БЛА́ХА (Blaha) Джон Элмер (н. 26.8.1942, г. Сан-Антоніо, ЗША),

касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС. Скончыў Акадэмію ВПС ЗША (1965), ун-т Перд’ю (1966), Аэракасм. школу пілотаў-даследчыкаў ВПС ЗША (1972). У 1980—97 у атрадзе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 5 палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 13—18.3.1989 і 23—28.11.1989 на КК «Дыскаверы» (як пілот), 2—11.8.1991 на КК «Атлантыс» і 18.10—1.11.1993 на КК «Калумбія» (як камандзір), 16.9.1996—23.1.1997 на КК «Атлантыс» (як спецыяліст па аперацыях на арбіце) і арбітальнай станцыі «Мір» (як касманаўт-даследчык). У космасе правёў 161,1 сут. Залатыя медалі НАСА «За выдатныя заслугі», «За выключныя заслугі», «За выдатнае кіраўніцтва», «За касмічны палёт» (4). Яго імем названа малая планета.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЛАЎ Барыс Абрамавіч (10.10.1882, в. Мікуліна Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 20.4.1943),

удзельнік рэв. руху, публіцыст. У 1901 за кіраўніцтва забастоўкай у Віцебску сасланы ва Усх. Сібір. З 1904 вёў парт. работу ў Пецярбургу, Мікалаеве, Днепрапятроўску, Маскве, Екацярынбургу. У 1909—11 слухач парт. школы ў Ланжумо (Францыя). За рэв. дзейнасць 4 разы арыштаваны, каля 10 гадоў правёў на катарзе. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 супрацоўнік газ. «Правда», рэдактар газ. «Голос правды» ў Кранштаце, пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 на парт. і сав. рабоце ў Віцебску, Маскве. Удзельнік грамадз. вайны. У 1924—25 на сав., гасп. і дыпламат. рабоце. Чл. ВЦВК у 1918—19. Аўтар брашур і артыкулаў пра рэв. рух і Кастр. рэвалюцыю 1917. Рэпрэсіраваны ў 1937. Памёр у турме. Рэабілітаваны ў 1956.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 3, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЫЗВОЛЕ́НЕ» («Wyzwolenie»), Польская народная партыя «Вызваленне»,

дробнабуржуазная партыя ў Польшчы ў 1915—31. Мела значны ўплыў на сялян Зах. Беларусі. Яе лідэры: К.​Багінскі, Я.​Домбскі, Т.​Начніцкі, С.​Асецкі, Ю.​Панятоўскі, С.​Тугут. Радыкальная частка «Вызволеня» ў 1922—23 выдавала ў Вільні газ. «Wyzwolenie Ludu» («Вызваленне народа»). З дапамогай радыкальных праграм яна аб’яднала вакол сябе частку сярэдніх і дробных сялян. Кіраўніцтва партыі займала згодніцкія пазіцыі, але пад націскам радавых членаў «Вызволеня» стала ў апазіцыю да ўрада Пілсудскага. У 1924 з яе вылучылася левае крыло на чале з пасламі сейма А.​Фідаркевічам, С.​Ваявудскім, С.​Баліным, якое стала асновай Незалежнай сялянскай партыі. У 1931 «Вызволене» аб’ядналася з партыяй «Пяст» і Сял. партыяй у Польскую нар. партыю, якая адстойвала інтарэсы заможных сялян.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 4, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬБЕ́Р (Colbert) Жан Батыст (29.8.1619, г. Рэймс, Францыя — 6.9.1683),

французскі дзярж. дзеяч. Прадстаўнік меркантылізму (у Францыі атрымаў назву кальбертызм). З 1651 інтэндант кардынала Дж.​Мазарыні, з 1661 дарадчык караля Людовіка XIV, з 1665 ген. кантралёр фінансаў, з 1669 марскі міністр. Амаль цалкам сканцэнтраваў у сваіх руках кіраўніцтва ўнутр. палітыкай Францыі. Прыхільнік абс. улады, імкнуўся да цэнтралізацыі дзярж. кіравання, ліквідаваў прывілеі правінцый і гарадоў, падпарадкаваў іх адзінаму заканадаўству. Дамагаўся павелічэння дзярж. даходаў шляхам стварэння мануфактур, заахвочвання прам-сці, павелічэння вывазу прамысл. тавараў і ўвозу сыравіны. Ініцыятар стварэння манапольных знешнегандл. кампаній (Вест-Індскай, Ост-Індскай і інш.). Спрыяў пракладцы і паляпшэнню дарог, каналаў, павелічэнню ваен. флоту (з 18 да 276 суднаў; 1683). Заснаваў некалькі акадэмій, у т. л. Акадэмію навук (1666), Каралеўскія акадэміі музыкі (1669), архітэктуры (1671). З 1667 чл. Франц. акадэміі.

т. 7, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНГ (King) Марцін Лютэр (15.1.1929, г. Атланта, ЗША — 4.4.1968),

адзін з кіраўнікоў руху за грамадз. правы неграў у ЗША, ініцыятар тактыкі ненасільных дзеянняў. Баптысцкі пастар (з 1954). Скончыў Бостанскі ун-т са ступенню д-ра філасофіі (1955). У 1956 арганізаваў байкот аўтобуснага руху, што прывяло да адмены расавага раз’яднання ў грамадскім транспарце ў г. Мантгомеры і інш. месцах. У 1957 заснаваў і ўзначаліў негрыцянскую арг-цыю «Паўд. канферэнцыя хрысц. кіраўніцтва». Правёў шэраг антырасісцкіх дэманстрацый, у т. л. марш на Вашынгтон (1963). Неаднаразова быў арыштаваны. Аўтар кніг «Крок да свабоды. Мантгомерская гісторыя» (1958), «Сіла любові» (1963), «Чаму мы не можам чакаць» (1964) і інш. Забіты расістамі ў г. Мемфіс. Нобелеўская прэмія міру 1964.

Тв.:

Рус. пер. — Есть у меня мечта...: Избр. тр. и выступления. М., 1970.

М.Л.Кінг.

т. 8, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДЭН РЫ́ЦАРАЎ ПРА́ЦЫ, Высакародны ордэн рыцараў працы (The Noble Order of Knights of Labor),

масавая арг-цыя рабочых ЗША у апошняй трэці 19 ст. Засн. ў 1869 у г. Філадэльфія краўцом У.​Стэфенсам, да 1878 дзейнічаў тайна. Меў складаны рытуал і абрады. Аб’ядноўваў гал. чынам некваліфікаваных рабочых розных прафесій і некаторыя інш. катэгорыі працоўных. Мэта — стварэнне вытв. кааператываў, арг-цыя ўзаемадапамогі працоўных, барацьба за лепшыя ўмовы працы. Легалізацыя О.р.п. спрыяла яго ператварэнню ў найб. ўплывовую арг-цыю рабочых ЗША (700 тыс. членаў у 1886). Да 1886 ордэн правёў шэраг паспяховых забастовак, у далейшым яго кіраўніцтва на чале з Т.​В.​Паўдэрлі выступала за мірныя спосабы вырашэння прац. спрэчак. З канца 1880-х г. уплыў і колькасць членаў О.р.п. няўхільна скарачаліся, у канцы 1890-х г. ён распаўся.

т. 11, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ Вісарыён Міхайлавіч (6.6. 1762—1804),

бел. архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1782). Працаваў у Пецярбургу, у 1783—85 у Маскве пад кіраўніцтвам арх. В.​Бажэнава прымаў удзел у буд-ве палацавых ансамбляў Падмаскоўя. У 1785—99 Магілёўскі губернскі архітэктар. Удзельнічаў у перабудове гарадоў Магілёўскай і Віцебскай губерняў. Паводле яго праектаў пабудаваны саляныя крамы ў Рагачове і Нова-Беліцы (з 1854 прадмесце Гомеля) і 2 мураваныя флігелі для дзярж. установы ў Клімавічах Магілёўскай вобл. (усе 1787); астрог (1796), палац губернатара і будынак дзярж. устаноў (1797, прыстасаваны будынак б. манастыра базыльян) у Віцебску, зрабіў праект мытні ў Талачыне Віцебскай вобл. (1788). Ажыццяўляў тэхн. кіраўніцтва буд-вам Магілёўскага Іосіфаўскага сабора, пасля завяршэння яго выканаў інвентарызацыйныя чарцяжы і падрабязнае апісанне будынка (1780—98), некат. дапрацоўкі Крычаўскага палаца (1785).

В.​Ф.​Марозаў.

т. 12, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СПА́ДЧЫНА»,

культурна-асветны клуб. Створаны ў сак. 1984 у Мінску з мэтай прапаганды і папулярызацыі бел. культуры і гісторыі. Кіраўніцтва ажыццяўляе рада. На пасяджэнні запрашаюцца вучоныя, пісьменнікі, грамадскія дзеячы, абмяркоўваюцца іх навук. паведамленні і рэфераты. Члены клуба адзначаюць выдатныя падзеі ў грамадскім і культ. жыцці краіны, арганізоўваюць і праводзяць выстаўкі, удзельнічаюць у выданні альманахаў, плакатаў-календароў на гіст. тэмы. На дабрачынныя сродкі і ахвяраванні клубам зроблены і пастаўлены помнікі М.​Багдановічу (1994, Яраслаўль), Ф.​Скарыне, М.​Гусоўскаму (абодва 1998, Мінск), Ефрасінні Полацкай (1999, Мінск; 2000, Полацк), бюст А.​Багдановічу (1998, г.п. Халопенічы), шыльда на будынку, дзе ў 1915—18 дзейнічаў у эвакуацыі Мінскі настаўніцкі ін-т (1995, Яраслаўль) і інш.

Пры клубе створаны фалькл. гурт, які праводзіць фалькл. святы (гуканне вясны, Купалле, Каляды).

А.​Я.​Белы.

т. 15, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРАЛІ́ЗМ,

сістэма кіравання, заснаваная на прынцыпе безумоўнага падпарадкавання мясц., перыферыйных органаў улады вышэйшым, размешчаным у адным цэнтры. Выкарыстоўваецца ў дзярж. рэгуляванні эканомікай, у дзейнасці паліт. партый, грамадскіх арг-цый і заключаецца ў засяроджанні ўладных і кіраўніцкіх паўнамоцтваў у адзіным вышэйшым цэнтры (манарх, прэзідэнт, кіраўнік урада, федэрацыя, мін-ва, к-т, кіраўніцтва карпарацыі, праўленне, рада паліт. партыі, грамадскай арг-цыі). Выступае ў дэмакр., бюракратычнай, канстытуцыйнай і інш. формах, якія адрозніваюцца паводле крытэрыя размеркавання ўлады паміж цэнтрам і перыферыяй, а таксама паводле характару адносін паміж імі, што замацоўваецца ў канстытуцыях, законах, статутах, палажэннях і на практыцы. Адметная рыса дэмакр. Ц. — спалучэнне падпарадкавання вышэйшым органам і агульнай дысцыпліне з прызнаннем канструктыўных ініцыятыў з месцаў і рэгіёнаў, права апошніх прымаць удзел у выпрацоўцы важных паліт. рашэнняў, у выбарах кіруючых органаў і інш.

В.​І.​Боўш.

т. 17, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУА́НЫ (франц. chouans, паводле пашыранай версіі ад chat-huant сава, крык якой капіравалі шуаны, падаючы ўмоўныя сігналы),

раялісцкія паўстанцы (сяляне, дваране, апазіц. духавенства), якія дзейнічалі на ПнЗ Францыі ў 1792—1803 у час Французскай рэвалюцыі 1789—99 і Консульства. Кіраўнік (з канца 1793) — сын селяніна Ж.​Кадудаль, але ідэйнае кіраўніцтва належала дробнамаянтковым дваранам і святарам. Выступалі за аднаўленне манархіі Бурбонаў, супраць абмежавання рыначных цэн на харчаванне, ваен. рэквізіцый, мабілізацыі сялян у армію і інш. захадаў рэсп. урадаў. Карысталіся падтрымкай Вялікабрытаніі і контррэв. эмігрантаў. Удзельнічалі ў вандэйскіх войнах, у т. л. падтрымалі высадку эмігрантаў на п-ве Кіберон у Брэтані ў чэрв.—ліп. 1795. Нягледзячы на паражэнні, Ш. змагаліся да 1803, калі іх рух быў канчаткова задушаны. Кадудаль у 1804 пакараны смерцю за арганізацыю замахаў на Напалеона I.

т. 17, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)