ДАЎЖНІ́К,

у цывільным працэсе бок абавязацельства (дэбітор), які павінен выканаць на карысць другога боку (крэдытора) пэўнае дзеянне або ўстрымацца ад такога дзеяння. Д. могуць выступаць асобы, здольныя быць носьбітамі грамадзянскіх правоў і абавязкаў, г.зн. праваздольныя грамадзяне, юрыд. асобы і сама дзяржава. Калі ў абавязацельстве бяруць удзел некалькі Д., кожны з іх павінен выканаць абавязацельства ў роўнай долі з іншымі.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДА́ТАК,

грашовая сума, якая выдаецца адным з бакоў дагавору другому боку ў лік належачых плацяжоў. З’яўляецца доказам заключэння дагавору і сродкам забеспячэння яго выканання. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у выпадку, калі дагавор застаецца невыкананым па віне боку, які даў З., ён застаецца ў другога боку. Калі ў невыкананні павінен бок, які атрымаў З., апошні павінен вярнуць яго ў двайным памеры. Бок, адказны за невыкананне дагавору, абавязаны кампенсаваць другому боку страты з залікам сумы З.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕДАТЫКА́ЛЬНАСЦЬ АСО́БЫ,

адно з фундаментальных і неадчужальных асабістых правоў чалавека. Мае на ўвазе недапушчальнасць адвольнасці пры выкарыстанні рэпрэсіўных мер. Канстытуцыйныя гарантыі Н.а. заключаюцца ў тым, што: склад злачынства павінен быць устаноўлены раней выдадзеным законам; затрыманне можа быць абскарджана ў судзе і ўстанаўліваецца максімальны тэрмін затрымання без рашэння суда; арышт павінен рабіцца толькі на падставе суд. прыгавору або з санкцыі пракурора; пазбаўленне волі павінна быць пакараннем, якое накладаецца на чалавека пасля ўстанаўлення яго віны ў працэсе следства і суда. Права на Н.а. гарантуецца арт. 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІЦЫЯ́Т,

інстытут папярэдняй падрыхтоўкі і апрабавання прэтэндэнтаў на членства ў каталіцкім ордэне манаскім. Звычайна перыяд Н. працягваецца адзін год. Навіцый на працягу гэтага тэрміну павінен беспярэчна падначальвацца ордэнскаму кіраўніцтву, выконваць статут, насіць адпаведнае адзенне.

т. 11, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАВЯ́ЗАК ДАКА́ЗВАЦЬ (лац. onus probandi) у судаводстве, патрабаванне да ўдзельнікаў працэсу даказаць і абгрунтаваць наяўнасць тых ці інш. акалічнасцяў, істотных для вырашэння справы. На Беларусі абавязак даказваць у крымін. працэсе ляжыць на дзярж. органах і службовых асобах, якія абвінавачваюць асобу ў злачынстве. Суд, пракурор, следчы і асоба, якая праводзіць дазнанне, абавязаны выявіць акалічнасці, што выкрываюць ці апраўдваюць абвінавачанага, а таксама абцяжваюць ці змякчаюць яго віну. Яны не маюць права перакладваць абавязак даказваць на абвінавачанага (падсуднага), і ён не павінен даказваць сваю невінаватасць. У цывільным працэсе кожны бок павінен даказаць акалічнасці, на якія ён спасылаецца як на падставу сваіх патрабаванняў і пярэчанняў. Напр., ісцец абавязаны даказаць і абгрунтаваць факты, якія складаюць падставу іску. Адказчык абавязаны даказаць факты, якія пацвярджаюць яго пярэчанні супраць іску. Характэрная рыса суд. даказвання ў цывільным працэсе — тое, што не толькі бакі і інш. асобы, якія ўдзельнічаюць у справе, абавязаны прадстаўляць доказы ў пацвярджэнне сваіх патрабаванняў і пярэчанняў, але і суд з мэтай высвятлення аб’ектыўнай ісціны і вынясення правасуднага рашэння ў неабходных выпадках павінен збіраць доказы па сваёй ініцыятыве.

І.​І.​Пацяружа.

т. 1, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕСІ́Я (ад стараж.-яўр. памазаннік),

1) у іудаізме і хрысціянстве «божы пасланец», «выратавальнік», які павінен знішчыць зло і ўсталяваць «божае царства». Першапачаткова М. называўся цар, які пры ўступленні на трон памазваўся асвячоным алеем, у інш. выпадках — ідэальны дзярж. кіраўнік або святар. У час асіра-вавілонскага, персідскага, рымскага панавання над яўрэямі, калі няўдалыя спробы вызвалення пахіснулі веру ў магутнасць Яхве, у іудаізме склаўся класічны вобраз М. як збавіцеля, выратавальніка, які павінен узначаліць яўр. народ, вызваліць яго ад іншаземнага панавання і забяспечыць яму пануючае становішча сярод іншых народаў. У хрысціянстве ідэя М. ўвасобілася ў вобразе Ісуса Хрыста, які вёў радаслоўную ад цара Давіда і ахвяраваў сабою для выратавання ўсяго чалавецтва ад першароднага граху; уваскрослы Хрыстос павінен прыйсці на зямлю ў другі раз, каб канчаткова знішчыць зло і вырашыць лёс чалавецтва. Ідэя аб М. прысутнічае ў інш. рэлігіях свету (Вішну — у індуізме, Майтрэя — у будызме, Саош’янт — у зораастрызме і інш.); яна была характэрна для многіх сял. і нац.-вызв. рухаў. Многія сучасныя нетрадыц. культы ўвасабляюць ідэю М. ў вобразах заснавальнікаў гэтых вераванняў.

2) Пераноснае — збавіцель, выратавальнік.

А.​А.​Цітавец.

т. 10, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р у цывільным праве, пагадненне дзвюх ці больш асоб пра ўстанаўленне, змяненне або спыненне грамадзянскіх правоў і абавязкаў (пазыка, купля-продаж, даручэнне, падрад і інш.). Паводле цывільнага права Рэспублікі Беларусь дагавор можа быць заключаны ў вуснай, пісьмовай або натарыяльнай форме. Дагавор павінен адпавядаць абавязковым для яго ўдзельнікаў правілам, устаноўленым законам і інш. прававымі актамі, што дзейнічаюць на момант яго заключэння. Некаторыя віды дагавора патрабуюць рэгістрацыі ў адпаведных дзярж. органах (напр., належна аформлены дагавор куплі-продажу жылога дома павінен быць зарэгістраваны ў выканаўчым к-це мясц. Савета дэпутатаў). Дагавор набывае сілу з моманту яго заключэння. Парадак заключэння і выканання дагавора рэгулюецца грамадзянскім кодэксам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТАДО́Р (ісп. matador ад matar забіваць), 1) галоўная асоба ў групе ўдзельнікаў бою быкоў (карыды). На заканчэнне відовішча павінен шпагай забіць быка.

2) Гал. ўдзельнік у якой-н. справе.

3) У некат. картачных гульнях 3 вышэйшыя козыры.

т. 10, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАФ (англ. c.a.f. — cost and freight кошт і фрахт),

базісныя ўмовы пастаўкі і аплаты тавару, паводле якіх прадавец павінен паставіць тавар на борт судна (як прадугледжваецца ўмовамі ФОБ), заключыць дагавор марской перавозкі і аплаціць фрахт да пэўнага месца выгрузкі.

т. 8, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТАЎНІ́ЧЫ,

пасада (урад) у Польшчы і ВКЛ у 16—18 ст. Павятовы М. ў 16 ст. павінен быў сачыць за станам мастоў і перапраў, потым намінальная пасада. У 17—18 ст. існавала пасада М. ВКЛ.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 10, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)