род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. шампіньёнавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў зонах з трапічным і субтрапічным кліматам. На Беларусі 7 відаў. Найб. вядомыя П.: востралускаваты (L. acutesquamosa), грабеньчаты (L. cristata), дробнашчытападобны (L. clypeolaria). Трапляюцца ў лясах, парках, сярод травы з чэрв. па кастрычнік.
Пладовае цела — шапка на ножцы дыям. 2—13 см, яйцападобная або званочкавая, потым распасцёртая, са шматлікімі лускавінкамі. Пласцінкі свабодныя, белыя. Ножка цыліндрычная, з нерухомым кольцам, выш. да 12 см. Споры бясколерныя, гладкія. Ядавітыя, ёсць ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУХІ́РНІК (Cucubalus),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 2 віды. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — П. ягадны, або воўчыя вочкі (C. baccifer), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца сярод хмызняку, па берагах рэк, у цяністых лясах. Культывуецца ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі.
П. ягадны — шматгадовая трава з галінастым узыходным або ляжачым апушаным сцяблом даўж. 0,5—2 м. Лісце суцэльнае, супраціўнае, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя, адзіночныя, зеленавата-белыя. Плод — бліскучая, чорная, сухая ягада. Дэкар., лек. і харч. (спажываецца маладое лісце) расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАПЛО́ДНІК (Isopyrum),
род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 від — Р. пылюшнікавы (I. thalictroides), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў дубова-грабавых і грабавых лясах.
Р. пылюшнікавы — шматгадовая карэнішчавая расліна. Ранневясновы эфемероід. Сцябло тонкае, голае ці слабаапушанае выш. да 30 см. Лісце з перапончатымі прылісткамі, прыкаранёвае — доўгачаранковае, верхняе — сядзячае, трайчастае. Кветкі дыяметрам да 1 см, белыя, адзіночныя, радзей сабраныя па 2—3, на доўгіх кветаножках. Плод — шматлістоўка. Дэкар. і меданосная расліна. Ядавіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛОАДЧУВА́ЛЬНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫў фота- і кінатэхніцы,
матэрыялы для здымкі і друкавання відарысаў аптычных. Маюць адчувальныя да святла слаі, нанесеныя на празрыстую ці непразрыстую падложку. У якасці святлоадчувальных рэчываў (гл.Святлоадчувальнасць) выкарыстоўваюцца галоідныя солі серабра (браміды, хларыды, ёдыды).
Падзяляюцца на чорна-белыя і каляровыя (гл.Колерафатаграфічныя матэрыялы), негатыўныя (для фота- і кіназдымкі), пазітыўныя (для атрымання пазітыўных відарысаў з негатываў) і абарачальныя (у выніку спец. апрацоўкі даюць пазітыўны відарыс — слайд). У залежнасці ад віду падложкі, на якую нанесена фатаграфічная эмульсія, адрозніваюць фотапласцінкі (падложка — шкло), плёнкі і паперу фатаграфічную. Гл. таксама Фатаграфічныя матэрыялы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУ́МПІЯ (Cotinus),
род кветкавых раслін сям. сумахавых (анакардыевых). 3 віды. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы, Паўд. Еўропе і Паўд. Азіі. Трапляюцца на сухіх камяністых схілах, сярод хмызняку, радзей у хваёвых і дубовых лясах. На Беларусі інтрадукавана С. звычайная, або кагігрыя, ці парыковае дрэва (C. coggygria).
Лістападныя кусты або невял. дрэвы выш. 5—10 м з шара- ці парасонападобнай кронай. Лісце чаргаванае, простае, суцэльнае. Кветкі дробныя, жаўтавата-белыя або зеленаватыя ў рыхлых канцавых мяцёлках даўж. да 30 см. Плод — сухая касцянка. Дэкар., меданосныя, фарбавальныя, дубільныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЕ́РЫЯ (Armeria),
род кветкавых раслін сям. свінчаткавых. Каля 50 відаў. Пашырана ў арктычнай і ўмеранай зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі пераважна ў зах. раёнах трапляецца армерыя звычайная, або прадаўгаватая (A. vulgaris). Расце на заліўных і сухадольных лугах, схілах і ўзгорках на пясчанай глебе.
Шматгадовая травяністая расліна з прамастойнай бязлістай кветкавай стрэлкай выш. 15—50 см. Лісце вузкалінейнае, у разетцы. Кветкі ружовыя або белыя ў шарападобнай галоўцы. Плод — сухі аднанасенны мяшочак. Мае антыбактэрыяльныя ўласцівасці, дыурэтычны сродак; шэраг відаў вырошчваюць як дэкар. (напр., армерыя прыморская, бліскучая, альпійская, дзірваністая, японская, сібірская і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭХАТВО́РКІ (Cynipoidea),
надсямейства насякомых атрада перапончатакрылых. Каля 1,9 тысяч відаў. Пашыраны ў Паўночным паўшар’і. На Беларусі найбольш вядомыя арэхатворка дубовая звычайная (Cynips quercus folii), каранёвая (Biorrhiza pallida) і ружовая (Rhodites rosae).
Даўжыня цела 1—5 мм, зрэдку да 25 мм. Лічынкі паразітуюць у тканках раслін (часцей на дубах і ружавых), утвараюць нарасты (галы) накшталт арэшкаў (адсюль назва), характэрныя для кожнага віду. Унутры іх развіваюцца лічынкі. Некаторыя паразітуюць у лічынках насякомых. Лічынкі бязногія, белыя, дарослыя — чорныя або бурыя. Дубовыя галы («чарнільныя арэшкі») раней выкарыстоўвалі на дубленне скуры і прыгатаванне чарніла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРА́Н (Gratiola),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах абодвух паўшар’яў, у горных сістэмах тропікаў. На Беларусі, пераважна ў паўд.-ўсх. раёнах, па заліўных лугах, забалочаных месцах, берагах рэк і вадаёмаў расце аўран лекавы (Gratiola officinalis). Культывуецца ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі.
Шматгадовая карэнішчавая травяністая расліна. Сцябло прыўзнятае або прамастойнае, выш. 10—40 см. Лісце сядзячае, процілеглае, лінейна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі двухполыя, белыя, адзіночныя, на доўгіх кветаножках у пазухах лісця. Плод — 2-гнездавая шматнасенная каробачка. Ядавітая і лек. расліна (слабіцельны, ірвотны, мачагонны сродак), мае гліказіды, сапаніны, алкалоіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫКА́НСКАЕ ПРО́СА, негрыцянскае проса,
перыстамяшэй амерыканскі (Pennisetum americanum),
гібрыдная кветкавая расліна сям. метлюжковых з роду перыстамяшэй. Радзіма — Афрыка. Культывуецца ў засушлівых раёнах Афрыкі і Азіі, менш на Пд Еўропы, Амерыкі і Аўстраліі.
Аднагадовая травяністая расліна са шматлікімі высокімі (да 3 м і больш) сцёбламі і доўгім шырокім лісцем. Суквецце — густая цыліндрычная або эліпсападобная, коласападобная мяцёлка. Зярняўкі авальна-яйцападобныя або грушападобныя; белыя або шэрыя, багатыя бялком (12—13%), крухмалам (да 60%) і алеем (да 7%). Збожжавая і кармавая святло- і цеплалюбівая, засухаўстойлівая расліна, непатрабавальная да глебавых умоў. Размнажаюць насеннем. Апрацоўваецца, як прапашная культура.