выбар і свабода чалавека існуюць дзякуючы акту веры ў Бога. Э. былі прапанаваны арыгінальныя варыянты анталогіі, антрапалогіі, канцэпцыі гісторыі і метадалогіі яе пазнання; ён зрабіў значны ўплыў на сац.-паліт. навукі, л-ру і мастацтва.
І.Н.Сідарэнка.
т. 18, кн. 1, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)