ВЕ́РДЗІ ((Verdi) Джузепе Фартуніна Франчэска) (10.10.1813, Ле-Ранколе, цяпер у межах г. Бусета, Італія — 27.1.1901),

італьянскі кампазітар. Вучыўся ў дырыжора т-ра «Ла Скала» В.​Лавіньі і інш. З 1835 наладжваў канцэрты ў г. Бусета, выступаў як дырыжор, піяніст, арганіст. З 1838 у Мілане, дзе ў 1839 пастаўлена яго першая опера «Аберта, граф Сан-Баніфача». Оперы Вердзі 1840-х г. «Набука» («Навухаданосар»), «Ламбардцы ў першым крыжовым паходзе», «Жанна д’Арк», «Атыла», «Бітва пры Леньяна» прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Цікавасць Вердзі да сюжэтаў вял. ідэйнага зместу, насычаных драматызмам, яркай кантрастнасцю, моцнымі пачуццямі, выявілася ў операх паводле твораў В.​Гюго («Эрнані», 1844), У.​Шэкспіра («Макбет», 1847), Ф.​Шылера («Луіза Мілер» паводле трагедыі «Каварства і каханне», 1849). У операх «Рыгалета» (паводле драмы «Кароль забаўляецца» Гюго, 1851), «Трубадур» (паводле А.​Гарсіі Гуцьерэса) і «Травіята» (паводле «Дамы з камеліямі» А.​Дзюма-сына; абедзве 1853) выявіліся лепшыя рысы муз.-драм. даравання Вердзі: глыбокае спасціжэнне ўнутр. свету герояў, прастата і выразнасць муз. мовы, песеннасць, высокі гуманізм. Оперы 1850-х г. «Сіцылійская вячэрня», «Сімон Баканегра», «Баль-маскарад», «Сіла лёсу» адметныя спалучэннем дынамізму і значнасці масавых сцэн з паглыбленым псіхалагізмам. Да найб. значных яго твораў належаць оперы «Дон Карлас» (паводле Шылера, 1867) і «Аіда» (1870), дзе элементы жанру вял. оперы — развітыя ансамблі, разгорнутыя масавыя сцэны, урачыстыя шэсці, балет — поўнасцю падпарадкаваны раскрыццю глыбокага гуманіст. зместу. Блізкі да лепшых позніх опер Вердзі «Рэквіем» (1874, памяці пісьменніка-патрыёта А.​Мандзоні). Вяршыня творчасці Вердзімуз. драма «Атэла» (1886) і камічная опера «Фальстаф» (1892), у якіх традыц. арыі і дуэты заменены маналогамі і дыялагічнымі сцэнамі, засн. на скразным муз. развіцці, дасягнута поўнае зліццё музыкі з драм. дзеяннем. Вердзі рэфармаваў камічную оперу на аснове дасягненняў рэаліст. муз. драмы 19 ст. Творчасць Вердзі — адна з вяршынь опернага рэалізму ў сусв. муз. мастацтве. На аснове традыцый папярэднікаў і сучаснікаў, выкарыстання песеннасці італьян. нар. музыкі Вердзі стварыў уласны муз. стыль, для якога характэрны яскравая тэатральнасць, вастрыня і выразнасць у абмалёўцы дзейных асоб і сітуацый, неперарыўнасць сцэн. развіцця, гібкасць вак. дэкламацыі, майстэрства ансамбля, узмацненне драматургічнай ролі аркестра. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены «Рыгалета», «Травіята», «Трубадур», «Аіда», «Баль-маскарад», «Атэла», «Дон Карлас», фантазія «Шэкспір і Вердзі» (у трох частках), у рэпертуары хору — «Рэквіем».

Тв.:

26 опер (з іх 6 у 2 рэдакцыях);

«Рэквіем» для 4 салістаў, хору і арк., Staban mater для хору і арк. (1898), Те Deum для падвойнага хору і арк. (1898) і інш.;

вак.-сімф. «Гучы, труба» (рэв. гімн, 1848), Гімн нацый (1862);

струнны квартэт (1873), вак.-інстр. ансамблі;

песні, рамансы і інш.

Літ. тв.: Рус. пер. — Избр. письма. М., 1959.

Літ.:

Соллертинский И. Джузеппе Верди // Соллертинский И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963;

Тароцци Дж. Верди: Пер. с итал. М., 1984;

Соловцова Л.А. Джузеппе Верди. 4 изд. М., 1986;

Галь Г. Брамс. Вагнер. Верди: Три мастера, три мира: Пер. с нем. М., 1986.

Л.​А.​Сівалобчык.

Партрэт Дж.Вердзі. Мастак Ламбардзіні.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вердзі Дж. 1/34, 239, 284, 300, 330, 455; 2/35, 111, 253, 254, 401, 580; 3/36—37, 316, 338, 343, 423, 502; 4/87, 93, 139, 213, 220, 287, 289, 567; 5/178, 233, 242, 596; 6/174, 458; 7/14, 307, 397, 426, 479, 507, 517, 570; 8/116, 309; 9/252, 315, 365, 374, 616; 10/53, 138, 180, 181, 262, 281, 421, 644; 11/95, 153, 180, 190, 311, 340, 386, 389, 506; 12/615, 624

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЦЫО ((Muzio) Клаўдзія) (7.2.1889, г. Павія, Італія — 24.5.1936),

італьянская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Вучылася напачатку ў маці, потым у А.​Казалоні ў Турыне. Выступала з 1910 у буйнейшых т-рах Італіі і інш. краін, у т. л. ў ЗША. Мела яскравае трагедыйнае дараванне. Найб. блізкія для яе індывідуальнасці былі партыі ў операх Дж.​Вердзі і верыстаў: Джарджэта, Тоска, Мімі, Манон («Плашч», «Тоска», «Багема», «Манон Леско» Дж.​Пучыні), Віялета, Дэздэмона («Травіята», «Атэла» Вердзі), Сантуца («Сельскі гонар» П.​Масканьі) і інш.

т. 11, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ МУНІЦЫПА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР «НО́ВАЯ О́ПЕРА».

Створаны ў 1991. Арганізатар, маст. кіраўнік і дырыжор Я.​Колабаў. У рэпертуары пастаноўкі класічных опер, якія не ставіліся на рас. сцэне, а таксама арыг. трактоўкі вядомых твораў. Пастаўлены оперы «Марыя Сцюарт» Г.​Даніцэці, «Двое Фаскары» Дж.​Вердзі, «Валі» А.​Каталані. Эксперыментальную трактоўку набыла опера «Руслан і Людміла» М.​Глінкі, створаны арыг. спектаклі «Расіні» і «О, Моцарт, Моцарт!» паводле твораў В.​А.​Моцарта, М.​Рымскага-Корсакава і А.​Сальеры, оперы ў канцэртным выкананні «Сіла лёсу» Вердзі, «Дэман» А.​Рубінштэйна. У рэпертуары таксама хар. і сімф. канцэртныя праграмы.

т. 10, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙНЭ-ВА́ГНЕРЭ ((Heine-Vāgnere; Гейне-Вагнер) Жэрмена Леапольдаўна) (н. 23.6.1923, Рыга),

латышская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. СССР (1969). Скончыла Латв. кансерваторыю (1950). У 1950—75 салістка Латв. т-ра оперы і балета. Дасканалае вак. майстэрства спалучаецца ў яе творчасці з яркім драм. талентам. Сярод партый: Банюта («Банюта» А.​Калніньша), Спідола («Агонь і ноч» Я.​Медыня), Гундэга («Прынцэса Гундэга» А.​Скултэ), Леанора, Дэздэмона, Аіда, Тоска, Віялета («Трубадур», «Атэла», «Аіда», «Тоска», «Травіята» Дж.​Вердзі), гал. партыі ў операх Р.​Вагнера «Тангейзер», «Лаэнгрын», «Валькірыя» і інш. Выканала партыі сапрана ў 9-й сімфоніі Л.​Бетховена, «Рэквіеме» Вердзі, «Асуджэнні Фауста» Г.​Берліёза і інш. Дзярж. прэмія Латвіі 1957.

т. 5, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАРО́ВА (Людміла Мікалаеўна) (н. 19.1.1950, Мінск),

мастак тэатра. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973). У 1973—80 маст. рэдактар выд-ва «Беларусь», з 1983 у Нац. акад. т-ры оперы Беларусі (з 1989 мастак-пастаноўшчык). Высокая культура малюнка, сакавітасць і гарманічная прыгажосць каларыту вызначаюць створаныя ёю эскізы касцюмаў да оперы «Кавалер руж» Р.​Штрауса (1989), «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага (1993), балета «Карсар» А.​Адана (1991), афармленне опер «Мадалена» С.​Пракоф’ева (1989), «Рыгалета» Дж.​Вердзі (1994), «Кармэн» Ж.​Бізэ (1995), «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1996), фантазіі «Шэкспір і Вердзі» (1992). Па яе эскізах створаны таксама касцюмы да спектакляў «Залёты» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1992) у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча (1993) у Бел. т-ры імя Я.​Купалы і інш.

т. 5, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІ́НГА ((Domingo) Пласіда) (н. 21.1.1941, Мадрыд),

іспанскі спявак (тэнар). З сям’і акцёраў і спевакоў — выканаўцаў сарсуэл. Вучыўся ў бацькоў і ў кансерваторыі ў Мехіка. З 1966 выступае ў буйнейшых т-рах свету, з 1968 саліст т-ра «Метраполітэн-опера»; спявае і ў т-ры «Ла Скала». Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў стылю бельканта, выконвае лірычныя і драм. партыі: Атэла, Радамес, Альфрэд, Дон Карлас («Атэла», «Аіда», «Травіята», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Каварадосі, Калаф, Рэнэ дэ Грые («Тоска», «Турандот», «Манон Леско» Дж.​Пучыні), Вертэр у аднайм. операх Вердзі і Ж.​Маснэ. Яго выкананне вылучаецца вышэйшым сінтэзам акцёрскага і вак. майстэрства, натуральнай, спантаннай эмацыянальнасцю. Выступае як оперны дырыжор, здымаецца ў кіно («Травіята», 1983). Аўтар кн. «Мае першыя сорак гадоў» (рус. пер. 1989).

П.Дамінга ў ролі Калафа.

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЬІ́ЛЫ ((Gigli) Беньяміна) (20.3.1890, г. Рэканаці, Італія — 30.11.1957),

італьянскі спявак (тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў мастацтва бельканта 1-й пал. 20 ст. З 1914 спяваў на оперных сцэнах Італіі (у т. л. «Ла Скала») і інш. краін, з 1954 у канцэртах. Валодаў голасам рэдкай прыгажосці, аднароднага гучання ва ўсіх рэгістрах, што дазваляла яму выконваць партыі лірычнага і драм. тэнара: Немарына, Эдгар («Любоўны напітак», «Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Надзір («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Радамес («Аіда» Дж.​Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні). Вядомы як выканаўца неапалітанскіх песень. Здымаўся ў муз. фільмах, у т. л. «Авэ Марыя», «Ты маё шчасце», «Джузепе Вердзі», «Паяцы», «Голас у тваім сэрцы» і інш.

Літ. тв.: Рус. пер. — Воспоминания. 2 изд. М.; Л., 1967.

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́РЫНЬШ ((Zariņš) Карліс) (н. 6.7.1930, Рыга),

латышскі спявак (драм. тэнар). Нар. арт. Латвіі (1972), нар. арт. СССР (1976). Скончыў Латв. кансерваторыю (1960), з 1972 выкладае ў Латв. муз. акадэміі (праф. з 1983). З 1960 саліст Нац. оперы Латвіі. Сярод партый: Тотс («Іграў я, скакаў» І.​Калніньша), Віжут («Банюта» А.​Калніньша), Кангар («Агонь і ноч» Я.​Медыньша), Рыгор («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Тангейзер, Зігмунд («Тангейзер», «Валькірыя» Р.​Вагнера), Радамес, Атэла, Манрыка («Аіда», «Атэла», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Рудольф, Калаф («Багема», «Турандот» Дж.​Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Пітэр Граймс («Пітэр Граймс» Б.​Брытэна); сола тэнара ў рэквіемах В.​А.​Моцарта і Вердзі, «Месіі» Г.​Ф.​Гендэля, 9-й сімфоніі Л.​Бетховена. Дзярж. прэмія Латвіі 1974.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЕ́СТАВА (Людміла Раманаўна) (н. 18.7.1923, в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Бел. кансерваторыю (1955, клас В.​Несцярэнка). З 1949 артыстка хору Бел. радыё, у 1957—80 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У операх бел. кампазітараў стварыла яркія вобразы Марысі («Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Аксаны («Калі ападае лісце» Ю.​Семянякі). Яе творчай індывідуальнасці найб. блізкія былі партыі драм. і трагедыйнага плана ў класічных операх: Наташа («Русалка» А.​Даргамыжскага), Тамара («Дэман» А.​Рубінштэйна), Аіда, Дэздэмона («Аіда», «Атэла» Дж.​Вердзі), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Чыо-Чыо-сан, Тоска (аднайм. оперы Дж.​Пучыні); сярод інш. партый класічнага рэпертуару: Марыя, Настасся («Мазепа», «Чарадзейка» П.​Чайкоўскага), Леанора, Амелія («Трубадур», «Баль-маскарад» Вердзі), Джаконда («Джаконда» А.​Панк’елі).

А.​Я.​Ракава.

т. 5, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)