БРЭ́СЦКІ КЛЯШТА́Р АЎГУСЦІ́НЦАЎ.
Існаваў з пач. 15 ст. да 1830 у Брэсце. Засн. каля 1410 вял. кн. ВКЛ Вітаўтам, які даў кляштару 2 карчмы ў Брэсце, загадаў выплачваць манахам па 4 грошы з мыта, па дзесяціне ад брэсцкіх мяшчан і з в. Бучэмля і Трасцяніца. Асн. даход аўгусцінцы атрымлівалі ад в. Кастамлоты, якая належала ім да 1795. Кляштар меў таксама 2 юрыдыкі ў Брэсце, на яго карысць рабіліся грашовыя запісы, і ён лічыўся самым багатым сярод аўгусцінскіх кляштараў ВКЛ. У 17—18 ст. у ім жыло каля 20 манахаў, адбываліся ордэнскія капітулы, дзейнічалі школы філасофіі і тэалогіі, існавала б-ка (у 1818 у ёй былі 322 кнігі). Іх кляштар і першы драўляны касцёл Найсвяцейшай Тройцы размяшчаліся ў прадмесці паміж рэкамі Мухавец і Укрынка (згарэлі ў 1666). Для новай пабудовы ў 1672 брастчане ахвяравалі ім пляцы і дамы на рынку. Мураваны касцёл асвячоны біскупам у 1686. У пач. 18 ст. ён зруйнаваны, каля 1714 адноўлены, пасля пажараў 1801 і 1808 капітальна адбудаваны. У 1830 кляштар скасаваны, будынкі перададзены ваен. ведамству (размяшчаўся к-т крапасных інжынераў). Касцёл перабудаваны пад Мікалаеўскую царкву (захаваўся часткова).
Літ.:
Godzawa M. Augustjanie w Brześciu Litewskim: (Notatka historyczna) // Rocznik Towarzystwa przyjaciół nauk w Wilnie, 1909. Wilno, 1910. Т. 3.
А.А.Ярашэвіч.
т. 3, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУ́РА І НА́ЦІСК»
(«Sturm und Drang»),
грамадска-літ. рух у Германіі ў 1700—80-я г. (назва ад аднайм. драмы ням. пісьменніка Ф.М.Клінгера; 1776). Найб. значныя прадстаўнікі: І.В.Гётэ і Ф.Шылер (ранні перыяд творчасці), Клінгер, Я.М.Р.Ленц, Г.Л.Вагнер, Г.А.Бюргер, К.Ф.Д.Шубарт, І.Г.Фос. Для творчай практыкі пісьменнікаў «Бура і націск» характэрны пераважна зварот да драматургіі. Яны выступілі з рэзкім пратэстам супраць сац. несправядлівасці, дэспатызму феадалаў, рэліг. і саслоўных ланцугоў грамадства, адстойвалі права асобы на годнасць і свабоднае развіццё. У процілегласць асветніцкаму рацыяналізму і нарматыўнай эстэтыцы класіцызму «бурныя геніі» супрацьпаставілі ідэю самабытнага ва ўсіх праявах «характэрнага мастацтва», патрабавалі адлюстравання моцных пачуццяў, гераічных учынкаў, характараў, не зломленых дэспатычным рэжымам, абвяшчалі культ «арыгінальнага генія» — мастака-творцы. Літ. ўзорамі для іх былі паэмы Гамера і трагедыі У.Шэкспіра. Вырашальнае значэнне ў станаўленні эстэтыкі «Буры і націску» мелі думкі І.Г.Гердэра пра нац. своеасаблівасць мастацтва і яго нар. карані, пра ролю фантазіі і эмацыянальнага пачатку. Моцны пратэст супраць несправядлівасці, характэрны для творчасці прадстаўнікоў руху, дазволіў ням. Асветніцтву ўзняцца да ўзроўню нац.-вызв. задач эпохі.
Літ.:
Неустроев В.П. «Буря и натиск» // Неустроев В.П. Немецкая литература эпохи Просвещения. М., 1958.
А.С.Шаўчэнка.
т. 3, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЛЕ́СКА (франц. burlesque ад італьян. burlesco жартоўны),
1) у літаратуры жанр камічнай, парадыйнай паэзіі. Камічны эфект у бурлесках дасягаецца ў адным выпадку неадпаведнасцю, рэзкім кантрастам паміж узвышанай тэмай і яе падкрэслена будзённым вырашэннем (травесційная), у другім — неадпаведнасцю паміж «нізкай», трывіяльнай тэмай і ўзвышанай, «кніжнай» мовай (іроікамічная). Вядома бел. л-ры ў канцы 18 — пач. 19 ст.; была адной з вызначальных формаў на пач. яе станаўлення. Парадзіравала сюжэты з Бібліі («Уваскрэсенне Хрыстова», калядкі) або антычнай міфалогіі (паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»). Аб узвышана-гераічных падзеях расказвалася «нізкай» гутарковай мовай, шырока выкарыстоўваліся бытавыя рэаліі. Бел. бурлескныя творы былі своеасаблівай рэакцыяй на каноны класіцызму, пашыраныя ў тагачаснай рус. і польскай л-рах.
2) У музыцы, п’еса жартоўнага, часам грубавата-камічнага або капрызнага характару, звычайна хуткага тэмпу, свабоднай будовы. Блізкая да капрычыо і гумарэскі. Найб. пашырана ў 17—18 ст., пазней знікла з кампазітарскай практыкі, адрадзілася на мяжы 19—20 ст. Як самаст. п’еса або як частка цыклічнага твора сустракаецца ў музыцы для клавішных (І.С.Бах, Ф.Куперэн, Р.Шуман, Р.Штраус, Б.Бартак), радзей для струнных (Дз.Шастаковіч) інструментаў. З бел. кампазітараў бурлескі пісалі Я.Дзягцярык, Э.Тырманд, Л.Шлег і інш. Тэрмін «бурлеска» абазначае таксама разнавіднасць камічнай оперы, блізкай да вадэвіля.
А.В.Мальдзіс (бурлеска ў літаратуры).
т. 3, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДНАЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,
від спорту, у аснове якога хуткае перамяшчэнне спартсмена па паверхні вады на спец. лыжах пры дапамозе буксіровачнага троса (за катэрамі ці на электрацязе). Т. зв. вадналыжнае трохбор’е ўключае слалам, фігурнае катанне і скачкі на лыжах з трампліна. У слаламе (на 2 ці 1 лыжы) спаборнічаюць у хуткім і правільным праходжанні трасы; у фігурным катанні спартсмены за пэўны час павінны выканаць як мага больш складаных фігур, якія ацэньваюцца ў ачках; у скачках з трампліна (драўлянага насцілу выш. 150 см для жанчын і 180 см для мужчын) ацэньваецца далёкасць і тэхніка палёту. Як від спорту аформіўся ў 1930-я г. ў ЗША. У 1947 створаны Сусв. вадналыжны саюз; чэмпіянаты свету з 1949.
На Беларусі актыўна развіваецца з сярэдзіны 1960-х г. З 1964 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры воднага спорту былі (з 1973) шматразовымі пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў СССР (заваявана 167 медалёў), уладальнікамі кубка СССР; на чэмпіянатах свету і Еўропы, спаборніцтвах на Кубак свету і Кубак Еўропы заваявана (на 1995) больш як 150 медалёў, з іх больш за 60 залатых. Найб. поспеху дасягалі І.Потэс, А.Мінянок, Дз.Яскевіч, М.Амяльянчык, Ю.Грамыка, А.Паўлава, А.Надзін і інш. Нац. зборная Беларусі — чэмпіён Еўропы ў спаборніцтвах на электрацязе (1990) і на класічных лыжах (1992).
М.А.Дубіцкі.
т. 3, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЭВІ́ЛЬ (франц. vaudeville),
жанр драматургіі; від лёгкага камедыйнага паказу з займальнай, нярэдка заблытанай інтрыгай, з песнямі-куплетамі, рамансамі і танцамі. Узнік у Францыі ў 18 ст. Класікі жанру Э.Скрыб, Э.Лабіш. Франц. вадэвіль паўплываў на развіццё гэтага жанру ў Польшчы (А.Фрэдра), Германіі (Г.Фрайтаг), Даніі (І.Л.Хэйберг) і інш. краінах Еўропы. У Расіі з’явіўся на пач. 19 ст. (А.Шахаўской, Дз.Ленскі, П.Каратыгін, Ф.Коні, М.Някрасаў, А.Чэхаў).
На Беларусі элементы вадэвіля былі ў інтэрмедыях фалькл. т-ра 16—19 ст. У прафес. драматургіі жанр вадэвіля распрацоўваў В.Дунін-Марцінкевіч. Свае п’есы «Пінская шляхта» (1866) і «Залёты» (1870) ён вызначыў як фарс-вадэвіль. Яны насычаны песнямі, куплетамі, рамансамі, разам з тым вызначаюцца сац. зместам, глыбінёй, сатыр. завостранасцю. Бел. вадэвіль, прыняўшы каноны класічнага франц. вадэвіля, меў уласную нац. адметнасць, што выявілася ў характары гумару, большай схільнасці да сатыры і фарсу. Элементы вадэвіля ёсць у п’есах «Модны шляхцюк» К.Каганца (1910), «Прымакі» Я.Купалы (1913), «Снатворны мак» К.Лейкі (1912), «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча (1920), «Мікітаў лапаць» М.Чарота (1923), «Мужчына, будзь мужчынам» М.Матукоўскага (1966); на фарсава-вадэвільных сітуацыях заснаваны п’есы Л.Родзевіча «Пасланец» (1918), «Конскі партрэт» (1920) і «Збянтэжаны Саўка» (1921). На сучасным этапе вадэвіль у драм. мастацтве замяніла камедыя, у музычным — аперэта, мюзікл.
т. 3, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАДКО́ВІЧЫ, Валадкевічы,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду герба «Радван». Верагодна, паходзяць ад шляхціца з Віленскага пав. Каспара Мікалаевіча Валадовіча, сыны якога Марцін і Рыгор у 1567 ставілі ў войска ВКЛ 2 коннікаў з маёнтка Геранёны Ашмянскага пав.; Марцін згадваецца і сярод шляхты Менскага пав. Найб. вядомыя:
Марцін (згадваецца ў 1567—82), пісар земскі, суддзя земскі і гараднічы менскі (1582). Меў сына Адама і дачку Палонію, якая была жонкаю кн. П.Друцкага-Горскага. Марцін, верагодна, сын Адама. Суддзя земскі менскі (1628). Крыштоф (1600 ? — 1670), пісар земскі менскі, ваявода новагародскі (1658). У 1645 другі шлюб узяў з княжной Альжбетай з роду Друцкіх-Саколінскіх (памерла ў 1653). Яго дачка Соф’я Канстанцыя ў 1652 выйшла замуж за маршалка ВКЛ кн. А.Палубінскага. Марцін Казімір, гараднічы і падстароста менскі (1649). Яго нашчадкамі, напэўна, былі Валадковічы, якія ў 2-й пал. 17—18 ст. займалі розныя пасады ў Менскім пав. Магчыма, да гэтага роду адносіліся Валадковічы: Сенька, які ў канцы 15 — пач. 16 ст. служыў князям Мсціслаўскім і атрымаў ад іх вёскі Касмынічы і Філіпаўшчыну; Павел, які ў 1582 з сынам Васілём служыў удаве кн. Ю.Ю.Слуцкага Кацярыне з Тэнчынскіх; Рыгор, полацкі шляхціц, згадваецца ў 1582; Дзям’ян (памёр да 1582), жонкай якога была Палонія Лядская. У Жамойціі існаваў род Валадковічаў герба «Лебедзь».
В.Л.Насевіч.
т. 3, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ХІ», «Вехи: Сборник статей о русской интеллигенции». Выдадзены ў 1909 у Маскве групай рас. рэліг. філосафаў і публіцыстаў. Да крас. 1910 перавыдадзены 4 разы. Аўтары С.М.Булгакаў, М.А.Бярдзяеў, М.В.Гершэнзон, А.С.Ізгоеў, Б.А.Кісцякоўскі, П.Б.Струве, С.Л.Франк выступалі з крытыкай ідэалогіі і практ. установак рэвалюцыйна і сацыялістычна настроенай інтэлігенцыі — атэіст. матэрыялізму, паліт. радыкалізму і насілля. Зыходным пунктам «вехаўскай» крытыкі быў тэзіс, што ўнутр. духоўна-рэліг. жыццё асобы з’яўляецца «адзінай творчай сілай чалавечага быцця», «трывалым базісам», на якім можна ўзвесці будынак грамадскіх адносін. На думку аўтараў, класавая барацьба і сац. рэвалюцыя катастрафічныя і гібельныя для грамадства, а ідэалогія адмаўлення абсалютных каштоўнасцей, вера ў зямны рай і ідэалізацыя народа (у марксізме — пралетарыяту), грэбаванне інтарэсамі асобнага чалавека паказалі сваю нежыццяздольнасць, завялі рас. грамадства ў тупік. У процівагу рэв. ідэалогіі «Вехі» прапанавалі «пазітыўную праграму», асн. палажэннямі якой былі прызнанне дэмакр. інтэлігенцыяй асабістай адказнасці за тое, што адбываецца ў грамадстве, самаўдасканаленне асобы на аснове рэліг.-культ. каштоўнасцей, паступовая змена сац. і эканам. умоў жыцця людзей. «Вехі» сталі ключавым зборнікам у аб’яднанай аўтарствам Струве, Бярдзяева, Булгакава і Франка серыі («Праблемы ідэалізму», 1902, «Вехі», 1909, «З глыбіні», 1918).
Публ.:
Вехи: Сб. ст. о рус. интеллигенции. Репр. изд. М., 1990.
Н.П.Ракіцкая.
т. 4, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРУСАЛО́ГІЯ (ад вірусы + ...логія),
медыка-біял. навука аб вірусах. Агульная вірусалогія вывучае прыроду вірусаў, іх будову, размнажэнне, біяхімію, генетыку, паходжанне і пашырэнне ў прыродзе. Мед., вет. і с.-г. вірусалогія даследуе патагенныя вірусы, іх інфекцыйныя ўласцівасці, распрацоўвае меры папярэджання, дыягностыкі і лячэння захворванняў, якія імі выклікаюцца.
Сфарміравалася ў канцы 19 ст. пасля адкрыцця рус. вучоным Дз.І.Іваноўскім (1892) віруса тытунёвай мазаікі. Былі вызначаны вірусы яшчуру (1898) і жоўтай ліхаманкі (1901), потым вірусы — узбуджальнікі шаленства, воспы, поліяміэліту, адру, герпесу. Сучаснай вірусалогіі вядома больш за 500 вірусаў, патагенных для чалавека і жывёл.
На Беларусі распрацоўка пытанняў вірусалогіі пачалася ў 1924 і звязана з вырабам і выкарыстаннем вакцын супраць воспы і шаленства. Асн. навук. цэнтры па мед. і ветэрынарнай вірусалогіі — Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, эксперым. ветэрынарыі, рыбнай гаспадаркі, БДУ і інш. Распрацаваны актыўныя злучэнні супраць вірусаў грыпу, энцэфаліту і інш., удасканалена сістэма аховы пры даследаванні патагенных узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (В.І.Вацякоў, П.Р.Рыцік, Э.У.Фельдман, Б.П.Савіцкі, І.І.Протас, М.А.Кавалёў, Л.М.Галаўнёў і інш.). Асаблівае значэнне набываюць праблемы вывучэння вірусаў, якія выклікаюць пухлінныя працэсы, латэнтных вірусных інфекцый і ВІЧ-інфекцыі.
Літ.:
Зуев В.А. Медленные вирусные инфекции человека и животных. М., 1988.
т. 4, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІНАЛО́ГІЯ (ад вітаміны + ...логія),
навука пра вітаміны; раздзел біяхіміі. Адрозніваюць вітаміналогію эксперыментальную (даследуе дзеянне пэўных вітамінаў і іх вытворных, міжвітамінныя ўзаемаадносіны, мадэлюе паталогіі, што ўзнікаюць пры недахопе вітамінаў) і клінічную (вывучае выкарыстанне вітамінных прэпаратаў для прафілактыкі і лячэння захворванняў).
Адкрыццё вітамінаў звязана з імем рус. ўрача М.І.Луніна, які ў 1880 заўважыў наяўнасць у ежы незаменных кампанентаў, што адрозніваліся хім. прыродай ад вядомых бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і мінер. рэчываў. Назву яны атрымалі ў 1911 (польскі біяхімік К.Функ). Першы вітамін, хім. будова якога была адкрыта, — тыямін (А.Віндаўс, 1932, Р.Уільямс, І.Клайн, 1936). У Расіі далейшае развіццё вітаміналогіі звязана з працамі А.У.Паладзіна, Б.А.Лаўрова і інш. На Беларусі даследаванні (пачаліся ў 1930-я г.) былі засяроджаны на вывучэнні ролі вітамінаў у харчаванні чалавека і кармленні жывёл (А.Поляк, Л.М.Форштэр), пошуку новых вітамінаў (Л.П.Розанаў), біяхім. механізмаў дзеяння вітамінаў, іх удзелу ў абменных працэсах (С.Д.Пеўзнер, Я.І.Бляхер, В.А.Лявонаў, М.Ф.Меражынскі, Ю.М.Астроўскі і інш.). Н.-д. работы па вітаміналогіі вядуцца ў мед. ін-тах, ін-тах АН Беларусі — біяхіміі, радыебіялогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў.
Літ.:
Экспериментальная витаминология: (справ. руководство). Мн., 1979;
Шабалов Н.П., Маркова И.В. Антибиотики и витамины в лечении новорожденных. СПб., 1993.
В.К.Кухта.
т. 4, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВАЯ ПАЛА́ТА,
незалежная грамадская арг-цыя, якая спрыяе развіццю гандл.-эканам. і навук.-тэхн. сувязей паміж рознымі краінамі. У развітых краінах Гандлёвая палата з’яўляецца адной з формаў аб’яднання гандл.-прамысл. колаў, займаецца высвятленнем кан’юнктуры ў гандлі і прам-сці, пошукам рынкаў збыту і інш. Паводле прававога становішча гандлёвыя палаты могуць быць прыватнымі асацыяцыямі, што ўтвараюцца на аснове добраахвотнага членства (т.зв. прыватна-прававыя), або дзярж. арг-цыямі (т.зв. публічна-прававыя). Першая Міжнар. Гандлёвая палата (Парыж) засн. ў 1920 як міжнар. няўрадавая арг-цыя, што аб’ядноўвае дзелавыя колы і асобныя фірмы многіх краін. Асн. яе задача — садзейнічанне паляпшэнню ўмоў гандлю паміж рознымі краінамі і вырашэнню міжнар. эканам. праблем. Існуюць нац. і змешаныя (2 краіны) гандлёвыя палаты.
На Беларусі Гандлёвая палата створана ў 1972 на базе Аддз. Усесаюзнай Гандл.-прамысл. палаты СССР. У 1991 — Гандлёвая палата БССР, з 1994 — Бел. гандл.-прамысл. палата. Асн. кірункі дзейнасці: расшырэнне гандл.-эканам. сувязей з замежнымі дзяржавамі; арганізацыя і правядзенне выставак; пошук партнёраў для дзелавога супрацоўніцтва; аперацыі па патэнтаванні вынаходстваў; экспертыза тавараў, выдача сертыфікатаў аб іх паходжанні, распрацоўка і рэгістрацыя таварных знакаў; падрыхтоўка кадраў па знешнеэканам. зносінах і менеджменту і інш. Мае 6 абл. аддзяленняў і выставачны комплекс «Мінскэкспа». На пач. 1995 яе членамі былі больш за 800 прадпрыемстваў і арг-цый.
т. 5, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)