ЛЕ́БЕРЭХТ ((Leberecht) Ганс Фрыдрыхавіч) (1.12.1910, г. С.-Пецярбург — 10.11.1960),

эстонскі пісьменнік. Вучыўся ў Ленінградскім вячэрнім літ. ун-це імя М.​Горкага (1935—37). Друкаваўся з 1930. Пісаў на эст. і рус. мовах. Аповесць «Святло ў Каордзі» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949) пра пасляваен. жыццё эст. вёскі. Аўтар раманаў «Капітаны» (1954), «Салдаты ідуць дадому» (1956), «Палацы Васараў» (1960), аповесцей «Вечны колер» (1936), «У адной хаце» (1957). На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў Л.​Салавей.

Тв.:

Бел. пер. — Святло ў Каордзі. Мн., 1952;

Рус. пер. — Повести. М., 1953;

Солдаты идут домой. М., 1960;

Дворцы Вассаров. М. 1965.

т. 9, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАШО́Ў (Валянцін Сяргеевіч) (6.8. 1915, Масква — 29.8.1994),

расійскі кампазітар, харавы дырыжор. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Новасібірскае муз. вучылішча (1939), вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі. У 1946—62 маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца Амурскай флатыліі, Сібірскага нар. хору, з 1962 — Рускага народнага хору імя М.​Пятніцкага. Аўтар запісаў і апрацовак сібірскіх нар. песень. Сярод твораў: аперэта «Вятры вясновыя» (1964); паэма-кантата «Мая Сібір» (1950), «Паэма аб Амуры» (1949); аркестрава-хар. і вак.-харэаграфічныя сюіты; творы для аркестра нар. інструментаў, для голасу і фп.; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Расіі 1971.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НАН ((Lennon) Джон) (Уінстан; 9.10. 1940, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 8.12.1980),

англійскі рок-спявак, гітарыст, кампазітар, паэт. З 1954 кіраваў створаным ім вак.-інстр. ансамблем «Кварымен». З 1956 удзельнік вак,інстр. квартэта «Бітлз», для якога пісаў песні (разам з П.Макартні). З 1970 выступаў самастойна як саліст і ў ансамблі з жонкай Ёка Она. Аўтар альбомаў «Джон Ленан. Пластык Она Бэнд» (1970), «Уяві сабе» (1971), «Рок-н-рол» (1975), «Двайная фантазія» (1980; разам з Она); сярод хітоў «Дайце свету шанц» (гімн прыхільнікаў міру), «Маці», «Герой з рабочага асяроддзя», «Што дапамагае перажыць ноч», «Улада народу». Загінуў ад рукі фанатыка.

т. 9, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБЯДЗІ́НСКІ (Юрый Мікалаевіч) (10.12.1898, г. Адэса, Украіна — 24.11.1959),

расійскі пісьменнік. Адзін з кіраўнікоў Расійскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Аповесці «Тыдзень» (1922), «Камісары» (1925) пра грамадз. вайну. Жыццю і побыту народаў Каўказа, іх мінуламу прысвяціў раман «Баташ і Батай» (1940—41), трылогію «Горы і людзі» (1947), «Зарава» (1952) і «Раніца Саветаў» (1957). Аўтар раманаў «Заўтра» (1923), «Паварот» (1927), «Нараджэнне героя» (1930), аповесцей «Паездка ў Крым» (1957), «Справы сямейныя» (апубл. 1962), мемуараў «Сучаснікі» (1958), «Сувязь часоў», «Выхаванне душы» (абедзве апубл. 1962), п’ес, нарысаў і інш.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1980.

Літ.:

Либединская Л. Зеленая лампа: Воспоминания. М., 1966.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́МА БАРЭ́ТУ ((Lima Barreto) Афонсу Энрыкіс ды) (13.5.1881, г. Рыо-дэ-Жанейра, Бразілія — 1.11.1922),

бразільскі пісьменнік. У раманах «Запіскі архіварыуса» (1909), «Сумны канец Палікарпу Кварэзмы» (1915), «Жыццё і смерць Ганзагі ды Са» (1919), «Клара дус Анжус» (1923—24) адлюстраваў жыццё дробнай буржуазіі, чыноўнікаў, гар. беднаты. Аўтар зб. апавяд. «Гісторыя і мары» (1920), крытычных артыкулаў. Яго творам уласціва спалучэнне псіхалагізму з гратэскавай сатырай. Паўплываў на развіццё рэаліст. сац.-псіхал. браз. рамана.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Под небом Южного креста: Браз. новелла XIX—XX вв. М., 1968.

Літ.:

Тертерян И.А. Бразильский роман XX в. М., 1965.

т. 9, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНГІ́С ((Lingys) Юозас) (1.1.1919, в. Гілішкяй Марыямпальскага пав., Літва — 16.12.1984),

літоўскі танцоўшчык, харэограф; заснавальнік літ. сучаснай харэаграфіі. Нар. арт. СССР (1970). У 1946—82 гал. балетмайстар Дзярж. нар. ансамбля песні і танца «Летува». У 1975—79 выкладаў у Літ. кансерваторыі (з 1978 праф.). Стварыў канцэртныя праграмы «Вецер стагоддзяў» і «Святочныя вечары» (Дзярж. прэмія СССР 1970), каля 200 харэаграфічных пастановак. Гал. балетмайстар рэсп. свят песні (1950, 1955, 1965, 1970, 1975). Аўтар кніг «Сцэнічны літоўскі народны танец» (ч. 1—4, 1975—81), «Літоўскія народныя танцы» (кн. 1—4, 1978—85). Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія Літвы 1965.

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЬКО́Ў (Рыгор Мацвеевіч) (14.2.1899, с. Васільеўка Акцябрскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 17.12.1961),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў ваен. эл.-тэхн. акадэмію (1938). У Чырв. Арміі з 1918. У Вял. Айч. вайну з вер. 1941 камандзір дыверсійна-разведвальнага партыз. атрада, які ў 1941—42 зрабіў 600-кіламетровы рэйд па тылах праціўніка ў паўд. раёнах Беларусі. З мая 1943 камандзір дыверсійна-разведвальнай групы, што дзейнічала ў раёне Брэст—Баранавічы—Ваўкавыск, потым на тэр. Польшчы і Чэхаславакіі. Аўтар кн. «Вайна ў тыле ворага» (1959).

Р.М.Лінькоў.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПНЕ́ВІЧ (Валерый Іванавіч) (н. 21.9.1947, Мінск),

расійскі пісьменнік. Скончыў БДУ (1973). Да 1981 працаваў у Ін-це фізікі АН Беларусі, у друку. Друкуецца з 1970. Распрацоўвае свабодны верш. Паэт. зб-кам «Трава і дождж» (1977), «Цішыня» (1979), «Невядомая планета», «Дрэва і рака» (абодва 1988) уласцівы філас. светаразуменне, асэнсаванне «вечных» праблем быцця. Аўтар апавяданняў, літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць Р.​Барадуліна, Т.​Бондар, В.​Быкава, М.​Танка, Я.​Янішчыц і інш. На рус. мову пераклаў асобныя вершы Р.​Баравіковай, Л.​Геніюш, А.​Глобуса, Г.​Каржанеўскай, А.​Куляшова, Г.​Пашкова і інш.

А.​В.​Спрынчан.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСО́ЎСКІ (Міхаіл Якаўлевіч) (17.3.1931, в. Белы Мох Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 1.10.1970),

бел. жывапісец і графік. Скончыў Бел. тэатр.маст. ін-т (1960). У 1960—70 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у жанрах партрэта, быт., станковай графіцы. Жывапісныя работы вызначаюцца рэаліст. трактоўкай вобразаў, багаццем каларыту, псіхалагізмам: «Настаўніца» (1960), партрэты бел. пісьменнікаў Я.​Брыля, Я.​Семяжона (абодва 1967), Н.​Гілевіча (1968) і інш. Аўтар шматлікіх малюнкаў, карыкатур і шаржаў на тэмы культ. жыцця (альбом «Няўрокам кажучы...», 1971).

Літ.:

Шматаў В.Ф. Беларуская сатырычная графіка (1945—1970 гг.). Мн., 1971.

М.Лісоўскі. Настаўніца. 1960.

т. 9, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОСЬ (Алена Уладзіміраўна) (н. 4.2.1957, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Дачка Л.М.Лось. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). Творы вылучаюцца арыгінальнасцю маст. вырашэння, цікавасцю да бел. нар. традыцый. Працуе ў тэхніках саломапляцення («40 год Перамогі», «Павукі», 1980—86; пано, дробная пластыка, упрыгожанні, 1986—97), аплікацыі (серыя «Народны каляндар», 1984), батыку (серыі «Кветкі...», 1992, «Хрызантэмы», 1994; «Касмічная», «Вясна», «Супрацьстаянне», усе 1997) і інш. Аўтар мадэляў дзіцячага і трыкат. адзення, трыкат. палотнаў і інш. Удзельнічала ў рэстаўрацыі царскіх варот 18 ст. з в. Лемяшэвічы Пінскага р-на Брэсцкай вобл.

Г.​А.​Фатыхава.

А.У.Лось. Кветкі... Батык. 1997.

т. 9, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)