ТУМА́НАЎ (сапр. Туманішвілі) Іосіф Міхайлавіч

(15.1.1909, Тбілісі — 8.7.1981),

расійскі рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1964). Скончыў драм. курсы пад кіраўніцтвам Ю.​Завадскага (1929). З 1936 рэжысёр, з 1938 гал. рэжысёр Муз. т-ра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, у 1946—53 маст. кіраўнік Маскоўскага т-ра аперэты. З 1961 гал. рэжысёр Крамлёўскага Палаца з’ездаў, адначасова ў 1964—70 — Вял. т-ра ў Маскве. З 1951 выкладчык (з 1965 праф.) Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага. Сярод пастановак аперэта «Трэмбіта» Г.​Мілюціна (1949), оперы «Дон Карлас» Дж.​Вердзі (1963), «Аптымістычная трагедыя» А.​Холмінава (1967), «Пскавіцянка» М.​Рымскага-Корсакава (1971), «Хаваншчына» і «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1967, Мілан). Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 16, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАНА́ЕЎ Нікандр Сяргеевіч (8.6.1890, с. Пясочня Разанскай вобл., Расія — 23.7.1974),

расійскі спявак (драм. тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў расійскай вакальнай школы. Нар. арт. СССР (1951). Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1921—24). У 1926—54 саліст Вял. т-ра ў Маскве. У 1948—50 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі. Валодаў вял. муз. і сцэнічнай культурай. Найб. вылучыўся ў рус. класічным рэпертуары: Сабінін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Садко («Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Шуйскі («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Атэла («Атэла» Дж.​Вердзі), Абесалом («Абесалом і Этэры» З.​Паліяшвілі), Рыгор Мелехаў («Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1949, 1950.

Літ.:

Соколов Н. Н.​С.​Ханаев // Масгера Большого театра. М., 1976.

Н.С.Ханаеў.

т. 16, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧКО́НІЯ Ламара Рыгораўна (н. 27.12.1930, г. Батумі, Аджарыя),

грузінская і ўкраінская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Засл. арт. Украіны (1963). Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1956), выкладае ў ёй (з 1987 праф.). У 1956—60 і з 1968 салістка Грузінскага, у 1960—68 — Укр. т-раў оперы і балета. Валодае голасам прыгожага серабрыстага тэмбру. Яе творчасць вызначаецца высокай вакальнай тэхнікай, шчырасцю і пранікнёнасцю. Сярод партый: Маро, Этэры («Даісі», «Абесалом і Этэры» З.​Паліяшвілі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Віялета («Травіята» Дж.​Вердзі). Лаўрэат Усесаюзнага (1960, Масква) і Міжнар. (1963, Сафія; 1967, Токіо) конкурсаў вакалістаў.

т. 17, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ЕЎ Сяргей Піліпавіч (13.7.1889, Масква — 26.6.1973),

расійскі і бел. тэатр. мастак. Засл. арт. Расіі (1932). Нар. маст. Беларусі (1949). Скончыў Строганаўскае маст. вучылішча ў Маскве (1912, вучань К.Каровіна). У 1910—17 працаваў у тэатрах Масквы, у 1938—59 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Яго дэкарацыі адметныя высокім жывапісным майстэрствам, арганічным адзінствам муз. і зрокавых вобразаў, выразнасцю пабудовы сцэн. прасторы, глыбокім веданнем перспектывы. У Вялікім тэатры ў Маскве аформіў дэкарацыі да оперы «Дэман» А.​Рубінштэйна (1936). У дэкарацыях да бел. нац. спектакляў выявіў веданне нар. архітэктуры і нац. касцюма. Сэнсавую і эмац. нагрузку атрымаў сцэн. пейзаж, які стаў арган. звяном падзей у операх «У пушчах Палесся» (1939), «Надзея Дурава» (1956) А.​Багатырова, «Алеся» (1944) і «Дзяўчына з Палесся» (1953) Я.​Цікоцкага, «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса (1947), балетах «Князь-возера» (1949), «Палымяныя сэрцы» (1955) В.​Залатарова. Дэкарацыям да спектакляў рус. класікі ўласцівы гарманічнае ўзаемадзеянне колеру з характарам вобразаў, гіст. дакладнасць: оперы «Царская нявеста» (1938), «Садко» (1957) М.​Рымскага-Корсакава, «Пікавая дама» (1941, 1948), «Чаравічкі» (1949), «Мазепа» (1952) П.​Чайкоўскага, «Дуброўскі» Э.​Напраўніка (1948), «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1949), «Іван Сусанін» М.​Глінкі (1950), «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1954). Маштабнасцю вобразаў і лірызмам вызначаюцца дэкарацыі да балетаў «Лебядзінае возера» (1948), «Спячая прыгажуня» (1954) Чайкоўскага, «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні (1949). Аформіў дэкарацыі да опер і балетаў «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні (1940, 1945), «Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля (1943), «Кармэн» Ж.​Бізэ (1945), «Травіята» (1946), «Рыгалета» (1948) Дж.​Вердзі, «Фауст» Ш.​Гуно (1950), «Эсмеральда» Пуні, «Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага, «Марозка» М.​Красева (усе 1951), «Аіда» (1953, 1970) Вердзі. Дзярж. прэмія СССР 1950.

Літ.:

Карнач П.А. С.​Ф.​Нікалаеў. Мн., 1970.

П.​А.​Карнач.

С.П.Нікалаеў.
С.Нікалаеў. Дэкарацыя да оперы «Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага. 1953.

т. 11, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТЭЙН Сямён Аляксандравіч (Саламон Абрамавіч; 7.1.1928, г. Самара, Расія — 25.8.1993),

бел. рэжысёр оперы. Засл. дз. маст. Расіі (1969). Нар. арт. Беларусі (1977).Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1953). Працаваў у Куйбышаўскім, Варонежскім, Новасібірскім т-рах оперы і балета. З 1970 рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Адначасова (з 1975) выкладаў у Бел. кансерваторыі. Яго творчасць вызначалася грамадзянскасцю, сучаснасцю мыслення, глыбокім спасціжэннем муз.-драматургічных асаблівасцей твора і дакладнай псіхал. распрацоўкай роляў, выразнасцю сцэн. формы. На бел. сцэне здзейсніў шэраг пастановак класічных і сучасных опер: «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава (1971), «Фауст» Ш.​Гуно (1972), «Сельскі гонар» П.​Масканьі, «Міндыя» А.​Тактакішвілі (абедзве 1973), «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1974), «У буру» Ц.​Хрэннікава (1975), «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага (1983), «Вайна і мір» (1985), «Мадалена» (1989) С.​Пракоф’ева, «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі (1988) і інш. Творчая зацікаўленасць Ш. ў развіцці бел. оперы выявілася ў яго працы над спектаклямі «Зорка Венера» (1970), «Новая зямля» (1982) Ю.​Семянякі, «Джардана Бруна» С.​Картэса (1977), «Сівая легенда» Дз.​Смольскага (1978), «Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера (1980), «Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі (1992). Сааўтар лібрэта опер «Сцежкаю жыцця», «Матухна Кураж» Картэса. Ставіў спектаклі ў Вял. т-ры ў Маскве («А досвіткі тут ціхія...» К.​Малчанава, 1975; «Баль-маскарад», 1979; «Сельскі гонар», «Паяцы» Р.​Леанкавала, абодва 1985; «Фауст», 1992), Ленінградскім т-ры оперы і балета («Сіла лёсу» Вердзі, 1985), оперных т-рах Сафіі («А досвіткі тут ціхія...», 1976; «Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева, 1991), Плоўдзіва (Балгарыя; «Зара» Малчанава, 1961) і інш. У Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі паставіў аперэты «Паўлінка» (1973), «Тыдзень вечнага кахання» (1975), «Сцяпан — вялікі пан» (1979) Семянякі, «Ноч у Венецыі» (1983) І.​Штрауса, мюзікл «Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу (1982). Выступаў па праблемах опернага мастацтва ў друку, на тэлебачанні і радыё.

Тв.:

Заметки о режиссуре // Муз. академия. 1994. № 4.

А.​А.​Саламаха.

С.А.Штэйн.

т. 17, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСКО́НЦІ (Viskonti) Лукіна (сапр. Вісконці ды Мадроне; 2.11.1906, г. Мілан, Італія — 17.3.1976),

італьянскі рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў неарэалізму ў італьян. кіно. Распад сямейных, грамадскіх адносін, чалавек і яго час, мастак і культура, гібель прыгажосці і мастацтва ў сучасным свеце — гал. тэмы фільмаў Вісконці, адметных вытанчанай пластычнай культурай: «Рока і яго браты» (1960), «Леапард» (1962), «Туманныя зоркі Вялікай Мядзведзіцы» (1965), «Гібель багоў» (1969), «Смерць у Венецыі» (1971), «Сямейны партрэт у інтэр’еры» (1974), «Бязвінны» (1976). Шэраг фільмаў Вісконці атрымаў прэміі міжнар. кінафестываляў. З 1945 ставіў спектаклі ў драм. і муз. т-рах (п’есы У.​Шэкспіра, Т.​Уільямса, Ж.​Ануя, А.​Мілера, А.​Чэхава, оперы Г.​Даніцэці, Дж.​Вердзі, Р.​Штрауса).

Літ.:

Шитова В.В. Лукино Висконти. М., 1965.

Л.Вісконці. Кадр з кінафільма «Леапард». 1962.

т. 4, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСПАРА́Н (Хачатран) Гаар Мікаэлаўна

(н. 14.12.1924, Каір),

армянская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1956). Герой Сац. Працы (1984). Муз. адукацыю атрымала ў Каіры. З 1948 у Арменіі, з 1949 салістка Арм. т-ра оперы і балета. З 1965 выкладае ў Ерэванскай кансерваторыі (праф. з 1977). Голас вял. дыяпазону, удумлівая, тонкая трактоўка маст. вобразаў спалучаюцца ў яе з віртуознай каларатурнай тэхнікай. Сярод партый у операх арм. кампазітараў: Ануш, Шушан («Ануш», «Давід-Бек» А.​Тыграняна), Гаар («Гераіня» А.​Сцепаняна; Дзярж. прэмія СССР 1951), Алімпія («Аршак II» Т.​Чухаджана), у класічных — Лакмэ («Лакмэ» Л.​Дэліба), Віялета, Дэздэмона, Джыльда («Травіята», «Атэла», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Вядомая як камерная спявачка. Дзярж. прэмія Арменіі 1964.

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ДА (Gedda; сапр. Усцінаў) Мікалай

(н. 11.7.1925, Стакгольм),

шведскі спявак (тэнар); адзін з найб. вядомых спевакоў 20 ст. Вучыўся ў кансерваторыі ў Стакгольме. З 1952 выступае ў буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Гранд-Апера», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера» і інш.). Валодае голасам мяккага цёплага тэмбру. Тонкі стыліст. спявак высокай культуры; выконвае амаль усе партыі лірычнага тэнара ў операх В.​А.​Моцарта, італьян. і франц. кампазітараў, у т. л. партыі Герцага, Альфрэда («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Рауля («Гугеноты» Дж.​Меербера), Вертэра («Вертэр» Ж.​Маснэ), Ленскага («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага). Тонкі інтэрпрэтатар камерных вак. твораў Л.​Бетховена, Ф.​Шуберта, Э.​Грыга, Чайкоўскага і інш.; адзін з лепшых замежных выканаўцаў рус. нар. песень і старадаўніх рамансаў.

Тв.:

Рус. пер. — Дар не дается бесплатно. М., 1983.

т. 5, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́РЧЫК Марат Казіміравіч (н. 10.9.1962, в. Палонка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. спявак (лірычны тэнар). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1985), Бел. акадэмію музыкі (1993, клас А.Генералава). З 1990 саліст Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам цёплага, прыгожага тэмбру, роўным ва ўсіх рэгістрах. Выконвае партыі пераважна драм. плана. Сярод лепшых партый: Свеціловіч («Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана), Іешуа, Майстар («Майстар і Маргарыта» Я.​Глебавай Ленскі, Вадэмон («Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Паміна («Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта), Каварадосі, Пінкертон («Тоска», «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Герцаг, Рычард («Рыгалета», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу імя Глінкі (1991, Алматы), дыпламант міжнар. конкурсу «Новыя імёны» (1991, Германія).

Н.​Я.​Бунцэвіч.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́СІМАЎ Аляксандр Міхайлавіч (н. 8.10.1947, Масква),

дырыжор. Засл. дз. маст. Расіі (1988). Скончыў Ленінградскую (1975) і Маскоўскую (1980) кансерваторыі. Дырыжор Ленінградскага Малога (1975—80) і Пермскага (1984—89) т-раў оперы і балета. У 1980—84 і з 1989 гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Пад яго муз. кіраўніцтвам паст. нац. балет «Курган» Я.​Глебава (1982), оперы «Новая зямля» Ю.​Семянякі (1982) і «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана (1989, Дзярж. прэмія Беларусі 1990). Сярод інш. работ на бел. сцэне: «Рыгалета» Дж.​Вердзі (1981), «Шчаўкунок» (1982) і «Іаланта» (1993) П.​Чайкоўскага, «Іван Сусанін» М.​Глінкі (1984), «Кармэн» Ж.​Бізэ (1990), «Карсар» А.​Адана (1991), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.​Шастаковіча (1994).

Н.​В.​Кузняцова.

т. 1, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)