ГРАЧА́НІКАЎ (Анатоль Сямёнавіч) (8.9.1938, в. Шарпілаўка Гомельскага р-на — 7.3.1991),
бел.паэт. Скончыў Бел.ін-т інжынераў чыг. Транспарту (1960), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1969). З 1971 нам. старшыні праўлення СП Беларусі. Гал. рэдактар час. «Вясёлка» (з 1976), «Бярозка» (з 1978), «Маладосць» (з 1982). Друкаваўся з 1957. У зб-ках «Магістраль» (1964), «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Верасень» (1984), «Жнівень — 45» (1990) — любоў да роднага краю, прыроды, шматграннасць духоўнага свету сучасніка, тонкі лірызм, драматызм перажыванняў, гарманічнае адзінства зместу і формы. Пісаў для дзяцей (кн. «Жывая вада», 1985, і «Зорны палёт», 1988). За кн. вершаў «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка» (абедзве 1983) Дзярж. прэмія Беларусі 1984. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку («Дударыкі», «Белая лілея», «Над Белай Руссю — белы снег...» і інш.). Выступаў як публіцыст, крытык, перакладчык (зб. паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне», з Э.Агняцвет, 1985, і інш.). Аўтар кн. сатыры і гумару «Школа танцаў» (1988).
Тв.:
Калі далёка ты... Мн., 1979;
Я вас люблю... Мн., 1986;
Выбранае. Мн., 1988.
Літ.:
Бярозкін Р. Паэзія — лёс і адказнасць // Полымя. 1971. № 7;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ДКА,
агульная назва нар. духавых муз. інструментаў флейтавага тыпу на Беларусі, Украіне, у Расіі. Падобныя інструменты вядомы з глыбокай старажытнасці ў многіх народаў свету пад рознымі назвамі. Мае выгляд трубкі даўж. 20—30 см з адной свістковай і 5—8 (найчасцей 6) бакавымі ігравымі адтулінамі; у верхні канец трубкі ўстаўлена свістковае прыстасаванне. Бываюць Д. даўж. да 100 см без бакавых адтулін. Вырабляюцца са ствалоў дрэў розных парод (хвоя, клён, крушына, арэшнік і інш.), кары вярбы і лазы, у апошні час з алюмінію. Маюць мяккі, пяшчотны гук разнастайнай афарбоўкі і сілы ў розных рэгістрах, значныя кантыленныя і тэхн. магчымасці.
На тэр. Беларусі Д. вядома з 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. (паводле даных археал. раскопак і літ. помнікаў). У этнагр. працах 19—1-й пал. 20 ст. адзначана выкарыстанне Д. ў некат. каляндарна-земляробчых і сямейных абрадах, на гулянках і бяседах. Пра Д. складзены загадкі, казкі, песні; у прафес. паэзіі яна побач з інш.нар. інструментамі выступае як сімвал паэт. душы народа («Мая дужа» Ф.Багушэвіча). У наш час сустракаецца на ўсёй тэр. Беларусі, на ёй іграюць нар. музыканты, Д. ўведзена ў многія прафес. і самадз. творчыя калектывы, ансамблі і аркестры. Навучанне ігры на Д. існуе ў Бел. ун-це культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХМО́ЎЕ, білінгвізм,
валоданне і карыстанне 2 моўнымі сістэмамі. Адрозніваюць Д.: актыўнае (асоба валодае вуснай формай мовы і карыстаецца ёю), патэнцыяльна актыўнае (асоба валодае вуснай мовай, але працяглы час не карыстаецца ёю) і пасіўнае (асоба разумее мову, але не можа карыстацца вуснай формай); нарматыўнае, або каардынацыйнае (паслядоўна правільнае ўжыванне нормаў абедзвюх моў), аднабакова-нарматыўнае (асоба валодае нормамі толькі адной мовы) і ненарматыўнае (асоба не валодае нормамі ні адной мовы); чыстае (мова выбіраецца адпаведна пэўнай сітуацыі) і змешанае (асоба ў адной і той жа сітуацыі карыстаецца 2 мовамі); непасрэднае (калі мова непасрэдна звязана з мысленнем) і апасродкаванае (мова кадзіруе думкі, выказаныя першаснай мовай); двухбаковае (Д. пашыраецца сярод абодвух этнасаў, якія кантактуюць) і аднабаковае (Д. пашырана толькі ў асяроддзі аднаго з кантактуючых этнасаў); індывідуальнае, групавое, масавае, тэрытарыяльнае, пагранічнае, суцэльнае, агульнанароднае. Для білінгва (асобы) уласцівы т.зв. дамінантны механізм у адносінах да адной з моў: праз гэтую мову рэчаіснасць успрымаецца хутчэй і лягчэй, чым праз іншыя. Для большасці асоб роднай мовы з’яўляецца мова свайго этнасу.
У наш час на Беларусі найб. пашырана бел.-рус. Д. Для шэрагу раёнаў характэрны тып Д. і шматмоўя, пры якім адна з моў — беларуская (бел.-лат., бел.-літ., бел.-польск., бел.-ўкр., бел.-рус.-ўкр.і г.д.). Сярод беларусаў, якія жывуць за мяжой, найб. пашыраны такія тыпы Д.: бел.-польск. (Польшча), бел.-англ. (Канада, ЗША), бел.-іспанскае (Лац. Амерыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІЯ,
княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Заснавальнікам лічыцца ўнук залатаардынскага хана Мамая Лекса (у хрышчэнні Аляксандр), які выехаў у ВКЛ і атрымаў ад вял. князя Вітаўта землі на мяжы з Залатой Ардой і гарады Палтаву і Глінск. Ад назвы апошняга горада (верагодна, на месцы сучаснага г. Залатаноша ў Чаркаскай вобл. Украіны) паходзіць прозвішча. Першым у гіст. крыніцах у 1398 упамінаецца Іван Аляксандравіч Глінскі, ад сыноў якога Барыса, Фёдара і Сямёна пайшлі 3 галіны роду. Нашчадкі Сямёна вядомы да 19 ст. ў Гродзенскай губ., але паступова страцілі княжацкі тытул. Найб. вядомыя прадстаўнікі старэйшай галіны Глінскіх:
Іван Львовіч (мянушка Мамай, каля 1460 — да 1522), намеснік ожскі і пераломскі (1495), ваявода кіеўскі (1505) і навагрудскі (1507). У часГлінскіх мяцяжу 1508 падтрымаў малодшага брата Міхаіла, разам з ім з’ехаў у Маскоўскае княства, атрымаў там г.Мядынь. Васіль Львовіч (мянушка Сляпы, каля 1465 — да 1522), намеснік васілішскі (з 1501), слонімскі (1505), падстолі літоўскі (1502—07). Прымаў удзел у мяцяжы братоў, з’ехаў у Маскву. Міхаіл Львовіч, гл.Глінскі М.Л. Алена Васілеўна (каля 1505 — 13.4.1538), дачка Васіля Львовіча. З 1526 другая жонка вял.кн. маскоўскага Васіля III, пасля смерці якога (1533) кіравала дзяржавай як рэгентша пры малалетнім сыне Іване IV. Юрый Васілевіч (? — 1547), сын Васіля Львовіча. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння свайго пляменніка Івана IV першым рас. царом. Забіты ў час бунту ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЯ́ВА,
афіцыйнае паведамленне ў вуснай форме; пісьмовая просьба аб чым-небудзь. З. могуць падаваць як фіз., так і юрыд. асобы. Пісьмовая заява, пададзеная з захаваннем пэўных правіл справаводства, набывае сілу афіц. дакумента і падлягае разгляду ў вызначаныя заканадаўствам тэрміны. Вядомы З. і ў міжнар. праве ад імя дзяржаў і іх паўнамоцных прадстаўнікоў.
«ЗАЯ́ВА 32-х»,
даклад, накіраваны 1.2.1921 у Цэнтр. Бюро КП(б)Б 32 беларусамі-камуністамі [С.Г.Булат, П.В.Ільючонак, Я.П.Каранеўскі, А.С.Кудзелька, М.С.Кудзелька (М.Чарот), і інш.]. Быў спробай выпрацаваць праграму адраджэння Беларусі ва ўмовах пераходу ад грамадз. вайны да мірнага развіцця, улічваючы захоп Польшчай Зах. Беларусі, прапаноўвалася сабраць бел. землі ў межах адзінага вытв.-гасп. і этнагр. арганізма і перадаць БССР тэрыторыі, якія засталіся ў складзе РСФСР у час грамадзянскай вайны. Эканам. адносіны з Сав. Расіяй меркавалася будаваць на аснове адзінага гасп. плана, з улікам гіст. асаблівасцей, рэсурса-сыравіннага забеспячэння Беларусі. Значная частка даклада прысвечана нац.-культ. пытанням: развіццю нац. асветы, школы, кнігавыдавецтва, фарміраванню нац. кадраў, пашырэнню ўжывання бел. мовы. Адначасова з дакладам яго аўтары звярнуліся 14.1.1921 з дакладной запіскай у ЦК РКП(б). У 1930-я г. ў час кампаніі супраць т.зв. нацдэмаў «Заява 32-х» была пастаўлена ў віну яе аўтарам як «контррэвалюцыйны акт», «нацыянал-дэмакратычны катэхізіс», «платформа, спісаная ў эсэраўскай арганізацыі» і большасць з іх рэпрэсіравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗМАІ́Л,
горад на Украіне, раённы цэнтр Адэскай вобл. Размешчаны на левым беразе Кілійскага гірла (вусця) Дуная, за 80 км ад Чорнага м. 95 тыс.ж. (1993). Порт, даступны для марскіх суднаў. Чыг. станцыя. Прам-сць: харчасмакавая (кансервавая, рыбная, мясная і інш.), суднарамонтна-механічная, цэлюлозна-кардонная, буд. матэрыялаў і лёгкая. Пед.ін-т. Музей А.В.Суворава (у т. л. дыярама «Штурм крэпасці Ізмаіл»), карцінная галерэя. Арх. помнікі: мячэць 16 ст., Пакроўскі сабор (1831), цэрквы Раства (1823) і Нікольская (1833).
Вядомы са стараж. часоў. У 12 ст. на месцы І. была генуэзская крэпасць, пазней належала Малдаўскаму княству 3 16 ст.тур. крэпасць. У рус.-тур. вайну 1768—74 узяты рус. войскамі, з 1771 база рас. Дунайскай ваен. флатыліі. Паводле Кючук-Кайнарджыйскага мірнага дагавора 1774 вернуты Турцыі. У рус.-тур. вайну 1787—91 зноў узяты рус. войскамі на чале з А.В.Суворавым. Паводле Яскага дагавора 1791 вернуты Турцыі. Трэці раз І. узяты рус. войскамі ў часрус.-тур. вайны 1806—12 і паводле Бухарэсцкага дагавора 1812 застаўся за Расіяй. У выніку Крымскай вайны 1853—56 паводле Парыжскага дагавора 1856 І. разам з паўд ч. Бесарабіі адышоў да Турцыі. У часрус.-тур. вайны 1877—78 чацвёрты раз узяты рус. войскамі і паводле Сан-Стэфанскага мірнага дагавора 1878 перададзены Расіі. У 1918 акупіраваны Румыніяй, з 1940 у СССР. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-рум. войскамі (1941—44).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КМІ́ТА-ЧАРНАБЫ́ЛЬСКІ (Філон Сямёнавіч) (каля 1530 — да 29.11.1587),
ваенны і паліт. дзеяч ВКЛ. З шляхецкага роду Кмітаў. У часЛівонскай вайны 1558—83 камандаваў войскамі на ўсх. мяжы ВКЛ. У 1566 за ваен. заслугі атрымаў каралеўскі прывілей на прызначэнне дзяржаўцам г. Чарнобыль у Кіеўскім ваяв. (адсюль другое прозвішча); аршанскі староста. У 1579 прызначаны ваяводам смаленскім, што давала права на месца ў Сенаце Рэчы Паспалітай. У час паходу 1580 на Вял. Лукі быў разбіты. У 1580—81 вёў ваен. дзеянні на паграніччы з Маскоўскай дзяржавай, рабіў рэйды ў глыб рас. тэрыторый. Збераглося 30 лістоў-данясенняў К.-Ч. за 1573—74, дасланых з Оршы ў Вільню членам дзярж. рады ВКЛ (упершыню апубл. ў 1844, найб. поўна з навук. каментарыямі — у 1975), якія з’яўляюцца гіст. дакументам эпохі, помнікам стараж.бел. л-ры. Лісты ўтрымліваюць звесткі пра ваенна-паліт. становішча на ўсх. межах ВКЛ, у Маскоўскай дзяржаве, палітыку Івана IV Грознага, рус.-тат. адносіны і інш.; у іх даецца ацэнка тагачасных гіст.-паліт. падзей. Вылучаюцца лісты да кашталяна трокскага Я.Валовіча, з якіх паўстае асоба аўтара ярка выяўленай індывідуальнасці; яны раскрываюць характар, перажыванні і адносіны К.-Ч. да навакольнай рэчаіснасці, асобныя бакі жыцця і побыту служылай шляхты. Лісты напісаны эмацыянальна, публіцыстычна, з выкарыстаннем нар. прыказак і прымавак, сродкаў гумару і сатыры, вобразаў і цытат з літ. твораў.
Тв.:
Лісты // Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІ́ЦКАЕ (БЕЛАРУ́СКАЕ) НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВАімя Пранціша Скарыны
(КНТ). Існавала ў 1946—49 у Германіі, у 1949—76 у ЗША. Засн. 23.6.1946 у лагеры для перамешчаных асоб у г. Рэгенсбург (Германія). Яго старшынямі ў розны час былі Я Станкевіч, А.Адамовіч і А.Махноўскі. Кіруючы орган — штогадовы з’езд. Мела на мэце аб’яднаць намаганні вучоных-беларусаў для навук. працы ў галіне беларусазнаўства. 5.5.1949 цэнтр т-ва перанесены ў г. Нью-Йорк, 23.11.1959 яно атрымала правы культ. і навук. установы, створаны аддзелы ў г. Чыкага (ЗША) і Аўстраліі. Пры т-ве дзейнічалі секцыі: літ. (з 26.8.1950),
мовазнаўчая (з 28.4.1951), гіст. і пед. (з 25.1.1953). 27.4.1952 пры ім засн.Ін-т найноўшай гісторыі Беларусі (кіраўнік М.Чатырка) і Прэсавае бюро (кіраўнік Ю.Віцьбіч). Т-ва займалася зборам дакументаў, рукапісаў, бел. выданняў, якія захоўваліся ў створаным пры ім Бел. архіве (дырэктар А.Шукелойць). З 1957 уваходзіла ў Бел.-амер. дапамогу (Нью-Йорк) і Задзіночанне слав.навук. арг-цый ЗША. Т-вам выдадзены «Паказальнік беларускіх выданняў на чужыне за 1945—50 гг.» М.Панькова (1952), «Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразеалагічны і прыказак, а таксама прывітанняў, зычэнняў і інш.» Станкевіча (2-е выд. 1953), кнігі «Лявон Вітан-Дубейкаўскі» К.Вітан (1954), «Ул. Жылка. Творы: Да 20-х угодкаў смерці» (1953, усе ў Нью-Йорку). Выдавала навукова-літ.час. «Веда». Спыніла дзейнасць у 1976 у сувязі са смерцю Станкевіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВІ́ЦКІ (Мацвей Восіпавіч) (1816, в. Вашкі каля г. Гайнаўка, Польшча — 1900),
філосаф-дэмакрат, асветнік і публіцыст. Вучыўся ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў лекарам у Каўнасе і Беластоку. За ўдзел у рэв.-дэмакр. руху і ў дзейнасці звязаных з ім тайных т-ваў і арг-цый, у т. л.«Дэмакратычным таварыстве», у 1840 арыштаваны і высланы ў Сібір. Амнісціраваны ў 1858. Супрацоўнічаў у час. «Gwiazda» («Звязда») і «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»). У сваіх працах «Нарыс духу Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі», «Погляд на хрысціянскі свет» і «Варыяцыі», напісаных у гады вучобы ў акадэміі, паказваў дыялект. ўзаемасувязь прыроды (матэрыі) і духу, розуму і ведаў, сцвярджаў ідэі сац. справядлівасці, свабоды, гуманізму і самакаштоўнасці чалавечай асобы. Зыходным пунктам яго філас. сістэмы быў прынцып «натуральнага права» і «натуральнай роўнасці» людзей, які служыў і абгрунтаваннем права прыгнечаных народаў на нац. самастойнасць, свабоднае і незалежнае развіццё у супольнасці інш. народаў. На думку Л., высокія маральныя якасці набываюць сапраўдную каштоўнасць толькі ў самаахвярнай працы чалавека на карысць грамадства, а ўмовамі дасягнення сапраўднай свабоды і шчасця людзей з’яўляюцца знішчэнне саслоўных адрозненняў і ўсякіх прывілеяў арыстакратыі. Лічыў, што сац. ісціны не могуць здзейсніцца без пэўных ахвяр, і ў той жа час рашуча не прымаў крывавыя перавароты і рэвалюцыі тыпу якабінскай дыктатуры за іх жорсткі, антыгуманны характар, заклікаў вярнуцца да ідэалаў «чыстага» (сапраўднага) хрысціянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ШКА (Рыгор Данілавіч) (16.2.1902, в. Бязверхавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — крас. 1944),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1917—18). Скончыў інструктарскія курсы пры Наркамаце ўнутр. спраў Беларусі (1920). У 1921—24 на сав. і парт. рабоце. З 1926 адказны сакратар час. «Бальшавік Беларусі», у 1930—33 у Дзярж. выд-ве БССР. У Вял.
Айч. вайну ўдзельнік Мінскага падполля, з восені 1943 у партызанах. Загінуў у час прарыву ням.-фаш. блакады партызан на Лагойшчыне. Друкаваўся з 1924. Асн. тэматыка першага зб. апавяданняў «Стрэл начны ў лесе» (1926) — падзеі грамадз. вайны. Аўтар зб-каў апавяданняў «Прыгранічны манастыр» (1930), «Званкі» (1931), «Рузікі» (1932), «Мюдаўская ноч» (1934), напісаных на матэрыяле жыцця бел. вёскі, аповесці «У іхным доме» (1929). Раман «Сын» (1929, 3-е выд. 1957) пра жыццё бел. народа ў рэвалюцыю 1905—07, раман «Салаўі святога Палікара» (1940, асобнае выд. 1967) пра калектывізацыю, бел. вёску 1930-х г. Раман «Таварышы» (1942, пад псеўд. Максім Загорскі) пра драм. лёс мастака з рабочага асяроддзя, жыццё даваен. Мінска. Думкамі аб гіст. праве бел. народа на самаст. жыццё прасякнуты раман «Насуперак лёсу» (1942, пад псеўд. Мікалай Дуброўскі) пра сацыяліста-рэвалюцыянера А.Савіцкага.
Літ.:
Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы 3 выд.Мн., 1977;
Строева Т. Рыгор Мурашка // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг.Мн., 1985;