ПАМФЛЕ́Т (ад англ. pamphlet лісток, які трымаюць у руцэ),
вострасатырычны твор, мэта і пафас якога — выкрыццё ў рэзкай і экспрэсіўнай форме паліт. з’яў пэўнага грамадства ці погляды і дзеянні канкрэтных асоб; жанр публіцыстыкі. П. ўласцівы тэндэнцыйнасць, агульнадаступнасць, сцісласць, вобразнасць характарыстык.
Вядомы са стараж. часоў. Некат. даследчыкі лічаць П. творы стараж.-грэч. філосафа і пісьменніка Лукіяна. Быў пашыраны ў эпоху Позняга Адраджэння, Рэфармацыі, асабліва ў эпоху Асветніцтва. Шырока вядомы ў л-ры Зах. Еўропы 19—20 ст. (В.Гюго, Э.Заля, Г.Ман і інш.). У рус. л-ры П. пісалі В.Бялінскі, А.Герцэн, Дз.Пісараў, Л.Талстой («Не магу маўчаць»), М.Горкі («Горад жоўтага д’ябла»), У.Маякоўскі («Маё адкрыццё Амерыкі»).
Рысы П. мелі творы бел. палемічнай л-ры канца 16—1-й пал. 17 ст. («Трэнас» М.Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), «Прамова Мялешкі», «Ліст да Абуховіча», асобныя гутаркі 2-й пал. 19 ст. Майстрамі П. выявілі сябе К.Крапіва («Майстры крывавага джаза», «З фашыстоўскай падваротні» і інш.), К.Чорны («Кат у белай манішцы», «Далікацтва каля вісельні», «Берлінскі анучнік»), М.Лынькоў («Здарэнне ў пекле», «На злодзею шапка гарыць»). У гэтым жанры выступалі і выступаюць М.Пасладовіч, А.Бажко, І.Грамовіч, С.Паўлаў і інш. Спробу стварэння рамана-П. зрабіў І.Гурскі («Чужы хлеб», 1969).
Літ.:
Ткачев П.И. «Иду на «вы»: Заметки о памфлете. Мн., 1975;
Яго ж. «Сатиры злой звенящая строка...»: Природа смеха в памфлете. Мн., 1980;
Гончарова-Грабовская С.Я. Комедия-памфлет в жанровой системе драматургии XX в. Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫ-ГО́РАЦКІ ЗЕМЛЯРО́БЧЫ ІНСТЫТУ́Т.
Існаваў у г.Горкі Магілёўскай вобл. ў 1848—64 і 1919—25. Адна з першых ВНУс.-г. профілю на Беларусі і ў Рас. імперыі. Засн. ў выніку рэарганізацыі ў ін-т вышэйшага разраду Горы-Горацкай земляробчай школы. Рыхтаваў аграномаў. Тэрмін навучання 4 гады. У розныя гады ў ін-це навучалася ад 112 да 222 студэнтаў. Выкладаліся фізіка, хімія, батаніка, заалогія, паляводства, жывёлагадоўля, лесаводства і інш.спец. дысцыпліны, а таксама бухгалтэрыя, архітэктура, геадэзія, палітэканомія (з 1859), рус. і замежная мовы, гісторыя рус. л-ры, права, логіка і інш. Пры ін-це дзейнічаў з-д па вырабе цэглы і дрэнажных труб, майстэрня с.-г. машын, сыраварня, пчальнік, музеі (заалагічны, анатамічны, с.-г. машын), бат. сад (калекцыя больш за 3870 раслін), б-ка (больш за 7 тыс. тамоў). Праводзіліся навук. даследаванні, вынікі якіх друкаваліся ў «Записках Горы-Горецкого земледельческого института» (1852—57), інш.навук. выданнях. Сярод выпускнікоў ін-та А.В.Саветаў, І.А.Сцебут, А.М.Бажанаў, А.П.Людагоўскі, І.М.Чарнапятаў, С.С.Касовіч і інш. За ўдзел студэнтаў і выкладчыкаў у паўстанні 1863—64 ін-т пераведзены ў Пецярбург, дзе ў 1877 аб’яднаны з Пецярбургскім лясным ін-там. У 1919 адноўлены ў Горках. Меў ф-ты: агранамічны, меліярацыйны, лясны, с.-г. машыназнаўства. У 1925 да ін-та далучаны Бел.ін-т сельскай і лясной гаспадаркі (засн. ў Мінску ў 1922) і на іх базе створана Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія.
Літ.:
Цитович С.Г. Горы-Горецкий земледельческий институт — первая в России высшая сельскохозяйственная школа (1836—1864). Горки, 1960;
Белорусская... сельскохозяйственная академия: 150 лет: [Краткий очерк истории и деятельности]. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войск 2-га Бел. фронту (ген.-палк. Г.Ф.Захараў) 23—28 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 33-я, 49-я, 50-я, а таксама 4-я паветр. арміі, якім процістаялі 8 пяхотных і 2 матарызаваныя дывізіі 4-й арміі ням. групы армій «Цэнтр», што займалі эшаланіраваную (на глыбіню 60 км) абарону. Згодна з планам Бел. аперацыі перад войскамі 2-га Бел. фронту стаяла задача: ва ўзаемадзеянні з войскамі левага крыла 3-га і правага крыла 1-га Бел. франтоў разграміць магілёўскую групу праціўніка, вызваліць Магілёў і выйсці на р. Бярэзіна. Партызанам даручылі разбураць камунікацыі ворага і садзейнічаць сав. войскам у фарсіраванні водных перашкод. На гал. напрамку наступлення 49-й арміі была сканцэнтравана большая частка сіл і сродкаў, якія пераўзыходзілі праціўніка па пяхоце больш як у 2 разы, па артылерыі — у 4 разы, танках — у 1,5 раза. Напярэдадні аперацыі часці авіяцыі далёкага дзеяння і бамбардзіроўшчыкі фронту нанеслі ўдар па аэрадромах, вузлах абароны і артыл. пазіцыях праціўніка. У ходзе аперацыі вызвалены 25 чэрв. Чавусы, 26 чэрв.Горкі, 27 чэрв. Копысь і Шклоў, 28 чэрв. Магілёў і Быхаў. Пасля фарсіравання Дняпра і авалодання Магілёвам войскі фронту выйшлі ў міжрэчча Друці і Дняпра, паглыбіліся ў абарону праціўніка да 90 км. Яны скавалі на сваім напрамку значныя сілы ворага, пазбавілі яго магчымасці ажыццявіць манеўр рэзервамі ў палосах наступлення 1-га і 3-га Бел. франтоў (гл.Бабруйская аперацыя 1944 і Віцебска-Аршанская аперацыя 1944), арганізаванага адыходу за Бярэзіну, што пазней садзейнічала акружэнню і знішчэнню групоўкі праціўніка ў раёне на У ад Мінска. 21 вайск. злучэнне і часць атрымалі ганаровыя найменні «Магілёўскіх», 32 — «Верхнедняпроўскіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІЯ (грэч. Akadēmia),
назва навук., навуч., асветных, маст. устаноў і т-ваў. Слова «акадэмія» паходзіць ад імя стараж.-грэч. міфічнага героя Акадэма, у гонар якога былі названы свяшчэнныя сады, дзе Платон каля 387 да н.э. заснаваў філас. школу (гл.Акадэмія платонаўская). У сярэднявеччы ў Еўропе і ў араб. краінах узніклі акадэміі як навук. і навуч. ўстановы. У 15—16 ст. гэта назва замацавалася ў Італіі за рознымі т-вамі, якія вывучалі мову і л-ру; пазней узніклі падобныя т-вы прыродазнаўства, эксперым. метадаў даследавання. З 2-й пал. 17 ст. ствараюцца акадэміі як навук. цэнтры (Акадэміі навук): Парыжская АН (1666), АН у Берліне (1700), Пецярбургская АН (1724), Рас. Акадэмія (Пецярбург, 1783). Важнае значэнне як навук. цэнтры маюць Нац.АН ЗША, Аўстрыйская, Шведская і інш. У Вялікабрытаніі ролю АН выконвае Лонданскае каралеўскае т-ва (1662). Цэнтр.навук. ўстанова Францыі — Ін-т Францыі (аб’ядноўвае 5 нац., у т. л. Парыжскую АН).
Старэйшая на тэр. Беларусі і Літвы — Віленская акадэмія, заснаваная ў 1579 (гл.Віленскі універсітэт). У 1775—81 існавала Гродзенская мед. акадэмія, на чале якой быў франц. хірург і анатам Ж.Э.Жылібер. На базе Полацкага езуіцкага калегіума была створана Полацкая акадэмія (1812—20). У 1840 у маёнтку Горы-Горкі заснавана першая на Беларусі вышэйшая с.-г.навуч. ўстанова — Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. У 1957—61 у Мінску існавала Акадэмія с.-г. навук БССР. Вышэйшай навук. установай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Акадэмія навук Беларусі (засн. ў 1929). У 1991 засн.Акадэмія кіравання, якая займаецца навук. і навуч. дзейнасцю, у 1992 — Акадэмія аграрных навук. У 1993 створана недзярж. вышэйшая навуч. ўстанова Акадэмія парламентарызму і прадпрымальніцтва. Статус акадэміі атрымалі некаторыя спец.ВНУ (гл.Беларуская дзяржаўная політэхнічная акадэмія, Беларуская акадэмія мастацтваў, Беларуская акадэмія музыкі, Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, Акадэмія міліцыі, Акадэмія фізічнага выхавання і спорту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРЭАЛІ́ЗМ (ад неа... + рэалізм),
кірунак у італьян. л-ры і мастацтве 1940—50-х г.; рэалізм новага часу, які новымі выяўл. сродкамі адлюстраваў тагачасную рэчаіснасць з яе супярэчнасцямі. Неарэалісты ставілі сац. праблемы ў іх нац. аспекце, імкнуліся праўдзіва апісаць сац.-гіст. зрухі, якія паўплывалі на лёс Італіі. У цэнтры іх твораў — выкрыццё сац. несправядлівасці, апісанне руху Супраціўлення, праблемы нар. жыцця. Яны звярталіся да новага кола герояў, не характэрных для л-ры «чорнага дваццацігоддзя» (просты чалавек-працаўнік пададзены не з жалем да яго горкага лёсу, а з верай і надзеяй у яго сілы і магчымасці), верылі ў высокія духоўныя якасці чалавека, засяроджвалі ўвагу на адказнасці л-ры за яго маральнае аблічча. Н. ўласцівы гуманізм і аптымізм у раскрыцці канфліктаў пасляваен. эпохі. Вытокі Н. — у рэаліст. традыцыях італьян. л-ры, у творчасці пісьменнікаў-верыстаў (гл.Верызм). Пэўны ўплыў на пісьменнікаў-неарэалістаў зрабіла сав. проза (М.Горкі, А.Фадзееў) і рэаліст.амер. проза 1930-х г. (Э.Хемінгуэй, Дж.Стэйнбек). Асн. жанр Н. — «лірычны дакумент» — спалучэнне мемуарнага аўтабіягр. матэрыялу з маст. вымыслам, дакумент. апісанне рэальных падзей і гісторыі духоўнага росту героя. Стыль і мова неарэалістаў простыя, лаканічныя, стрыманыя, шырока выкарыстоўваецца нар. лексіка. Н. у л-ры прадстаўлены творамі В.Праталіні, Э.Вітарыні, П.Пазаліні, Р.Вігано, А.Маравія, Л.Біджарэці і інш.Найб. поўна выявіўся ў італьян. кіно (фільм «Рым — адкрыты горад» рэж. Р.Раселіні) і паўплываў на творчасць А.Вісконці, Ч.Дзаваціні, П.Джэрмі, В. Дэ Сікі, Дж. Дэ Сантыса. Заснаваныя на дакумент. фактах фільмы рэжысёраў-неарэалістаў здымаліся пераважна на натуры з непрафес. выканаўцамі. Спад Н. ў сярэдзіне 1950-х г. абумоўлены няздольнасцю гэтай маст. сістэмы раскрыць складаныя супярэчнасці рэчаіснасці. У 1960-я г. на змену яму прыйшлі авангардныя плыні і кірункі.
Літ.:
Потапова З.М. Неореализм в итальянской литературе. М., 1961;
История итальянской литературы XIX—XX вв. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ЖНЫЯ ПЕ́СНІ,
асаблівая форма шырокараспеўных нар. песень, пераважна лірычных. Пашыраны ва ўсх. славян, асабліва ў рус. песенным фальклоры («Горы», «Стэп», «Не адна ў полі дарожанька» і інш.). З інш.нар. назваў: рускія — прадольныя, прагалосныя, галасавыя, валакавыя, расцяжныя; беларускія — зацягучыя, далявыя. Як усе лірычныя песні, П.п. вылучаюцца багаццем тэматыкі, складанай паэтычнай сістэмай, якая адлюстроўвае разнастайныя адценні душэўнага стану і перажыванняў. Характар вобразнасці П.п. абумоўлівае ў іх пераважную ролю ўласнага меладычнага пачатку, што выяўляецца ў суадносінах муз. і паэт. бакоў, дзе характар мелодыкі паказвае незалежнасць яе ад заканамернасцей вершаванага складу, і ў прыёмах меладычнага формаўтварэння, і ў кампазіцыйных заканамернасцях. П.п. уласціва мелодыка вял. дыхання з бесперапыннасцю разгортвання, працяглым унутрыскладовым распяваннем (разводамі), словаабрывамі і паўторамі асобных слоў або складовых груп (т.зв. распеты верш), устаўнымі 1- і 2-складовымі воклічамі («ах», «ох», «эй», «ой да»), ладавай і метрарытмічнай пераменнасцю, унутрымеладычнымі кантрастамі. Усё гэта абумовіла ўтварэнне разгорнутай песеннай строфікі з асіметрычнымі муз. фразамі, ланцуговымі запевамі. Для П.п. характэрна харавое выкананне (шматгалоссе падгалосачнага складу), аднак існуюць і традыцыі іх сольнага распеву. Як харавое, так і сольнае іх выкананне патрабуе выдатных нар. спевакоў, майстроў, якія валодаюць школай нар. працяглага спеву (гл.Народныя спевакі). Адзін і той жа сюжэт можа існаваць у розных меладычных варыянтах у залежнасці ад мясц. традыцый. У бел. фальклоры П.п. характэрны для паўд., цэнтр. і ўсх. зон. Узоры бел. П.п. («Да пшанічанька яра», «Із-пуд горкі буйной вецер вее» «Салавей, салавей», «Ночы мае, ночушкі») маюць аналогіі ў рус. і ўкр. песенным фальклоры.
Публ.:
Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 2. М., 1984.
Літ.:
Можейко З.Я. Песенная культура белорусского Полесья: Село Тонеж. Мн., 1971;
Эвальд З.В. Песни белорусского Полесья. М., 1979;
Земцовский И.И. Русская протяжная песня. Л., 1967;
Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні Беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ХАРАЎ (Андрэй Дзмітрыевіч) (21.5.1921, Масква — 14.12.1989),
расійскі фізік і грамадскі дзеяч. Акад.АНСССР (1953). Замежны чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1969), Нац.АН ЗША (1973), Франц.АН (1981) і інш. Тройчы Герой Сац. Працы (1953, 1956, 1962). Скончыў Маскоўскі ун-т (1942). У 1945—50 і з 1969 у Фіз. ін-це АНСССР, з 1950 у ядз. цэнтры КБ-11 (г. Арзамас-16, цяпер г. Сароў). Навук. працы па магн. гідрадынаміцы, фізіцы плазмы, кіравальным тэрмаядз. сінтэзе, фізіцы элементарных часціц, касмалогіі, тэорыі гравітацыі. Прапанаваў выкарыстоўваць мюонны каталіз для ажыццяўлення кіравальнай тэрмаядз. рэакцыі (1948). Выказаў ідэю магн. ўтрымання высокатэмпературнай плазмы (1950) і разам з І.Я.Тамам развіў тэорыю магн. тэрмаядз. рэактара. Прапанаваў прынцып стварэння выбухова-магн. генератара для атрымання звышмагутных магн. палёў і эл. токаў (1952). Выказаў ідэю лазернага абціскання плазмы (1961), гіпотэзу аб нестабільнасці пратона і выкліканай ёй барыённай асіметрыі Сусвету (1967). Адзін са стваральнікаў вадароднай бомбы ў СССР (1953). У 1956—62 актыўна выступаў за абмежаванне выпрабаванняў ядз. зброі. З канца 1960-х г. адзін з лідэраў праваабарончага руху ў СССР. Пасля публікацыі на Захадзе арт. «Разважанні аб прагрэсе, мірным суіснаванні і інтэлектуальнай свабодзе» (1968) быў адхілены ад сакрэтных прац. За асуджэнне ўводу сав. войск у Афганістан пазбаўлены ўсіх дзярж. узнагарод і высланы ў г.Горкі (1980; вярнуўся ў 1986). Імем С. наз. малая планета. Дзярж. прэмія СССР 1953. Ленінская прэмія 1956. Нобелеўская прэмія міру 1975.
Тв.:
Мир, прогресс, права человека. Л., 1990;
Тревога и надежда. М., 1990;
Науч. труды. М., 1995;
Воспоминания. Т. 1—2. М., 1996.
Літ.:
Конституционные идеи Андрея Сахарова. М., 1990;
Андрей Дмитриевич: Воспоминания о Сахарове. М., 1990;
Гражданин мира (А.Д.Сахаров): Рекомендат. указ. лит. М., 1993;
Он между нами жил...: Воспоминания о Сахарове. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ (Максім Іванавіч) (18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),
бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац.маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ.«Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ.«Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.
Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел.літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб.тв. У.І.Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1973;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1984—1986;
Творы. Мн., 1990.
Літ.:
Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;
Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;
Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;
Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;
Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;
Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;
Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;
Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.
адзін з этапаў рэвалюцыі 1905—07. Пачалася 20 кастр. забастоўкай рабочых Маскоўска-Казанскай чыгункі. Па закліку Усерас.чыг. саюза на працягу 10 дзён быў спынены рух на чыгунках Расіі, што садзейнічала зліццю шматлікіх агульнагар. забастовак ва ўсерас. стачку. Удзельнічала каля 2 млн.чал. Праходзіла пад заклікамі звяржэння самадзяржаўя і ўстанаўлення дэмакр. рэспублікі. Арганізатары і кіраўнікі выступленняў — агульнагар. выбраныя стачачныя к-ты (у Пецярбургу, Маскве, інш.прамысл. цэнтрах яны наз. Саветамі рабочых дэпутатаў). Яны выступалі як органы ўлады і абапіраліся на баявыя дружыны. Стачка паралізавала дзейнасць урада. Цар Мікалай II вымушаны быў выдаць Маніфест (гл.Маніфест 17 кастрычніка 1905). На чыгунках Беларусі 23—25 кастр. спыніўся рух цягнікоў. Чыгуначнікаў падтрымалі рабочыя фабрык і заводаў, рамесных майстэрняў, работнікі гандлю і сферы абслугоўвання, служачыя, вучнёўская моладзь. Да 31 кастр. стачка ахапіла многія гарады, мястэчкі, чыг. станцыі, у т. л. Мінск, Віцебск, Магілёў, Гродна, Гомель, Брэст, Бабруйск, Оршу, Пінск, Полацк, Слуцк, Смаргонь, Горкі, Копысь, Баранавічы і інш. Суправаджалася дэманстрацыямі і мітынгамі з заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Месцамі адбыліся сутычкі з паліцыяй і войскамі. У Гомелі 27 кастр. пры разгоне дэманстрацыі ахвярамі сталі 7 чал., у Віцебску 31 кастр. забіта 7 чал. Пахаванне ахвяр вылілася ў 40-тысячны мітынг. У Мінску 31 кастр. расстраляны 20-тысячны мітынг (гл.Курлоўскі расстрэл 1905). Выступленнямі на буйных прадпрыемствах і чыг. вузлах кіравалі выбарныя стачачныя к-ты, агульнагар. забастоўкамі, мітынгамі, дэманстрацыямі — кааліцыйныя саветы і к-ты, якія складаліся з прадстаўнікоў найб. уплывовых мясц. арг-цый (РСДРП, Бунд, Чыгуначны саюз). У Брэсце і Гродне, дзе да канца 1905 не было арг-цый РСДРП, рухам кіравалі мясц. к-ты Бунда і Польск. сацыяліст. партыі ў Літве. На Беларусі стачка ахапіла 32 нас. пункты. Агульная колькасць стачачнікаў толькі ў прам-сці дасягала 66 тыс.чал.Паліт. рух працоўных у кастр. 1905 ахапіў 53 гарады і мястэчкі Беларусі (удзельнічала 223 тыс.чал.). На Беларусі стачка спынілася да 7 ліст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКЕ́СТР (ад грэч. orchēstra пляцоўка перад сцэнай у стараж.-грэч. тэатры),
калектыў інструменталістаў для сумеснага выканання створанай для яго музыкі. Аркестры бываюць мяшаныя, якія ўключаюць інструменты розных груп (сімфанічны, эстрадны) і аднародныя (струнны, духавы, ударных інструментаў). Паводле функцыі вылучаюць аркестры оперныя, ваенныя, эстрадныя і інш. Вышэйшы тып — сімфанічны аркестр — малы і вялікі. Рухомасцю складу адрозніваецца камерны аркестр, які не заўсёды можна дакладна адмежаваць ад камернага ансамбля. Асаблівы тып — аркестр народных інструментаў.
Вял.інстр. ансамблі вядомы ў антычнасці, сярэднявеччы, у эпоху Адраджэння (літ. крыніцы 16 ст. сведчаць, што падобныя ансамблі існавалі і на Беларусі), аднак іх вызначалі спарадычнасць дзеяння і нестабільнасць складу. Рэгулярныя аркестры паявіліся на мяжы 16—17 ст. з узнікненнем оперы, араторыі, кантаты, у якіх на аркестры ўскладалася функцыя суправаджэння вак. партый. Тыпы аркестраў, іх прызначэнне гістарычна мяняліся ў залежнасці ад развіцця муз. інструментаў і выканальніцтва, эвалюцыі арк. мыслення кампазітараў, ідэйна-стыліст. тэндэнцый.
Звесткі пра аркестры на Беларусі сягаюць у 16 ст. («літоўская капэла»), У 18 ст. вядомы розныя тыпы аркестраў: т.зв. «янычарская музыка» (Шклоў, Нясвіж, Гродна), рагавая музыка (Нясвіж, Шклоў), «хатняя музыка» (Горы-Горкі, Гродна, Нясвіж), духавыя, а таксама малыя сімф. аркестры раннекласічнага складу — капэлы (гл.Прыгонныя аркестры і капэлы). Вядома пра існаванне «касцельнай музыкі» ў 18 — 1-й пал. 19 ст. ў Гродне, Слоніме, Мінску, Пінску, Нясвіжы, Будславе і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. прыкметную ролю ў грамадска-культ. жыцці адыгрывалі сімф. і духавыя аркестры, у т. л. ў Мінску (гл.Мінскі гарадскі аркестр), Віцебску, Слуцку, Гродне. У 1919—21 створаны сімф. аркестры ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве на базе нар. кансерваторый, муз. школ, пазней муз. тэхнікумаў і драм. т-раў. Прафесійныя аркестры ў Беларусі (1995): Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Сімфанічны аркестр Беларускага тэлебачання і радыё, сімфанічныя аркестры Дзярж.т-ра оперы і балета Дзярж.т-рамуз. камедыі, Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь, Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, мінскі духавы аркестр «Няміга» і інш.