ЛІТУРГІ́Я

(грэч. leiturgia),

1) найбольш важнае богаслужэнне правасл. царквы (у католікаў і пратэстантаў наз. імша). Праводзіцца звычайна ў перадабедзенны час (адсюль другая назва — абедня). Рэлігійны сэнс Л. — здзяйсненне таінства прычасці, ці еўхарыстыі. Паводле евангелляў, першая еўхарыстычная трапеза адбылася ў вял. чацвер у час Тайнай вячэры Ісуса Хрыста з апосталамі. Большасць тэкстаў правасл. Л. нязменныя, у адрозненне ад зах. традыцыі, дзе асн. іх частка мяняецца ў залежнасці ад канкрэтнага рэліг. свята. Гістарычна сфарміраваліся 3 асн. чыны Л.: блізкія паводле зместу Іаана Хрызастома, ці Златавуста (штодзённы) і Васіля Вялікага (святкуецца 10 разоў на год); папярэдне асвячоных дароў, ці Грыгорыя Дваяслова (у час вял. посту і ў першыя 3 дні Перадвелікоднага тыдня). Парадак іх правядзення выкладзены ў Служэбніку. Л. ўключае праскамідыю — спец. рытуальнае прыгатаванне «рэчыва для св. еўхарыстыі» з просвір і разбаўленага чырв. віна; Л. апавешчаных для тых, хто рыхтуецца да хрышчэння, і тых, хто адлучаны ад прычасці і каецца ў грахах; Л. верных, на якой спачатку прысутнічалі толькі хрысціяне. Л. складаецца з чытання выбраных урыўкаў з Бібліі, малітваў, шэрагу сімвалічных дзеянняў і працэсій, песнапенняў.

Сутнасная і неад’емная частка Л. — псалмодыя, антыфонны і рэспансорны спеў. Да 16 ст. музыка Л. развівалася ў рэчышчы манадыйнай традыцыі. Важнейшыя тэксты распяваліся ў традыцыйным знаменным, дзямественным, вялікім, малым, грэчаскім і інш. стылях. На Беларусі найб. пашыраны былі мелодыі т. зв. кіеўскага і балг. роспеваў, а таксама мясц. меладычныя варыянты (супрасльскія, віленскія, мірскія і інш.). У 17—18 ст. у муз. афармленні большую ролю адыгрывалі партэсныя кампазіцыі, якія паступова пачалі дамінаваць. Асобныя «херувімскія» і інш. кампазіцыі на тэксты Л. і цыклы т. зв. «службаў божых», аб’яднаныя адзінай аўтарскай задумай, стварылі М.Дылецкі, В.Цігоў, А.Ведаль, С.Давыдаў і інш. З канца 18 ст. важную ролю паЧалі адыгрываць хар. канцэрты a cappella, кампазіцыі досыць вольнай формы, якія выконваліся ў час Л. (Дз.Бартнянскі, М.Беразоўскі, С.Дзегцяроў, Ведаль і інш.). Росквіт правасл. музыкі канца 19 — пач. 20 ст. звязаны са стварэннем літургічных цыклаў П.Чайкоўскага, А.Грачанінава, А.Кастальскага, С.Рахманінава і інш. Да 1-й пал. 18 ст. традыц. чыны Л. — нязменная аснова літургічнай практыкі уніяцкай царквы Беларусі. Менавіта ў Л. — набажэнства, прызначанае для шырокіх колаў вернікаў, найб. актыўна ўводзіліся кампазіцыі ў новых муз. стылях. Захаваліся унікальныя помнікі уніяцкай муз. традыцыі «Херувік балгарскі» св. Іасафата Кунцэвіча (аднагалосая кампазіцыя страфічнай будовы; Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў Нац. б-кі Рэспублікі Беларусь) і першы вядомы помнік шматгалосай партэснай кампазіцыі «Херувімская» з Супрасльскага ірмалоя 1639 (б-ка АН Літвы). У сучаснай бел. музыцы цыклы Л. стварылі М.Равенскі, М.Шчаглоў-Куліковіч, А.Хадоска, А.Залётнеў, А.Бандарэнка, Л.Шлег.

2) 3 16 ст. ў каталіцкай тэалагічнай л-ры тэрмін «Л.» абазначае сукупнасць афіц. богаслужэнняў і цырымоній.

Літ.:

Арранц М. Историческое развитие Божественной литургии. Л., 1978;

Георгиевский А.И. Чинопоследование Божественной литургии. Л., 1991;

Кандинский А. Литургия святого Иоанна Златоуста // Муз. академия. 1993. № 3;

Протопопов В. Музыка русской литургии: Пробл. цикличности // Там жа. 1996. № 3—4;

1997. № 1.

Т.У.Ліхач.

т. 9, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)