ЦЭНТРАЛІ́ЗМ,
сістэма кіравання, заснаваная на прынцыпе безумоўнага падпарадкавання мясц., перыферыйных органаў улады вышэйшым, размешчаным у адным цэнтры. Выкарыстоўваецца ў дзярж. рэгуляванні эканомікай, у дзейнасці паліт. партый, грамадскіх арг-цый і заключаецца ў засяроджанні ўладных і кіраўніцкіх паўнамоцтваў у адзіным вышэйшым цэнтры (манарх, прэзідэнт, кіраўнік урада, федэрацыя, мін-ва, к-т, кіраўніцтва карпарацыі, праўленне, рада паліт. партыі, грамадскай арг-цыі). Выступае ў дэмакр., бюракратычнай, канстытуцыйнай і інш. формах, якія адрозніваюцца паводле крытэрыя размеркавання ўлады паміж цэнтрам і перыферыяй, а таксама паводле характару адносін паміж імі, што замацоўваецца ў канстытуцыях, законах, статутах, палажэннях і на практыцы. Адметная рыса дэмакр. Ц. — спалучэнне падпарадкавання вышэйшым органам і агульнай дысцыпліне з прызнаннем канструктыўных ініцыятыў з месцаў і рэгіёнаў, права апошніх прымаць удзел у выпрацоўцы важных паліт. рашэнняў, у выбарах кіруючых органаў і інш.
В.І.Боўш.
т. 17, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)