ПАНО́ВА (Вера Фёдараўна) (20.3.1905, г. Растоў-на-Доне, Расія —3.3.1973),
руская пісьменніца. З 1933 пісала п’есы. Першая аповесць — «Сям’я Піражковых» (1945, у новай рэд. «Еўдакія», 1959; аднайм. фільм, 1961). Аповесць «Спадарожнікі» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947; кінафільм «Цягнік міласэрнасці», 1964; тэлефільм «На ўсё астатняе жыццё», 4 серыі, 1975) пра Вял.Айч. вайну. У раманах «Кружыліха» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Поры года» (1953, кінафільм «Высакосны год», 1962), аповесці «Сярожа» (1955, аднайм. кінафільм, 1960) і інш.сац.-маральныя канфлікты, псіхал. аналіз сучасных характараў і адносін. «Сентыментальны раман» (1958, аднайм. фільм, 1976) пра пакаленне 1920-х г. Аўтар аповесці з жыцця пасляваен. вёскі «Ясны бераг» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), цыкла гіст. аповесцей, рамана-казкі «Каторая гадзіна? Сон у зімовую ноч» (апубл. 1981), п’ес «Завея» (1957), «Провады белых начэй» (1961), «Колькі гадоў, колькі зім!» (1966, усе паст.), кн. «Пра маё жыццё, кнігі і чытачоў» (апубл. 1975), апавяданняў, кінасцэнарыяў і інш. Пісала для дзяцей.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. Л., 1987—89;
Жизнь Мухаммеда. М., 1991 (разам з Ю.Б.Вахціным).
Літ.:
Нинов А.А. Вера Панова: Жизнь. Творчество. Современники. Л., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКА АБАРО́НА 1941,
абарончыя баі сав. войск супраць ням.-фаш. захопнікаў 27 чэрв. — 15 ліп. ў Вял.Айч. вайну. Вялася 6 дывізіямі 22-й арміі (ген.-лейт. Ф.А.Ершакоў) Зах. фронту. Лінія абароны праходзіла на рубяжы Дзісна—Ула з уключэннем дотаў Полацкага ўмацаванага раёна, які абараняла 174-я стралк. дывізія (камбрыг А.І.Зыгін, з 29 чэрв.нач. Полацкага баявога ўчастка). У паласе 260 км гітлераўцы сканцэнтравалі 16 дывізій. Насельніцтвам Полацка былі падрыхтаваны траншэі і абарончыя ўмацаванні, створаны ахоўны батальён, пярэдні край абароны быў умацаваны процітанк. збудаваннямі. З 29 чэрв. пачаліся масіраваныя атакі на горад, з 3 ліп. — бамбардзіроўкі. З боку Даўгаўпілса і Маладзечна былі затрыманы гал. калоны ворага, 6 ліп. адкінуты на паўд.берагЗах. Дзвіны з вял. стратамі тэхнікі часці 3-й танк. групы Гота. 7—9 ліп. ў абыход умацаванага раёна абарона месцамі была прарвана, стварылася пагроза акружэння полацкага гарнізона. У ноч на 16 ліп. Зыгін пачаў выводзіць дывізію з акружэння і 20 ліп. прарваў яго, збярогшы людзей і тэхніку. П.а. затрымала прасоўванне захопнікаў на У больш як на 2 тыдні, што паспрыяла зрыву гітлераўскага плана «маланкавай вайны».
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 500.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БА-ІЗРА́ІЛЬСКАЯ ВАЙНА́ 1948—49, Палесцінская вайна,
вайна паміж араб. краінамі (Іарданія, Егіпет, Ірак, Сірыя, Ліван) і Ізраілем у маі — студз. 1949. Звязана з вырашэннем палесцінскага пытання. Рэзалюцыя Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 прадугледжвала стварэнне на тэр. Палесціны араб. (11,1 тыс.км²) і яўр. (14 тыс.км²) дзяржаў. Вялікабрытанія 14.5.1948 адмовілася ад мандата на Палесціну, а Ізраіль абвясціў сваю незалежнасць. 15.5.1948 сем араб. краін (у т. л. Саудаўская Аравія і Йемен, хоць яны не ваявалі) абвясцілі Ізраілю вайну. У ходзе баявых дзеянняў араб. часці (30 тыс.чал.) заваявалі шэраг населеных пунктаў Ізраіля і наблізіліся да Іерусаліма і Тэль-Авіва. Па рэкамендацыі Савета Бяспекі ААН 11 чэрв. падпісана перамір’е. Ізраіль пасля закупак зброі і баявой тэхнікі за мяжой, прыбыцця новых імігрантаў павялічыў армію з 67 да 120 тыс.чал. 15.10.1948 ён аднавіў ваен. дзеянні і на працягу 2 месяцаў перанёс баі на тэр. Егіпта і Лівана. Пад націскам Вялікабрытаніі кароль Егіпта Фарук пагадзіўся на перамір’е. 7.1.1949 баявыя дзеянні спынены, у лют.—ліп. 1949 заключана перамір’е. У выніку вайны Ізраіль заняў дадаткова 6,7 тыс.км²араб. зямель і зах.ч. Іерусаліма. Гэтыя землі вымушаны былі пакінуць 900 тыс. арабаў. Зах.берагр. Іардан і ўсх.ч. Іерусаліма засталіся пад уладай Іарданіі, а сектар Газа — Егіпта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БЕЦ (Рыгор Якаўлевіч) (24.7.1898, г. Кіраваград, Украіна — 9.9.1990),
бел. пісьменнік. Засл. дз. маст. Беларусі (1935). З 1921 жыў у Мінску, працаваў у рэдакцыі газ. «Рабочий». З 1925 чл.рус. секцыі «Маладняка» — «Звенья», з 1929 — «Маладняка». У 1931—37 на кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе, пазней на студыі кінахронікі на Д. Усходзе. У 1938 рэпрэсіраваны, у 1939 апраўданы, жыў у Хабараўску. У 1941 зноў рэпрэсіраваны, з 1951 на пажыццёвым пасяленні ў кірг. стэпах. З 1960 у Мінску. Рэабілітаваны ў 1960. Друкаваўся з 1918. Пісаў вершы, фельетоны, нарысы. Першая і найб. значная ў драматург. спадчыне пісьменніка п’еса «Гута» (1929, паст. 1930 БДТ-1) на рабочую тэму. Сярод інш. п’ес «А ўсё ж заспяваю» (1932), «На заставе» (1934), «Мігрэнь» (1940), «Цяжкі выпадак» (1961), «Піражкі з чырвонцамі» (1965) і інш. Зрабіў значны ўклад у станаўленне бел. кінематаграфіі. Аўтар сцэнарыяў кінафільмаў «Ураган» (1931, з Б.Брадзянскім), «Двойчы народжаны» (1933, першы гукавы фільм на бел. мове), «Шукальнікі шчасця» (1936, з І.Зэльцарам, апубл. 1988), «Дняпро ў агні» (1937, з І.Барашкам). Аўтар муз. камедыі «Шчаслівы бераг» (паст. 1940), аповесці «Ноеў каўчэг» (нап. 1964, апубл. 1989), успамінаў пра Я.Купалу «Купалава ноч» (нап. 1959, апубл. 1998).
Тв.:
Письма из ссылки (1958—1960 гт.) // Неман. 1998. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРО́РТ,
мясцовасць з прыроднымі лек. фактарамі (клімат, мінер. воды, гразі і інш.), умовамі іх мэтанакіраванага мед. і аздараўленчага выкарыстання, спец. прававым рэжымам эксплуатацыі. Для К. характэрны: высокая ступень даследаванасці прыродных лек. рэсурсаў, наяўнасць профільных збудаванняў і ўстаноў (мед. ўстановы, санаторыі, прафілакторыі, базы адпачынку, вода- і гразелячэбніцы, пітныя бюветы, пляжы і інш.), інфраструктура (транспартныя сувязі, сістэма быт. абслугоўвання і інш.). Адрозніваюць К. прыморскія, раўнінныя (у т. л. лясныя), горныя (у т. л. нізка-, сярэдне- і высакагорныя, адпаведна па вышыні 400—1000, 1000—2000 м і вышэй). Паводле лек. фактараў існуюць бальнеалагічныя курорты, гразевыя курорты, кліматычныя курорты, бальнеакліматычныя і бальнеагразевыя. Навук. асновы курортнай справы распрацоўвае і вывучае курарталогія.
Прататыпы сучасных К. вядомы з часоў Стараж. Рыма (на крыніцах мінер. вод, асабліва тэрмальных, узводзіліся капітальныя збудаванні для лек. выкарыстання). У 16—17 ст. пачалі разглядацца тэарэт. і практ. пытанні буд-ва, абсталявання і парадку выкарыстання К. і курортных устаноў. У 18—19 ст. развіваюцца еўрап. К. на камерцыйнай аснове, у пач. 20 ст. адкрылася большасць сучасных еўрап. К., у т. л. ў Расіі, Прыбалтыцы, на Каўказе. На Беларусі існуюць К. рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (гл. адпаведныя арт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАША́РА (Міхась) (Міхаіл Антонавіч; 18.11.1902, хутар Падсосна Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. — 7.6.1976),
бел. пісьменнік. Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Быў інструктарам Бел. сялянска-рабочай грамады, рэдагаваў газ. «Наша воля». Зняволены ў віленскую турму на Лукішках. У 1945—49 працаваў у час. «Полымя», «Настаўніцкай газеце». Друкаваўся з 1927. У Вільні выдаў зб-кі вершаў «Малюнкі» (1928), «На сонечны бераг!» (1934), «Напрадвесні» (1935), «З-пад стрэх саламяных» (1937, канфіскаваны), паэм «Вяселле», «Смерць Кастуся Каліноўскага» (абедзве 1934), «Мамчына горка» (1936), п’есы «Вось тут і зразумей...» (1934), «Чорт з падпечча» (1935), «Лёгкі хлеб» (1936). Асн. пафас творчасці — пратэст супраць сац. і нац. ўціску, вера ў свабодалюбівыя сілы народа. Для творчасці 1920—30-х г. характэрна летуценнасць, маральны максімалізм, чуллівасць. Творы ваен. і пасляваен. гадоў склалі зб-кі «Беларусі» (1944), «Праз навальніцы» (1948), «Урачыстасць» (1952), «Мая азёрная краіна» (1962). Аўтар казак у вершах «Зязюльчыны слёзы» (1961), «Зелянушка і Кракатушка» (1964). У 1960—70-я г. працаваў пераважна як празаік: цыкл раманаў пра вызв. барацьбу ў Зах. Беларусі («Крэсы змагаюцца», 1966; «Сонца за кратамі», 1968; «Лукішкі», 1970; «Ішоў дваццаты год», 1973; «І прыйдзе час...», 1975), у якіх шырока выкарыстаў факты з аўтабіяграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЕ КНЯСТВА,
буйное феад. зямельнае ўладанне князёў Радзівілаў у 16—18 ст. у Навагрудскім пав. Цэнтр — г.Нясвіж. Вядома з сярэдзіны 15 ст. (паводле некат. звестак, існавала ў 13 ст.). У 1492 вял.кн. Аляксандр падараваў двор Нясвіж з с. Круты Бераг і Чучэвічы П.Я.Мантыгірдавічу. У 1-й пал. 16 ст. маёнтак перайшоў да Радзівілаў. У 1547 М.Радзівіл Чорны атрымаў ад імператара Карла V княжацкі тытул «Свяшчэннай Рымскай імперыі», які ў 1549 прызнаны вял. князем ВКЛ. З гэтага часу да Нясвіжскага маёнтка Радзівілаў ужывалася назва Н.к. У пач. 1560-х г. у Н.к. праведзена валочная памера. У буйную латыфундыю Н.к. ператварыў сын Чорнага — М.К.Радзівіл Сіротка. У 1568—69 да яго ў спадчыну перайшло і далучана да Н.к. Мірскае графства. У 1587 гэта латыфундыя падзялялася на 7 ключоў (Нясвіжскі, Мірскі, Свержанскі, Быхаўшчынскі, Чанавіцкі, Салтанаўскі, Затур’янскі), налічвала каля 40 сёл. На поўдні Н.к. межавала з Клецкім княствам Радзівілаў. На аснове Н.к. ў 1586 створаны буйны маярат — Нясвіжская ардынацыя, правы на якую перадаваліся ў спадчыну старэйшаму прадстаўніку Радзівілаў па мужчынскай лініі. У пач. 17 ст. памеры Н.к. дасягнулі 5810 валок, тут было каля 3600 «дымоў» (25 тыс.чал. насельніцтва). У Нясвіжы знаходзіўся замкавы суд, якому падлягала ўсё насельніцтва, у т. л. і шляхта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬНЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,
курорты, галоўным прыродным рэсурсам якіх з’яўляюцца мінеральныя воды, што выкарыстоўваюцца для аздараўлення і лячэння.
Апісанне прататыпаў бальнеалагічных курортаў вядома з твораў стараж.-індыйскіх, кітайскіх, грэч. і інш. вучоных (у т. л. Гамера, Арыстоцеля, Плутарха). Са стараж. часоў захаваліся рэшткі водалячэбніц у межах сучаснага швейц. курорта Санкт-Морыц, на тэр. курортаў Венгрыі (Будапешт, Балатанфюрэд), Румыніі (Бэйле-Еркулане, Сынджорз-Бэі), Югаславіі (Добрна, Вараждзінске-Топліцы), Балгарыі (Хісара), Германіі (Вісбадэн), Італіі (Абана-Тэрме, Анцыо) і інш. У сярэднявеччы вял. вядомасць мелі бальнеалагічныя курорты Ахен, Карлсбад (цяпер Карлавы Вары), Бадэн-Бадэн. У Рас. імперыі бальнеалагічныя курорты пачалі стварацца па ініцыятыве Пятра I, першым быў курорт Марцыяльныя Канчазерскія Воды паблізу Петразаводска (1719). Шмат бальнеалагічных курортаў дзейнічала з 19 ст. (Каўказскія Мінеральныя Воды, Кіславодск, Старая Руса, Сергіеўскія Мінеральныя Воды, Друскінінкай, Кемеры, Белакурыха, Баржомі і інш.). На сучасным этапе развітую сетку бальнеалагічных курортаў мае большасць еўрап. краін, краін Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Расія, ЗША і інш. Адпачынак і лячэнне (бальнеатэрапія) на бальнеалагічных курортах у многіх выпадках спалучаюцца з гразе- і кліматалячэннем. Залежна ад гэтага адрозніваюць бальнеакліматычныя, бальнеагразевыя і інш. тыпы бальнеалагічных курортаў. На Беларусі існуюць курорты рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (пра кожны гл. адпаведны арт.).
Я.В.Малашэвіч.
Да арт.Бальнеалагічныя курорты. Мінеральныя крыніцы Карлсбада (сучасны г. Карлавы Вары, Чэхія). 17 ст.Да арт.Бальнеалагічныя курорты. Водалячэбніца ў Пяцігорску. 1820-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АМФІ́БІЯ»,
1) аўтамабіль (звычайна павышанай праходнасці) з воданепранікальным кузавам, аснашчаны рухачом (грабным вінтом, вадамётным прыстасаваннем) для руху па вадзе, вадзяным рулём і помпай для адпампоўвання вады з кузава. Для пераадолення стромкіх пад’ёмаў пры выхадзе на бераг «амфібію» абсталёўваюць лябёдкай. Прызначаны для перапраўкі людзей і грузаў цераз рэкі, азёры і інш. 2) Самалёт «амфібія» — гідрасамалёт, прыстасаваны таксама для ўзлёту з сушы і пасадкі на сушу з дапамогай колавых шасі. Абслугоўваюць пасаж. авіялініі ў раёнах узбярэжжа, рыбныя і зверабойныя промыслы і інш. 3) Аэрасані-«амфібія» — аэрасані, у якіх кузаў на лыжах заменены для лепшай праходнасці адной лодкай-лыжай, што дазваляе рухацца па рыхлым снезе і па вадзе, мелкаводных рэках, забалочаных вадаёмах, лёдзе з праталінамі. Выкарыстоўваюцца для сувязі, у палярных экспедыцыях і г.д. 4) Баявая або транспартная машына (танк, БТР і інш.), здольная перамяшчацца па сушы і вадзе. Плывучасць «амфібіі» забяспечваецца неабходным водазмяшчэннем яе герметызаванага корпуса, на вадзе — вадаходным рухачом (грабныя і паветр. вінты, гусенічныя ланцугі і вадамёты). Распрацоўка «амфібіі» пачалася ў час 1-й сусв. вайны, першыя ўзоры танкаў-«амфібія» зроблены ў Францыі і ЗША у пач. 1920-х г. На ўзбраенне Чырв. Арміі танкі-«амфібіі» паступілі ў пач. 1930-х г. У 2-ю сусв. вайну «амфібію» шырока выкарыстоўваліся ўзбр. сіламі ЗША СССР і інш. краін.
Да арт.«Амфібія». Аўтамабіль-«амфібія».Да арт.«Амфібія». Паплаўковы гідрасамалёт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬСКІ ПАЎВО́СТРАЎ.
На ПнЗ еўрапейскай ч. Расіі, у складзе Мурманскай вобл. Абмываецца Баранцавым м. на Пн і Белым м. на Пд і У. Зах. мяжой лічыцца мерыдыянальная ўпадзіна, якая цягнецца ад Кольскага заліва па даліне р. Кола, воз. Імандра і р. Ніва да Кандалакшскага заліва. Пл. каля 100 тыс.км². Берагавая лінія слабапарэзаная. Паўн.бераг стромкі і высокі, паўд. — нізінны, спадзісты. У зах.ч. горныя масівы: Хібіны (г. Часначор — 1191 м) і Лаўазёрскія тундры (1120 м). Усх.ч. больш плоская, раўніннасць парушаецца водападзельнай градой Кейвы. К.п. з’яўляецца паўн.-ўсх. ускраінай Балтыйскага шчыта і складзены пераважна крышт. пародамі дакембрыю і ніжняга палеазою. Карысныя выкапні: апатыта-нефелінавыя, нікелевыя і жал. руды, буд. матэрыялы. Клімат на ўзбярэжжы мяккі, знаходзіцца пад уплывам цёплага Паўн.-Атлантычнага цячэння, ва ўнутр. раёнах слаба кантынентальны (умерана халодная снежная зіма, халаднаватае і вільготнае лета). Сярэдняя т-растудз. ад -8 °C (на Пн) да -13 °C (у цэнтры), летнія адпаведна 8 і 14 °C. Ападкаў 300—400 мм за год. Рэкі парожыстыя, найб.: Паной, Варзуга, Іоканьга, Умба, Ніва, Тулома. Найб. азёры: Імандра, Умбвозера, Лаўвозера. На Пн паўвострава тундра і лесатундра, на Пд таежныя лясы з хвоі, елкі, бярозы. Глебы падзолістыя і балотныя, на Пн тундравыя. На К.п. Лапландскі і Кандалакшскі запаведнікі. Гал. горад і порт Мурманск. Гаспадарку гл. ў арт.Мурманская вобласць.