РЭДУ́КЦЫЯ (ад лац. reductio вяртанне, адсоўванне назад),
спрашчэнне, звядзенне складанага працэсу да больш простага, даступнага аналізу або вырашэнню; змяншэнне, аслабленне чаго-н. Р. ў логіцы і матэматыцы — пераўтварэнне якой-н. задачы ў больш зручны стан, які лягчэй паддаецца аналізу і рашэнню. Р. ў мовазнаўстве — паслабленне і змяненне гучання гукаў. Р. ў тэхніцы — зніжэнне ціску вадкасцей, газаў у рухавіках, інш. устаноўках з дапамогай спец. прылад. Р. ў хіміі — аднаўленчы працэс, адваротны акісленню. Р. ў эканоміцы — зніжэнне валютнага курсу, вартасці каштоўных папер, кошту тавару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛОДАЛЬНАМЕ́Р,
прылада для вымярэння адлегласці з дапамогай светлавых сігналаў, прамадуляваных па фазе, частаце ці працягласці. Мае крыніцу святла (звычайна лазер), мадулятар святла, перадавальную і прыёмную сістэмы. Найб. пашыраны імпульсныя і фазавыя С.
Імпульсныя С. выпрамяняюць кароткія імпульсы; адлегласць вызначаецца па часе праходжання светлавога сігналу да аб’екта і назад. Выкарыстоўваюцца ў касм. далёкаметрыі і навігацыі. У фазавых С., якія працуюць на лазерах бесперапыннага дзеяння, адлегласці вызначаюцца па рознасці фаз выпрамененага і прынятага (адбітага) светлавых сігналаў. Выкарыстоўваюцца пераважна ў геадэзіі і спорце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЭВІ́ЛЬ (франц. Abbeville),
абэвільская культура, археалагічная культура ранняга (ніжняга) палеаліту ў Еўропе. Назва ад г. Абвіль (Францыя, даліна р. Сома), дзе ў 19 ст. знойдзены найб. тыповыя для яе прылады — ручныя масіўныя (даўж. да 10—20 см) груба адбітыя рубілы міндалепадобнай, авальнай ці коп’епадобнай формы; выкарыстоўваліся і адшчэпы. Верагодна, датуецца часам гюнц-міндэльскага міжледавікоўя і міндэльскага зледзянення (каля 700 — 400 тыс.г. таму назад). Большасць сучасных даследчыкаў разглядаюць абэвіль як пачатковы этап эпохі ашэль. У л-ры трапляецца і ўстарэлая назва абэвіль — шэльская культура, ці шэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКАЎСКІ ВАЛУ́Н,
помнік прыроды ў Беларусі. На паўд.-ўсх. ускраіне в.Васілішкі Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун ружовага буйназярністага граніту (рапаківі) даўж. 4,9 м, шыр. 3 м, выш. 1,7 м, у абводзе 11,7 м, аб’ём 25 м³, маса 66 т. Прынесены ледавіком каля 125 тыс. гадоў назад са Скандынавіі. На паўд. баку мае паглыбленне памерам 0,5 × 0,6 м са згладжанымі і адшліфаванымі сценкамі, якое нагадвае крэсла, каля яго ямка глыб. 3 см, у папярочніку 5 см. У стараж. часы валуну пакланяліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАВЫ́Я ПАТО́КІ,
колькасць грузаў, перавезеных адным відам транспарту ў пэўным напрамку ад пункта адпраўлення да пункта прызначэння (звычайна за год). Грузавыя патокі складаюцца з грузаў, адпраўленых са станцый, прыстаней, партоў, і вымяраецца ў тонах у цэлым або па кожнаму грузу паасобку. Велічыня грузавых патокаў асобнага перагону (участка, геагр. напрамку) выражаецца сярэдняй шчыльнасцю перавозак грузу. Напрамак пераважнага грузавога патоку называецца грузавым, а зваротны — парожнім. Няроўнасць грузавога патоку па напрамках «туды» і «назад» выклікае парожнія прабегі рухомага саставу і непрадукцыйныя прабегі лакаматываў, суднаў, аўтамабіляў, павелічэнне сабекошту перавозак і капіталаўкладанняў.
польскі акцёр. Вучыўся ў Варшаўскай драм. школе. Дэбютаваў у 1837. У 1838 выступаў у Вільні, у 1839 — у Мінску ў трупе В.Ашпергера. З 1840 іграў у Варшаве, Плоцку, Львове, Гамбургу, Дрэздэне, ЗША і інш. Акцёр вял.сцэн. тэмпераменту, выразнай знешнасці. Найб. яго дасягненні — трагедыйна-характарныя ролі ў п’есах У.Шэкспіра, Ф.Шылера, Мальера. Сярод інш. роляў: Вацлаў («Муж і жонка» А.Фрэдры), Валек («Ціхія воды рвуць берагі» Ф.Л.Шродэра), барон Санваль («Шаснаццаць гадоў назад» В.Дуцанга), Стары англічанін («Мірандаліна» К.Гальдоні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́Н (лац. Draco),
каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Мае 80 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. Ламаны ланцужок слабых зорак Д. агінае сузор’е Малая Мядзведзіца і заканчваецца больш яркай зоркай γ (2-й візуальнай зорнай велічыні), назіраючы за якою англ. астраном Дж.Брадлей адкрыў (1725) аберацыю святла. Адна з зорак Д. — Тубан каля 2,5 тыс. гадоў назад была і праз 20 тыс. гадоў зноў будзе «Палярнай» зоркай. У Д. знаходзіцца яркая планетарная туманнасць 8-й зорнай велічыні, якая пашыраецца. З тэр. Беларусі Д. відаць круглы год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЫЛАЗА́ЎРЫ (Cotylosauria),
падклас вымерлых найб.стараж. і прымітыўных паўзуноў. 2 атр., 4 падатр., каля 10 сям., 80 родаў, больш за 100 відаў. Вядомы з сярэдзіны карбону да трыясу (440—230 млн. гадоў назад). Былі пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Антарктыдзе, Афрыцы.
Даўж. ад 20 см да 3,5 м. Цела прысадзістае, галава невял., хвост кароткі. Чэрап з суцэльнай покрыўкай, зубы паднябенныя, шыя кароткая (звычайна з 2 пазванкоў), канечнасці кароткія, масіўныя. Большасць насякомаедныя, былі расліннаедныя і драпежныя. Па рэштках К. вызначаюць узрост выкапнёвых адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІФО́З (ад грэч. kyphos сагнуты, згорблены),
скрыўленне пазваночніка ў чалавека, звернутае выпукласцю назад. Адрозніваюць К. фізіял. і паталагічны. Фізіял. грудны і крыжавы К. развіваецца ў дзіцячым узросце. У дарослых выгібы пазваночніка фіксаваныя. У пажылым і старэчым узросце грудны К. павялічваецца. Паталаг. К. выяўляецца на 2-м паўгоддзі жыцця, калі дзіця пачынае стаяць і хадзіць, у выніку прыроджаных адхіленняў ад нармальнага развіцця пазваночніка. К. можа развіцца пры рахіце, туберкулёзе пазваночніка, некат. сямейных і інш. захворваннях, пры доўгім сядзенні сагнутым. Лячэнне: спец. комплекс гімнастыкі, фізіятэрапеўтычнае, масаж, іншы раз — хірургічнае.
лускадрэвы, парадак вымерлых дзеразападобных раслін. Існавалі ў каменнавугальным і пермскім перыядах (каля 350—250 млн. гадоў назад) ва ўмовах трапічнага клімату.
Выш. ствала да 30 м, дыям. каля асновы да 2 м. Дрэвападобныя разнаспоравыя расліны. Ствол прамы, дыхатамічна разгалінаваны ў верхняй частцы. Драўніна ўкрыта тоўстай карой з рамбічнымі або верацёнападобнымі лісцевымі падушачкамі. Лісце лінейнае, шыла- або ланцэтападобнае даўж. да 1 м, шыр. каля 1 см. Стробілы (органы размнажэння) адна- або двухполыя, дасягалі даўж. 50 см і дыям. 5 см. Па рэштках Л. вызначаюць узрост геал. адкладаў.