ЛАРЫ́С-МЕ́ЛІКАЎ Міхаіл Тарыэлавіч (1.1.1826, Тбілісі —24.12.1888),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Генерал ад кавалерыі (1875), граф (1878), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1880). Вучыўся ў Лазараўскім ін-це ўсх. моў у Маскве, школе гвардз. кав. падпрапаршчыкаў у Пецярбургу. Спачатку 4 гады служыў у Гродзенскім гусарскім палку. З 1847 удзельнік Каўк. вайны 1817—64 (ваен. аперацый супраць Шаміля), фактычны кіраўнік ваен. дзеянняў на Закаўказскім тэатры Крымскай вайны 1853—56. З 1861 ваен. нач. Паўд. Дагестана, граданачальнік Дэрбента, у 1863—75 нач. Церскай вобл. З 1876 і ў рус.-тур. вайну 1877—78 камандаваў асобным Каўк. корпусам. У 1879 часовы астраханскі, саратаўскі, самарскі і харкаўскі ген.-губернатар. Пасля замаху С.М.Халтурына на цара Аляксандра II (лют. 1880) прызначаны старшынёй Вярхоўнай распарадчай камісіі, стаў фактычна дыктатарам, са жн. міністр унутр. спраў і шэф жандараў. У 1881 у пісьмовых дакладах Аляксандру II прапанаваў правесці шэраг рэформ (стварэнне законадарадчай прадстаўнічай установы на аснове земскай сістэмы і ўрада, які адказвае перад імператарам і праводзіць ва ўсіх мін-вах і ведамствах адзіную палітыку: пераадоленне сял. малазямелля, пашырэнне правоў і паўнамоцтваў земскіх арг-цый, вызваленне друку ад часткі цэнзурных забарон), пасля забойства цара пайшоў у адстаўку і выехаў за мяжу. Аўтар артыкулаў, у т. л. «Запіскі, складзенай з апавяданняў і сведчанняў Хаджы-Мурата» (1881).

Літ.:

Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993. С. 369—394;

Данилов Д.Д. Лорис-Меликов: карьера «парадоксального диктатора» // Вопр. истории. 1998. № 11/12.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВІЗІЯНІ́ЗМ [ад лац. revisio (revisionis) перагляд],

у шырокім сэнсе — перагляд, радыкальнае пераасэнсаванне фундаментальных палажэнняў у працэсе эвалюцыі грамадскай думкі, ідэйна-паліт. плыні, рэліг. вучэння, грамадскай навукі (філасофіі, гісторыі, правазнаўства і інш.). Узнікненне Р. звязана са з’яўленнем новых сац. груп. паліт. груповак, навук. школ і іх барацьбой за пануючыя пазіцыі ў ідэалогіі, палітыцы ці навуцы. У вузкім сэнсе — плынь у ідэалогіі рабочага руху канца 19 — сярэдзіны 20 ст., якая ажыццяўляла рэвізію палажэнняў марксісцкай тэорыі. Узнік у канцы 1870-х г. у Германіі, прадстаўнікамі якога быў прапанаваны перагляд асн. палажэнняў марксісцкай рэв. тэорыі (І.​Хёхберг, Э.​Бернштэйн). Як самастойная плынь Р. усталяваўся ў 1890-я г. і распаўсюдзіўся ў Аўстра-Венгрыі (К.​Каўцкі, О.​Баўэр), Расіі (С.​Пракаповіч, Л.​Мартаў), Францыі (А.​Лефеўр, Р.​Гарадзі), ЗША (Дж.​Гейтс), Польшчы (Л.​Калакоўскі) і інш. Асн. рысы Р.: у філасофіі — адмаўленне матэрыяліст. дыялектыкі і яе законаў, крытыка ідэі рэв. перабудовы грамадства; у эканамічнай тэорыі — сцвярджэнні, што развіццё буйных капіталіст. прадпрыемстваў (трэстаў, карпарацый, суперкарпарацый) на аснове навук.-тэхн. прагрэсу прыводзіць да змякчэння сац. супярэчнасцей і затухання класавай барацьбы; у рэвалюцыйнай тэорыі — адмаўленне дыктатуры рабочага класа, проціпастаўленне марксізму ленінізму і абмежаванне ідэй У.​І.​Леніна межамі Расіі.

Літ.:

Ленін У.І. Марксізм і рэвізіянізм // Тв. Т. 15 (Полн. собр. соч. Т. 17);

Бернштейн Э. Возможен ли научный социализм? «Ответ Г.​Плеханова»: Пер. с нем. М., 1991;

Каутский К. Демократия и социализм: фрагменты работ разных лет. М., 1991;

Гароди Р. Марксизм XX в.: Пер. с фр. М., 1994.

В.​І.​Боўш.

т. 13, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУКА́РНА (Sukarno; 6.6.1901, г. Сурабая, Інданезія — 21.6.1970),

палітычны і дзярж. дзеяч Інданезіі. Скончыў Тэхналагічны ін-т у г. Бандунг (1925). Удзельнік стварэння «Бандунгскага даследчага клуба» (1926), на базе якога ў 1927 створана Нац. партыя Інданезіі; яе першы старшыня За антыкалан. дзейнасць у 1929—31 у турме, з 1933—42 у ссылцы. У 1945 сфармуляваў 5 прынцыпаў (нацыяналізм, інтэрнацыяналізм, народаўладдзе, сац. справядлівасць, вера ў адзінага Бога), якія сталі афіц. ідэалогіяй Інданезіі. 17.8.1945 С. абвясціў незалежнасць Рэспублікі Інданезія. Абраны яе прэзідэнтам, С. узначаліў барацьбу супраць нідэрл. каланізатараў (1945—49). У 1957—59 па яго ініцыятыве ў краіне сфарміраваны лад т.зв. «накіроўнай дэмакратыі» на аснове канцэпцыі функцыянальных груп, члены якіх звязаны агульнай дзейнасцю, рэлігіяй, адукацыяй і г.д. Быў распушчаны парламент, новыя дэпутаты прызначаны асабіста С., які сканцэнтраваў у сваіх руках заканад. і выканаўчую ўладу. У 1963 абвешчаны пажыццёвым прэзідэнтам краіны. С. адзін з ініцыятараў Бандунгскай канферэнцыі 1955 і Недалучэння руху. Яго накірунак на пашырэнне, сувязей з СССР і КНР абвастрыў адносіны з краінамі Захаду, найперш з-за канфлікту з Малайзіяй і выхаду Інданезіі з ААН (студз. 1965). Палітыка С. прывяла да эканам. крызісу, які супаў з вострым канфліктам паміж камуністамі і арміяй. Пасля путчу 30.9.1965 адхілены ад рэальнага кіраўніцтва краінай, у 1967 адмовіўся ад усіх дзярж. пасад.

Тв.:

Рус. пер. — Индонезия обвиняет: Сб. ст. и речей. 3 изд. М., 1961.

Літ.:

Юрьев А.Ю. Сукарно // Политические портреты борцов за национальную независимость. 2 изд. М., 1983.

В.​У.​Адзярыха.

Сукарна.

т. 15, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФРЫКА́НСКІ САЮ́З (АС),

агульнаафрыканская міжнар. арганізацыя (53 дзяржавы-члены ў 2003). Створаны на аснове Арганізацыі афрыканскага адзінства (ААА) на яе 38-й асамблеі ў ліп. 2002 у г. Дурбан (Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР). Пасля таго, як у 1994 быў скасаваны рэжым апартэіду ў ПАР, гал. мэты, якія стаялі перад ААА, былі дасягнуты і паўстала пытанне аб рэфармаванні гэтай арганізацыі. На сустрэчы ў вер. 1999 у г. Сірт (Лівія) прынята рашэнне аб стварэнні АС, а 36-я асамблея ААА у чэрв. 2000 прыняла праект Устаноўчага акта АС, ратыфікаваны да 2002 большасцю афр. дзяржаў. Ён прадугледжвае большую ступень інтэграцыі членаў АС, чым гэта было ў ААА, у прыватнасці, пры падтрымцы ​2/3 дзяржаў АС мае права на ваен. інтэрвенцыю ў краіну, якая з’яўляецца членам АС, у надзвычайных абставінах (генацыд супраць насельніцтва, ваен. злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці). Вышэйшы орган АС — асамблея кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў; важную ролю адыгрываюць таксама Выканаўчы к-т, К-т прадстаўнікоў. Дзейнасцю Саюза кіруе адм. орган — Камісія АС са штаб-кватэрай у г. Адыс-Абеба (Эфіопія). Побач з Эканам., сац. і культ. саветам, у АС прадугледжана стварэнне 7 спецыялізаваных тэхн. к-таў, Усеафр. парламента, Афр. банка, Афр. валютнага фонду і Афр. інвестыцыйнага банка. У мэтах эканам. інтэграцыі краін АС прынята праграма Новае партнёрства для развіцця Афрыкі.

Літ.:

Усов В. От панафриканизма — к созданию Африканского союза // Азия и Африка сегодня. 2002. № 10.

В.​У.​Адзярыха.

т. 18, кн. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГРА́ЦЫЯ ў біялогіі,

стан звязанасці асобных дыферэнцаваных ч. і функцый сістэмы, арганізма; мэтазгоднае аб’яднанне і каардынацыя дзеяння розных ч. цэласнай сістэмы, а таксама працэс, які вядзе да такога стану. У дачыненні да жывых арганізмаў прынцып І. сфармуляваў Г.​Спенсер (1857). У жывых сістэмах І. можа адбывацца на розных узроўнях іх арганізацыі: малекулы, клеткі, арганізма, а таксама ў розных біял. сістэмах надарганізмавага ўзроўню — у папуляцыях, відах, біяцэнозах і інш. Механізмы І. розных узроўняў маюць сваю спецыфіку.

У біял. сістэмах з жорсткімі ўнутр. сувязямі звычайна ёсць спец. кампаненты, якія забяспечваюць І., напр., у дарослым арганізме вышэйшых жывёл — нерв., сасудзістая і эндакрынная сістэмы. Найб. вядомая форма І. працэсаў антагенезу — эмбрыянальная індукцыя І. папуляцый, відаў, што не маюць жорсткіх унутр. сувязей паміж складаючымі іх элементамі (асобінамі) абумоўлена палавым працэсам (у жывёл) і асаблівасцямі паводзін, якія спадчынна замацаваны і вызначаюць узаемаадносіны асобін. І. экасістэм ажыццяўляецца пры дапамозе патокаў арган. рэчыва, энергіі і інфармацыі. У цэлым ступень І. — вынік адаптыўнай эвалюцыі, яна адлюстроўвае ўзровень развіцця рэгуляцыйных механізмаў біял. сістэмы і можа разглядацца як адзін з крытэрыяў морфафізіял. прагрэсу. Механізмы І. ў дачыненні да біял. аб’ектаў даследуюцца тэорыяй сістэм і біякібернетыкай. І. ў фізіялогіі — функцыян. аб’яднанне асобных органаў, тканак, фізіял. механізмаў у складана каардынаваную прыстасавальную дзейнасць цэласнага арганізма для дасягнення карыснага для арганізма выніку. І. псіхічная — аб’яднанне розных псіхічных працэсаў у адно структурнае цэлае Вышэйшае праяўленне І. — мэтанакіраваны паводзінскі акт, які будуецца на аснове фізіял. і псіхічных фактараў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІСТРА́Т (ад лац. magistratus начальнік, чыноўнік, улада),

выбарны адм. і судовы орган у гарадах Цэнтр. і Усх. Еўропы, якія мелі права на самакіраванне (магдэбургскае права або інш.). У ВКЛ уводзіліся з канца 14—15 ст. У велікакняжацкіх гарадах Беларусі і Літвы М. складаўся з гар. рады і лавы. Рада займалася справамі гар. кіравання і суда па маёмасных і цывільных справах мяшчан. Лава выконвала функцыі суда па крымінальных справах гараджан. Гал. распарадчую ўладу ў гар. абшчыне выконваў войт, які ўзначальваў войтаўскі суд або войтаўска-лаўніцкі суд. Гал. органам самакіравання была рада, якая складалася з бурмістраў і радцаў, дзейнічаў бурмістраўска-радзецкі суд. У прыватнаўладальніцкіх гарадах у склад М. ўваходзілі войт, бурмістры, радцы, лаўнікі і гар. пісар, якія засядалі разам. У 17—18 ст. ў М. часта дзесяцігоддзямі засядалі прадстаўнікі некалькіх сямей, звычайна з заможных купцоў і цэхмістраў, М. ператвараўся ў орган карпаратыўнага кіравання горадам з боку мяшчанскай алігархіі. М. на аснове магдэбургскага права праіснавалі на Беларусі да канца 18 ст. і былі скасаваны пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўказамі Кацярыны II у 1775 (для ўсх. часткі Беларусі) і 1795 (для цэнтр. і зах. яе частак). У Расіі М. як органы саслоўнага самакіравання ўзніклі ў 1720. У 1775 пераўтвораны ў губернскія і павятовыя суды для гар. саслоўяў (мяшчанства і купецтва), існавалі і на Беларусі. Паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 М. ўвайшлі ў сістэму гар. самакіравання, але засталіся ў асн. суд. ўстановамі. Пасля суд. рэформы 1864 паступова скасаваны.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 9, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯГЛО́,

1) адработачная рэнта, адна з асноўных сял. павіннасцей у ВКЛ у 15—18 ст. (гл. Паншчына, Цяглыя сяляне).

2) Падатковая адзінка вясковага і пасадскага насельніцтва ў Расіі 15 — пач. 18 ст. У Ц. ўваходзіў комплекс натуральных і грашовых павіннасцей, якія плаціліся дзяржаве. У 15—16 ст. у аснове абкладання Ц. ляжаў пазямельны ўлік (гл. Пасошнае, Саха), які ў апошняй чвэрці 17 ст. заменены падворным улікам (гл. Падворнае абкладанне). У 1724 замест цяглавай сістэмы збору дзярж. павіннасцей уведзены падушны падатак. За выкананнем Ц. прыватнаўласніцкімі сялянамі наглядалі іх уладальнікі, у чарнасошных сялян і пасадскіх людзей — выбарныя асобы.

3) Арганізац. адзінка сял. павіннасцей памешчыку і дзяржаве ў прыгоннай гаспадарцы Рас. імперыі ў 18—1-й пал. 19 ст. На Беларусі ўведзена ў канцы 18 ст. Уключала сям’ю з 2 працаздольных чал. (мужчыны і жанчыны). У Ц. запісваліся мужчыны ад 17—18 да 55—60 гадоў і жанчыны ад 16—17 да 50—55 гадоў. Кожнае Ц. абкладалася рознымі павіннасцямі: паншчынай, аброкам ці дзярж. падаткам. Умовай плацежаздольнасці Ц. было надзяленне яго зямлёй, жывёлай, інвентаром. Колькасцю Ц. вызначаўся эканам. стан памешчыцкай гаспадаркі. Памешчыкі імкнуліся захаваць паўнацэннасць Ц., таму пераразмяркоўвалі зямлю і інш. сродкі вытв-сці паміж слабымі і моцнымі Ц. Сял. двор складаўся звычайна з 1—3 Ц. Існавала Ц. да 1861, яго перажыткі захаваліся да 1917.

4) Сістэма дзярж. і феад. павіннасцей сялян і гараджан Расіі ў 15—1-й пал. 19 ст.

В.​У.​Чапко.

т. 17, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭ́МІІ МАСТА́ЦКІЯ,

установы (найчасцей дзярж.), якія з’яўляюцца навукова-творчымі цэнтрамі ў пытаннях класічных мастацтваў, а таксама вышэйшыя (часам прыватныя) маст. школы.

Першапачаткова акадэміі мастацкія, што ўзніклі ў Італіі ў 16 ст., былі свабоднымі аб’яднаннямі мастакоў, якія вывучалі мастацтва антычнасці, прыёмы майстроў Адраджэння і вял. значэнне надавалі малюнку як асн. форме мастацтва. Першая ўласна акадэмія мастацкая створана ў Парыжы ў 1648 як Каралеўская акадэмія жывапісу і скульптуры, дзе на аснове прынцыпаў класіцызму былі распрацаваны правілы т.зв. «вялікага стылю» прыдворнага арыстакратычнага мастацтва. На ўзор парыжскай створаны акадэміі мастацкія ў Вене (1692), Берліне (1694), Лондане (1768) і інш.

У 1757 створана першая рас. акадэмія мастацкая (Пецярбург; існавала да 1918). У ёй вучыліся і мастакі з Беларусі Л.​Альпяровіч, С.​Богуш-Сестранцэвіч, В.​Ваньковіч, А.​Гараўскі, Ф.​Гарэцкі, Ф.​Дмахоўскі, К.​Кукевіч, Ф.​Рушчыц, Н.​Сілівановіч, Б.​Тамашэвіч, І.​Трутнеў, І.​Хруцкі і інш. У 19 ст. многія акадэміі мастацкія ператварыліся ў цэнтры афіц. мастацтва і праваднікоў ідэаліст. эстэтыкі, сталі тормазам у развіцці прагрэсіўнага мастацтва. Паміж мастакамі-рэалістамі і прадстаўнікамі акад. мастацтва ішла барацьба (гл. Перасоўнікі). Пецярбургская акадэмія мастацкая, як і многія інш., захавала сваё значэнне як школа прафес. майстэрства. У 19 ст. на Захадзе акадэміямі часам наз. прыватныя маст. студыі (акадэмія Жуліяна ў Парыжы) і інш. У 1933 у Ленінградзе створана як ВНУ Усерас. акадэмія мастацкая, рэарганізаваная ў 1947 у акадэмію мастацкую СССР (Масква), з 1991 Расійская акадэмія мастацтваў. На Беларусі працуе (з 1991) Беларуская акадэмія мастацтваў.

т. 1, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАГО́Н (Aragón),

аўтаномная вобласць на ПнУ Іспаніі, на мяжы з Францыяй. Пл. 47,7 тыс. км², нас. 1,2 млн. чал. (1991). Адм. ц. — г. Сарагоса. Буйныя гарады Уэска і Тэруэль. Уключае правінцыі Сарагоса, Тэруэль і Уэска. Займае Арагонскую раўніну ў бас. р. Эбра. Акаймавана Пірэнейскімі (пік Анета, 3404 м), Іберыйскімі, Кантабрыйскімі і Каталонскімі гарамі. Клімат міжземнаморскі, засушлівы. Сярэднія т-ры студз. 4—8 °C, ліп. 20—24 °C. Ападкаў 350 мм за год. Эканоміка агр.-прамысловая. Земляробства пераважна арашальнае ў даліне р. Эбра. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кукурузу, цукр. буракі, шафран, садавіну, агародніну, вінаград, міндаль, масліны, на паліўных землях — рыс, тытунь, траву альфа. Гадуюць авечак, козаў. Здабыча бурага вугалю, жал. руды. На горных рэках некалькі ГЭС, працуюць ЦЭС на бурым вугалі. Прамысловасць: чорная і каляровая металургія, маш.-буд. (трансп. і с.-г. машыны), металаапр., электратэхн., хім., цэментная, шкляная, папяровая, тэкст., харч., гарбарна-абутковая. Чыг. і аўтамаб. транспарт, нафта- і газаправоды, у Сарагосе міжнар. аэрапорт.

У 9 ст. ў ходзе Рэканкісты засн. графства Арагон. На пач. 11 ст. тэр. Арагоны далучана да каралеўства Навара, у 1035 самастойнае каралеўства, якое на аснове асабістай уніі аб’ядналася ў 1137 з Барселонскім графствам. У 1164 графы Барселоны сталі каралямі і ўключылі ў Арагон усе землі Каталоніі. У 13—15 ст. Арагон адваяваў у маўраў Балеарскія а-вы, Валенсію, Сіцылію, Сардзінію, Неапалітанскае каралеўства. У 1479 каралеўства Арагон з Кастыліяй аб’ядналіся ў адзіную дзяржаву — Іспанію. У 1978 Арагон атрымаў аўтаномію.

Ф.​С.​Фешчанка.

т. 1, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЗНА Уладзімір Іванавіч (н. 25.5.1938, в. Закружка Мінскага р-на),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1961). Настаўнічаў на Браслаўшчыне (Віцебская вобл.), працаваў на Бел. радыё, у час. «Полымя», з 1981 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Аўтар больш за 20 паэт. зб-каў, у т. л. «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (1972), «Цеплыня» (1977), «Цішыня баразны» (1981), «Шумяць вербы...» (1982), «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мелодыя» (1988), «Азёры дабрыні» (1995), кніг для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка — для ўсіх» (1990), «Хітры і мудры» (1994), «Насціна кніжка» (1995), «Іграй, жалейка, не змаўкай...» (1998). Тэмы яго твораў — памяць мінулай вайны, любоў да роднага краю, жыццё і праца, шчасце, радасць і паўсядзённы клопат сучасніка. Шматлікія яго вершы пакладзены на музыку бел. кампазітарамі У.​Буднікам, Я.​Глебавым, Э.​Зарыцкім, І.​Лучанком, Ю.​Семянякам, Л.​Захлеўным, У.​У.​Карызнам і інш., найб. папулярныя з іх увайшлі ў зб-кі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990), «Гэта наша Радзіма» (1998). Уражанні ад наведвання В’етнама і ЗША — у аснове цыкла публіцыстычных твораў (паэма «Размова наросцяж», вершы). Творчасць К. адметная выразнасцю мовы. меладычнасцю, рытміка-інтанацыйным багаццем. Перакладае з укр., літ. і інш. моў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Літ.:

Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 97—99.

Т.​Р.​Ермаковіч.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)