прыстасаванне для атрымання аб’ёмных загатовак (вырабаў) рознай канфігурацыі з розных матэрыялаў (металу, пластмас, гумы, керамічных і інш.) пад дзеяннем ціску, што ствараецца на ліцейных машынах ці прэсах. Мае адну ці некалькі афармляльных (фармавальных) поласцей, якія з’яўляюцца адваротным адбіткам вонкавай паверхні загатоўкі. Пры прасаванні полых вырабаў унутраныя поласці фармуюць пуансонамі (стрыжнямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭКСТАЛІ́Т (ад лац. textus тканіна + грэч. lithos камень),
матэрыял, які складаецца з некалькіх слаёў тканіны (напаўняльнік), прамочаных (звязаных) сінтэтычнай смалой. Вырабляецца ў выглядзе труб, пруткоў, пліт, лістоў.
Напаўняльнікамі могуць быць натуральныя (бязь, міткаль, шыфон і інш.), штучныя і сінтэтычныя арганічныя (віскозныя, поліамідныя, поліэфірныя і інш.) тканіны, а таксама нятканыя матэрыялы. Т. з напаўняльнікам са шкловалакна наз. шклотэксталітам, з азбесту — азбатэксталітам. Т. выкарыстоўваецца для вытв-сці падшыпнікаў слізгання, электраразмеркавальных панэляў, шківаў, радзей шасцерняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭХНІ́ЧНАЯ ТКАНІ́НА,
асноўны або дапаможны матэрыял для вырабу дэталей машын, установак і інш. у розных галінах прам-сці; разнавіднасць тканіны тэкстыльнай. Вырабляюць Т.т. пераважна з валокнаў хімічных, звычайна палатняным перапляценнем, якое забяспечвае найб. моцную сувязь паміж асновай і ўтком. Бывае адна- і шматслойная. Выкарыстоўваюць Т.т. як фільтравальныя і ізаляцыйныя матэрыялы, для вырабу аўтамаб. шын (гл.Корд), транспарцёрных стужак і прывадных пасаў (гл.Бельтынг), спец. ахоўнага адзення (гл.Брызент), пажарных рукавоў, парашутаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́НІЙ (лац. Rhenium),
Re, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат н. 75, ат. м. 186, 207. Прыродны Р. — сумесь 2 ізатопаў: стабільнага 185Re (37,4%) і слабарадыеактыўнага 187Re (перыяд паўраспаду 5∙1010 гадоў). У зямной кары 7∙10−8% па масе (рассеяны элемент); ізаморфна замяшчае малібдэн у малібдэніце. Адкрыты ў 1925 ням. фізікахімікамі В. і І. Ноддак (муж і жонка); назва ад лац. Rhenus — р. Рэйн.
Серабрыста-шэры пластычны метал, tпл 3180 °C (па тугаплаўкасці другі пасля вальфраму), шчыльн. 21 010 кг/м Хімічна ўстойлівы. Раствараецца ў азотнай і гарачай канцэнтраванай сернай к-тах, пераксідзе вадароду (утвараецца рэніевая к-та HReO4). Пры награванні ў паветры (t >300 °C) акісляецца, узаемадзейнічае з фторам (адзіны метал, які ўтварае ўстойлівы гептафтарыд ReF7 — крышт. рэчыва з tпл 48,3 °C), хлорам, пры 700—800 °C з парай серы, фосфарам. Атрымліваюць з канцэнтратаў малібдэнавых руд (маюць 0,01—0,04% Р.). Выкарыстоўваюць пераважна на выраб плаціна-рэніевых каталізатараў для нафтаперапрацоўчай прам-сці (атрыманне бензіну з высокім актанавым лікам), а таксама дэталей электронных прылад, катодаў, тэрмапар, як матэрыял для эл. кантактаў і пакрыццяў, што ахоўваюць металы ад карозіі і зносу; сплавы Р. з інш. тугаплаўкімі металамі (вальфрам, малібдэн, тантал) як канстр.матэрыял у самалёта- і ракетабудаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АДЫСЕ́Я»,
старажытна-грэчаская эпічная паэма, якую разам з «Іліядай» (створана раней за «Адысею») прыпісваюць Гамеру. Напісана гекзаметрам, пазнейшымі ант. выдаўцамі падзелена на 24 кнігі. Апавядае пра падарожжы і прыгоды Адысея. У аснове «Адысеі» сусв. вядомы фалькл. сюжэт: муж (Адысей) пасля доўгіх блуканняў вяртаецца непазнавальны да дня новага вяселля сваёй жонкі (Пенелопы). У адрозненне ад ваенна-гераічнай тэматыкі «Іліяды» «Адысея» мае ў асн. бытавы і казачны матэрыял. У вобразе Адысея вылучаюцца разумовыя і маральныя якасці, хітрая вынаходлівасць і разлік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУКІ́Т (ад прозвішча англ. мінералога Г.Дж.Брука),
мінерал падкласа простых аксідаў, дыаксід тытану TiO2, адна з трох прыродных паліморфных мадыфікацый рутылу. Іншы раз мае прымесі жалеза і ніобію. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, радзей прызматычныя і дыпірамідальныя. Колер жоўта-карычневы да жалезіста-чорнага. Бляск алмазны ці металічны. Празрысты. Цв. 5,5—6. Крохкі. Шчыльн. 4,14 г/см³. Трапляецца ў выглядзе крышталёў у залатаносных россыпах і жылах альпійскага тыпу, а таксама як акцэсорны і абломкавы матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕРАЦКО́ЎСКІ Мікалай Якаўлевіч (1750, с. Азерацкае Загорскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.3.1827),
рускі натураліст і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1782). У 1768—72 удзельнічаў у акад. экспедыцыі па вывучэнні прадукц. сіл. Расіі. У 1773 працаваў на Беларусі, сабраў матэрыял пра стан гаспадаркі, побыт насельніцтва, прыроду, склаў гербарыі раслін Віцебскай губ. (400 відаў) і заал. калекцыі. Падарожнічаў па Анежскім і Ладажскім азёрах, воз. Ільмень, вярхоўях Волгі, воз. Селігер. Аўтар каля 100 навук. прац па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі і археалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТ (Barth) Генрых (16.2.1821, Гамбург — 25.11.1865),
нямецкі гісторык, філолаг, географ-падарожнік. Праф. Берлінскага ун-та і старшыня Геагр.т-ва ў Берліне (1863). Адзін з першых навук. даследчыкаў Афрыкі. У 1849—55 прымаў удзел у англ. навукова-гандл. экспедыцыі Дж.Рычардсана ў Судан. Двойчы перасек Сахару, даследаваў шэраг аазісаў, плато Аір і Дамергу, басейн воз. Чад, р. Бенуэ і Сярэдні Нігер, сабраў багаты геагр., гіст., этнагр. і лінгвістычны матэрыял. Вывучаў таксама Балканскі п-аў і Малую Азію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎНЯ́НЫЯ ПЛА́СТЫКІ,
матэрыялы, якія атрымліваюць з лушчанай шпоны, драўнянай крошкі, трэсак або пілавіння, насычаных сінт. смоламі і склееных пад высокімі ціскам і тэмпературай. Падзяляюцца на драўнянаслаістыя пластыкі (лігнафоль, дэльта-драўніна і інш.), арміраваныя, спрасаваныя і склееныя са шпоны і тканіны, узмоцненыя метал. сеткай, фольгай і інш., драўнянапластычныя масы — профільныя (утулкі, падшыпнікі, зубчастыя колы) і плітачныя (паркетныя пліткі і інш.) вырабы, атрыманыя прасаваннем у гарачых прэс-формах са здробненай драўніны або пілавіння. Выкарыстоўваюцца як канструкцыйны, электраізаляцыйны, сценавы і вырабны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАРНО́Е ЗЛУЧЭ́ННЕ,
нераздымнае злучэнне двух ці болей дэталей, частак канструкцыі, выкананае зваркай. Паводле ўзаемнага размяшчэння элементаў, якія злучаюцца, адрозніваюць З.з. стыкавыя, накладачныя, вуглавыя, таўровыя і інш. Кожнае з іх у залежнасці ад спосабу зваркі (дугавой, кантактавай, электрашлакавай і інш.) мае спецыфічныя адзнакі. Участак З.з., які непасрэдна звязвае элементы, што зварваюцца, наз. зварным швом.
Будова зварнога злучэння пры зварцы плаўленнем (а) і ціскам (б): 1 — зварное шво; 2 — зона сплаўлення; 3 — зона тэрмічнага ўплыву; 4 — прылеглы асноўны матэрыял.