ГАНЧА́Р (Алесь) (Аляксандр Цярэнцьевіч; 3.4.1918, в. Суха Палтаўскай вобл., Украіна — 14.7.1995),
украінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад.АН Украіны (1978). Герой Сац. Працы (1978). Ганаровы д-р Альберцкага ун-та (Канада, 1992). Старшыня СП Украіны (1959—71), сакратар Праўлення СП СССР (1959—86). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1946). Друкаваўся з 1938. Аўтар раманаў, апавяданняў і аповесцей, нарысаў і публіцыстычных артыкулаў. Тэматычна звязаныя з падзеямі Вял.Айч. вайны трылогія «Сцяганосцы» («Альпы», 1946; «Блакітны Дунай», 1947; «Злата Прага», 1948; Дзярж. прэмія СССР 1948, 1949), зб. «Горы спяваюць» (1949), раман «Чалавек і зброя» (1960, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1962) і інш. Паднявольная праца, абуджэнне класавай свядомасці ўкр. сялянства ў 1920-я г. адлюстраваны ў дылогіі «Таўрыя» (1952) і «Перакоп» (1957), сац. і этычныя праблемы — у рамане «Сабор» (1968), мірная праца і здзяйсненні сучаснікаў, праблема пераемнасці пакаленняў у раманах «Тронка» (1963, Ленінская прэмія 1964), «Цыклон» (1970), «Бераг кахання» (1976), «Твой світанак» (1980, Дзярж. прэмія СССР 1982). У творчасці Ганчара арганічна спалучаюцца лірызм, рамантычная прыўзнятасць і паглыблены рэалізм у адлюстраванні жыцця. Аўтар кніг нарысаў і публіцыст. артыкулаў «Сустрэчы з сябрамі» (1950), «Японскія эцюды» (1961), «Пісьменніцкія роздумы» (1980), «Чым жывём» (1991) і інш. На бел. мову творы Ганчара перакладалі Т.Кабржыцкая, У.Краўчанка, А.Кулакоўскі, І.Мележ, С.Міхальчук, Л.Салавей, В.Рагойша, А.Шарахоўская, У.Шахавец.
Тв.:
Твори. Т. 1—7. Київ, 1987—88;
Бел.пер. — Сцяганосцы. Мн., 1949;
Тронка. Мн., 1974;
Твая зара. Мн., 1985.
Літ.:
Семенчук У. Олесь Гончар — художник слова. Киев, 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ БАІ́ 1812,
баі за Віцебск у ходзе вайны 1812 пры адступленні ў ліпені і наступленні ў лістападзе рус. войск. 23 ліп. ў Віцебск увайшла 1-я рус. армія, якая адступала. Яе камандуючы М.Б.Барклай дэ Толі вырашыў даць тут генеральную бітву, бо разлічваў на хуткі падыход 2-й арміі П.І.Баграціёна. Аднак 26—27 ліп. Барклаю стала вядома, што французы захапілі Магілёў, а Баграціён адступае на Смаленск, таму ён адмовіўся ад генеральнай бітвы і таксама вырашыў адступаць на Смаленск. Для прыкрыцця адступлення 1-й арміі быў пакінуты ар’ергард ген.-маёра П.П.Палена з 8 пях. батальёнаў і 4 кав. палкоў. 27 ліп. ў ходзе бою пры ўпадзенні р. Лучоса ў Зах. Дзвіну рус. войскі стрымлівалі націск франц. дывізій, нанеслі ім страты каля 3 тыс.чал. і самі страцілі столькі ж. У ноч на 28 ліп. 1-я армія скрытна адступіла, увёўшы ў зман Напалеона, які спадзяваўся даць тут генеральную бітву. 2-і бой адбыўся пры вызваленні Віцебшчыны 1-м корпусам П.Х.Вітгенштэйна. Для авалодання Віцебскам з г. Бешанковічы быў адпраўлены атрад ген.-маёра В.І.Гарпе з 4 пях. батальёнаў, 5 кав. эскадронаў і інш. падраздзяленняў, які 6 ліст. прыбыў у в. Старое Сяло (на З ад Віцебска), па левым беразе Зах. Дзвіны рушылі 2 эскадроны драгунаў на чале з падпалк. Д.А.Сталыпіным. 7 ліст. атрад Гарпе ўварваўся ў Віцебск, перайшоў праз палаючы мост на левы бераг і пасля вулічных баёў выбіў французаў з горада. Былі захоплены запасы харчу і фуражу, сотні палонных, у т. л.франц. віцебскі губернатар ген. Пужэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАСТА́Н,
паўвостраў на Пд Азіі, пераважна ў Індыі. Пл. каля 2 млн.км². На З абмываецца Аравійскім м., на У — Бенгальскім зал. Індыйскага ак.Паўн. граніца ўмоўна праводзіцца ад дэльты р. Інд да дэльты рэк Ганг—Брахмапутра. Берагі нізкія, слаба парэзаныя. Асн. частку І. займае пласкагор’е Дэкан, зах. ўступ якога (Зах. Гаты) ступенямі абрываецца да пясчанай прыбярэжнай нізіны (Малабарскі бераг). На У Дэканскага пласкагор’я знаходзяцца Усх. Гаты — сістэма невысокіх горных ланцугоў і масіваў. На Пд паўвострава размяшчаецца масіў Анаймалай з найвыш. пунктам І. — г. Анаймуды (2698 м). І. — частка дакембрыйскай Індыйскай платформы. Радовішчы каменнага вугалю, жал. і марганцавых руд, баксітаў, мускавіту, цырконію, тытану і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны з вільготным летам і сухой зімой. Сярэднія т-ры студз. 20—29 °C, мая 35—40 °C. Ападкаў на зах. схілах гор выпадае больш за 3000 мм, ва ўнутр. раёнах 500—700 мм, на У ападкі пераважна зімовыя, да 1000 мм за год. Асн. рэкі Нармада, Тапты, Маханады, Гадавары, Крышна, Каверы маюць дажджавое жыўленне і разліваюцца летам. Выкарыстоўваюцца для арашэння. Мусонныя лістападныя лясы захаваліся пераважна ў горных раёнах на Пд па схілах Зах. і Усх. Гатаў. На ўнутр. плато, міжгорных паніжэннях — сухія рэдкалессі. У вусцях рэк — мангравыя зараснікі. Вял. плошчы пад ворывам (рыс, пшаніца, бабовыя, бавоўна, чай, кава, цукр. трыснёг і інш.). 60—80% агульнай пл. ворыва парушана ярамі. Багаты жывёльны свет: сланы, насарогі, тыгры, леапарды, ваўкі, дзікія быкі, алені, малпы і інш. Птушак больш за 1600 відаў. На п-ве І. размяшчаюцца часткова дзяржавы Індыя, Пакістан і Бангладэш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГНІ́БЕДА (Мікола) (Мікалай Львовіч; 20.9.1911, с. Смірнова Запарожскай вобл., Украіна — 16.9.1985),
украінскі паэт.Засл. работнік культуры Беларусі (1973). Друкаваўся з 1930. Зб-кі вершаў, паэм і балад «Дняпроўская вясна» (1932), «Днепраград» (1937), «Дарога на поўдзень» (1940), «Незабыўнае» (1946), «Правы бераг» (1948), «Вершы» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Зерні граніту» (1963), «Кастрычніцкая кніга» (1967), «Вам прысвячаю» (1975), «Благаславёна будзь» (1980), «Подзвіг кахання» (1984) адметныя грамадз. пафасам, прасякнуты матывамі дружбы, барацьбы за мір, паэтызацыяй прац. будняў народа, яго мужнасці ў Вял.Айч. вайну. Складальнік (з А.Вялюгіным) анталогій «Беларуская савецкая паэзія» (т. 1—2, 1971), «Украінская савецкая паэзія» (т. 1—2, 1975). Быў знаёмы з Я.Купалам, Я.Коласам, падтрымліваў творчыя кантакты з многімі бел. пісьменнікамі. Шматлікія творы прысвяціў Беларусі, у т. л. паэмы «Васілёк» (1958), «Званы Хатыні» (1973), «Матулям з Расон» (1979). Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, Р.Барадуліна, П.Броўкі, А.Вялюгіна, П.Глебкі, А.Зарыцкага, К.Кірэенкі, А.Куляшова, М.Лужаніна, Р.Няхая, П.Панчанкі, М.Танка, В.Таўлая і інш. На бел. мове выдадзены зб-кі яго вершаў у перакладзе М.Аўрамчыка, Барадуліна, Броўкі, М.Базарэвіча, А.Бялевіча, Вялюгіна, С.Грахоўскага, Х.Жычкі, Зарыцкага, М.Калачынскага, І.Калесніка, Кірэенкі, В.Коўтун, Куляшова, В.Лукшы, П.Макаля, Панчанкі, У.Паўлава, Ю.Свіркі, Я.Семяжона, Танка, У.Шахаўца. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1970.
Тв.:
Бел.пер. — Песня з Украіны. Мн., 1957;
Трэцяе спатканне. Мн., 1971;
Вятрылы, поўныя блакіту. Мн., 1981.
Літ.:
Рагойша В. І нясе яна дар... Мн., 1977. С. 207—222.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РСІКА (Corse),
востраў на ПнЗ Міжземнага мора. Дэпартамент Францыі. Пл. 8,7 тыс.км². Даўж. 183 км, шыр. да 85 км. Нас. 249,7 тыс.чал. (1990). Рэльеф гарысты. Б.ч. вострава займаюць горы (выш. да 2706 м, г. Мон-Сенто), мерыдыянальнага напрамку, якія на З стромка абрываюцца да мора і фарміруюць скалісты бераг, моцна расчлянёны залівамі. На У вострава вузкая нізіна Плен-д’Алерыя, шыр. да 10 км. Берагі тут плоскія, нізкія, месцамі забалочаныя, слаба расчлянёныя. К. складзена на З з гранітаў, на У — з моцна дыслацыраваных тоўшчаў мезакайназою, у асн. гліністымі сланцамі. Клімат міжземнаморскі з гарачым сухім летам і цёплай вільготнай зімой. Сярэднія т-ры студз. 12—13 °C, ліп. 24—26 °C. Ападкаў ад 600 мм за год на раўнінах да 1000—1200 мм у гарах. Максімум ападкаў выпадае зімой, часам у выглядзе снегу. Сухі сезон доўжыцца 3—4 мес. Кароткія парожыстыя рэкі моцна мялеюць і перасыхаюць. Глебы карычневыя і горна-лясныя бурыя. Лясы сустракаюцца асобнымі масівамі, на б.ч. вострава высечаны. Да выш. 600—700 м пашыраны (асабліва на ПнЗ) маквіс (дрэвападобны верас, сунічнае дрэва, каменны дуб, дзікая масліна, лаўр, ладаннік і інш.); да выш. 1100—1200 м — лясы з каштану і дубу; да выш. 1900 м — з буку, вольхі, хвоі. Вышэй субальпійская і альпійская расліннасць. У прыморскай паласе насаджэнні з коркавага дубу і эўкаліптаў. Рэзерваты Касаб’янда, Скандола. Апрацоўваемыя плошчы сканцэнтраваны на нізінах, у далінах і на тэрасаваных схілах вакол населеных пунктаў. Сады, вінаграднікі, аліўкавыя гаі, палі пшаніцы, ячменю, кукурузы. Жывёлагадоўля. Турызм. Гал. гарады — Аяча, Бастыя.
Літ.:
Вандер Ф. Корсика еще не открыта: Пер. с нем. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРШЧЭ́ЎСКІ (Аляксандр Андрэевіч) (псеўд. Алесь Барскі; нарадзіўся 2.11.1930, в. Бандары Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел. паэт, літ.-знавец, публіцыст, перакладчык, фалькларыст, педагог, грамадска-культ. дзеяч. Д-рфілал.н. (1984). Ганаровы д-рБДУ (1993). Акад.Міжнар. акадэміі навук Еўразіі ў Мінску (1994). Скончыў Лодзінскі ун-т (1955). З 1956 выкладчык, з 1975 заг. кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. Друкуецца з 1956. Аўтар кн. паэзіі «Белавежскія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Мн., 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Мн., 1987), зб. абразкоў, артыкулаў, дарожных нататак «З пабачанага і перажытага» (Мн., 1992). У паэзіі Баршчэўскага матывы вернасці роднай зямлі, мове, складаны і супярэчлівы духоўны свет сучасніка. Баршчэўскі — даследчык і папулярызатар стараж. і сучаснай бел. л-ры (артыкулы пра бел. пісьменнікаў у «Малым слоўніку еўрапейскіх пісьменнікаў СССР». Варшава, 1966, на польск. мове). Аўтар «Гісторыі беларускай літаратуры» (Варшава; Ч. 1. Фальклор, 1976; Ч. 2. Перыяд Кіеўскай Русі і Вялікага княства Літоўскага, 1981), манаграфій «Беларуская абраднасць і фальклор усходняй Беласточчыны (нараджэнне, вяселле, смерць)» (Беласток, 1990), «Ігнат Дварчанін — беларускі палітык і вучоны» (Варшава, 1990, з А.Бергман і Е.Тамашэўскім). Складальнік (з В.Шведам) хрэстаматый па л-ры для 8-га класа бел. школ у Польшчы «Дружба і праца» (Варшава, 1967) і «Насустрач жыццю» (Варшава, 1974). Укладальнік і перакладчык на польск. мову з бел арыгіналаў фалькл. зб-каў «Д’яблава скрыпка» (бел. казкі са збораў М.Федароўскага; Варшава, 1973, 2-е выд. 1977), «Невычэрпны збан» (Варшава, 1976, бел.нар. казкі). На польск. мову перакладае творы бел. паэтаў (складальнік, аўтар прадмовы і біягр.арт. да кн. Я.Купалы «Выбраныя паэтычныя творы». Варшава, 1984, для якой перакл. на польск. мову паэму «Яна і Я», а таксама вершы). Збірае, публікуе і даследуе бел. фальклор Беласточчыны. З 1984 старшыня Бел. грамадска-культ.т-ва ў Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЕ МО́РА,
ускраіннае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Еўропы. Размешчана паміж а-вамі Вялікабрытанія, Аркнейскімі, Шэтландскімі на З, п-вамі Скандынаўскім і Ютландскім на У. Абмывае берагі Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Германіі, Даніі і Нарвегіі. Злучаецца на Пн з Нарвежскім, на У з Балтыйскім морамі пралівамі Скагерак, Катэгат, Эрэсун, Вял. і Мал. Бельт, на ПдЗ з Атлантычным ак. пралівамі Па-дэ-Кале і Ла-Манш. Пл. 565 тыс.км². Рэльеф дна моцна расчлянёны. Больш за 2/3 дна мора на глыбіні да 100 м. У паўд.ч. шматлікія водмелі (напр., Догер-банка з найменшай глыб. 13 м). Найб.глыб. 725 м. Паўн.-ўсх. берагі фіёрдавыя, са шматлікімі дробнымі астравамі, паўд.-ўсх. — выраўнаваныя, нізкія, пясчаныя, паўд. — лагунныя, месцамі трапляюцца ваты, зах. — бухтавыя, месцамі з эстуарыямі (р. Тэмза), усх.бераг Нідэрландаў акаймаваны дамбамі ў сувязі з частымі навадненнямі. Каля паўд.-ўсх. ўзбярэжжа ланцуг Фрызскіх а-воў, на Пн ад іх в-аў Гельгаланд. Упадаюць рэкі Эльба, Везер, Тэмза, Рэйн, Маас, Глома, Утра, Шэльда і інш. Клімат умераны марскі. Сярэдняя т-ра вады зімой 2—5 °C, летам 12—17 °C. Салёнасць 31—35‰. Ільды трапляюцца каля берагоў са снеж. па сакавік. Прылівы паўсутачныя, у розных раёнах ад 0,1 да 7,6 м. Сукупны ўплыў прыліваў і вятроў прыводзіць да навадненняў на берагах. Багатая фауна (120 відаў рыб). Адзін з буйнейшых раёнаў рыбалоўства (селядзец, траска, тунцовыя, камбалавыя і інш.). Промысел амараў, вустрыц, мідый. Здабыча нафты і прыроднага газу (найб. радовішчы Брэнт, Статфіёрд, Гронінген і інш.; гл.Паўночнага мора нафтагазаносная вобласць). Праз П.м. праходзяць гал. знешнегандлёвыя шляхі і грузапатокі краін Зах. Еўропы. Гал. парты: Ротэрдам (1-е месца ў свеце па грузаабароце), Амстэрдам (Нідэрланды), Антверпен (Бельгія), Лондан, Імінгем, Хал (Вялікабрытанія), Гамбург, Брэмен, Вільгельмсгафен (Германія), Гётэбарг (Швецыя), Осла, Берген (Нарвегія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕСЦІ́НА,
гістарычная вобласць у Зах. (Пярэдняй) Азіі, на ўсх. узбярэжжы Міжземнага мора.
Тэр. П. заселена чалавекам з палеаліту і з’яўляецца адным з асяродкаў стараж. земляробства. Першым дакладна вядомым насельніцтвам П. былі ханаанеі (3—2-е тыс. да н.э.), якія стварылі шэраг гарадоў-дзяржаў, у т. л.Іерыхон. Рэлігія ханаанеяў зрабіла моцны ўплыў на іудаізм, а праз яго — на хрысціянства і іслам. У розныя часы П. ўваходзіла ў склад вял. дзяржаў стараж. свету. З канца 3-га тыс. да н.э. яна апынулася пад кантролем Егіпта. У 2-м тыс. да н.э. сюды ўрываліся амарэі, хеты, хурыты. У 13 ст. да н.э. значная ч.тэр. П. заваявана плямёнамі яўрэяў, частка — філістымлянамі (адсюль назва краіны). Каля 1000 да н.э. цар яўрэяў Давід перамог філістымлян і заснаваў Ізраільска-Іудзейскае царства, якое дасягнула найб. магутнасці пры яго сыне Саламоне. Пасля смерці Саламона ў 922 да н.э. адзіная дзяржава распалася на Ізраільскае царства на Пн і Іудзейскае царства на Пд П. У 722 да н.э. Асірыя знішчыла Ізраільскае царства, у 586 Вавілон — Іудзейскае. У 539—333 да н.э. П. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 4—2 ст. да н.э. — дзяржаў Аляксандра Македонскага, Пталамеяў і Селеўкідаў.
У сярэдзіне 2 ст. да н.э. ў выніку паўстання яўрэяў на чале з Макавеямі створана Нова-Ізраільскае царства. З канца 1 ст. да н.э. П. ў складзе Рымскай, з 4 ст.н.э. — Візантыйскай імперый. У 7 ст. заваявана арабамі, у 11 ст. — крыжакамі, у канцы 12 ст. — егіпецкімі султанамі. З 1516 у складзе Асманскай імперыі. У 1-ю сусв. вайну акупіравана брыт. войскамі (1917). У 1922—48 падмандатная тэр. Вялікабрытаніі, у гэты час адбывалася масавая іміграцыя ў П. яўрэяў з дыяспары, якія ставілі мэтай стварэнне яўр. дзяржавы. 29.11.1947 Ген. асамблея ААН прыняла рэзалюцыю пра скасаванне брыт. мандата на П. і стварэнне там 2 дзяржаў: арабскай і яўрэйскай. 14.5.1948 створана дзяржава Ізраіль. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 Ізраіль далучыў да сваёй тэрыторыі б.ч. зямель, прызначаных для араб. дзяржавы, адтуль выгнана каля 800 тыс. арабаў. Заходні бераг ракі Іардан быў уключаны ў склад Іарданіі, а сектар Газы апынуўся пад кантролем Егіпта. У 1967 Ізраіль акупіраваў Зах.берагр. Іардан і сектар Газы. Барацьбу супраць ізраільскай акупацыі ўзначаліла Арганізацыя вызвалення Палесціны (АВП), якая была прызнана ААН як адзіны прадстаўнік інтарэсаў палесцінскага араб. народа. 31.7.1988 Іарданія адмовілася ад прэтэнзій на Зах.берагр. Іардан. 15.11.1988 Нац. савет П. (палесцінскі парламент у выгнанні) абвясціў пра стварэнне на акупіраваных у 1967 Ізраілем тэр. дзяржавы П., прэзідэнтам якой у сак. 1989 абраны Я.Арафат. У вер. 1993 прадстаўнікі АВП і Ізраіля падпісалі сумесную Дэкларацыю аб прынцыпах самакіравання палесцінцаў. Паводле Каірскага пагаднення ў маі 1994 створана Палесцінская аўтаномія. У ліст.—снежні 1995 Ізраіль вывеў свае войскі з б.ч.араб. населеных пунктаў, але дагэтуль працягвае акупацыю 3/4тэр.Зах. берага. У студз. 1996 адбыліся выбары ў Палесцінскі заканад. савет, кіраўніком Палесцінскай адміністрацыі абраны Арафат. Вядуцца перагаворы пра далейшае палесціна-ізраільскае ўрэгуляванне.
Першыя помнікі мастацтва П. вядомы з эпохі мезаліту. У 7—6-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Іерыхона. Ад 5-га тыс. да н.э. захавалася кераміка з гравіраваным або размаляваным геам. арнаментам. Да 4-га тыс. да н.э. адносяцца рэшткі т.зв. апсідальных жытлаў гарадзішчаў у Бейсане, Мегіда (Тэль-эль-Мутэселім), падземных жытлаў у раёне Беершэбы, размаляваная і глянцаваная (чырвоная і шэрая) кераміка, статуэткі са слановай косці, ювелірныя вырабы, насценныя размалёўкі ў будынках Тэлейлат-Гасула. У 3—2-м тыс. да н.э. развіваліся паселішчы гар. тыпу з абарончымі пабудовамі з каменю ці цэглы-сырцу (планіроўкай блізкія да сірыйскіх і фінікійскіх каменных храмаў), з водаправоднымі тунэлямі: Іерусалім, Іерыхон, Бейсан, Мегіда, Лахіш (Тэль-эд-Дувейр). Захаваліся рэльефы, скульптура, дробная пластыка, зааморфныя керамічныя пасудзіны. У 2-й пал. 10—6 ст. да н.э. пашырыліся культавае буд-ва (храм Саламона ў Іерусаліме, 10 ст. да н.э., не захаваўся), гліптыка (пячаткі з зааморфнымі выявамі і інш.). З эліністычнага і рым. перыяду вядомы грабніцы з размалёўкамі ў пахавальных памяшканнях (у Марысе і інш.), рэшткі храмаў (Дыяніса ў Бейсане і інш.), т-раў (у Бейсане, Цэзарэі), акведукаў, жылых дамоў, часта ўпрыгожаных мазаікамі і скульптурай, мармуровыя саркафагі з надмагільнымі бюстамі і рэльефамі. У 2—4 ст.н.э. будавалі сінагогі, якія спалучалі рысы мясцовай, рым. і сірыйскай архітэктуры [сінагога ў Капернауме (Кфар-Нахуме) і інш.]. Ад візант. часу захаваліся базілікі, манастыры, храмы, умацаванні. З 7 ст. арабы прыўнеслі новыя тыпы будынкаў: мячэці, медрэсэ і інш. (мячэці Кубат ас-Сахра і аль-Акса ў Іерусаліме, замак-рэзідэнцыя Хірбет аль-Мафджар). У 11—13 ст. будаваліся пераважна замкі і крэпасці крыжаносцаў (у Цэзарэі і інш.). З арх. помнікаў 16—19 ст. вылучаюцца сінагога ў Сафедзе (сярэдзіна 16 ст.) і мячэць у Яфе (1810). З канца 19 ст.яўр. перасяленцы прынеслі ў культуру П. маст. традыцыі розных краін. Архітэктура развівалася ў духу эклектызму, пазней у рэчышчы зах.-еўрап. стыляў. У мастацтве пашырыўся т.зв.яўр. стыль (сюжэты з яўр. гісторыі і л-ры). У 1-й пал. 20 ст. прыток архітэктараў і мастакоў, якія атрымалі адукацыю ў розных краінах свету, абумовіў суіснаванне самых розных плыняў і кірункаў. У 2-й пал. 20 ст. пашырылася тэматыка нац. самавызначэння арабаў П. (Т. Абд аль-Аль, Т. аль-Акхаль, С.Мансур, Н.Сумі, У.Тамары, І.Шамут, М.Хаграс і інш.). У традыц.нар. мастацтве пашыраны выраб касцюмаў з даматканай тканіны з вышыўкай і аплікацыяй, муз. інструментаў, твораў з керамікі, металу, шкла, перламутру, аліўкавага дрэва, ювелірныя вырабы. Гл. таксама ў арт.Іарданія, Ізраіль.
Літ.:
Бердников А.Ф., Сердюк Е.А. Современное искусство арабского народа Палестины. М., 1982.
У.С.Кошалеў (гісторыя).
Да арт.Палесціна. У.Тамары. Жывыя карані. 1974.Да арт.Палесціна. Н.Сумі. Ліст з серыі «Сведчыць Тэль аз-Заатар». 1977.Да арт.Палесціна. С.Мансур. З палесцінскай спадчыны. 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛО́БІНСКІ РАЁН,
на ПнУ Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,1 тыс.км². Нас. 38,1 тыс.чал. (1997). Сярэдняя шчыльнасць 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Жлобін; г.п. Стрэшын, 156 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на Стрэшынскі пасялковы Савет і 16 сельсаветаў: Акцябрскі, Верхнеалбянскі, Дабрагашчанскі, Кабанаўскі, Кароткавіцкі, Кіраўскі, Луцкі, Майскі, Малевіцкі, Навамаркавіцкі, Папаратнянскі, Пірэвіцкі, Салонскі, Стараруднянскі, Чырвонабярэжскі, Шчадрынскі.
Раён размешчаны пераважна ў межах Гомельскага Палесся, паўн.-зах.ч. ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, асноўная ч.тэр. занята Прыдняпроўскай нізінай. Паверхня плоская з выш. 130—145 м. Найвыш. пункт 151,5 м (каля в. Дабрагошча). Карысныя выкапні: нафта, торф, гліны, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 595 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рэкі: Дняпро з прытокамі Бярэзіна, Добасна, Окра і Ржаўка, прыток Бярэзіны р. Ала. Пашыраны глебы дзярнова-падзолістыя (40,6%), тарфяна-балотныя (13,2%). Пад лесам 31,1%. Пераважаюць хваёвыя і бярозавыя, сустракаюцца чорнаальховыя і дубовыя лясы. Балоты займаюць 2,9% тэр. Помнік прыроды — Чырвонабярэжскі парк, гідралагічны заказнік Выдрыца.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 101 тыс.га, з іх асушана 32,4 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 19 калгасаў, 9 саўгасаў, Чырвонабярэжскі саўгас-тэхнікум, 2 птушкафабрыкі, прадпрыемствы па кормавытворчасці «Ала». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, лён, кармавыя культуры. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), пач. апрацоўкі лёну (ільнозавод), харч. (мясакамбінат, малочны, крухмала-патачны з-ды) прам-сці; домабудаўнічы камбінат і камбінат буд. матэрыялаў. Лясгас. Здабыча фармовачных пяскоў. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Мінск—Гомель і Магілёў—Калінкавічы, аўтадарогі Бабруйск—Гомель, Рагачоў—Светлагорск. Суднаходства па Бярэзіне і Дняпры. У раёне 25 сярэдніх, 7 базавых, 7 пач. школ, Чырвонабярэжскі с.-г. тэхнікум, дапаможная школа-інтэрнат, 52 дашкольныя ўстановы, 37 клубаў, 37 бібліятэк, 8 бальніц, 29 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Пакроўская царква (1807) у г.п. Стрэшын, сядзіба — палаца-паркавы ансамбль (1890—1893) у в. Чырвоны Бераг; ветраны млын (19 ст.) каля в. Ляды, царква Усіх Святых (1902) у в. Пірэвічы.
Выдаецца аб’яднаная раённая і гарадская газ. «Новы дзень».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЦІ́НСКІ (Анатоль Ільіч) (н. 18.11.1931, в. Дзямешкава Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. Скончыў БДУ (1956). Працаваў у прэсе. У 1975—82 сакратар праўлення СП Беларусі, у 1986—90 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». У 1990—96 дэп. Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1951. Першы зб. паэзіі «Песня пра хлеб» (1962). Тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных вымярэннях — у аснове кніг «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979). Творам Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць, вострая публіцыстычнасць. Паэт асэнсоўвае «вечныя» праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. Найб. значныя творы — ліраэпічныя паэмы «Заазер’е» і «Дажынкі» (1968) — прысвечаны жыццю пасляваен. бел. вёскі, маці — вясковай працаўніцы — лірычная паэма «Начны бераг» (1972), у якой сцвярджаецца неабходнасць захавання гармоніі ва ўзаемаадносінах чалавека з прыродай, і лірыка-філас. паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979, тэлеспектакль 1980). Аўтар п’ес для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (паст. 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (паст. 1975), «Гефест — друг Праметэя» (паст. 1984), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў (зб. «Высокае неба ідэалу», 1980, «Нью-Йоркская сірэна», 1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы класічнай і сучаснай рус., укр., літ., лат., балт., польск., венгерскай паэзіі, п’есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М.Себасцьяна «Безыменная зорка», В.Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам».
Тв.:
Выбранае. Мн., 1973;
Святло зямное. Мн., 1981;
Дзякуй, вялікі дзякуй!: П’есы. Мн., 1983;
Хлопчык глядзіць... Мн., 1992.
Літ.:
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 91—102;
Сямёнава А. Высокае неба // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Бугаёў Дз. Споведзь даверлівая і шчырая // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;
Лойка А. Пераадоленне // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Арочка М. Усе чатыры вятры паэзіі // Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 129—131, 134—136, 161—167;
Бечык В. На аснове чалавечай роднасці... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Гніламёдаў У. Вершы мае — пісьмы // Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.