ЗАРАНО́К (Таццяна Піліпаўна) (н. 25.12.1917, г. Васілевічы Гомельскай вобл.),

бел. актрыса. Нар. артыстка Беларусі (1967). З 1931 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, у 1951—74 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Выканаўца вострахарактарных і камедыйных, лірыка-драм. роляў. Спалучае эмацыянальную напоўненасць вобразаў з яркай і выразнай формай. З найб. значных роляў: Таццяна («Над Бярозай-ракой» П.​Глебкі), Паўліна («Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы), Даша («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Аксюша, Белацелава («Лес», «Жаніцьба Бальзамінава» А.​Астроўскага), Вольга («Тры сястры» А.​Чэхава), Марціна («Лекар паняволі» Мальера) і інш.

Літ.:

Волчецкий Л.П. Годы, спектакли, роли... Мн., 1974.

Т.П.Заранок.
Т.Заранок у ролі Белацелавай.

т. 6, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬМА́РСКАЯ ВАЙНА́ 1611—13,

вайна паміж Даніяй і Швецыяй за панаванне на Балтыйскім м., у паўд. ч. Скандынаўскага п-ва і паўн. узбярэжжы Нарвегіі (належала Даніі). Вялася пераважна на швед. землях. Швецыя страціла крэпасць Кальмар (жн. 1611, адсюль назва вайны) і адзіны на той час швед. порт Эльфсбарг у прал. Катэгат (май 1612). Паводле Кнерэдскага мірнага дагавора (20.1.1613) захоўваліся ўмовы Штэцінскага міру, заключанага ў 1570 (завяршыў дацка-швед. вайну 1563—70); шведы адмовіліся ад прэтэнзій на Фінмаркен, абавязаліся выплаціць кантрыбуцыю ў 1 млн. талераў, да канчатковай выплаты Данія атрымала правы на Эльфсбарг з прылеглай тэр.; не была адноўлена дацка-швед. (Кальмарская) унія.

В.​В.​Варановіч.

т. 7, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРСК,

горад у Расіі, цэнтр Курскай вобл., на р. Сейм і яе прытоку Тускар. Вядомы з 1032 як крэпасць Кіеўскай Русі. 442,3 тыс. ж. (1996). Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (лічыльныя машыны, акумулятары, эл.-апаратура і інш.), хім. (хім. валакно, гумава-тэхн. і пластмасавыя вырабы), хім.-фармацэўтычная, лёгкая, харч.; вытв-сць буд. матэрыялаў. НДІ аховы глеб ад эрозіі. 4 ВНУ (пед., мед., с.-г., політэхн.). 3 т-ры (драм., юнага гледача, лялек). Філармонія. Цырк. Краязнаўчы музей, Ваенна-гіст. музей Курскай бітвы 1943. Карцінная галерэя. Арх. помнікі 17—19 ст., у т. л. палаты баяр Рамаданаўскіх, Троіцкая царква.

т. 9, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ДАГА,

старажытнарускі горад на р. Волхаў (цяпер с. Старая Л. Волхаўскага р-на Ленінградскай вобл.). Згадваецца ў рус. летапісах і скандынаўскіх сагах. Да 10 ст. апорны пункт на шляху «з варагаў у грэкі», у 11—15 ст. крэпасць і рамесна-гандл- цэнтр Наўгародскай феадальнай рэспублікі, з 1478 — Маскоўскага вялікага княства. Эканам. значэнне страціла пасля буд-ва паўн. порта ў Архангельску, ваеннае захоўвала да 17 ст. У 1703 Пётр I перанёс горад у вусце Волхава (Новая Л.). На месцы стараж. Л. захаваліся рэшткі землянога вала, каменнай крэпасці, тры царквы 12—15 ст. з фрагментамі фрэсак. Раскопкі вядуцца з 1880-х г.

т. 9, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРА́НСК,

горад, сталіца Мардовіі, у Расіі, на левым беразе р. Інсар (бас. р. Волга). Засн. ў 1641 як крэпасць на паўд.-ўсх. мяжы Расійскай дзяржавы. 318 тыс. ж. (1999). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (у т. л. эл.-тэхн., прыладабудаўніцтва, вытв-сць экскаватараў, аўтасамазвалаў, тэлевізараў; з-ды; мех., мед. абсталявання і прэпаратаў, кабельны і інш.), хім.-фармацэўтычная і хім., харч., лёгкая. 2 ВНУ, у т. л. Мардоўскі ун-т. 3 тэатры: драмы, муз. камедыі, лялек. Філармонія. Музеі: краязн., карцінная галерэя, скульптара С.​Дз.​Эрзі. Арх. помнікі: царква Іаана Багаслова (канец 17 ст.), мураваныя палаты (т. зв. Пугачоўская палатка, 17 ст.) і інш.

т. 14, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫНЯ́НСКІ (Юрый Андрэевіч) (нарадзіўся 27.11.1906, Баку),

беларускі акцёр і рэжысёр. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1961). Скончыў Цэнтральны тэхнікум тэатральнага мастацтва ў Маскве (1928). З 1939 акцёр і рэжысёр Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР, рэжысёр Гродзенскага, абласнога драматычнага тэатра, з 1958 галоўны рэжысёр абласнога Брэсцкага (да 1962) і Гомельскага (да 1966) драматычнага тэатраў. Лепшыя пастаноўкі Арынянскага вызначаліся ансамблевасцю, дакладнасцю і канкрэтнасцю характарыстык вобразаў: «Від з моста» А.​Мілера (1959), «Тры сястры» А.​Чэхава (1960), «Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна (Арынянскі і аўтар інсцэніроўкі, 1965), «Выклік багам» А.​Дзялендзіка (1966) і іншыя. Сярод роляў: Мілер («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Прозараў («Тры сястры»), Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча), Лабыш («Папараць-кветка» І.​Козела).

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ХТА Рыгор, бел. пісьменнік і перакладчык 1-й пал. 20 ст. У канцы 1920-х г. настаўнічаў у мяст. Любонічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобласці. З 1930 на Бабруйскім дрэваапр. камбінаце. З 1932 стыль-рэдактар Дзярж. выд-ва Беларусі. У літ. дадатку «Вясна» да газ. «Камуніст» і ў альманаху «Уздым» (Бабруйск, 1928—29) друкаваў апавяданні пра вясковае жыццё, 1-ю сусв. вайну («Падарунак на пазіцыі», «Дзед Пакута і бабка Вулюта», «Пракараў»). Пераклаў на бел. мову раманы Г.​Караваевай «Двор» (1931), А.​Вясёлага «Краіна родная» (1932), аповесці М.​Ціханава «Ад мора да мора» (1931), І.​Лэ «Міжгор’е» (1932), К.​Паўстоўскага «Кара-Бугаз» (1933), А.​Дончанкі «Зорная крэпасць» (1933) і інш.

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСТУ́ЖАЎ-РУ́МІН (Міхаіл Паўлавіч) (4.6.1801, с. Кудрашкі Ніжагародскай губ. — 25.7.1826),

дзекабрыст. З дваран. Пасля паўстання ў кастр. 1820 Сямёнаўскага палка і расфарміравання яго пераведзены ў Палтаўскі пяхотны полк, які з 1823 размяшчаўся ў Бабруйскай крэпасці. Падпаручнік (1824). З 1828 1823 у Паўднёвым таварыстве дзекабрыстаў. Разам з С.І.Мураўёвым-Апосталам узначальваў Васількаўскую ўправу, з ім і інш. распрацаваў Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. Перапісваў і распаўсюджваў «Рускую праўду» П.​І.​Песцеля. Сааўтар 2 планаў паўстання ў Белай Царкве. Прыхільнік знішчэння самадзяржаўя і ўстанаўлення рэспублікі. Уваходзіў у штаб Чарнігаўскага палка паўстання, з Мураўёвым-Апосталам склаў рэв. катэхізіс і адозву да народа. 3.1.1826 арыштаваны і дастаўлены ў Магілёў, 15 студз. адпраўлены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Паводле прыгавору Вярх. крымінальнага суда навешаны.

т. 3, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАМЕ́ЙЧЫК (Канстанцін Міхайлавіч) (26.5.1912, г. Кастрама, Расія — 3.3.1990),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1966). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1930 у самадзейнасці. З 1935 у т-рах Кастрамы і Бранска. З 1946 у т-ры імя Я.​Купалы, у 1947—54 і 1957—73 у Рус. драм. т-ры БССР, у 1955—57 у Бел. т-ры юнага гледача. Характарны акцёр. Выконваў пераважна эпізадычныя ролі. Створаныя ім вобразы вызначаліся яскравасцю і акрэсленасцю: Кукушкін, Палойка («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Радзіёнаў («Порт-Артур» паводле А.​Сцяпанава), Усцін («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава), Пётр («Лада цемры» Л.​Талстога), Прытыкін («Варвары» М.​Горкага), Мітрафанаў («Барабаншчыца» А.​Салынскага), Менас («Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра) і інш.

т. 4, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНІ́,

старажытнаармянскія крэпасць і паселішча за 27 км на У ад Ерэвана. Засн. каля 2 ст. да н.э. на месцы энеалітычнага паселішча. Да 5 ст. н.э. была летняй рэзідэнцыяй арм. цароў. Існавала і ў сярэднія вякі (зруйнаваная землетрасеннем 1679). Захаваліся руіны крапасной сцяны, вежаў, палаца з параднай залай, вінаробняй і лазняй з мазаічнай падлогай (2—3 ст.), язычніцкага храма (1 ст.; адноўлены ў 1975), круглага купальнага хрысц. храма (6 ст.). У паселішчы пры крэпасці — базіліка (5 ст.), руіны шматлікіх арх. збудаванняў (4—17 ст.), надмагільныя пліты-хачкары.

Да арт. Гарні. Рэшткі язычніцкага храма. 2-я пал. 1 ст.
Да арт. Гарні. Язычніцкі храм. 2-я пал. 1 ст. (адноўлены ў 1975).

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)