ТРАЛЕ́ЙБУС (англ. trolleybus ад trolley кантактны провад + bus аўтобус),
вагон на колавым хаду з пнеўматычнымі шынамі і з прыводам ад электрарухавіка; від гарадскога (часам міжгародняга) бязрэйкавага эл. транспарту. Бываюць пасажырскія і грузавыя.
Сілкуецца пастаянным токам напружаннем 500—600, часам 750 В. Ток да цягавых электрарухавікоў паступае ад кантактнай сеткі праз падвесныя (тралейныя) правады і штангавыя токаздымальнікі. Спалучае перавагі трамвая (электрацяга, адсутнасць выхлапных газаў) і аўтобуса (лёгкасць і бясшумнасць ходу. магчымасць абгону). Скорасць да 70 км/гадз. Т. створаны ў Германіі ў 1882; у СССР — з 1933, у Маскве з 1934. На Беларусі Т. працуе ў Мінску (з 1952), Гомелі (1962), Магілёве (1970), Гродне (1974), Бабруйску (1978), Віцебску (1978), Брэсце (1981). Т. выпускае ВА «Белкамунмаш» і Мінскі аўтамаб.з-д. Гл. таксама Гарадскі транспарт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАФІ́ЧНЫ ЎЗРО́ВЕНЬ,
сукупнасць арганізмаў біягеацэнозу, аб’яднаных тыпам жыўлення. Адрозніваюць Т.ў.: прадуцэнты (аўтатрофныя арганізмы, пераважна зялёныя расліны), кансументы 1-га (расліннаедныя жывёлы), 2-га (драпежнікі) і 3-га (другасныя драпежнікі) парадкаў, рэдуцэнты (мікраарганізмы-дэструктары). Арганізмы розных трафічных ланцугоў, якія атрымліваюць корм праз аднолькавую колькасць звёнаў, знаходзяцца на адным Т.у. Асобіны аднаго віду, якія прымаюць удзел у розных трафічных ланцугах, могуць знаходзіцца на розных Т.у., у залежнасці ад крыніцы энергіі. На кожным Т.у. корм асімілюецца часткова, значная яго ч. траціцца на абмен, таму прадукцыя арганізмаў кожнага наступнага Т.ў. заўсёды меншая за прадукцыю папярэдняга ў сярэднім у 10 разоў. Адносная колькасць энергіі, што перадаецца ад аднаго Т.ў. да другога, наз. экалагічнай эфектыўнасцю згуртавання. Суадносіны розных Т.у. (трафічную структуру) графічна паказваюць у выглядзе экалагічнай піраміды. Вывучае Т.ў. трофаэкалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫ́ПЛІН (Tripplin) Тэадор (1813, г. Каліш, Польшча — 25.1.1881),
польскі пісьменнік, падарожнік, лекар; удзельнік паўстання 1830—31. У 1831—40 вывучаў медыцыну ва універсітэтах у Кёнігсбергу і Манпелье. Д-р медыцыны (1840). Падарожнічаў па Еўропе і Паўн. Афрыцы. У 1849—56 жыў у Варшаве. Атрымаў вядомасць як аўтар аповесці «Пан Зыгмунт у Іспаніі» (т. 1—4, 1852) і «Успамінаў аб падарожжы ў Данію, Нарвегію, Англію, Партугалію і ў дзяржаву мараканскую» (1844) і інш. У 1856 наведаў Беларусь. Па дарозе з Беластока ў Вільню спыняўся ў Гродне; жыў у доме кн. Чацвяртынскага, наведваў прыватны музей у горадзе, у якім захоўваліся карціны, малюнкі, стараж. зброя. У 1858 у Вільні выйшаў яго дзённік падарожжа па Беларусі і Жамойці.
Літ.:
Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕКІРАВА́ННЕ,
кіраванне аб’ектамі на адлегласці з дапамогай спец. тэлемех. сродкаў; састаўная частка тэлемеханікі. Выкарыстоўваецца ў прам-сці, на транспарце, у энергетыцы, ваен. справе і інш.
Найб. пашыраны сістэмы Т. з перадачай дыскрэтных двух- (напр., тыпу «ўключана» — «выключана») і шматпазіцыйных каманд, а таксама з перадачай неперарыўных каманд (тэлерэгуляванне; напр., Т. касм. апаратамі). На дыспетчарскім пункце сістэмы Т. ўстаноўлены органы аўтам. ці ручнога кіравання аб’ектамі, кадзіравальнае і перадавальнае прыстасаванні. На аб’екце кіравання — прыёмнае і дэкадзіравальнае прыстасаванні, выхадны сігнал з якіх праз пераўтваральнік уздзейнічае на адпаведны выхадны ланцуг. Т. суправаджаецца кантролем выканання каманд сродкамі тэлесігналізацыі і тэлевымярэння. Сістэма Т. ў спалучэнні са сродкамі аўтаматыкі дае магчымасць ажыццяўляць аўтам. кіраванне на адлегласці машынамі і ўстаноўкамі без дзяжурнага персаналу і ствараць вытв. комплексы з цэнтралізаваным кіраваннем. Гл. таксама Тэлекантроль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАМЕХАНІ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ, эфект фантанавання,
узнікненне ў звышцякучай вадкасці рознасці ціску, абумоўленай рознасцю тэмператур.
Выяўляецца ў розніцы ўзроўняў вадкасці ў двух сазлучаных цераз вузкую шчыліну ці капіляр сасудах, якія знаходзяцца пры розных т-рах. Другі наглядны спосаб дэманстрацыі Т.э.: трубку з дробным чорным парашком апускаюць адным канцом у звышцякучы гелій; пры асвятленні парашок хутка награваецца і з прычыны рознасці ціску ў пасудзіне і па-за ёй вадкі гелій фантанам выкідваецца з верхняга канца капіляра. Т.э. тлумачыцца на аснове тэорыі звышцякучасці. Адваротная з’ява (ахаладжэнне звышцякучага гелію пры працяканні яго праз вузкія шчыліны ці капіляры) наз.механакаларычным эфектам.
Тэрмамеханічны эфект: 1 — узровень вадкасці ў пасудзіне з награвальнікам Н вышэйшы, чым у сазлучанай з ім пасудзіне; 2 — фантанаванне гелію пры асвятленні і нагрэве парашку П, які знаходзіцца ў пасудзіне са звышцякучым геліем (В — гіграскапічная вата).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УМЕ́ЖАНЫЯ І АКРЭ́СЛЕНЫЯ ФІГУ́РЫў элементарнай геаметрыі.
Многавугольнік наз.ўмежаным у выпуклую крывую, калі ўсе яго вяршыні належаць гэтай крывой, і акрэсленым,
калі ўсе яго стораны — датычныя прамыя да яе; крывая адпаведна наз. акрэсленай ці ўмежанай. У трохвугольнік можна ўмежыць, а вакол яго акрэсліць адзіную акружнасць; цэнтр акрэсленай акружнасці супадае з пунктам перасячэння перпендыкуляраў да старон трохвугольніка, праведзеных праз іх сярэдзіны, а цэнтр умежанай — з пунктам перасячэння бісектрыс трохвугольніка. Для чатырохвугольніка ўмежаная (акрэсленая) акружнасць існуе, калі выконваецца ўмова: AB+CD=AD+BC (α+β=180°). Такія фігуры разглядаюць і ў прасторы. Гл. таксама Паскаля тэарэма.
А.А.Гусак.
Да арт.Умежаныя і акрэсленыя фігуры: 1 — трапецыя, умежаная ў парабалу; 2 — чатырохвугольнік, акрэслены вакол акружнасці; 3 — паралелепіпед, умежаны ў сферу; 4 — сфера, умежаная ў конус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІТА́РНАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
форма тэрытарыяльнай будовы дзяржавы, пры якой яе тэрыторыя падзяляецца на адм.-тэр. адзінкі — вобласці, раёны, акругі. Ад федэрацыі адрозніваецца адсутнасцю федэратыўных адзінак — штатаў, зямель. У складзе У.дз. могуць быць асобныя аўт. нац.-дзярж. ўтварэнні, якія маюць атрыбуты ўласнай дзяржаўнасці (напр., у складзе унітарнай Украіны знаходзіцца Рэспубліка Крым). Ва У.дз. адна канстытуцыя, адно грамадзянства, адна сістэма органаў дзярж. улады. Адм.-тэр. адзінкі кіруюцца законамі, што прымаюцца цэнтр. органамі; іх тэрыторыя можа быць зменена агульнадзярж. законам без згоды мясц. органаў і мясц. насельніцтва. Існуюць У.дз. дэцэнтралізаваныя (рэгіянальныя органы фарміруюцца незалежна ад цэнтр. органаў, узаемаадносіны паміж імі будуюцца на пачатках дэцэнтралізацыі; Вялікабрытанія, Новая Зеландыя, Іспанія, Італія, Японія) і цэнтралізаваныя (падначаленне рэгіянальных органаў цэнтру ажыццяўляецца праз службовых асоб, якія назначаюцца цэнтр. уладай; Беларусь, Казахстан, Узбекістан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСПРЫМА́ННЕ ЭСТЭТЫ́ЧНАЕ,
працэс, які характарызуе момант успрымання суб’ектам аб’екта як эстэтычнай каштоўнасці. Ажыццяўляецца праз непасрэднае пачуццёвае перажыванне чалавека, дзе выяўляюцца 2 узаемазвязаныя зместавыя структуры: успрыманне эстэт. уласцівасцей і якасцей аб’екта; узровень эстэт. вопыту і эстэт. падрыхтоўкі суб’екта ўспрымання. Значную ролю ва У.э. адыгрывае эстэт. ўстаноўка, якая вызначае схільнасць, гатоўнасць суб’екта да эстэт. дзейнасці. Пры ўспрыманні ў якасці эстэт. аб’екта маст. твора гал. крытэрыем выступае маст. вопыт і ўзровень маст. падрыхтоўкі суб’екта [напр., існуе т.зв. эфект «нажніцы» («un decalage») — разрыў паміж авангардным узроўнем мастацтва і яго масавым успрыманнем рэцыпіентамі].
Літ.:
Выготский Л.С. Психология искусства. М., 1987;
Лановенко О.П. Художественное восприятие: опыт построения общетеоретич. модели. Киев, 1987;
Салееў В.А. Эгнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы. Мн., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЦЭ́ЦЫЯ (ад лац. facetia жарт, досціп),
кароткае апавяданне, блізкае да анекдота, пра смешны і павучальны выпадак з жыцця; від апавядальнай гарадской л-ры эпохі Адраджэння. Вызначаецца займальнасцю сюжэта, распрацоўкай сямейнай тэмы, выкрыццём сац. і агульначалавечых заганаў і г.д.
Узнікла ў зах.-еўрап. л-ры ў 12—13 ст. Заснавальнікам лічыцца італьянец Поджа Брачаліні (15 ст.), яго зб. «Фацэцыі» на лац. мове выклікаў шматлікія перайманні. У сярэдневяковай л-ры Ф. змяшчалі ў зб-ках побач з інш. навеламі («Гісторыя пра сем мудрацоў», «Вялікае зярцала», «Рымскія дзяянні»). Праз іх трапілі на Беларусь.
Ф. выкарыстоўвалі ў сваіх творах М.Рэй, Я.Каханоўскі, У.Сыракомля. Традыцыі Ф. прасочваюцца ў бел. л-ры 20 ст. (зб. «Здубавецця» Р.Барадуліна, 1996; «Анталогія беларускага народнага анекдота і жарта», 2001).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЕПЛАХО́Д,
марское або рачное самаходнае судна, рухачы якога прыводзяцца ў дзеянне цеплавым рухавіком (звычайна дызелем). Ц. з газавай турбінайназ. газатурбаходам (з’явіліся ў 1951, гл.Турбаход).
На Ц. магутнасць ад гал.суднавага рухавіка на суднавы рухач перадаецца непасрэдна або з дапамогай рэдуктара, часам праз злучальную муфту. У параўнанні з параходам Ц. больш эканамічны (з-за меншага ўдзельнага расходу паліва), мае меншыя габарыты сілавой устаноўкі. Першы Ц. пабудаваны ў Расіі (рачны дызель-электраход «Вандал», 1903). У 1934—35 у СССР створаны Ц. на паветр. падушцы (гл.Судна на паветранай падушцы), у 1957 — на падводных крылах (гл.Судна на падводных крылах). Ц. — найб. пашыраны тып сучасных суднаў (больш за 90% усіх трансп. суднаў). На Беларусі выкарыстоўваецца ў рачным транспарце, некаторыя тыпы Ц. выпускаюцца і рамантуюцца на суднабудаўніча-суднарамонтных з-дах (гл.Суднабудаванне).