АДЖА́РЫЯ, Аджарская Аўтаномная Рэспубліка,

у складзе Грузіі. Пл. 3 тыс. км². Нас. 385 тыс. чал. (1987), гарадскога 16%; грузіны (аджарцы), рускія, армяне і інш. Сталіца — г. Батумі. Найб. гарады: Кабулеты, Хула, Шуахеві, Ачхамуры.

Прырода. Аджарыя размешчана ў паўд.-зах. ч. Закаўказзя, на З абмываецца Чорным м. Большая ч. тэр. занята горнымі хрыбтамі і адгор’ямі М.​Каўказа. З ПдЗ на ПнУ Аджарыю перасякае Месхецкі (Аджара-Імерэцінскі) хрыбет, яго адгор’і — Чаквінскі хрыбет і Кабулецкія горы; на У Арсіянскі хрыбет; на Пд па граніцы з Турцыяй Шаўшэцкі хрыбет. Карысныя выкапні: медзь, поліметалічныя руды, вогнетрывалыя гліны. Гідрарэсурсы. Крыніцы лячэбных мінер. водаў. Клімат прыморскай нізіны вільготны субтрапічны, у гарах — ад умерана цёплага да халоднага. Сярэдняя т-ра студз. ў прыморскай паласе ад 4 °C да 6 °C, у гарах ад 2 °C да -2 °C; ліп. адпаведна 20—23 °C і 22—16 °C. Гадавая колькасць ападкаў на ўзбярэжжы і схілах 2500—2800 мм, ва ўнутраных раёнах 1000—1400 мм. Сярэдняя працягласць безмарознага перыяду ў прыморскай паласе 300 дзён; самы цёплы раён Закаўказзя. Рака Чарох (ніжняе цячэнне) з прытокам Аджарысцкалі — гал. водныя артэрыі, апошняя са значнымі гідраэнергарэсурсамі. На нізінах пашыраны алювіяльныя, часткова забалочаныя глебы, на перадгор’ях — чырваназёмы, па схілах гор — бурыя лясныя і горна-лугавыя. Больш як палавіна тэр. пад лясамі. Да выш. 600 м пераважаюць шыракалістыя лясы (каштан, дуб, граб, бук) з вечназялёным падлескам з ліян, лаўравішні, пантыйскага рададэндрана (па цяснінах самшыт), да 1500 м — мяшаныя лясы (пераважае бук), якія змяняюцца на хвойныя (хвоя, елка), вышэй за 1800 м — зараснікі хмызняку, яшчэ вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Прыморскія нізіны і перадгор’і асвоены пад субтрапічныя і тэхн. культуры. У горных лясах разнастайны жывёльны свет: казуля, дзік, шакал, барсук, куніца. Кінтрышскі запаведнік і Батумскі бат. сад.

Гісторыя. Першыя звесткі пра Аджарыю адносяцца да 6—4 ст. да н.э., калі яна ўваходзіла ў Калхідскае царства, потым Іберыю; у 4 ст. ў складзе груз. дзярж. аб’яднання — Лазіка. У 6 ст. Аджарыя — арэна барацьбы паміж Візантыяй і Іранам. З канца 10 ст. — частка груз. феад. дзяржавы, кіравалася эрыставамі (царскімі правіцелямі правінцый). У 11—13 ст. перажыла нашэсці сельджукаў і манголаў. У 2-й пал. 16 ст. захоплена Турцыяй, супраць прыгнёту якой насельніцтва паўставала ў 1680, 1685, 1697, 1744, 1819, 1856. У выніку рус.-тур. вайны 1877—78 Аджарыя далучана да Рас. імперыі, увайшла ў склад Кутаіскай губ. З канца 1880-х г. тут развіваецца прам-сць, праз тэр. Аджарыі ў 1897—1907 пракладзены нафтаправод Баку—Батум. У 1-ю сусв. вайну на тэр. Аджарыі ішлі ваен. дзеянні. Пасля Лют. рэв. 1917 знаходзілася пад уладай Асобага закаўказскага камітэта, з ліст. 1917 — Закаўказскага камісарыята. У крас. 1918 Батум, частку Гурыі і інш. раёны Аджарыі захапілі туркі, у снеж. 1918 — ліп. 1920 акупіравана англ. войскамі. У ліп. 1920 да ўлады ў Аджарыі прыйшлі меншавікі. 11.3.1921 Батум зноў акупіравалі тур. войскі. 18 сак. з дапамогай Чырв. Арміі ўстаноўлена сав. ўлада. 16 ліп. створана Адж. АССР у складзе Груз. ССР. 12.3.1922 Аджарыя як састаўная ч. Грузіі ўвайшла ў Закаўказскую федэрацыю. 25.10.1937 на 12-м Усеаджарскім з’ездзе Саветаў была прынята Канстытуцыя Адж. АССР. Пасля абвяшчэння Грузіяй у 1991 дзярж. незалежнасці Аджарыя захавала статус аўт. рэспублікі ў яе складзе.

Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр. (Батумі), машынабуд. (эл.-тэхн. вырабы, абсталяванне для харч. прам-сці, суднабудаванне), харчасмакавая (чайная, вінаробная, кансервавая і інш.). Ёсць хім.-фармацэўтычная, лёгкая, дрэваапр. прам-сць, працуе Аджарысцкальская ГЭС. Аджарыя — самая развітая ч. Грузіі ў галіне субтрапічнай гаспадаркі. Асноўныя с.-г. культуры — чай і цытрусавыя, культывуюцца тунг, хурма, мушмула, лаўр, эўкаліпт, бамбук. Пасевы збожжавых (кукуруза, ячмень, авёс, рыс), бульбы, тытуню, агародніны. Па схілах гор — вінаграднікі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу. У гарах — авечка- і козагадоўля. Шаўкаводства, пчалярства. Вял. роля належыць марскому транспарту. Гал. порт — Батумі. Чыг. Баку—Батумі, шаша Батумі—Новарасійск, нафтаправод Баку—Батумі. Прыморскія курорты: Батумі, Кабулеты, Цыхісдзіры, Зялёны Мыс, Махінджауры.

Культура. У 1990 у Аджарыі 154 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (12,2 тыс. дзяцей), 408 агульнаадук. школ (67 тыс. вучняў), 5 ПТВ (2,7 тыс. навучэнцаў), 9 сярэдніх спец. навуч. устаноў (больш за 3 тыс. навучэнцаў). ВНУ: Батумскі ун-т і філіял Груз. тэхн. ун-та (усяго каля 3 тыс. студэнтаў). 353 б-кі, Дзярж. музей Аджарыі, Дзярж. музей рэвалюцыі. Навук. даследаванні вядуцца ў філіялах НДІ фітапаталогіі (Кабулеты), Ін-та чаю і субтрапічных культур (Чакві), Груз. НДІ харч. прам-сці, Дзярж. НДІ лакафарбавай прам-сці (усе ў Батумі), Батумскім бат. садзе і інш.

Рэсп. радыё вядзе перадачы на груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.

На тэр. Аджарыі захаваліся помнікі дагіст. перыяду: менгіры, «квакацэбі» (каменныя чалавечыя фігуры), рэшткі калхідскіх паселішчаў (3—2-га тыс. да н.э.), гарадзішча ў Кабулеты (4—3 ст. да н.э.). Арх. помнікі сярэднявечча: крэпасці Ганіясцыхе, Тамарысцыхе, Барцхана, масты Сапуткрэты, Дандальскі, храм Схалта. Сучаснае нар. мастацтва: разьба па дрэве, маст. апрацоўка металу, вышыўка. У 1939 заснаваны Адж. аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1962 — Адж. аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.

У нар. песнятворчасці Аджарыі пераважаюць натуральныя лады, характэрны фігурацыйны тып мелодыкі, часам віртуознага плана, з шырокім выкарыстаннем сінкоп. Пашыраны мужчынскія харавыя спевы а капэла і жаночыя сольныя спевы з інстр. суправаджэннем. Сярод інструментаў: духавыя — чыбоні, саламуры; струнна-шчыпковыя — чангуры, саз, пандуры; струнна-смычковыя — чыянуры, кеманча; ударныя — даўлі (долі), а таксама гармонік т.зв. ўсх. строю. Муз. адукацыя ў Аджарыі з 1890-х г. (муз. гурткі і прыватныя муз. класы ў Батумі). Нар. песні збіралі і запісвалі К.​Пацхверашвілі, Ш.​Мшвелідзе, Дз.​Аракішвілі і інш. Працуюць (1988): сімф. аркестр Аджарыі, камерны хор, філармонія, Ансамбль песні і танца Аджарыі, муз. вучылішча (Батумі), муз. школы і інш.

У Аджарыі з 1880-х г. існавалі груз. драм. гурткі. У 1912 акцёр і драматург Ш.​Дадыяні стварыў у Батумі прафес. т-р «Вандроўная трупа», які з 1921 наз. Дзярж. т-р Аджарыі імя І.​Чаўчавадзе. Пастаноўкі: «Выгнаннік» Важа Пшавелы, «Цар Эдып» Сафокла, «Гамлет» і «Атэла» У.​Шэкспіра і інш.

В.​К.​Міхеева (прырода, гаспадарка).

т. 1, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,

падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.

У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх. ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр. ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.

25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел. Сав. Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх. ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах. ч. Беларусі (гл. Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав. б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр. б. Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах. ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх. ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля ​1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;

Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;

Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.

В.​А.​Кадаўбовіч, В.Л.Насевіч (гісторыя).

т. 1, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́КІ (саманазва паляцы),

нацыя, асн. насельніцтва Польшчы, 38,46 млн. чал. (1993). Жывуць таксама на Беларусі (417,7 тыс. чал.), Літве (258 тыс. чал.), Украіне (219,2 тыс. чал.), Расіі (94,6 тыс. чал.), Казахстане, Латвіі (па 60 тыс. чал.), ЗША (5,6 млн. чал.), Германіі (1,5 млн. чал.), Францыі (1 млн. чал.), Канадзе (400 тыс. чал.), Бразіліі (200 тыс. чал.), Чэхіі, Славакіі (па 40 тыс. чал.) і ў інш. краінах. Агульная колькасць больш за 49 млн. чал. Гавораць на польскай мове, вернікі — католікі, ёсць пратэстанты.

Польская народнасць складвалася ў 10—11 ст. ў перыяд фарміравання Польскай дзяржавы. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране. У 11 ст. з’явіўся этнонім «П.». Як нацыя П. сфарміраваліся ў 18—19 ст. Побыт П. меў спецыфічныя рысы: больш, чым у беларусаў, пашыраны планіроўка жылля хата + сенцы + хата. Верхняе адзенне тыпу жупан, кунтуш, сурдут; шэры ці чорны колер.

Першыя пасяленні П. на Беларусі вядомы ў 12—13 ст. Узмацненне польскага ўплыву на Беларусі прыпадае на перыяд пасля Люблінскай уніі 1569, калі была створана федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Частка бел. насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, прымаючы каталіцкую веру, мяняла сваю нац. прыналежнасць на польскую. Перасяленне на бел. землі груп П. з этнічных польскіх зямель не было масавым, бо Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 уводзіў абмежаванні для польскай шляхты на заняцце дзярж. пасад і надзяленне зямлёй у ВКЛ. Сваю этнічную спецыфіку захоўвалі групы мазурскіх перасяленцаў, т.зв. буднікаў. Многія дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ 16—18 ст. былі П. (Кішкі, Кавячынскія, Гасеўскія, Патоцкія, С.Будны, Д.Ланчыцкі, А.Волан, Я.Ласіцкі, П.Скарга і інш.). З 17 ст. паланізацыя бел. магнатаў і шляхты набыла вял. маштабы. Аж да пач. 20 ст. паланізаваную бел. шляхту прылічвалі да П. На Беларусі пашыралася польская культура. Паводле рашэння ўсеагульнай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай у 1696 бел. мова забаронена для карыстання ў земскіх судах (карысталіся польскай і лац.). Польская мова панавала ў тэатры, на ёй выдавалі перыяд. выданні (з 18 ст.). Сяляне-католікі вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую. Узнік і ўздзейнічаў на працэс фарміравання польскай літ. мовы мясцовы дыялект, т.зв. пальшчызна крэсова (літ. дзейнасць А.Міцкевіча, Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, Т.Зана, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі, В.Каратынскага, Э.Ажэшкі і інш.). Многія мастакі, кампазітары, рэвалюцыянеры 18—19 ст., якія паходзілі з Беларусі, зрабілі вял. ўклад як у бел., так і польскую культуру і гісторыю: Т.Касцюшка, М.​Клеафас Агінскі, В.Ваньковіч, С.Манюшка, Н.Орда, Я.Сухадольскі, В.Урублеўскі і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі аддзяленні шэрагу польскіх паліт. партый. У 1897 на Беларусі жыло больш за 324,2 тыс. П., найб. у Гродзенскай (161,7 тыс.) і найменш у Магілёўскай (17,5 тыс.) губ. Павелічэнне колькасці П. на Беларусі ў 1921—39 адбывалася пераважна на землях Заходняй Беларусі, дзе ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту праводзілася палітыка акаталічвання і паланізацыі насельніцтва. Сюды з этнічных польскіх зямель перасяліліся групы асаднікаў, розныя катэгорыі рабочых і чыноўнікі (каля 300 тыс. чал.). Паводле перапісу 1926 у БССР было 97,5 тыс. чал. П. У 1921 ЦВК БССР дэкрэтам замацаваў за польскай мовай статус дзярж. разам з бел., рус. і яўрэйскай. У 1920-я г. пры ЦК КП(б)Б існавала Польбюро, якое курыравала парт. работу сярод П. Нізавыя польбюро былі ў Бабруйску, Бачэйкаве, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Мінску, Рагачове, Рэчыцы і інш. У 1924 у БССР было 136 польскіх школ, 7 спец. польскіх дзіцячых дамоў. З 1922 у Мінску працавалі польскі пед. тэхнікум, польскае аддз. Бел. дзярж. вышэйшага пед. ін-та. На польскай мове выдаваліся газ. «Млот», «Orka» («Ворыва»), «Gwiazda Młodzieży» («Зорка моладзі»), «Pionier» («Піянер»), «Sztandar Wolności» («Сцяг свабоды»; усе ў Мінску). З 1927 існавала Польскае аддзяленне Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У 1929 у Мінску і Магілёве працавалі 2 нар. польскія суды. У 1929—37 у Мінску дзейнічаў Польскі дзярж. вандроўны тэатр, у 1932—37 — польскі сектар Усебел. к-та па радыёвяшчанні. У 1926 быў створаны 31 польскі нац. сельсавет. У 1932—37 на Койданаўшчыне існаваў Польскі нацыянальны раён з 10 нац. сельсаветаў. У 1937 нац.-культ. і нац.-дзярж. будаўніцтва П. у БССР было згорнута, усе адм.-тэр. адзінкі скасаваны. З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) доля П. у рэспубліцы значна павялічылася. У 1939—41 дзейнічалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У 1940 значная частка польскага насельніцтва Зах. Беларусі падверглася дэпартацыі. У Вял. Айч. вайну шмат П. удзельнічала ў партыз. руху Арміі Краёвай, частка з іх працягвала дзейнасць, асабліва пасля вайны, супраць сав. дзяржавы. У 1944—48 у рамках абмену насельніцтва паміж СССР і Польшчай з БССР у Польшчу перасялілася 274,2 тыс. чал., у т. л. пэўная колькасць беларусаў-католікаў, якія пры перасяленні падалі сваю нацыянальнасць як польскую. Мігранты з Беларусі былі паселены пераважна на зах. і паўн. землях Польшчы. У 1955—59 адбыўся 2-гі этап рэпатрыяцыі П. з зах. абласцей Беларусі і Украіны. У 1959, паводле перапісу, у БССР было 248,8 тыс. П. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне культуры П. Беларусі. Створаны саюзы П. у Ашмянах, Баранавічах, Барысаве, Беразіне, Брэсце, Валожыне, Ваўкавыску, Вілейцы, Віцебску, Вішневе, Воранаве, Гродне, Дзяржынску, Івянцы, Клецку, Лагойску, Лідзе, Ляхавічах, Маладзечне, Мінску, Мядзеле, Навагрудку, Нясвіжы, Рубяжэвічах, Салігорску, Слуцку, Смалявічах, Смаргоні, Стоўбцах, Шчучыне і інш. Дзейнічаюць польскія школы ў Гродне, Ваўкавыску, Сапоцкіне, асобныя польскія класы ў Мінску, Клецку, Рубяжэвічах, Дзяржынску, нядзельныя школы ў Мінску і Нясвіжы. Працуюць польскія маст. калектывы. Выходзяць перыяд. выданні на польскай мове: газ. «Глос знад Немна» (з 1989), квартальны час. «Магазын польскі» (з 1992). З 1991 Гродзенскае абл. радыё і тэлебачанне вядуць штотыднёвыя перадачы на польскай мове. Створаны польскія грамадскія аб’яднанні: «Саюз палякаў на Беларусі» (1988), «Саюз палякаў на Міншчыне» (1994), «Польскае дэмакратычнае аб’яднанне» (1994) і інш. Наладжаны трывалыя сувязі П. Беларусі з Польшчай.

А.​І.​Валахановіч, І.​В.​Карашчанка.

т. 12, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ШТА (польск. poczta, італьян. posta ад позналац. posita прыпынак, станцыя, дзе мянялі коней),

паштовая сувязь, від сувязі, які ажыццяўляе рэгулярную перасылку паштовых адпраўленняў — пісьмовай карэспандэнцыі, перыяд. выданняў, грашовых пераводаў, бандэролей, пасылак — пераважна з дапамогай трансп. сродкаў.

Напачатку паштовая сувязь была эпізадычная. З узнікненнем дзяржаў пачала набываць упарадкаваны характар. У Стараж. Грэцыі, Рыме, Персіі, Егіпце, Кітаі існавала даволі наладжаная дзярж. паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі паводле прынцыпу эстафеты. У сярэдневяковай Еўропе існавалі манастырскія і універсітэцкія П., з развіццём гандлю і рамёстваў з’явілася гарадская П. У 16—17 ст. у Францыі, Швецыі, Англіі і інш. краінах існавала цэнтралізаваная каралеўская П. З развіццём вытв. адносін узнікла патрэба ў рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі, у т. л. паміж краінамі. Важны этап у гісторыі П. — выпуск паштовай маркі (1840, Вялікабрытанія). У 1874 створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). У 1878 заключана Сусветная паштовая канвенцыя, што рэгулюе абмен карэспандэнцыяй.

На Беларусі дакладна невядома, калі ўзнікла паштовая сувязь, аднак ужо пад 885 у «Аповесці мінулых часоў» гаворыцца аб тым, што князь Алег накіраваў пасланцоў да радзімічаў. У 10 ст. існаваў «павоз» — абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў «ад стану да стану». У Віцебску і Мсціславе знойдзены стараж. пісьмы — берасцяныя граматы 13—14 ст. У ВКЛ 14—15 ст. існавала паштовая княжацкая служба — ганцы. Вял. і ўдзельныя князі трымалі ганцоў для перасылкі ўказаў, вусных і пісьмовых паведамленняў. Пад 1539 бел. летапісы згадваюць т.зв. «пісьманосцаў». Першыя паштовыя ўстановы ў ВКЛ створаны пасля 1558 намаганнямі вял. князя Жыгімонта II Аўгуста. Пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 вёрст) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Варшавай і Вільняй. У 1583 Стафан Баторый увёў плату за пісьмы па іх вазе (існавала да сярэдзіны 17 ст.). Паштовая сувязь у ВКЛ мела шмат агульнага з ямской службай у Расіі. Уздоўж гал. паштовых шляхоў размяшчаліся паштовыя станцыі — «ямы» (адсюль ямшчыкі — возчыкі пасажыраў і П.). У 1658 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) такія «ямы» пабудаваны ў Полацку. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся паштовыя сувязі. Паштовы шлях пралягаў ад Масквы праз Смаленск да мяст. Мігнавічы ў Смаленскім ваяв., далей праз мяжу ВКЛ да мястэчка Кадзін Мсціслаўскага ваяв., далей праз Магілёў і Мінск на Вільню. Паштовыя сувязі паміж Масквой і Вільняй адкрыліся 11.3.1669. У снежні 1707 прайшла першая П. па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 1726 Гродзенскі сейм прыняў рашэнне аб арганізацыі П. ў Навагрудскім ваяв. З 1764 паштмайстры ВКЛ прыносілі прысягу на вернасць Рэчы Паспалітай. У 18 ст. ў ВКЛ гал. трактамі былі: Вільня—Трокі—Варшава (з адгалінаваннем на Брэст), Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Навагрудак—Мінск—Гродна—Вільня. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі з 1777 пачаліся работы па аднаўленні буд-ва паштовых дарог і станцый. У «Паштовым падарожніку» за 1777 паведамлялася пра адкрыццё ў некат. бел. гарадах паштамтаў і прызначэнні паштмайстраў. У 1780 наладжана паштовая сувязь паміж бел. і ліфляндскімі губернямі. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. У снежні 1857 выпушчана першая паштовая марка Рас. імперыі. Раней замест маркі ў паштовай справе выкарыстоўвалі паштовыя штэмпелі. Першы мінскі штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. У 1-й пал. 19 ст. штэмпелі мелі толькі назву месца адпраўлення карэспандэнцыі, дата ставілася ад рукі. У 2-й пал. 19 ст. ўведзены адзіны для ўсёй Рас. імперыі круглы штэмпель. Акрамя дзярж. існавала П. земстваў (не атрымала вял. пашырэння) і валасных праўленняў. 1.7.1886 утворана Мінская паштова-тэлеграфная акруга (Мінская і Магілёўская губ.). У 1-ю сусв. вайну на Беларусі дзейнічалі палявыя П. рас. арміі з цэнтрамі ў Мінску і Полацку. У 1918 паштова-тэлеграфнай справай на Беларусі займалася Смаленскае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне. У ліст. 1918 на яго базе створана паштова-тэлеграфнае ўпраўленне Зах. камуны (вобласці), якое падпарадкоўвалася Наркамату пошт і тэлеграфаў РСФСР. Паўд. раёны Беларусі па лініі Брэст—Мазыр—Ветка падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе. Пасля ўтварэння БССР 6.1.1919 створаны наркаматы пошт і тэлеграфаў БССР з цэнтрам у Мінску, а 1.3.1919 — такі наркамат ЛітБел з цэнтрам у Вільні. Пасля аднаўлення сав. улады на Беларусі ў ліп. 1920 створаны аддзел нар. сувязі Мінскгубрэўкома, які ў жн. пераўтвораны ў Наркамат пошт і тэлеграфаў БССР.

У сувязі з рэформай кіравання сувяззю 7.9.1922 створана Упраўленне сувязі Зах. акругі, пазней — Наркамат сувязі БССР. Першыя бел. сав. паштовыя маркі выраблены ў 1920—21 у паштовых канторах Мінска, Рагачова, Себежа, Суража, Дрысы, Холмеча. У 1924 у БССР 1 прадпрыемства сувязі прыпадала на 11,6 тыс. жыхароў. У 1925 дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы. У пач. 1930-х г. П. пачалі перавозіць самалётамі. У Вял. Айч. вайну тэхн. база бел. П. знішчана. Пасля вызвалення Беларусі для перавозкі П. выкарыстоўвалі гужавы транспарт. У 1945 адноўлена перавозка П. па чыгунцы. У 1945—46 працавалі 174 канторы, 1778 паштовых аддз. і агенцтваў сувязі, 14 аддз. перавозкі П. па чыгунцы. У 1954 пабудаваны Мінскі паштамт. У 1973 самалёты абслугоўвалі 100 авіяпаштовых ліній. Пасля абвяшчэння незалежнасці бел. П. існуе ў складзе Мін-ва сувязі. 20.9.1995 створана Рэсп. дзярж. аб’яднанне «Белпошта», дзейнічала каля 118 гар. і раённых вузлоў сувязі, каля 4 тыс. аддз. сувязі (1999).

Від паштовай сувязі для абслугоўвання цывільнага насельніцтва ў раёнах, што знаходзяцца пад ваен. кіраўніцтвам, на акупіраваных тэр., дзе не працуюць паштовыя ўстановы. У шэрагу дзяржаў такі від сувязі дзейнічаў у 1-ю сусв. вайну (напр., на акупіраванай тэр. Беларусі герм. камандаванне стварыла «Паштовую вобласць Вярх. галоўнакамандуючага на Усходзе», якая працавала ў 1915—18). Некат. элементы П. ваен. выкарыстоўвала на тэр. Беларусі камандаванне корпуса Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага ў 1-й пал. 1918, а таксама сав. ваен. кіраўніцтва ў Зах. Беларусі (вер.ліст. 1939). У Вял. Айч. вайну акупац. ўлады Германіі для перапіскі выкарыстоўвалі спец. паштовыя карткі. Гл. таксама Палявая пошта.

Літ.:

Колосов Л.Л. Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;

Dąbkowski P. Rys urządzeń pocztowych w dawnej Polsce. Kraków, 1903.

У.​К.​Зарзмскі (ваен.), Л.​Л.​Коласаў.

т. 12, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРША́ВА (Warszawa),

горад, сталіца, буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Польшчы. Адм. ц. Варшаўскага сталічнага ваяводства. Размешчана на Мазавецкай нізіне абапал р. Вісла. 1642,7 тыс. ж. (1993). Вузел 7 чыгунак і 8 аўтадарог. Порт на р. Вісла. Міжнар. аэрапорт Акенцэ. Буйны цэнтр машынабудавання (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае; оптыка, дакладная механіка, аўта-, трактара- і станкабудаванне; каля 30% агульнай вытв-сці ў краіне), вытв-сці якасных сталей, будматэрыялаў, хім. (у т. л. фармацэўтычная і фотахім.), парфумернай, харч., буд. матэрыялаў, дрэваапр., швейнай, гарбарна-абутковай, паліграф. прам-сці. Буйныя ЦЭЦ. Кінастудыя. Метрапалітэн (з 1994). На пач. 1990-х г. пачаўся агульны спад вытв-сці на большасці прадпрыемстваў горада. Пасля 1992 значны прыток замежных інвестыцый.

Першыя паселішчы на тэр. сучаснай Варшавы адносяцца да 10 ст., зручнае іх месцазнаходжанне на перакрыжаванні важных гандл. шляхоў спрыяла хуткаму эканам. развіццю і ўтварэнню горада. Упершыню Варшава ўпамінаецца ў 1313. З 1413 сталіца Мазавецкага княства, у 1526, пасля спынення дынастыі мазавецкіх князёў, Варшава далучана да Кароны. У 16 ст. тут праходзілі пасяджэнні сейма, у 1573 адбыліся першыя каралеўскія выбары. З 1596 сталіца Польшчы. У часы польска-швед. 1655—60 і Паўн. 1702—09 войнаў неаднаразова разбурана швед. войскамі, але хутка адбудоўвалася. З 2-й пал. 18 ст.паліт., эканам., культ. і асв. цэнтр краіны. На Чатырохгадовым сейме 1788—92 у Варшаве прынята Канстытуцыя 3 мая 1791. Насельніцтва горада актыўна падтрымала паўстанне 1794 пад кіраўніцтвам Т.​Касцюшкі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Варшава ў складзе Прусіі, яе паліт. і гасп. развіццё прыпынілася. У 1807—13 сталіца Варшаўскага герцагства, пасля Венскага кангрэса 1814—15 — Каралеўства (Царства) Польскага ў складзе Рас. імперыі, у 1837—1915 цэнтр Варшаўскай губерні. Варшава — адзін з цэнтраў нац.-вызв. паўстанняў 1830—31 і 1863—64. Важнейшы цэнтр фарміравання польск. культуры. Тут жылі і працавалі вучоныя, пісьменнікі, кампазітары, цесна звязаныя з бел. культурай: Э.Ажэшка, М.Федароўскі, Я.Карловіч, У.Сыракомля, Ч.Пяткевіч, І.Лялевель, С.Манюшка, В.Каратынскі, Ю.Галомбак, А.Плуг і інш.; дзейнічаў Варшаўскі нарадавольскі гурток беларускіх студэнтаў. З пач. індустрыялізацыі горада ў 2-й пал. 19 ст. Варшава — буйнейшы ў Польшчы асяродак рабочага руху, адзін з асн. цэнтраў рэвалюцыі 1905—07. У гады 1-й сусв. вайны пад герм. акупацыяй, каля Варшавы рус. войскі разграмілі ням.-аўстр. армію (гл. Варшаўска-Івангародская аперацыя 1914). З 1918 сталіца незалежнай Польшчы. У 1920 пад Варшавай разбіты войскі Чырв. Арміі (гл. Варшаўская аперацыя 1920). У маі 1926 Ю.​Пілсудскі ажыццявіў у Варшаве дзярж. пераварот. У вер. 1939 акупіравана ням. фашыстамі, стала цэнтрам нац.-вызв. барацьбы (гл. Варшаўскае паўстанне 1943, Варшаўскае паўстанне 1944). Вызвалена 17.1.1945 у ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Горад быў моцна разбураны. У 1-й пал. 1950-х г. у час найб. ўзмацнення ў краіне паліт. рэпрэсій у Варшаве адбыліся шматлікія паказальныя суд. працэсы. У 2-й пал. 1950-х г. з пачаткам паліт. «адлігі» — цэнтр грамадскага руху за дэмакр. рэформы, месца правядзення дэманстрацый пратэсту (1956, 1968, 1976). Прадстаўнікі сацыяліст. краін падпісалі ў Варшаве Варшаўскі дагавор 1955. На пач. 1980-х г., калі палітыка-гасп. крызіс ахапіў усю Польшчу, хваля забастовак прайшла і на буйнейшых прадпрыемствах Варшавы.

Гістарычнае ядро горада ўключае раёны Старая Варшава і Новая Варшава. У старой Варшаве крапасныя сцены (14—15 ст.) з барбаканам (1548, арх. Дж.​Баціста); камяніцы 15—18 ст. з дэкар. скульптурай, размалёўкамі і сграфіта; фарны касцёл св. Яна (14 ст.). У Новай Варшаве фарны касцёл (15 ст.), кляштары і касцёлы 16—17 ст. На Пд ад раёна Старой Варшавы Каралеўскі замак (1598—1619) з параднымі інтэр’ерамі ў стылях барока і класіцызму. У 17—18 ст. уздоўж гал. вуліц пабудаваны палацы: Асалінскіх (1641, арх. В.​Сенес), Красінскіх (1677—83), Паца (1690—97, арх. абодвух Тыльман Гамерскі), Блакітны (Замойскіх, 1726, арх. Я.​Д.​Яўх, М.​Д.​Пёпельман), Бланка (1762—64, арх. Ш.​Б.​Цуг), Тышкевічаў (1785—92, арх. С.​Завадскі, Я.​Х.​Камзетцэр). У прадмесці Варшавы размешчана летняя каралеўская рэзідэнцыя Вілянаў (1677—96, арх. А.​Лочы) з рэгулярным паркам. У 18 ст. пабудаваны касцёлы візітак (1727—34, арх. К.​Бай; фасад і інтэр’ер 1754—62, Э.​Шрогер), евангелісцкі (1777—81, арх. Цуг), св. Ганны (1786—88, арх. Х.​П.​Айгнер, С.​К.​Патоцкі); палацава-паркавы комплекс Лазенкі. З пач. 19 ст. фарміруецца новы цэнтр Варшавы з рэгулярнымі кварталамі, жылымі і грамадскімі будынкамі ў стылі класіцызму (ансамблі Тэатральнай і Банкаўскай плошчаў). У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр, зах. і паўд. раёны забудоўваліся шматпавярховымі эклектычнымі пабудовамі, будынкамі ў стылях мадэрн, пазней — функцыяналізму («Тэатр польскі», 1912; Банк кааператыўных т-ваў, 1912—17; Гал. гандлёвая школа, 1926—35, і інш.). У 2-ю сусв. вайну знішчана або значна пашкоджана 90% арх. помнікаў Варшавы. Паводле праекта рэканструкцыі Варшавы (1946) пабудаваны гал. магістралі Усход—Захад і Поўнач—Поўдзень, рэканструявана вул. Маршалкоўская з ансамблем пл. Канстытуцыі (1950—52), Палацам культуры і навукі (1952—55, арх. Л.​Руднеў) і сучасным гандл. цэнтрам (т.зв. Усходняя сцяна, 1962—70, арх. З.​Карпінскі). Найб. значныя пабудовы гэтага часу: будынкі Нац. Польскага банка (1948), Сейма (1948—51, арх. абодвух Б.​Пнеўскі), Гданьскі мост (1957—59, арх. Я.​Ратынскі). У 1970-я — пач. 1990-х г. пабудаваны: Цэнтральны вакзал (1972—75, арх. А.​Рамановіч), вышынны дом на Банкаўскай пл. (т.зв. серабрысты, 1991), будынак Польскіх авіяліній «Лёт» і атэль «Марыёт» (1978—89, арх. Т.​Стафанскі і інш.), Гандлёвы дом «Пэвэкса» (1989—91, арх. Е.​Скшыпчак), атэль «Меркуры» (1991—93, арх. Я.​Роўб) і інш.

У Варшаве больш за 40 помнікаў, у т. л. калона Жыгімонта III на Замкавай пл. (1644), помнікі М.​Каперніку (1828—30, Б.​Торвальдсен), А.​Міцкевічу (1898, Ц.​Гадэбскі), Ф.​Шапэну ў Лазенках (1907—26, В.​Шыманоўскі), героям Варшавы (1964, М.​Канечны), касцюшкаўцам (1985, А.​Кастэн, Б.​Хімінскі), Варшаўскаму паўстанню (1989, В.​Куцма) і інш.

У Варшаве 18 ВНУ: ун-т (з 1818); політэхнічны ін-т (з 1915); акадэміі медыцынская, музычная імя Шапэна, прыгожых мастацтваў, каталіцкай тэалогіі, фіз. выхавання, хрысціянская тэалагічная; Вышэйшая тэатр. школа; Гал. гандлёвая школа; Вышэйшая школа кіравання і інш. Польская АН. Буйнейшыя б-кі: Нац. б-ка, Гал. б-ка Варшаўскага ун-та, Публічная б-ка Варшавы. Каля 40 музеяў, у т. л. Нац. музей, Этнаграфічны, Археалагічны, Войска польскага, Гістарычны, Літаратурны імя А.​Міцкевіча, у Лазенках, Вілянаве. Мастацкія галерэі. Батанічны сад. 23 драм., 5 дзіцячых, 2 оперныя т-ры, т-р аперэты. Філармонія. Штогод праводзіцца Міжнар. фестываль сучаснай музыкі «Варшаўская восень». 1 раз у 5 гадоў Міжнар. конкурс піяністаў імя Шапэна.

Літ.:

Czajewski W. Warszawa ilustrowana. T. 1—4. Warszawa, 1895;

Drozdowski N.M., Zahorski A. Historia Warszawy. Warszawa, 1972;

Lewicka M. Atlas architektury Starego Miasta w Warszawie. Warszawa, 1992;

Encyklopedia Warszawy. Warszawa, 1994.

І.​В.​Загарэц (эканоміка), Н.​К.​Мазоўка (архітэктура).

Да арт. Варшава. Калона Жыгімонта III. 1644.
Да арт. Варшава. Каралеўскі замак. 1598—1619.
Да арт. Варшава. Барбакан. 1548.
Да арт. Варшава. Фрагмент палаца ў Вілянаве. 1677—96.
У гістарычным цэнтры Варшавы.
Да арт. Варшава. Помнік героям Варшавы. 1964.
Да арт. Варшава. Цэнтральны вакзал. 1972—75.

т. 4, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́СНІЯ І ГЕРЦАГАВІ́НА (Bosna і Hercegovina),

дзяржава ў Паўд. Еўропе, на Балканскім п-ве. Мяжуе з Харватыяй і Югаславіяй (Сербіяй і Чарнагорыяй). Уключае 2 гіст. вобласці: Боснію (пл. 42 тыс. км²) у даліне р. Сава і яе правых прытокаў і Герцагавіну (пл. 9,1 тыс. км²) у бас. р. Нератва і ў вярхоўях р. Дрына. Агульная пл. 51,1 тыс. км². Нас. 3,8 млн. чал. (1993). Афіцыйная мова сербскахарвацкая. Сталіца — г. Сараева. У адм.-паліт. і этнічна-рэлігійных адносінах падзяляецца на сербскую (праваслаўна-хрысціянскую) і мусульмана-харвацкую часткі. Нац. свята — Дзень рэферэндуму (1 сак.).

Прырода. Большую частку Босніі і Герцагавіны займаюць Баснійскія Рудныя горы (г. Враніца, 2107 м), складзеныя пераважна з сланцаў, і Дзінарскае нагор’е (выш. каля 1000—1600 м) — з вапнякоў; характэрны карст. На Пн нізіна на р. Сава. Радовішчы жал. руды, храмітаў, марганцу, медзі, бурага вугалю, баксітаў. Клімат у даліне р. Сава ўмерана кантынентальны (600—800 мм ападкаў за год), у гарах халаднаваты і вільготны (1500—2000 мм ападкаў за год). Каля 40% плошчы пад лесам, пераважна лісцевым (дуб, бук), часткова хвойным (елка, хвоя).

Насельніцтва. У Босніі і Герцагавіне жывуць тры народы, якія маюць агульную мову, але адрозніваюцца рэліг.-культ. асаблівасцямі: баснійцы-мусульмане (саманазва муслімане, 43,7% усяго насельніцтва), сербы — пераважна праваслаўныя (31,4%), харваты — католікі (17,3%); 5,5% насельніцтва лічыць сябе югаславамі. Жывуць таксама чарнагорцы, албанцы і інш. У гарадах жыве больш за палавіну насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж.): Сараева — 383 (у 1993), Тузла — 230, Біхач — 200 (у 1995), Зеніца — 146, Баня-Лука — 142, Мостар — 126 (у 1991).

Гісторыя. У старажытнасці тэр. сучаснай Босніі і Герцагавіны насялялі ілірыйцы (прыкладна з 1200 да н.э.), якіх у пачатку н.э. заваёўвалі рымляне (з 9 н.э. ў складзе прав. Далмацыя, з 395 — Зах. Рымскай імперыі) і остготы. З 536 у складзе Візантыі. Да 6 ст. заселена славянамі. У 12—13 ст. тут узнікла баснійская царква (гл. Багамілы). У 1377—91 існавала моцнае баснійскае каралеўства на чале з Твртко I. З 15 ст. пад уладай Асманскай імперыі, часткова ісламізавана. Нац.-вызв. паўстанні ў 19 ст. (у т. л. Герцагавінска-баснійскае паўстанне 1875—78) пацярпелі няўдачу. Пасля паражэння Турцыі ў вайне 1877—78 з Расіяй Боснія і Герцагавіна адміністрацыйна падпарадкавана Аўстра-Венгрыі, у 1908 анексіравана яе войскамі (гл. Баснійскі крызіс 1908—09). Сараеўскае забойства наследніка аўстра-венг. трона, якое 28.6.1914 здзейсніў Г.Прынцып, паслужыла зачэпкай да развязвання 1-й сусв. вайны. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі краіна 1.12.1918 увайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (крас. 1941), уключана ў т.зв. Незалежную дзяржаву Харватыя. У ходзе Народна-вызваленчай вайны ў Югаславіі 1941—45 вызвалена. З ліст. 1945 нар. рэспубліка ў складзе Федэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславіі, з 1963 адна з рэспублік Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (СФРЮ).

У ліст. 1990 у Босніі і Герцагавіне ўпершыню праведзены шматпарт. выбары, у выніку якіх да ўлады прыйшлі партыі ад асноўных нац.-рэліг. груп насельніцтва — Мусульм. партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Паміж імі разгарнулася паліт. барацьба вакол пытання пра будучы нац.-тэр. лад краіны. Пасля распаду СФРЮ у кастр. 1991 абвешчана незалежнасць Босніі і Герцагавіны (ухвалена ў сак. 1992 на рэсп. рэферэндуме, які байкатавалі баснійскія сербы). 6.4.1992 рэспубліку прызналі Еўрапейская супольнасць і ЗША. Пасля абвяшчэння 7.4.1992 на землях баснійскіх сербаў Рэспублікі Сербскай пачаўся этн. канфлікт, які перарос у грамадз. вайну (гл. Баснійскі крызіс 1990-х г.). 4.5.1992 з Босніі і Герцагавіны выведзены войскі Югасл. нар. арміі, 22 мая рэспубліка прынята ў ААН, з ліп. 1992 — удзельнік Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. 25.2.1994 заключана перамір’е паміж харватамі і мусульманамі, 17.3.1994 створана Баснійская мусульмана-харвацкая федэрацыя. Амаль за 4 гады вайны забіты і паранены больш за 200 тыс. чал., каля 3 млн. сталі бежанцамі. 14.12.1995 у Парыжы падпісана пагадненне аб міры ў Босніі і Герцагавіне, у аснове якога пагадненне, парафіраванае 21.11.1995 пасля перагавораў паміж сербскай, харвацкай і баснійскай дэлегацыямі ў г. Дэйтан (ЗША). Дакумент прадугледжвае захаванне Босніі і Герцагавіны ў яе сучасных межах як адзінай суверэннай дзяржавы з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (ХМФ; 51% тэр.) і Сербскай Рэспублікі Босніі (39% тэр.), з калект. прэзідэнцтвам (харват і мусульманін-басніец ад ХМФ і баснійскі серб, якія кіруюць папераменна) і заканад. органам (палата дэпутатаў). Канстытуцыя Босніі і Герцагавіны прадугледжвае стварэнне плюралістычнага грамадства.

Гаспадарка. Да 1991 Боснія і Герцагавіна была даволі развітой часткай б. Югаславіі. Здабываліся жал. руда (руднікі Вараш і Любія), баксіты, буры вугаль, соль. ГЭС на горных рэках. Прадпрыемствы чорнай металургіі (Зеніца, Іліяш, Вараш), коксавыя з-ды (Зеніца, Лукавац), лясная і дрэваапр., машынабуд., харч., лёгкая прам-сць, вытв-сць соды, азотных угнаенняў, цэлюлозы. Буйныя прамысл. вузлы Сараева, Зеніца, Тузла. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўвалася палавіна тэрыторыі, у т. л. 50% пад ворыва, агароды, сады і вінаграднікі, 50% — лугі і горную пашу. Гадоўля буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней. Земляробства пераважна на Пн і ў далінах рэк. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, бульбу, з тэхн. культур — каноплі, цукр. буракі, сланечнік, тытунь (асабліва ў Герцагавіне). Садоўніцтва (сліва, яблыня, груша, грэцкі арэх); у Герцагавіне вінаградарства. Краіна горнага турызму. Транспарт пераважна чыгуначны і аўтамабільны. Экспарт складаўся з прадуктаў горнай прам-сці, садавіны, тытуню, імпарт — пераважна з прамысл. абсталявання і нафтапрадуктаў. Грашовая адзінка — дынар Босніі і Герцагавіны.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Босніі і Герцагавіны выяўлены кераміка, статуэткі жанчын і жывёл эпохі неаліту, помнікі мастацтва ілірыйцаў і кельтаў, рэшткі стараж.-рым. гарадоў, ювелірныя вырабы стараж. славян. На сярэдневяковае мастацтва Босніі і Герцагавіны паўплывалі Візантыя, Сербія, Далмацыя, Цэнтр. Еўропа, а з сярэдзіны 15 ст. і Турцыя. У раннехрысціянскі перыяд у царк. дойлідстве тут пашыраны базілікі (у Зеніцы, Брэзе і інш.); у сярэднявеччы — крыжова-купальныя, а таксама 1-нефавыя раманскія і гатычныя храмы. У перыяд тур. панавання будаваліся мячэці (Хусрэў-бега, 1531, арх. Сінан; Алі-Пашы, 1571, у Сараеве), караван-сараі, лазні, масты (Вішаград, 1571). У час аўстр. акупацыі (1878—1918) у гарадах узводзіліся збудаванні ў духу еўрап. эклектызму, у «маўрытанскім» (ратуша ў Сараеве) і неакласіцыстычным (тэатр у Сараеве) стылях. Традыцыі функцыяналізму 1-й пал. 20 ст. саступілі ў 1960-я г. месца пластычнай выразнасці пабудоў, схіленню да бруталізму, выкарыстанню мясцовых дэкар. матэрыялаў (спарт. цэнтр «Скендэрыя» ў Сараеве). У 1980-я г. ў архітэктуры павялічылася цікавасць да нац. маст. традыцый (універмаг «Развітак» у Мостары).

У сярэдневяковым выяўл. мастацтве пашыраны каменныя надмагіллі (т.зв. стэчакі) з плоскарэльефнымі арнаментальнымі і фігурнымі выявамі, дзе арганічна пераплецены нар., раманскія і гатычныя матывы. Зберагліся рэдкія помнікі сярэдневяковага манумент. жывапісу (фрэскі царквы ў Добруне, 2-я пал. 14 ст.), блізкія да сценапісаў Сербіі, яны сведчаць і пра блізкасць да культуры Італіі. У мастацтве мініяцюры 12—14 ст. адчуваюцца сербскія і візант. уплывы. Цікавыя багамільскія рукапісы з наіўна-фалькл. мініяцюрамі («Капітарава евангелле», 14 ст., і інш.). Іканапіс рэгіёна да сярэдзіны 19 ст. прытрымліваўся візант. канонаў. Высокай дасканаласці ў сярэднявеччы дасягнулі апрацоўка металу і маст. ткацтва (кілімы з геам. і расліннымі арнаментамі). У канцы 19 — пач. 20 ст. жывапісцы, якія навучаліся за мяжой, асвойвалі метады сучаснага еўрап. жывапісу. Большасць мастакоў працавала ў Сербіі (І.​Біеліч, Н.​Гваздзенавіч, скульптар С.​Стаянавіч). Паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі склалася група мясц. жывапісцаў, у творчасці якіх зварот да нар. жыцця і роднай прыроды спалучаўся з пошукамі нац. своеасаблівасці, выкарыстаннем прыёмаў пленэрнага жывапісу, а таксама постімпрэсіянізму (Ш.​Бацарыч, В.​Дзімітрыевіч, І.​Шарамет). З канца 1950-х г. пераважалі экспрэсіянізм, абстрактнае мастацтва (Дзімітрыевіч) і інш. кірункі мадэрнізму. З 1970-х г. пашыраецца «фігуратыўнае» мастацтва (Муезіновіч).

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя да 1918), М.​С.​Даўгяла (гісторыя з 1918).

Герб і сцяг Босніі і Герцагавіны.
Да арт. Боснія і Герцагавіна. І.​Біеліч. Баснійскі пейзаж. 1935.
Да арт. Боснія і Герцагавіна. Ускраіна г. Сараева. На пярэднім плане мячэць Газі-Хусрэф-Бега.
Да арт. Боснія і Герцагавіна. Традыцыйны жаночы касцюм. 2-я пал. 19 ст.

т. 3, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́МНІК,

1) у шырокім значэнні — аб’ект, які з’яўляецца часткай культурнай спадчыны краіны, народа, чалавецтва. Паводле тыпалагічных прыкмет вылучаюць археалагічныя помнікі, П. гісторыі, архітэктуры, мастацтва (гл. Помнікі гісторыі і культуры, Мемарыяльныя збудаванні, Манументальнае мастацтва, Манументальная скульптура, Манументальны жывапіс), пісьменнасці (летапісы, казанні, жыціі, словы, хронікі, пасланні, евангеллі, мемуары і інш.). Распрацавана сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў па ахове П. (гл. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны).

2) У вузкім значэнні — твор манум. мастацтва (архітэктура, скульптура, жывапіс) на ўшанаванне памяці пэўнай асобы ці ў гонар знамянальнай падзеі, часцей у выглядзе статуі, бюста, скульпт. групы, калоны, абеліска, арх. збудавання, штучна насыпанага кургана і інш. Звычайна такім П. уласціва функцыя актыўнага грамадскага ўздзеяння, якая выяўляецца не толькі ў іх ідэйнай праграме, але і ў характары іх пастаноўкі і пластычнай трактоўкі. П., разлічаныя, як правіла, на агляд іх вял. колькасцю людзей, адыгрываюць важную ролю ў арг-цыі навакольнай прасторы.

Прататыпамі П. былі стараж. пахавальныя збудаванні (мегаліты, курганы, абеліскі, піраміды, грабніцы, надмагіллі і інш). Асн. кампазіцыйныя тыпы П. склаліся ў ант. мастацтве: алегарычныя ці партрэтныя статуі і скульпт. групы (група тыраназабойцаў Гармодыя і Арыстагітана ў Афінах, 477 да н.э.), конныя статуі (статуя Марка Аўрэлія, 161—180, у 1538 устаноўлена на пл. Капітолія ў Рыме), стэлы, аркі трыумфальныя, трыумфальныя калоны (калона Траяна ў Рыме, 111—114, арх. Апаладор з Дамаска). Сярод П. сярэдневяковай Еўропы найб. вылучаюцца крыжы, якімі адзначалі памятныя месцы, а таксама (пераважна на 3) скульпт. выявы данатараў. Традыцыяй многіх краін (у т. л. дапятроўскай Русі) было ўвекавечванне знамянальных падзей узвядзеннем культавых пабудоў (Васіля Блажэннага храм у Маскве, узведзены ў памяць перамогі над Казанскім ханствам). У Італіі майстры Адраджэння, выкарыстоўваючы стараж.-рым. спадчыну, адрадзілі традыцыі свецкіх П. (конныя статуі кандацьераў Гатамелаты ў Падуі, 1447—53, скульпт. Данатэла, і Калеоні ў Венецыі, 1479—88, скульпт. А. дэль Верок’ё). У эпоху маньерызму з’явіліся тэндэнцыі да пышнай рэпрэзентатыўнасці і ўрачыстасці, у перыяд барока і класіцызму яны ўзмацніліся. П. (пераважна манархам і палкаводцам) часта адыгрывалі важную ролю ў гар. забудове (П. Пятру I у Пецярбургу — «Медны коннік», 1768—78, скульпт. Э.​М.​Фальканэ). У перыяд ампіру зноў узводзілі арх. манументы, прысвечаныя ваен. перамогам (трыумфальная арка на б. пл. Зоркі, цяпер пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.​Ф.​Шальгрэн; Аляксандраўская калона ў Пецярбургу, 1830—34; арх. А.​А.​Манферан). У 2-й пал. 18 ст. і асабліва ў 19 ст. ставілі П. выдатным грамадскім дзеячам і творчым асобам (І.​А.​Крылову ў Пецярбургу, 1848—55, скульпт. П.​К.​Клот; І.​В.​Гётэ і Ф.​Шылеру ў г. Веймар, 1857, скульпт. Э.​Рычэль); для іх характэрны сімволіка, алегарызм, эклектычная стылістыка. П. канца 19 — пач. 20 ст. адметныя гіганцкімі маштабамі (Віктару Эмануілу II у Рыме, 1885—1911, арх. Дж.​Саконі), празмерна грубымі формамі (О.​Бісмарку ў г. Гамбург, 1901—06, скульпт. Г.​Ледэрэр). У 20 ст. актуальнасць набыла ідэя стварэння арх. і скульпт. мемар. комплексаў, прысвечаных памяці ахвяр 1-й і 2-й сусв. войнаў. Яны ўяўляюць сабой развітыя аб’ёмна-пластычныя прасторавыя кампазіцыі, якія могуць уключаць арх. збудаванні, традыц. мемар. формы (абеліск, стэлу, пліту з рэльефамі і надпісамі, аркі, калоны) 1 манум. скульптуру (статуарную, рэльефную, алегарычнага характару). Многія П. гэтага часу вылучаюцца экспрэсіўнасцю, метафарычнай насычанасцю вобразаў («Зруйнаваны горад» у г. Ротэрдам, 1953, скульпт. В.​Цадкін; помнік Я.​Сібеліусу ў Хельсінкі, 1961—67, скульпт. Э.​Хілтунен), з’явіўся новы тып невыяўл. П., блізкі па духу да архітэктуры малых форм (П. ахвярам 2-й сусв. вайны ў г. Мілан, 1948). Сав. П., прысвечаныя выдатным асобам і падзеям мінулага і сучаснасці, у сукупнасці ўтвараюць вобразны летапіс гісторыі краіны. Першыя сав. П. па характары блізкія да станковай скульптуры, пазнейшым уласцівы манум. формы, якія спрыялі іх уключэнню ў гар. ансамбль ці навакольны ландшафт (Марсава пале ў Пецярбургу, Ю.​А.​Гагарыну ў Маскве, 1980, скульпт. П.​Бандарэнка, і інш.). Пасля Вял. Айч. вайны пашыраны мемар. збудаванні (у Трэптаў-парку ў Берліне, на Піскароўскіх могілках у Пецярбургу, Малахавым кургане ў Валгаградзе), партрэтныя манументы і П. з уключэннем рэальных узораў ваен. тэхнікі (танкі, самалёты і інш.). Сучасныя П. характарызуюцца разнастайнасцю тыпаў, вял. дыяпазонам маст. сродкаў ад рэаліст. да абстрактных.

На Беларусі П. розных відаў (камяні, крыжы, курганы і інш.) вядомы са старажытнасці. З 17 ст. найб. пашыраны надмагіллі. У 19 ст. ставілі бюсты царам і вяльможам [Аляксандру II у б. Саборным (цяпер сквер на пл. Свабоды) скверы ў Мінску, не захаваўся]. У 1908 устаноўлены Ляснянскі мемарыяльны комплекс, у 1912 — П. героям вайны 1812 у Віцебску (арх. І.​Фамін), П. Перамогі 1812 у г. Кобрын (арх. Д.​Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца і інш. У 1920-я г. стваралі П. дзеячам рэв. руху ў духу авангарднага мастацтва (Віцебск, не захаваліся). У 1930—50-я г. пераважалі П.-збудаванні, П.-манументы. якія з’яўляліся сведчаннем перамогі новага грамадскага ладу (помнік Леніну з рэльефнымі фрызамі на пастаменце на пл. Незалежнасці ў Мінску, скульпт. М.​Манізер). У пасляваен. гады створаны ансамблі пл. Перамогі з Манументам Перамогі ў Мінску; устаноўлены бюсты і статуарныя П., прысвечаныя героям вайны: С.​Грыцаўцу ў Мінску (скульпт. З.​Азгур), К.​Заслонаву ў Оршы (абодва 1955, скульпт. С.​Селіханаў) і інш. У 1960—70-я г. створаны шырока вядомыя мемар. комплексы: помнік Вызваліцелям у Віцебску, Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь; шматфігурныя скульпт. П. — Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне, помнік Я.​Коласу з літ. персанажамі (скульпт. Азгур, арх. Ю.​Градаў, Л.​Левін), Я.​Купалу са скульпт. групай фантана (абодва 1972, скульпт; А.​Анікейчык, Л.​Гумілеўскі, А.​Заспіцкі, арх. Градаў, Левін) у Мінску, статуарны помнік Ф.​Скарыне ў Полацку (1975, скульпт. А.​Глебаў, І.​Глебаў, Заспіцкі). П. 1980—2000-х г. прысвечаны пераважна дзеячам нац. гісторыі і культуры: статуарныя П. — М.​Багдановічу ў Мінску (1981, скульпт. С.​Вакар, арх. Ю.​Казакоў, Л.​Маскалевіч), Сымону Буднаму ў Нясвіжы (1982, скульпт. С.​Гарбунова), Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі (скульпт. А.​Арцімовіч, арх. І.​Марозаў), Я.​Драздовічу ў Мінску (1993, скульпт. І.​Голубеў), Ф.​Скарыне ў Празе (1996, скульпт. Э.​Астаф’еў), Ефрасінні Полацкай у Мінску (1999) і Полацку (скульпт. Голубеў, арх. В.​Ягадніцкі), С.​Буднаму і В.​Цяпінскаму (скульпт. Голубеў), кн. Давыду ў Давыд-Гарадку (скульпт. А.​Дранец, арх. Левін), княгіні Соф’і Слуцкай у Слуцку (усе 2000; скульпт. М.​Інькоў, арх. М.​Лук’янчык), надмагільны помнік В.​Тураву ў Мінску (1999, скульпт. М.​Якавенка); П.-бюсты кн. Нясвіжскага і М.​К.​Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы (1992, скульпт. Гумілеўскі), В.​Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах Магілёўскай вобл. і П. Масленікава ў Магілёве (1998, скульпт. У.​Лятун). Створаны комплекс «Мінск — горад-герой», мемар. храм-П. «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку (1996, аўтары: Ю.​Паўлаў, М.​Каралёў, Т.​Каралёва-Паўлава, В.​Лапцэвіч, Г.​Паўлава, А.​Паўлаў, Д.​Хамякоў), мемарыял на месцы мінскага гета на пл. Юбілейнай (1998—2000, скульпт. Э.​Полак, А.​Фінскі, арх. Левін) у Мінску, помнік А.​Гараўцу ў Віцебску (1995, скульпт. Арцімовіч, Інькоў, М.​Канцавы, арх. В.​Рыбакоў) і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Да арт. Помнік. Конная статуя Марка Аўрэлія ў Рыме. 161—180.
Помнік князю Давыду ў г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобл. 2000. Скульпт. А.​Дранец, арх. Л.​Левін.
Надмагільны помнік В.​Тураву, 1999. Скульпт.

М.​Якавенка.

Помнік Ю.​А.​Гагарыну ў Маскве. 1980. Скульпт. П.​Бандарэнка і інш.
Помнік Ф.​Скарыне ў г. Полацк Віцебскай вобл. 1975. Скульпт. А.​Глебаў, І.​Глебаў, А.​Заспіцкі.

т. 12, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

В’ЕТНА́М (Viêt Nam),

Сацыялістычная Рэспубліка В’етнам (Công Hòa Xã Hôi Chu Nghia Viêt Nam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі. Займае ўсх. ч. п-ва Індакітай. Абмываецца на У і Пд Паўд.-Кітайскім морам, яго залівамі Бакбо (Танкінскі) і Сіямскім. Мяжуе з Кітаем (на Пн), Лаосам і Камбоджай (на З). Падзяляецца на 50 правінцый; 3 гарады цэнтр. падпарадкавання (Ханой, Хайфон, Хашымін). Захоўваецца і гісторыка-геагр. падзел на Паўн. частку (Бакбо), Цэнтр. (Чунгбо) і Паўд. (Намбо). Пл. 329,6 тыс. км². Нас. 71,8 млн. чал. (1993). Сталіца — г. Ханой. Дзярж. мова в’етнамская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (2 вер.).

Дзяржаўны лад. В’етнам — сацыяліст. дзяржава. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. сход тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход (395 дэпутатаў) — выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Урадавы савет (урад) — узначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Большую частку тэр. займаюць невысокія і сярэдневышынныя горы. Найб. узвышаная паўн.-зах. частка — хр. Хаангльеншон з вяршыняй Фаншыпан (3143 м). Уздоўж зах. межаў цягнуцца горы Чыангшон (Анамскія) з лакальнымі пласкагор’ямі і плато (найб. Кантум і Даклак на Пд). Каля ўзбярэжжаў — нізіны, найб. значныя ў дэльтах рэк Меконг (каля 50 тыс. км²) і Хангха (каля 15 тыс. км²). Карысныя выкапні (знаходзяцца пераважна на Пн): каменны вугаль (геал. запасы каля 15 млрд. т), жалезная руда, волава, свінец, цынк, малібдэн, вальфрам, тытан, баксіты, храміты, марганец, фасфарыты і апатыты; вял. запасы нафты і газу ў нетрах шэльфа Паўд.-Кітайскага м. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на Пн трапічны. Зіма на Пд гарачая, на Пн халаднаватая, лета ўсюды гарачае. Сярэдняя т-ра студз. на раўнінах на Пн 15 °C, на Пд 26 °C, ліп. адпаведна 28 °C і 29 °C. У гарах халадней. Вылучаюцца 2 сезоны: летні (з сярэдзіны мая да сярэдзіны кастр.) — гарачы і дажджлівы; зімовы (з сярэдзіны кастр. да сярэдзіны сак.) — цёплы і сухі. Восенню бываюць тайфуны, у далінах рэк і на ўзбярэжжы — разбуральныя навадненні. Ападкаў 1500—2000 мм за год, у гарах да 3000 мм. Большая частка іх прыпадае на летні сезон. Рэкі горныя — кароткія, парожыстыя і мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй (сумарныя рэсурсы 15 млрд. кВт). На Пд ніжняе цячэнне р. Меконг, на Пн сярэдняе і ніжняе р. Хангха (Чырвоная). Прыкладна 40% тэр. (амаль выключна ў гарах) пад вечназялёнымі субтрапічнымі і трапічнымі лясамі. Вышэй за 600—700 м на Пн і 1000—1200 м на Пд побач з трапічнымі пародамі растуць дуб, бук, каштан, хвоя. Значныя ўчасткі, асабліва ў дэльце Меконга, заняты балотнай расліннасцю, у прыбярэжнай паласе — мангравыя зараснікі.

Насельніцтва. Налічваецца больш як 60 народнасцей і плямён. Асноўнае насельніцтва — в’етнамцы, або кінь (прыкладна 87%), якія жывуць пераважна на раўнінах, у перадгорных раёнах і ў гарадах. Блізкія да іх мыонгі (каля 1 млн. чал.). На Пд на раўнінах жывуць кхмеры (каля 1 млн.), ва ўзвышаных і горных раёнах на Пн — горныя таі (каля 2,5 млн. чал.), меа, ман і горныя моны, на ПдЗ — горныя кхмеры, на ПдУ — чамы і горныя чамы. У гарадах жыве каля 2 млн. кітайцаў. Сярод большай часткі вернікаў пашыраны будызм, які цесна пераплецены з даасізмам, канфуцыянствам, культам продкаў, ёсць хрысціяне (пераважна католікі), чамы — брахманісты і мусульмане. Частка горных плямён захоўвае стараж. традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 218 чал. на 1 км² (ад 20—30 чал. на 1 км² у гарах да 1000—1500 чал. на 1 км² у асвоеных нізінных раёнах). Гар. насельніцтва 20% (1993). Найб. гарады (тыс. ж., 1989): Хашымін — 3924, Хайфон — 1448, Ханой — 1088, Дананг — 370, Кантхо — 284, Нячанг — 270, Хюэ — 260, Намдынь — 220, Лангсюен — 214, Куінён — 202.

Гісторыя. Тэр. В’етнама заселена чалавекам у ніжнім палеаліце. Непасрэднымі продкамі в’етнамцаў былі лакв’еты. У 3 ст. да н.э. на Пн В’етнама ўтварыліся протадзяржавы Намв’ет і Аўлак, якія ў 111 да н.э. былі заваяваны стараж. кітайцамі. Пазней тут распаўсюдзіліся будызм махаянісцкага толку і канфуцыянства. На Пд В’етнама каля 2 ст. н.э. ўзнікла протадзяржава Цьямпа, якая знаходзілася пад уплывам Стараж. Індыі (будызм хінаянісцкага толку, індуізм у шываісцкай форме). У пач. 10 ст. Паўн. В’етнам вызваліўся ад кіт. панавання. Тут правілі каралі з дынастый Кхук [906—923], Ню [939—965], Дзінь [968—981; засн. военачальнікам Дзінь Бо Лінем, які назваў краіну Дайкав’ет — Вялікі стараж. В’ет], Ранніх Ле [981—1009]; у 10—11 ст. захоплены паўн. землі Цьямпы. Пры ўладарах дынастыі Лі [1010—1225] створана цэнтралізаваная дзяржава, у 1069 назва краіны зменена на Дайв’ет (Вялікі В’ет). Пасля палацавага перавароту 1225 сваяк караля Чан заснаваў аднайм. дынастыю (існавала да 1400). Яе ўладары стварылі моцную армію і баяздольны флот, пры падтрымцы народа адбілі ўварванні манголаў [паводле мірнага дагавора 1289 кіт. (манг.) дынастыя Юань фармальна прызнавалася сюзерэнам Дайв’ета; арганізатар абароны краіны галоўнакамандуючы Чан Хынг Дао стаў нац. героем]. З 1371 кіраўніком урада і фактычным правіцелем быў Хо Кюі Лі, які абмежаваў спадчынныя ўладанні знаці, упарадкаваў падаткаабкладанне і інш., аднак уварванне кіт. войск паклала канец праўленню заснаванай ім дынастыі Хо [1400—07]. Пасля вываду кіт. войск у выніку выступленняў патрыётаў-в’етаў іх кіраўнік Ле Лоі заснаваў дынастыю Позніх Ле [1428—1789] і прадоўжыў рэформы Хо (адноўлены статус абшчыны, праведзены адм. рэформа і ўлік зямлі, немаёмныя сяляне атрымалі надзелы). У 1471 канчаткова далучаны паўд. землі Цьямпы. У выніку аслаблення ўлады правіцеляў дому Ле (з 16 ст.) і міжусобіц 17 ст. Пн краіны фактычна захапілі буйныя саноўнікі Чыні, Пд — Нгуены. У 17 ст. ў Дайв’еце з’явіліся партуг., ісп., франц. місіянеры-католікі. Масавыя сял. выступленні (з 2-й пал. 18 ст.) у абедзвюх частках краіны перараслі ў тэйшонаў паўстанне пад лозунгам аднаўлення ўлады дынастыі Ле. Пасля спынення дынастыі Ле (1789) Нгуены пры падтрымцы французаў задушылі паўстанне і аб’ядналі дзяржаву пад сваёй уладай (1802). Пры імператарскай дынастыі Нгуенаў [1802—1945] у 1-й пал. 19 ст. адноўлена разбураная паўстаннем гаспадарка, умацавана сістэма адм. улады, пашырыліся кантакты з Францыяй. З 1804 краіна афіцыйна наз. В’етнам (Паўднёвы В’ет). У 1858 пачаўся захоп В’етнама французамі, якія пад выглядам абароны каталіцкіх місіянераў увялі ваен. эскадру ў бухту Дананг, у 1859 занялі Сайгон. Пазней акупіравана зах. частка Паўд. В’етнама — Кахінхіны (Намбо), што замацавана дагаворам 1862, у 1867 анексіравана астатняя ч. краіны. Паводле франка-в’етнамскага дагавора 1874 увесь Пд В’етнама трапіў пад уладу франц. калан. адміністрацыі. У ходзе 2-й франка-в’етн. вайны 1883—84 франц. войскі занялі ключавыя ваен. пазіцыі ў краіне і прымусілі яе правіцеляў прызнаць пратэктарат Францыі над усім В’етнамам. Пратэктарат быў падзелены на 2 часткі: паўн. (Танкін, ці Бакбо) і цэнтр. (Анам, Чунгбо). З 1893 калонія Кахінхіна і пратэктараты Анам і Танкін у складзе франц. Індакітайскага саюза (разам з Камбоджай і Лаосам). Французы заснавалі ў В’етнаме горназдабыўную прам-сць, вытв-сць рысу (76% экспарту), кавы, чаю, каўчуку. В’етн. памешчыкі валодалі 50%, каланізатары — 9% зямель. 58% мясц. сялян не мелі ўласнай зямлі. У канцы 19 ст. зарадзіўся нац.-вызв. рух (рух «вернасці імператару», партыз. выступленні сялян). У 1904 створана Таварыства абнаўлення В’етнама (выступала за выгнанне французаў з дапамогай Японіі і стварэнне канстытуцыйнай манархіі), якое ў 1912 рэарганізавана ў Таварыства адраджэння В’етнама. У 1919—20 пачаў рэв. дзейнасць Хо Шы Мін. У 1923 засн. Канстытуцыйная партыя (выступала за рэформу калан. парадкаў і наданне краіне статуса дамініёна), у 1927 — Нац. партыя В’етнама (патрабавала ліквідаваць калан. рэжым). Падрыхтаванае апошняй Йенбайскае паўстанне 1930 пацярпела няўдачу. У 1930-я г. ў нац.-вызв. барацьбу ўключылася Камуніст. партыя В’етнама (засн. ў пач. 1930, з кастр. 1930 наз. Камуніст. партыя Індакітая — КПІК). На пач. 2-й сусв. вайны тэр. В’етнама акупіравана яп. войскамі (1940—41); захавалася і франц. калан. адміністрацыя. У маі 1941 пад кіраўніцтвам КПІК створана Ліга барацьбы за незалежнасць В’етнама (гл. В’етмінь). 9.3.1945 японцы ліквідавалі франц. адміністрацыю і абвясцілі фіктыўную незалежнасць В’етнама. У выніку перамогі ўзбр. паўстання 1945 (гл. Жнівеньская рэвалюцыя 1945) скінута ўлада японцаў, 2.9.1945 у г. Ханой абвешчана Дэмакр. Рэспубліка В’етнам (ДРВ). У хуткім часе Пн краіны акупіравалі кіт. (гаміньданаўскія), Пдбрыт. войскі; потым вярнуліся французы. Паводле в’етн.-франц. пагадненняў 1946 ДРВ прызнана незалежнай дзяржавай у рамках Індакіт. федэрацыі і Франц. саюза; брыт. і гаміньданаўскія войскі заменены французскімі. У 1946 адбыліся выбары ў мясц. органы ўлады і Нац. сход (парламент), прынята Канстытуцыя ДРВ (ліст. 1946), створаны Нац. саюз В’етнама (гл. Льен-В’ет); КПІК вымушана была перайсці на нелегальнае становішча. Французы правакавалі сутыкненні, патрабавалі раззброіць узбр. сілы ДРВ. Каб захаваць свае калан. пазіцыі, Францыя 19.12.1946 пачала вайну ў Індакітаі. У 1950 ваен. ініцыятыва перайшла да в’етн. нар. арміі, якая вяла вайну Супраціўлення. Ва ўмовах вайны ў ДРВ у 1949 пачаліся агр. пераўтварэнні, якія з 1953 перараслі ў ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і размеркаванне зямель сярод сялян. У 1950 ДРВ прызнана Сав. Саюзам і інш. краінамі. У 1951 КПІК перайменавана ў Партыю працоўных В’етнама (ППВ). У сак. 1954 часці в’етн. нар. арміі акружылі ўмацаваны раён Дзьенб’енфу, дзе знаходзіліся гал. сілы франц. экспедыцыйнага корпуса, і праз 2 месяцы французы капітулявалі. Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 аб Індакітаі тэр. В’етнама падзелена дэмаркацыйнай лініяй уздоўж 17-й паралелі (на Пн ад яе канцэнтраваліся войскі ДРВ, на Пд — войскі паўд.-в’етн. ўрада, створанага французамі ў 1949), выводзіліся франц. войскі, прадугледжваліся свабодныя агульнав’етн. выбары пад наглядам міжнар. камісіі і інш. Аднак паўд.-в’етн. ўлады адмовіліся ад удзелу ў выбарах і пад уплывам ЗША стварылі ў 1955 т.зв. Рэспубліку В’етнам (РВ) са сталіцай у Сайгоне. У ДРВ з 1954 праводзіўся курс на пабудову сацыялізму на ўзор СССР. Да 1958 адноўлена разбураная вайной гаспадарка. У 1960 пачалася індустрыялізацыя, прынята новая канстытуцыя. Ва ўмовах супраціўлення праамерыканскаму дыктатарскаму рэжыму Нго Дзінь Зьема ў Паўд. В’етнаме ў снеж. 1960 узнік Нацыянальны фронт вызвалення Паўднёвага В’етнама (НФВПВ), які меў на мэце стварэнне незалежнага дэмакр. і нейтральнага Паўд. В’етнама, аб’яднанне краіны мірным шляхам. Пад націскам мас у 1963 скінуты непапулярны Нго Дзінь Зьем, аднак уладу захапіў генералітэт. У 1965 устаноўлены ваенна-дыктатарскі рэжым ген. Нгуен Ван Тхіеў. У выніку ваен. пагаднення 1961 паміж ЗША і РВ колькасць амер. ваеннаслужачых у Паўд. В’етнаме павялічылася з 200 чал. у 1954 да 25—30 тыс. у 1964. Ва ўмовах няўдалай барацьбы паўд.-в’етн. арміі супраць ваен. атрадаў (у т. л. партызанскіх) НФВПВ, якім аказвала дапамогу ДРВ, адбылося прамое ваен. ўмяшанне ЗША (пазней і іх саюзнікаў). З 1965 амерыканцы пачалі сістэм. бамбардзіроўкі тэр. ДРВ і карныя аперацыі на Пд В’етнама. Да 1969 амер. ваен. кантынгент у РВ налічваў 543 тыс. чал., а таксама 69 тыс. ваеннаслужачых з Паўд. Карэі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Тайланда і Філіпін. Вайна з боку ЗША вялася жорсткімі метадамі (гл. Сангмі). Нягледзячы на 4-разовую колькасную перавагу, амерыканцы і іх саюзнікі не здолелі знішчыць асн. сілы праціўніка, які спалучаў класічныя і партыз. метады вядзення вайны — пазбягаў франтальных сутыкненняў з буйнымі амер. злучэннямі і прымушаў іх трымаць у рэзерве значныя сілы для аховы ўласных ваен. баз і камунікацый. На вызваленых патрыят. сіламі тэрыторыях у 1968—69 праведзены выбары, у чэрв. 1969 створаны Часовы рэв. ўрад Рэспублікі Паўднёвы В’етнам (РПВ), які далучыўся да ўдзелу ў перагаворах па в’етн. пытанні ў Парыжы (пачаліся ў сак. 1968 паміж прадстаўнікамі ДРВ, РВ, ЗША). На пач. 1970-х г. РПВ прызнана 40 дзяржавамі свету. Ва ўмовах росту антываен. выступленняў унутры ЗША і падзення іх міжнар. прэстыжу новае амер. паліт. кіраўніцтва на чале з прэзідэнтам Р.Ніксанам узяло курс на «в’етнамізацыю» вайны (з 1969) — паступовы перанос асн. цяжару баявых дзеянняў на паўд.-в’етн. армію пры захаванні матэрыяльнай і ваен.-тэхн. дапамогі з боку ЗША. Да пач. 1973 амер. ваен. кантынгент скарочаны да 69 тыс. чал. Пасля падпісання Парыжскага пагаднення 1973 з В’етнама выведзены войскі ЗША і іх саюзнікаў. Аднак вайна ў В’етнаме працягвалася і скончылася паражэннем сайгонскага рэжыму (30.4.1975 вызвалены Сайгон). Гэтым завершана аб’яднанне краіны: у ліст. 1975 склікана Паліт. кансультатыўная нарада па аб’яднанні Паўн. і Паўд. В’етнамаў; абраны на ўсеагульных выбарах адзіны Нац. сход 2.7.1976 абвясціў Сацыяліст. Рэспубліку В’етнам — СРВ. Цяжкія вынікі вайны (у т. л. знішчэнне 50% лясных масіваў і 20% с.-г. угоддзяў), нізкая эфектыўнасць эканомікі, вайна В’етнама ў Камбоджы (1979), пагран. канфлікт 1979 з Кітаем і інш. спарадзілі эканам. праблемы. У 1988 дэмакратычная і сацыялістычная партыі самаліквідаваліся, паліт. кіраўніцтва СРВ (камуніст. партыя) стала праводзіць курс на паступовыя рыначныя пераўтварэнні эканомікі. У 1992 прынята новая канстытуцыя (замяніла канстытуцыю 1980), праведзены выбары ў Нац. сход. В’етнам — член ААН (з 1977), АСЕАН (з 1995). Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Камуніст. партыя В’етнама, Саюз камуніст. моладзі Хо Шы Міна, Айчынны фронт В’етнама, Усеагульная канфедэрацыя працоўных В’етнама.

Гаспадарка. В’етнам — індустрыяльна-аграрная дзяржава. Прамысловасць дае асноўную ч. валавога ўнутр. прадукту і экспарту, аднак большасць насельніцтва (65%) занята ў сельскай гаспадарцы. Здабываюць каменны вугаль і нафту — па 4,8 млн. т (1992), вальфрам, волава, апатыты, храміты, марганцавыя руды, соль з марской вады, буд. матэрыялы. Асн. цэнтры здабычы вугалю Хангай, Камфа, Куангйен, апатытавы руднік у Лакаі, руднік па здабычы хрому з абагачальнай ф-кай у Кадзіне, алавяны камбінат у Каабангу. Асн. цэнтр нафтаздабычы г. Вунгтаў. Электраэнергетыка пераважна на каменным вугалі, вытв-сць электраэнергіі 9,8 млрд. кВтгадз (1992). Ёсць прадпрыемствы чорнай (Тхайнгуен, Б’енхаа) і каляровай (Ціньтук) металургіі. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю дызеляў, помпаў, с.-г. тэхнікі, трансп. сродкаў (у т. л. невялікіх рачных і марскіх суднаў), разнастайных механізмаў (Ханой, Хайфон, Хашымін, Б’енхаа, Міньхай, Вінь). Ёсць прадпрыемствы па рамонце самалётаў, суднаў, аўтамашын, зборцы веласіпедаў, рухавікоў, матаролераў, гадзіннікаў, радыёапаратуры. Хім. прам-сць (вытв-сць мінер. угнаенняў) развіваецца ў правінцыях Хабак, Ламтхаа, вытв-сць цэменту і будматэрыялаў — у Ханоі, Хайфоне, правінцыі Хатуен, працуюць лесапільныя і дрэваапрацоўчыя, цэлюлозна-папяровыя, мэблевыя, па вытв-сці чарапіцы, жалезабетонных вырабаў, шкла, піламатэрыялаў, запалак і інш. прадпрыемствы. Развіта лясная гаспадарка, нарыхтоўка каштоўных парод дрэў (жалезнага, чорнага, палісандравага, розных відаў бамбуку). У лясах праводзіцца збор кардамону, бадзяну, карыцы, бензою, камедзі, каніфолі, сыравіны для дубільных і фарбавальных рэчываў. Лёгкая (баваўняная, трыкат., абутковая) і харч. (рысаачышчальная, цукровая, чайная, рыбаперапрацоўчая, кансервавая, вытв-сць эфірных алеяў) прам-сць. Прадпрыемствы мясц. прам-сці і кааператываў вырабляюць цукар, патаку, піва, рыбны соус (традыцыйны харч. прадукт), тытунёвыя вырабы, рэчы хатняга ўжытку, тканіны, абутак, мыла і інш. Саматужная вытв-сць і маст. рамёствы даюць каля ⅓ прамысл. прадукцыі і больш як ​1/5 кошту экспарту. У сельскай гаспадарцы пераважае раслінаводства. Пасяўныя пл. — 8,2 млн. га (1992), каля паловы іх арашаецца. На большай частцы зямель штогод здымаюць 2—3 ураджаі. 86% пасяўных пл. займаюць харч. культуры, пераважна рыс (у дэльтах рэк Меконг і Хангха, на прыбярэжных раўнінах), а таксама батат, кукуруза, маніёк, проса. Валавы збор харч. культур у пераліку на рыс склаў 24 млн. т (1992). З тэхн. культур вырошчваюць цукр. трыснёг, чай, тытунь, джут, арахіс, бавоўну, каву, каўчуканосы (гевею). Развіта трапічнае садоўніцтва (пераважна бананы і ананасы), вырошчваюць гародніну, кветкі, лекавыя травы. Буйн. раг. Жывёлы (1993), гал. чынам буйвалаў, што выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла, 3,3 млн. галоў, свіней 14,9 млн. галоў, коней 133 тыс. галоў. Птушкагадоўля. У сажалках, на рысавых палях, рэках і морах — рыбалоўства (сумарны ўлоў рыбы 1080 тыс. т; 1993). Транспарт прадстаўлены сеткай вузкакалейных чыгунак (пераважная шырыня каляі 1 м, даўж. 3,1 тыс. км, у т. л. гал. чыгунка Ханой—Хашымін — 1,8 тыс. км), суднаходных рэк, праток і каналаў каля 40 тыс. км, аўтадарог больш за 300 тыс. км. 17 марскіх і рыбалоўных партоў, у т. л. Хашымін, Хайфон, Дананг, Камфа. 100 аэрадромаў і аэрапортаў, міжнар. аэрапорты ў Ханоі і Хашыміне. Экспарт 2,4 млрд. дол., імпарт 2,3 млрд. дол. (1992). Экспартуюцца с.-г. і рамесніцкая прадукцыя, вугаль, мінералы і руды, нафта, морапрадукты, баваўняныя тканіны, каўчук, чай, драўніна, некаторыя тавары нар. спажывання, у асобныя гады рыс. Імпартуюцца электронныя і эл.-тэхн. вырабы, прадукцыя хім. прам-сці, трансп. сродкі, нафтапрадукты, лекі, бавоўна, угнаенні, зерне. Гал. гандл. партнёры: Тайвань, Сінгапур, Сянган, КНР, Філіпіны, Японія, Расія. В’етнам атрымлівае значную дапамогу ад шэрагу краін (Японія, Францыя, Вялікабрытанія). Беларусь экспартуе ў В’етнам пракат чорных металаў, грузавікі, трактары, падшыпнікі, матацыклы, імпартуе пераважна натуральны каўчук. Арганізаваны 2 сумесныя прадпрыемствы па вытв-сці натуральнага каўчуку. Грашовая адзінка — донг.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя В’етн. нар. армію (ВНА; складаецца з сухап. войск, ВПС, войск ППА і ВМС) і войскі МУС, а таксама ірэгулярнае нар. апалчэнне. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У ВНА больш за 850 тыс. чал. (1994). Сухап. войскі (700 тыс. чал.) падзяляюцца на палявыя і мясцовыя. Усяго ў іх 62 пях. і механізаваныя і 8 інж. дывізій, 10 бранятанк. брыгад, 15 асобных пях. палкоў, 10 брыгад палявой артылерыі, 20 асобных інж. брыгад; маюць 1750 танкаў (Т-34, -54, -55 і тыпу 59), каля 1700 адзінак інш. бранятанк. тэхнікі, каля 3 тыс. гармат палявой і процітанк. артылерыі, каля 10 тыс. мінамётаў і інш. У ВПС (каля 15 тыс. чал.) 4 авіяц. дывізіі (у т. л. 2 знішчальна-бамбардзіровачныя і 5 знішчальных палкоў, 3 палкі ваен.-трансп. авіяцыі), каля 270 баявых самалётаў і верталётаў (у т. л. знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі Су-17, Су-22, знішчальнікі МіГ-21 біс і верталёты Мі-24). Войскі ППА (каля 100 тыс. чал.) складаюцца з зенітна-ракетных і радыётэхн. войск і зенітнай артылерыі, зведзеных у дывізіі і брыгады, якія маюць 66 комплексаў SA-2, -3 і -6, каля 100 радыёлакацыйных станцый, больш за 1000 гармат зенітнай артылерыі. У складзе ВМС (42 тыс. чал.) надводныя караблі (7 фрэгатаў, 64 патрульныя і вартавыя катэры, 8 ракетных і 21 тарпедны катэр, 7 дэсантных караблёў), марская пяхота (каля 30 тыс. чал., 2 брыгады, ёсць плаваючыя танкі, бронетранспарцёры, лёгкая артылерыя), часці берагавой абароны (маюць лёгкія танкі, баявыя машыны пяхоты, каля 100 гармат берагавой артылерыі і зенітна-ракетныя сродкі), якія аб’яднаны ў ваенна-марскія базы і раёны. Войскі МУС складаюцца з войск унутр. аховы і пагранічных, маюць пераважна лёгкую артыл. і стралк. зброю. Нар. апалчэнне — масавая ваенізаваная арг-цыя, якая фарміруецца паводле тэр.-вытв. адзнакі і забяспечвае падрыхтоўку і мабілізацыйнае разгортванне ваенна-абучанага рэзерву ВНА.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 63, жанчын 68 гадоў. Смяротнасць 8 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 298 чал., урачамі — 1 на 2843 чал. Узровень нараджальнасці 27 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 46 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета. Сістэма адукацыі В’етнама ўключае ўстановы дашкольнага выхавання, агульнаадук. школу, сярэднія спец. навуч. ўстановы, прафес. вучылішчы, ВНУ. Паводле звестак ЮНЕСКА, непісьменнасць у В’етнаме знізілася да 12,4% (1990). У 1961 пачалі стварацца 1-гадовыя падрыхтоўчыя класы для дашкольнікаў, якія сталі абавязковымі. 12-гадовая агульнаадук. школа прадугледжвае 2 ступені: 1—5-ы кл. і 6—12-ы кл. (навучанне на 2-й ступені на працягу 4 гадоў дае няпоўную сярэднюю адукацыю; наступнае навучанне на працягу 3 гадоў — поўную сярэднюю). Пач. і няпоўная сярэдняя адукацыя абавязковая. Прафес. адукацыю даюць прафес.-тэхн. вучылішчы і тэхнікумы. Ствараецца сістэма завочнай і вячэрняй (сярэдняй і вышэйшай) адукацыі. На прадпрыемствах вядзецца курсавая падрыхтоўка рабочых кадраў без адрыву ад вытв-сці. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты, ін-ты, вышэйшыя школы і вучылішчы (тэхн. і пед.). Тэрмін навучання ў ВНУ 4—5 гадоў, у вышэйшых школах і вучылішчах 3—4 гады. Буйнейшыя ВНУ: Ханойскі ун-т (з 1918), ун-ты ў гарадах Хашымін, Хюэ, Кантхо, Далат; політэхн., пед., мед. ін-ты, кансерваторыя (усе з 1955), ін-ты нар. гаспадаркі (з 1956), сувязі (1969), інжынераў транспарту (1968) — усе ў Ханоі. Б-кі: Нац., Цэнтральная, Ханойскага ун-та і інш. Музеі: Нац. музей, Музей прыгожых мастацтваў і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў н.-д. установах, ун-тах і галіновых ін-тах.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць больш як 100 цэнтральных, а таксама правінцыяльных перыяд. выданняў. Буйнейшыя газеты «Nhân dân» («Народ», з 1951), «Lao dông» («Праца», з 1943), «Dôc lâp» («Незалежнасць», з 1953), «Tô quôć» («Радзіма», з 1946), «Tiê’n phong» («Авангард», з 1953), «Hanoi Moi» («Новы Ханой»). Асноўныя радыё- і тэлестанцыі размешчаны ў буйных гарадах: Ханой, Хашымін, Хайфон, Дананг. Ханойская радыёстанцыя «Голас В’етнама» (з 1945) вядзе перадачы на в’етнамскай, англ., франц., кіт. і яп. мовах. Тэлецэнтр у Ханоі працуе з 1971. Афіц. дзярж. інфарм. орган — В’етнамскае інфарм. агенцтва (ВІА, з 1945).

Літаратура. Старажытны фальклор в’етнамцаў — гэта цыкл міфал. паданняў пра гасудара Дракона Лака, першапродка і першанастаўніка людзей, багатырская казка пра героя Фу Донга, паданні пра буд-ва Крэпасці-смаўжа, пра старадаўніх ваяўніц сясцёр Чынг. Раннія помнікі в’етн. пісьменства датуюцца 10—12 ст. У 13—14 ст. развівалася прыдворная паэзія, пазначаная сузіральным будыйскім светаадчуваннем. Патрыят. настроі ў вершах і рытмічнай прозе пра барацьбу з манг. нашэсцем у 13 ст. У канцы 14 ст. ў паэзіі з’явіліся тэмы сац. пратэсту, раннія сац. утопіі. На аснове апавядальнага фальклору і летапіснай традыцыі пачала фарміравацца навела. У 15 ст. паэзія развівалася на гутарковай в’етн. мове («Зборнік вершаў на роднай мове» Нгуен Чая). У гэтым працэсе ўдзельнічала літ. аб’яднанне «Збор дваццаці васьмі зорак» на чале з імператарам Ле Тхань Тонгам. У 16—17 ст. з’явілася рытмічная проза. Выдатны помнік канца 17 — пач. 18 ст. гіст.-эпічная паэма «Кніга нябеснага Поўдня» — апавяданні пра подзвігі гіст. асоб і легендарных герояў В’етнама. У 18 — пач. 19 ст. зарадзілася лірычная паэма (нгэм), росквіту дасягнула апавядальная паэма (чуен). Сінтэз гэтых жанраў — у паэме Нгуен Зу «Стогны спакутаванай душы». У прозе з’явіўся раман-эпапея («Імператар Ле — аб’яднальнік краіны»). З 2-й пал. 19 ст. л-ра В’етнама развівалася ва ўмовах нац.-вызв. руху. У паэзіі пераважалі патрыят. матывы (Нгуен Дзінь Цьеў), узмацнілася сатыр. накіраванасць твораў (Нгуен Кхюен, Ту Сыонг). Паэзія і публіцыстыка пач. 20 ст. адлюстроўвалі ідэі асветніцтва, грамадз. пафас (Фан Бой Цяў). Фарміруюцца сучасныя празаічныя жанры: навела, раман, драма. У 1930-я г. ўзнік рух «Новай паэзіі», які садзейнічаў перабудове сістэмы вершаскладання, вызваленню чалавека ад феад. перажыткаў. У 1920—30-я г. зарадзілася рэв. л-ра (То Хыў, Хо Шы Мін), фарміраваўся рэаліст. кірунак (проза Нгуен Конг Хаана, Нгуен Хонга, Нго Тат То і інш.). У гады Супраціўлення і «двух В’етнамаў» (1945—75) л-ра на фоне далейшай дэмакратызацыі літ. мовы вяла пошукі маст. формы твораў. З 1976 л-ра В’етнама развіваецца ва ўмовах аб’яднанай дзяржавы (творчасць Нгуен Хюі Тыонга, Нгуен Конг Хаана, То Хыў, Хюі Кана, Тэ Ханя, Нгуен Туана, Нгуен Хонга, Суан Зьеў, Тэ Лан В’ена, То Хаая, Нгуен Дзінь Тхі). На бел. мове выдадзены асобнымі кнігамі анталогія в’етн. паэзіі «Апалены лотас» (пер. Я.​Семяжона, 1968), зб. апавяданняў Нгуен Конг Хаана «Зачараваная манета» (пер. Г.​Шаранговіч і В.​Бурносава, 1973), раман Нгуен Дзінь Тхі «Абвальваюцца берагі» (пер. Л.​Салаўя, 1981), зб. вершаў Хо Шы Міна «Турэмны дзённік» (пер. Я.​Сіпакова, 1985).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Самыя стараж. помнікі маст. культуры на тэр. В’етнама (бронзавыя барабаны) адносяцца да данешонскай культуры (10—1 ст. да н.э.). Стараж. арх. помнік — г. Калоа (3 ст. да н.э., Паўн. В’етнам), абнесены 9 канцэнтрычнымі сценамі (захаваліся часткі). Найб. вядомыя пабудовы адносяцца да эпох Позніх Лі і Чан: будыйскі храм Тхонг-Нгіем (1010), «Храм літаратуры» ў гонар Канфуцыя (1070), пагада Мот-Кот (1049, адноўлена ў 1956) у Ханоі і інш. Захаваліся храмавыя комплексы Тай-Фыонг паблізу Ханоя (17 ст.), Кэо ў правінцыі Тхайбінь (1632), грамадскія будынкі «дзынь» у в. Дыньбанг паблізу Ханоя (18 ст.). Палацы 19 ст. багата аздоблены разьбой па дрэве, слановай косці і лакам (тронная зала «Палаца дасканалай гармоніі» ў Хюэ, 1805—33). У скульптуры (каменнай, драўлянай, пакрытай лакам) з 15 ст. з’яўляюцца выявы кананізаваных памерлых свяшчэннаслужыцеляў (статуя мудраца Тует Шона з пагады Тай-Фыонг, 15 ст.). Жывапіс 15—19 ст. — храмавыя размалёўкі, пейзажы, пахавальныя партрэты, нар. лубок. З маст. рамёстваў пашыраны разьба па слановай косці, дрэве, якая спалучалася з інкрустацыяй косцю і перламутрам, ліццё з металу, пляценне з чароту, вытв-сць лакавых вырабаў з размалёўкай каляровымі і залатымі лакамі. У калан. перыяд нац. традыцыі В’етнама захоўваліся ў нар. дойлідстве і прыкладным мастацтве. У 1925 заснавана Вышэйшая школа прыгожых мастацтваў у Ханоі. У гады вайны Супраціўлення (1945—54) мастакі То Нгок Ван, Фан Ке Ан, Лыонг Суан Ньі і інш. стваралі агітац. плакаты, эстампы, малюнкі, прысвечаныя подзвігам нац. герояў. Пасля 1954 важнае месца заняло прамысл. буд-ва. Сучасныя арх. формы спалучаюцца з традыцыямі нар. дойлідства. У выяўл. мастацтве развіваюцца жывапіс вадзянымі фарбамі на шоўку (Нгуен Фан Цян, Чан Донг Лыонг і інш.) і асабліва лакавы жывапіс (Фан Ке Ан, Хаанг Тык Цю, Ле Нгіен і інш.), якія дзякуючы іх своеасаблівай дэкар. выразнасці пачалі выкарыстоўваць для стварэння станковых карцін. Пашырыўся і алейны жывапіс (Чан Ван Кан, Май Ван Хіен, Лыонг Суан Ньі і інш.). Асн. тэматыка жывапісных твораў — працоўнае жыццё і барацьба народа. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат) і скульптура (Чан Ван Лам, Зьен Мінь Цяў, Дао Ван Кан і інш.). У 1957 адкрыта Вышэйшае маст. вучылішча, у 1958 — Маст.-прамысловае вучылішча ў Ханоі. У 1958 арганізаваны Саюз мастакоў ДРВ.

Музыка. Уключае муз. традыцыі асн. этнасу — в’етаў і інш. народнасцей краіны. Найб. стараж. помнікі муз. культуры — літафоны (4—3-е тыс. да н.э.), бронзавыя барабаны і гонгі (1-е тыс. да н.э.), якія складалі аснову цырыманіяльных ансамбляў (сустракаюцца і ў наш час). З музыкай в’етаў узаемадзейнічалі кітайскія (з 2 ст. да н.э.) і інш. (з 1—2 ст. н.э.) муз. традыцыі, абмежаваныя сферай прыдворнага і храмавага музіцыравання (канфуцыянскія і будыйскія рытуалы). Найб. інтэнсіўна музыка в’етаў пачала развівацца з 10 ст. У 10—11 ст. на Пн краіны фарміраваўся сельскі муз. т-р тэа. У 14—15 ст. развіваліся формы вак. музыкі. У 15—16 ст. складваюцца асновы класічнай прафес. музыкі. Разам з канфуцыянскім вучэннем на прыдворную культуру ўплывалі кіт. класічная музыка і т-р. У працэсе в’етнамізацыі кіт. музыкі ўзніклі шматсастаўныя цырыманіяльныя аркестры — «Ня няк», «Донг ван», «Зяо Фыонг», паказы муз. драмы туонг — адной з вяршынь класічнага т-ра ў Паўд.-Усх. Азіі. У асяроддзі феад. арыстакратыі было пашырана распяванне класічных паэм у суправаджэнні лютні і цытры (існуе і цяпер). У 17—19 ст. інтэнсіўна развіваліся муз. традыцыі гарадоў (камерна-інстр. традыцыя г. Хюэ і інш.), уводзіліся розныя тыпы натацыі. Сярод муз. інструментаў: духавыя (пераважна з бамбуку) — сяо, тыеў (тып флейты), кен, сона (род габоя); кі па (бычыны рог); струнныя смычковыя ні, хо, струнныя шчыпковыя дан баў, дан ты ба, дан нгуэт, дан дай (лютні), дан чань (цытра); ударныя — літафоны, разнавіднасці барабанаў, гонгі, званочкі, драўляныя бразготкі; ксілафон трынг, клом пут (дынг бут), губны арган хен і інш. На мяжы 19—20 ст. у В’етнаме з’явіліся элементы зах.-еўрап. музыкі. Сярод вядучых кампазітараў: Нгуен Суан Хаат, Гуй Зу, Лыў Хыў Фыок, До Нюан, Ван Као, Хуанг В’ет, Дам Лінь, Нгуен Дык Туан і інш. Пасля ўз’яднання В’етнама (1975) актыўна развіваецца муз. адукацыя, адкрываюцца спец. навуч. ўстановы еўрап. тыпу. Працуюць (1997): Т-р оперы і балета ў Ханоі, 2 сімф. аркестры, у т. л. Дзярж. сімфанічны; аркестр нар. інструментаў; кансерваторыі ў Ханоі і Хашыміне, муз. вучылішча ў г. Хюэ; Ін-т музыказнаўства ў Ханоі (1956); Саюз кампазітараў.

Тэатр. Традыц. віды в’етн. т-рамуз.-драм. прадстаўленні туонг, тэа і кай-лыонг. Туонг (класічны т-р) узнік у 11 ст. на Пн краіны як прыдворнае відовішча. У рэпертуары былі п’есы на сюжэты в’етн. міфалогіі і кіт. гісторыі. Неад’емная яго частка — музыка і танцы, якія садзейнічаюць раскрыццю характараў герояў. Прадстаўленні ідуць без дэкарацый. Да лепшых дасягненняў т-ра туонг на пач. 20 ст. належаць гіст. п’есы Нгуен Хыў Тыена і Хаанг Танг Бі. Вытокі тэа (нар. т-р) — у нар. песнях паўн. В’етнама, у святкаваннях, якімі штогод адзначалі збор ураджаю ў дэльце р. Хангха. Асн. персанажы прадстаўленняў — сяляне. Дзеянне суправаджалася музыкай, танцамі, спевамі. Паказы звычайна ладзіліся ў дварах культавых пабудоў. Пазней спектаклі тэа перанесены на сцэну. На пач. 20 ст. на Пд В’етнама сфарміраваўся новы від т-ра — кай-лыонг (рэфармаваны т-р). Прадстаўленні суправаджаліся музыкай, былі заслона і дэкарацыі. Яго сюжэты разнастайныя: гіст., легенды, з жыцця в’етн. грамадства пач. 20 ст., пераробленыя п’есы еўрап. аўтараў ці сцэнарыі фільмаў. Значны ўклад у развіццё кай-лыонга зрабіў паэт Тхе Лы, які ў 1942—43 стварыў трупу, што пазней стала насіць яго імя. У 1920-я г. ўзнік «размоўны» (драм.) т-р кіць-ной, які ставіў камедыі Мальера, п’есы нац. драматургаў Ву Дзінь Лонга, Ву Гуен Дака і інш. Пасля 1945 створаны калектывы «Архідэя», «Народная трупа», «Трупа Перамогі» і інш.; з’явіліся новыя п’есы; адрадзіліся туонг, тэа, кай-лыонг (прафес. і аматарскія). На працягу стагоддзяў у В’етнаме існаваў традыцыйны нар. т-р лялек. Яго мастацтва перадавалася з пакалення ў пакаленне. Першы прафес. т-р лялек створаны ў Ханоі ў 1957. З 1957 дзейнічае Асацыяцыя артыстаў в’етн. т-ра. У 1961 адкрыта Вышэйшая драм. школа.

Кіно. Нац. кінематограф пачаўся ў 1948 хранік. фільмам пра барацьбу в’етн. партызан. На пач. 1950-х г. зняты дакумент. стужкі «Перамога на Паўночна-Заходнім фронце», «Абарона адной вёскі» і інш. У 1958 створана кінастудыя ў Ханоі. У 1959 зняты першы маст. фільм «На берагах адной ракі» (рэж. Нгуен Хонг Нгі і Фам Фіеў Зан). Сярод фільмаў 1960—80-х г.: «Апельсінавы сад», «17-я паралель: дні і ночы», «Дзяўчынка з Ханоя», «Спустошанае поле», «Малады баец», «Раён бур», «Каханне не вяртаецца». У Ханоі працуюць студыі маст., хранік.-дакумент., мультыплікацыйных і лялечных фільмаў. У 1959 створана Нац. кінашкола, у 1969 — Саюз кінематаграфістаў.

Літ.:

История Вьетнама в новейшее время (1917—1965). М., 1970;

Новейшая история Вьетнама. М., 1984;

Вьетнам: Справ. М., 1993;

Муриан И.Ф. Изобразительное искусство Социалистической Республики Вьетнам. М., 1980;

Нгуен Фи Хоань. Искусство Вьетнама: Пер. с вьетнам. М., 1982;

Хуан Тан Ши. Народные музыкальные инструменты Вьетнама // Из истории музыки XX в.: Сб. ст. М., 1971.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя да 1884), М.​Г.​Елісееў (гісторыя з 1884), А.​М.​Гарахавік (музыка).

Герб і сцяг В’етнама.
Да арт. В’етнам. Вёска каля г. Хайфон.
Да арт. В’етнам. Горны краявід.
Да арт. В’етнам. Панарама г. Хошымін.
Да арт. В’етнам. Статуэтка. Бронза. 6 ст.
Да арт. В’етнам. Ле Нгіен. Танец. 1956.
Да арт. В’етнам. Вечка шкатулкі. 1950-я г.
Да арт. В’етнам. Танцоўшчыца. Скульптура п’едэстала з Чак’е. Каля 9 ст.
Да арт. В’етнам. Ахвяры вайны ЗША у В’етнаме 1964—73.

т. 4, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕРБАЙДЖА́Н, Азербайджанская Рэспубліка. Размешчана ў паўд.-ўсх. ч. Закаўказзя, мяжуе на Пн з Расіяй, на ПнЗ з Грузіяй, на ПдЗ з Арменіяй і Турцыяй, на Пд з Іранам. Пл. 86,6 тыс. км² (разам з а-вамі Каспійскага м.). Нас. 7,3 млн. Чал. (1992). Дзярж. мова азербайджанская. Пануючая рэлігія — іслам. Сталіца — г. Баку. У склад Азербайджана па канстытуцыі ўваходзяць Нахічэванская аўт. рэспубліка і тэр. Нагорнага Карабаха. Нац. свята — Дзень Рэспублікі (28 мая).

Дзяржаўны лад. Азербайджан — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1978 з больш познімі дадаткамі і папраўкамі. Канстытуцыйным актам 18.10.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць краіны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Дзейнасць Вярх. Савета часова прыпынена, дэпутацкія паўнамоцтвы і статус усіх парламентарыяў захаваны на тэрмін іх выбрання. Вышэйшы орган заканад. улады з 18.5.1992 — Мілі меджліс — пастаяннадзеючы парламент з 50 дэпутатаў на чале са Старшынёй. Вышэйшы орган выканаўчай улады — Кабінет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Амаль палова тэр. Азербайджана — горы: Вялікі Каўказ — хрыбты Галоўны (г. Базардзюзю, 4466 м — найвышэйшы пункт Азербайджана) і Бакавы (г. Шахдаг, 4243 м); Курынская ўпадзіна — вял. міжгорны прагін, які займае Кура-Араксінская нізіна (28 м ніжэй за ўзр. м.); Малы Каўказ — сістэма складкавых хрыбтоў паміж рэкамі Кура і Аракс (г. Гямыш, 3724 м); Талышскія горы — займаюць паўд.-ўсх. ч. рэспублікі (г. Кюмюркёй, 2477 м). Уздоўж Каспійскага м. цягнецца вузкая паласа Ленкаранскай, на Пн — Самур-Дывічынскай нізін. Узбярэжжа (працягласць 800 км) парэзана слаба. Найб. паўастравы — Апшэронскі, Курынская каса, Сара. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Апшэронскі п-аў, Кура-Араксінская нізіна, акваторыя Каспійскага м. каля в-ва Арцёма, Нафтавыя Камяні і інш.), алуніты (Заглік), жал. руда (Дашкесан), серны калчадан (Чырагідзорскае і Таганалінскае радовішчы), барыт (Чаўдарскае радовішча), поліметалічныя, хромавыя і кобальтавыя руды (М.​Каўказ), руды мыш’яку, свінцова-цынкавыя і малібдэнавыя (Нахічэвань) і інш. Шмат мінер. і тэрмальных крыніц, ёсць радовішчы лекавай нафты (Нафталан), буд. і абліцовачнага каменю, мармуру, гіпсу, мелу, сыравіна для вытв-сці шкла і цэменту. Клімат Азербайджана сухі субтрапічны на Кура-Араксінскай і Самур-Дывічынскай нізінах (сярэдняя т-ра студз. 1—3 °C, ліп. 26—27 °C, гадавая колькасць ападкаў 200—300 мм); вільготны субтрапічны на Ленкаранскай нізіне (сярэдняя т-ра студз. 3—4 °C, ліп. 26—28 °C, ападкаў за год 1900 ммнайб. колькасць у Азербайджане). У гарах высакагорны клімат падпарадкаваны вышыннай занальнасці (сярэдняя т-ра студз. на выш. больш за 2000 м -10 °C, ліп. да 5 °C, 600—800 мм ападкаў за год, 1400 мм на паўд. схілах В.​Каўказа). Каля 1250 рэк, з іх 24 даўж. больш за 100 км. Гал. рэкі Кура і Аракс (крыніцы арашэння), значныя — Самур, Тэртэр, Арпа. Больш за 250 азёраў, найб. Гаджыкабул і Беюкшор; высакагорнае воз. Гёйгёль. На р. Кура створана Мінгечаурскае вадасх. (525 км²), ад яго пачынаюцца Верхнекарабахскі і Верхнешырванскі арашальныя каналы. Глебы на нізінах (да выш. 200 м) шэразёмныя і бурыя паўпустынныя з саланцаватымі і саланчаковымі ўчасткамі, паўпустыннай расліннасцю (палын, салянкі, эфемеры), у перадгор’ях (300—500 м) — каштанавыя і карычневыя, на схілах гор — карычневыя і бурыя горна-лясныя глебы, на якіх растуць шыракалістыя лясы (бук, граб, дуб, каштан). Вышэй за 2000 м пояс горна-лугавых і дзярновых глебаў; разнатраўныя субальпійскія і альпійскія лугі — летнія пашы. У Талышскіх гарах захаваліся рэлікты трапічнай флоры: дэмірагач (жалезнае дрэва), самшыт, дзельква, гледычыя і інш. Жывёльны свет налічвае больш за 12 тыс. відаў: джэйран, дзік, дагестанскі тур, марал, дзікабраз, барсук, чаротавы кот; з птушак — турач, кеклік, фазан і інш. Каспій і Кура багатыя каштоўнай рыбай (ласось, асетр, сяўруга і інш.). Буйнейшыя запаведнікі: Закатальскі, Кызылагаджскі, Турыянчайскі, Шырванскі, Эльдарскі.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва — азербайджанцы (больш за 82%); жывуць таксама рускія, армяне, лезгіны, аварцы, татары, цахуры, туркі, курды і інш. Сярэдняя шчыльнасць 85,8 чал. на 1 км² (1992), найб. шчыльна заселены Апшэронскі п-аў і прыгарадная зона Баку (150—300 чал. на 1 км²), некаторыя раўнінныя і перадгорныя часткі. Гар. насельніцтва складае 54%. Буйн. гарады (1990): Баку (1149 тыс. ж.), Гянджа (281 тыс. ж.), Сумгаіт (235 тыс. ж.), Мінгечаур, Шэкі.

Гісторыя. Першыя пасяленні чалавека на тэр. Азербайджана адносяцца да эпохі палеаліту. З часоў неаліту тут вядома земляробства і жывёлагадоўля. Паселішчы таго часу знойдзены ў Кюльтэпэ, Ханлары, Мінгечауры. З 2-га тыс. да н. э. на тэр. Азербайджана вядома металургія бронзы, з пач. 1-га тыс. да н. э. — жалеза. Паселішчы бронзавага веку выяўлены ў раёнах Хаджалы, Кедабека, Дашкесана, Гянджы і інш. У 9 ст. да н. э. Пд Азербайджана ўваходзіў у рабаўладальніцкую дзяржаву Мана, у 7 ст. да н. э. — Мідыю, якая да сярэдзіны 6 ст. да н. э. захоплена персідскай дзяржавай Ахеменідаў. У 4 ст. да н. э. на Пд Азербайджана ўзнікла дзяржава Атрапатэна, якая пазней атрымала назву Азербайджан («Краіна хавальніка агню»); на Пд Азербайджана ўтварылася Албанія Каўказская. Феад. адносіны ў Азербайджане склаліся ў 3—5 ст. н. э. Сяляне за карыстанне зямлёй плацілі феадалам рэнту і неслі павіннасці, аднак фармальна не лічыліся прыгоннымі. Гандлёва-рамесніцкімі цэнтрамі сталі Барда, Кабала, Нахічэвань, Байлакан і інш. Сярэдневяковы Азербайджан неаднойчы заваёўвалі іншаземцы. У пач. 3 — сярэдзіне 7 ст. тут царавала дынастыя Сасанідаў, у 7 — сярэдзіне 9 ст. ўладарылі арабы. У канцы 5 — пач. 6 ст. ў Азербайджане і Іране разгарнуўся маздакіцкі рух; у 1-й пал. 9 ст. адбылося вял. сялянскае паўстанне (гл. Бабека паўстанне 816—37) супраць араб. і мясц. феадалаў, якое падарвала ўладу Арабскага халіфата. У 2-й пал. 9 ст. на тэр. Азербайджана ўтварыўся шэраг дзяржаў. Цэнтрамі эканомікі і культуры сталі гарады Тэбрыз, Нахічэвань, Баку, Шэмаха, Барда, Кабала, Гянджа і інш., якія вялі гандаль, у т. л. і з Кіеўскай Руссю. У сярэдзіне 11 ст. Азербайджан захапілі сельджукі, якія прычынілі значныя страты гаспадарцы і культуры краіны. У 13 ст. ў выніку манг. нашэсця Азербайджан увайшоў у Хулагуідаў дзяржаву. Вял. наплыў цюркскіх плямёнаў у Азербайджане ў 11—13 ст. прывёў да выцяснення стараж. мясц. моў і ўсталявання новай — азербайджанскай мовы. З гэтага часу фарміруецца і азерб. народнасць. Да сярэдзіны 14 ст. манг. панаванне ў Азербайджане падарвана супраціўленнем нар. мас, што выкарысталі мясц. феад. дынастыі. У канцы 14 — пач. 15 ст. На тэр. Азербайджана вылучылася самастойная дзяржава Шырван. Станоўчую ролю ў гісторыі Азербайджана адыграла Сефевідаў дзяржава, заснаваная ў пач. 16 ст. шахам Ісмаілам I. З канца 16 ст. ў ёй узмацніўся іранскі ўплыў; Азербайджан ператварыўся ў адну з ускраін Іранскай дзяржавы. У 16—18 ст. Азербайджан — арэна разбуральных войнаў паміж Іранам і Турцыяй. Азерб. народ вёў гераічную барацьбу супраць іншаземных і мясц. прыгнятальнікаў, што знайшло адлюстраванне ў эпасе пра нар. героя Кёр-аглы. У 1723—35 прыкаспійскія вобласці Азербайджана трапілі пад уладу Расіі, пазней зноў захоплены Іранам. У 2-й пал. 18 ст. ў Азербайджане ўзнікла каля 15 невял. ханстваў. Паводле руска-іранскіх пагадненняў (Гюлістанскі мірны дагавор 1813, Туркманчайскі дагавор 1828) Паўн. Азербайджан далучаны да Рас. імперыі, Паўд. Азербайджан застаўся пад уладай Ірана. На пач. 19 ст. буйным цэнтрам прам-сці стаў Баку, які ў 1901 даваў каля паловы сусв. здабычы нафты. У 1903 бакінскія рабочыя выступілі ініцыятарамі стачак на Пд Расіі, у 1904 дамагліся заключэння першага ў Расіі калектыўнага дагавору. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 утварылася двоеўладдзе: у Баку існавалі Выканаўчы к-т грамадскіх арг-цый (мясц. орган Часовага ўрада) і Савет рабочых дэпутатаў, у які ўваходзілі прадстаўнікі розных партый і паліт. груповак: мусаватысты (гл. «Мусават»), дашнакі, эсэры, бальшавікі, меншавікі і інш. 9.11.1917 на пашыраным пасяджэнні Савета бальшавіцкая рэзалюцыя аб узяцці ўлады ў свае рукі адхілена. Аднак 13 ліст. пад націскам рабочых і салдат абвешчана сав. ўлада, выбраны новы выканком Савета. Барацьба за ўладу набыла ўзбр. характар. У сак. 1918 у Баку і інш. месцах адбылося паўстанне мусаватыстаў, якое было задушана. 25.4.1918 утвораны Бакінскі СНК на чале з С.Г.Шаўмянам (гл. Бакінская камуна). У маі ў Тыфлісе мусаватысты стварылі свой урад, які пазней пераехаў у Гянджу. 28.5.1918 абвешчана Азерб. дэмакр. рэспубліка. Ва ўмовах актывізацыі ваен. дзеянняў у Закаўказзі з боку Турцыі і няўдач Чырв. Арміі Бакінскі Савет 25 ліп. запрасіў у Баку англ. атрад. 31 ліп. Бакінскі СНК склаў свае паўнамоцтвы. 1 жн. з апазіцыйных Бакінскай камуне прадстаўнікоў Цэнтракаспія і выканкома Бакінскага Савета створаны новы ўрад — Дыктатура Цэнтракаспія і Прэзідыума выканкома Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Бакінскі Савет быў распушчаны, бакінскія камісары арыштаваны і 20 вер. расстраляны. 4 жн. Баку акупіравалі англ. войскі, якія праз 10 дзён былі выцеснены тур. часцямі. Разам з англічанамі Баку пакінулі прадстаўнікі толькі што створанага ўрада. У вер. 1918 да ўлады прыйшлі мусаватысты. Паводле ўмоў Мудраскага перамір’я паміж Антантай і Турцыяй апошняя вывела восенню 1918 свае войскі з Баку. На змену ім зноў прыбылі англ. войскі (выведзены восенню 1919). У выніку паўстання ў Баку 28.4.1920 адноўлена сав. ўлада, створаны СНК на чале з Н.​Нарыманавым, Азербайджан абвешчаны сав. сацыяліст. рэспублікай. 30 крас. ў Баку прыбылі перадавыя атрады Чырв. Арміі. Сав. ўлада была ўстаноўлена і на астатняй тэр. Азербайджана. Потым Азербайджан быў выкарыстаны як плацдарм для дзеянняў Чырв. Арміі супраць урадаў, што існавалі на той час у Арменіі і Грузіі. 19.5.1921 прынята 1-я Канстытуцыя Азерб. ССР. З 12.3.1922 да 5.12.1936 Азербайджан уваходзіў у Закаўказскую федэрацыю (ЗСФСР) і ў складзе яе з 30.12.1922 — у СССР. У складзе Азербайджана былі ўтвораны Нагорна-Карабахская аўт. вобл. (1923, гл. Нагорны Карабах) і Нахічэванская АССР (1924, гл. Нахічэванская рэспубліка). Пасля скасавання ў 1936 ЗСФСР Азербайджан — саюзная рэспубліка ў складзе СССР. У 1988 з-за прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Азербайджанам і Арменіяй узнік канфлікт, які пазней прыняў узбр. характар. Ускладнілася і ўнутрыпаліт. сітуацыя. Крывавыя падзеі на нац. глебе ў Сумгаіце ў 1989, сутыкненні насельніцтва з войскамі ў Баку на пач. 1990 разам з нагорна-карабахскім крызісам вымусілі ўвесці ў Азербайджан ў студз. 1990 надзвычайнае становішча. Пасля змен у канстытуцыі ў маі 1990 прэзідэнтам Азербайджана стаў камуністычны лідэр А.​Муталібаў. У ліп. 1990 з апазіцыйных уладам грамадска-паліт. груп і аб’яднанняў створаны Дэмакр. форум Азербайджана. 30.8.1991 Вярх. Савет Азербайджана прыняў дэкларацыю пра аднаўленне дзярж. незалежнасці на аснове Акта ад 1918. 18.10.1991 прыняты Канстытуцыйны акт «Аб дзяржаўнай незалежнасці Азербайджанскай рэспублікі». У канцы 1991 Азербайджан увайшоў у СНД. Рашэнне Вярх. Савета Азербайджана ад 26.11.1991 пра скасаванне статуса Нагорна-Карабахскай аўт. вобл., а з другога боку абвяшчэнне Нагорным Карабахам незалежнасці і прызнанне гэтага акта Арменіяй прывялі да эскалацыі азерб.-арм. канфлікту, фактычна пачалася неаб’яўленая вайна. Сац.-эканам. і паліт. крызіс у Азербайджане, ускладненне карабахскай праблемы вымусілі прэзідэнта Муталібава да адстаўкі. На прэзідэнцкіх выбарах 7.6.1992 перамог А.​Эльчыбей — лідэр Нар. фронту Азербайджана. Краіна прыпыніла членства ў СНД. 24.6.1993 Нац. меджліс перадаў паўнамоцтвы прэзідэнта Азербайджана старшыні Вярх. Савета Г.Аліеву, які 3.10.1993 абраны прэзідэнтам краіны. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, АБСЕ, дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.

З 1992 Азербайджан, — член ААН, АБСЕ, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя» і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 11.6.1993.

Палітычныя партыі. Нар. фронт Азербайджана, Партыя нац. незалежнасці, «Мусават», Азерб. нар. партыя, Азерб. сял. партыя, «Новы Азербайджан», Азерб. сац.-дэмакр. партыя і інш.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці нафтаздабыўная (11,7 млн. т; 1991), газаздабыўная (8,3 млрд. м³; 1991), нафтаперапр. (вытв-сць шматлікіх відаў паліва, тэхн. маслаў і інш.). Электраэнергетыка, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім. і нафтахім. прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 23,5 млрд. кВтгадз (1991); выпрацоўваюць ЦЭС (91%), каскад ГЭС на Куры (у т. л. самая буйная Мінгечаурская), Араксінская, Шамхорская і інш. Гарнарудная прам-сць: здабыча жал. руды (1,6 млн. т), алунітаў у раёне Дашкесана. Металургічная прам-сць (вытв-сць сталі, стальных трубаў, алюмінію, пракат каляровых металаў) у Сумгаіце, Гянджы. У машынабудаванні вылучаецца вытв-сць абсталявання для нафтавай прам-сці (Баку). Развіты электратэхн., радыёэлектронная прам-сць, прыладабудаванне (асн. цэнтр Баку). Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці выпускаюць мінер. ўгнаенні, серную кіслату, сінтэтычны каўчук, аўтапакрышкі, шкловалакно, мыйныя сродкі, лакі, фарбы і інш. (Сумгаіт, Мінгечаур, Гянджа, Нефтэчала, Сальяны). Галіны лёгкай прам-сці: баваўняная (Баку, Гянджа), шаўковая (Шэкі), шарсцяная, трыкатажная, вытв-сці дываноў (Баку, Гянджа, Мінгечаур, Шэкі), гарбарна-абутковая (Баку, Гянджа). Развіты харч. (кансервавая, тытунёвая, чайная, рыбная, вінаробная, масласыраробная, мукамольна-крупяная і інш.) прам-сць і вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, азбестацэментавыя вырабы, буд. фаянс, камень, зборныя жалезабетонныя канструкцыі і інш.). С.-г. ўгоддзі займаюць каля 4 млн. га, з іх больш за 1,6 млн. пад ворнымі землямі, 2,1 млн. га пад летняй і зімовай пашай. Пл. зямель, якія арашаюцца, — 1,3 млн. га (1986). Найб. пасяўныя плошчы пад збожжавымі культурамі (пшаніца, рыс, азімы ячмень). Гал. тэхн. культуры — бавоўна і тытунь. Развіты пладаводства, вінаградарства. Азербайджан — база ранняга агародніцтва, буйны раён вырошчвання субтрапічных культур (гранат, інжыр, міндаль, масліны, шафран, цытрусавыя і інш.) і чаяводства. Жывёлагадоўля мяса-малочнага (буйн. раг. жывёла) і мяса-воўнавага (авечкагадоўля) кірунку. Вытв-сць мяса — 8,1 тыс. т, малака — 84,8 тыс. т (1991). Птушкагадоўля, шаўкаводства.

Транспарт. Асн. від — чыгуначны. Праз Азербайджан праходзіць чыг. магістраль у Іран (на Тэбрыз). Паводле аб’ёму перавозак на 2-м месцы марскі транспарт; гал. порт Баку, звязаны чыг. паромам з Краснаводскам. Па Куры — суднаходства. Нафтаправод Баку—Тбілісі—Батумі, газаправоды Карадаг—Гянджа—Акстафа з адгалінаваннем на Ерэван і Тбілісі, Карадаг—Баку і інш. Ажыццяўляюцца грузапасаж. авіярэйсы Мінск—Баку—Мінск. Экспарт Азербайджана складае 1,46 млрд. інвалютных руб. (1992). У знешнім гандлі Азербайджана вядучае месца належыць Расіі (60% тавараабароту). Экспартуе энерганосьбіты і энергаматэрыялы, імпартуе прадукты харчавання. Грашовая адзінка — манат.

Узброеныя сілы Азербайджана складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У 1993 налічвалі 41,6 тыс. чал. (560 тыс. рэзервістаў). Сухапутныя войскі (38,9 тыс. чал.) маюць 2 карпусныя групы, 1 танк. брыгаду, 9 механізаваных брыгад, 1 механізаваны полк, 2 артыл. брыгады, 2 артыл. палкі; на ўзбраенні 286 танкаў, 362 баявыя машыны пяхоты, 480 бронетранспарцёраў, ракеты класа «зямля—паветра», артылерыя, ракетныя пускавыя ўстаноўкі, 130 мінамётаў. У ВПС (1,6 тыс. чал.) на ўзбраенні 47 баявых самалётаў, 52 вучэбна-трэніровачныя самалёты. ВМС (2,1 тыс. чал.) атрымалі ч. Каспійскай ваен. флатыліі б. СССР, у т. л. 1 фрэгат, 6 вартавых караблёў. Ваенна-марская база ў Баку.

Ахова здароўя. На пач. 1992 было 749 бальнічных устаноў на 71,9 тыс. ложкаў (99,4 ложка на 10 тыс. ж.), 1726 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 28,1 тыс. урачоў (38,9 урача на 10 тыс. ж.). Сярэдняя працягласць жыцця 69 гадоў. Дзіцячая смяротнасць склала 45 дзяцей на 1 тыс. народжаных.

Асвета, навуковыя ўстановы. У Азербайджане ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Азербайджане было 2168 дашкольных дзіцячых устаноў (173 тыс. дзяцей), 4332 агульнаадук. школы (1375 тыс. вучняў, 139 тыс. настаўнікаў), 77 сярэдніх спец. навуч. устаноў (60,1 тыс. навучэнцаў), 18 ВНУ (108 тыс. студэнтаў). Найбольшыя ВНУ: Азербайджанскі ун-т, ін-ты с.-г., політэхн., мед., пед., пед. замежных моў, мастацтваў, нафты і хіміі, буд. інжынераў, кансерваторыя і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў 131 навук. установе (разам з ВНУ) і ў н.-д. ін-тах АН Азербайджана (у яе складзе 61 акадэмік, 74 чл.-карэспандэнты, 364 д-ры навук і 2441 канд. навук; 1990). На 1.1.1991 у Азербайджане было 4,8 тыс. масавых б-к з фондам 45,9 млн. адзінак захавання, самыя вялікія: Рэсп. б-ка імя Ахундава, Фундаментальная б-ка АН. У Азербайджане 122 музеі (разам з філіяламі), буйнейшыя з іх: Музей мастацтваў імя Мустафаева, Музей азерб. л-ры імя Нізамі, Музей гісторыі Азербайджана; 38 тыс. клубных устаноў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1992 у Азербайджане 575 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Азербайджан», «Азадлыг» («Свабода»), «Бакинский рабочий», «Вышка», «Мухаліфат» («Апазіцыя»). Працуюць дзярж. (Азерінфарм) і прыватныя (Аса-Ірада, Туран і Хабар-сервіс) тэлегр. агенцтвы. Тэлецэнтры Бакінскі і Нахічэванскі. Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на азерб., арм. і рус. мовах. У Баку рэтрансліруецца праграма тур. тэлебачання.

Літаратура. Азерб. л-ра бярэ пачатак у фальклоры. Самыя стараж. помнікі нар.-паэт. творчасці — т.зв. мідыйскія легенды, нар. паданні (7—6 ст. да н. э.). Рэліг.-філас. погляды стараж. азербайджанцаў адлюстраваны ў помніку «Авеста». Гераічны эпас прадстаўлены паэмамі-дастанамі, сярод якіх самы значны «Кёр-аглы». Рамантычныя сюжэты складаюць аснову дастанаў «Аслі і Керэм», «Ашуг-Гарыб» і інш. Стваральнікамі, выканаўцамі і зберагальнікамі нар. творчасці былі спевакі-ашугі. Стараж. пісьмовыя помнікі не захаваліся, але ёсць звесткі, што яшчэ ў 5 ст. ў Албаніі Каўказскай існаваў алфавіт, былі напісаны арыгінальныя і перакладныя кнігі. У 7—9 ст. узмацніўся араба-ісламскі, у 11 ст. — іранскі ўплыў на азерб. культуру. Арабская і персідская мовы сталі афіцыйнымі, на іх стваралі свае творы паэты і вучоныя Хатыб Тэбрызі, Гатран Тэбрызі. Адначасова развівалася і азерб. мова. У 10—11 ст. фарміраваўся эпас «Кітабі Дэдэ Коркуд». У 11—12 ст. побач з творамі прыдворных паэтаў з’яўляліся творы пра жыццё народа. Узоры лірыкі стваралі Хагані Шырвані, Абу-ль-Ала Ганджэві, Фелекі Шырвані, паэтэса Мехсеты Ганджэві і інш. Вяршыня азерб. паэзіі 12 ст. — творчасць Нізамі Ганджэві, які зрабіў вял. ўплыў і на азерб. л-ру, і на л-ры іншых народаў Усходу. У 13—14 ст. тварылі паэты Ізедын Гасанаглы, Зульфігар Шырвані, Аўхеды Марагаі, Махмуд Шабустары. Значны след у паэзіі пакінулі Насімі, Хабібі, Кішверы і інш. Пад псеўданімам Хатаі пісаў вершы заснавальнік дынастыі Сефевідаў шах Ісмаіл I. Газелі Мухамеда Фізулі — узор высокай лірыкі на ўсім Б. і Сярэднім Усходзе. З яго імем звязана канчатковае фарміраванне літ. азерб. мовы. У творах прадаўжальнікаў традыцый Фізулі (Саіба Тэбрызі, Каўсі Тэбрызі, Месіхі) паэзія набывала больш простую і арганічную форму. Гэта заўважна і ў творах лепшых паэтаў 18 ст. Мала Велі Відадзі і Мала Панах Вагіфа. Валодаючы ўсімі формамі класічнай паэзіі, яны сцвердзілі ў л-ры ашугскую форму гошма, найб. блізкую да нар. творчасці. Л-ра 19—пач. 20 ст., прадаўжаючы класічныя традыцыі, зазнала новыя павевы, ішла ад асветніцкага рэалізму А.-К.Бакіханава і Вазеха да рэалізму крытычнага. Важнае значэнне для развіцця рэаліст. л-ры мела творчасць М.Ф.Ахундава, талент якога найб. поўна раскрыўся ў драматургіі. У 2-й пал. 19 ст. тварылі паэт-асветнік Сеід Азім Шырвані, паэты-лірыкі Сеід Набаты, Бахар Шырвані, паэтэса Хуршудбану Натаван. У 1875 засн. першая газета на азерб. мове «Экінчы» («Араты»), На пач. 20 ст. з’явіліся раманы С.​М.​Ганізадэ, М.С.Ардубады, Н.​Нарыманава, рамант. лінію ў паэзіі развівалі Абас Сіхат, Хады Мухамед і інш. У 1932 створаны Саюз пісьменнікаў Азербайджна. Значны ўклад у азерб. паэзію С.Вургуна, С.Рустама, Р.Рзы, М.Рагіма, Мюшфіка і інш. Выдадзены раманы, аповесці і апавяданні Сеіда Гусейна, С.Рагімава, Абульгасана, Гусейна Мехты, М.​Ібрагімава, А.​Веліева, Мір Джалала, Г.​Мусаева і інш. У пасляваен. гады плённа працавалі празаікі І.​Гусейнаў, Б.​Байрамаў, Г.​Сеідбейлі, І.Шыхлы, Г.​Абасзадэ, С.​Веліеў, С.​Даглы, Анар, А.Айліслі, паэты Б.​Азераглу, Б.Вагабзадэ, Н.Хазры, З.Джабарзадэ, І.Сафарлі, Г.​Гусейнзадэ, А.​Керым і інш. У 1960-я г. з’явіліся псіхал. апавяданні і лірыка-псіхал. аповесці Айліслі, І.​Гусейнава, М.​Ібрагімбекава, Анара і інш. Раман 1960—70-х г. у асноўным арыентаваўся на паказ жыцця вяскоўцаў ці рабочых («Вузлы» С.​Веліева, «Магамед, Мамед, Маміш...» Ч.​Гусейнава). У 1980-я г. выдадзены раманы «Меч і пяро» Ардубады, «Калыска на жалезным дрэве» Ф.​Керымзадэ, «Камяністы ключ» С.​Веліева, кн. аповесцяў і апавяданняў «Залаты конь і зямля» Дж.​Алібекава, «Птушынае гняздо» Дж.​Рафіева, «Маніфест маладога чалавека» Мір Джалала, «Кліч» А.​Мамедава, «Людзі і хвалі» Г.​Гусейнаглы, зб. паэзіі «Будзь сведкам, сонца» Н.​Гасанзадэ, «Снежныя кветкі» М.Дыльбазі, «Памяць крыві» Сабіра, «Размова з самім сабой» Вагабзадэ і інш. Развіваецца дзіцячая л-ра (М.​Сеідзадэ, М.​Рзакулізадэ, Мусаеў, Х.​Алібейлі і інш.), крытыка і літаратуразнаўства (Г.​Араслі, Арыф, Ф.​Касімзадэ, М.​Рафілі, А.​Султанлі і інш.).

На бел. мову перакладзены раман Ібрагімава «Настане дзень» (1953), аповесць Абульгасана «Унукі старой Тамашы» (1962), кн. аповесцяў С.​Веліева «Вусаты Ага. Кулік» (1985), кн. апавяданняў «Ключ жыцця» (1978), зб. твораў дзіцячых пісьменнікаў і фальклору «Вышкі над морам» (1989), зб. вершаў і паэм М.​Тофіка «Сонечны цягнік» (1986) і інш. На азерб. мову перакладзены творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Танка, П.​Броўкі, А.​Куляшова і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі энеаліту і ранняй бронзы на тэр. Азербайджана захаваліся дальмены, менгіры, кромлехі, з 1-га тыс. да н.э. — цыклапічныя збудаванні (Кедабекскі р-н, перадгор’і М.​Каўказа, Нахічэвань). Найб. стараж. помнікі выяўл. мастацтва (2—1-е тыс. да н.э.) — наскальныя гравіраваныя малюнкі ў Кабустане, кераміка Мінгечаура, упрыгожанні з бронзы, дробная пластыка. У 9—6 ст. да н. э. будаваліся гарады, абарончыя збудаванні, жыллё т.зв. антавага тыпу, алтары агню (Мана, Мідыя). Помнікі раннесярэдневяковага дойлідства — храм у Лекіце, базіліка ў с. Кум (5—6 ст.), мячэці ў Бардзе, Гянджы, Шэмасе (7—9 ст.). З 10 ст. ствараюцца арх. школы: нахічэванская (пабудовы 12 ст. архітэктара Аджэмі), шырвана-апшэронская (Шырваншахаў палац у Баку), тэбрызская (Блакітная мячэць, 15 ст.). Найб. вядомыя помнікі 12—13 ст. — маўзалеі ў Нахічэвані і Джузе, Дзявочая вежа ў Баку. У 16—17 ст. пабудаваны культавыя комплексы шэйха Сефі (Ардэбіль), Гёй-Імам, цэнтр. плошча з мячэццю Джума (Гянджа) і інш. У сярэднявеччы развівалася скульптура (бронзавыя грыфоны, каменныя фігуркі), высокага ўзроўню дасягнулі вытв-сць глазураванай керамікі, разьба па камені, каліграфія. На 16 ст. прыпадае росквіт тэбрызскай школы мініяцюры (мастакі Султан Мухамед, Мір Сеід Алі, Бехзад і інш.). У час феад. раздробленасці (18 ст.) манум. будаўніцтва занепадае; арх.-буд. традыцыі захаваліся ў нар. дойлідстве (жылыя дамы, невял. мячэці). У 18 ст. актуалізаваўся насценны жывапіс (палац ханаў у Шэкі, жылыя дамы ў Ардубадзе, Шушы). У 19 ст. традыцыі мініяцюрнага жывапісу прадаўжаліся ў насценных размалёўках і партрэце (майстры У.​Г.​Карабагі, М.​К.​Эрывані, М.​М.​Наваб). Прыёмы планіроўкі і кампазіцыі, нац. арх. формы і матывы дэкору нярэдка спалучаліся з элементамі рас. і зах.-еўрап. класіцызму (Шэмаха, Баку). Заснавальнікамі рэаліст. жывапісу ў пач. 20 ст. былі А.​Азімзадэ і Б.Кенгерлі. У 1920 у Баку адкрыта маст. школа. У 1920 — пач. 30-х г. працавалі жывапісцы А.​Рзакуліеў, С.​Саламзадэ, Ш.​Мангасараў, графікі Э.​Гаджыеў, Г.​Халыкаў, І.​Ахундаў, скульптары П.Сабсай, І.​Гуліеў, Ф.​Абдурахманаў, Дж.​Карагды, тэатр. мастакі Р.​Мустафаеў, Н.​Фатулаеў. З канца 1920-х г. будуюцца першыя рабочыя пасёлкі (пас. Мамедзьярава — адзін з першых прыкладаў комплекснай забудовы жылога раёна). У выхаванні нац. кадраў у Азербайджана прымалі ўдзел рус. архітэктары (браты Весніны, А.​Шчусеў і інш.). З 1930-х г. працуюць выпускнікі арх.-буд. ф-та (засн. ў 1920) Азербайджанскага політэхн. ін-та (С.Дадашаў, Э.Касімзадэ, М.Усейнаў і інш.). Для 1920-х г. характэрна стылізатарства пад феад. дойлідства мусульм. Усходу. У пач. 1930-х г. з’явіліся канструктывісцкія будынкі (гасцініца «Інтурыст» у Баку), у 2-й пал. 1930—50-х г. асвойвалася класічная, у т. л. нац. арх. спадчына (Музей азерб. л-ры імя Нізамі ў Баку). З канца 1950 праектуюцца і забудоўваюцца новыя гарады — Сумгаіт, Дашкесан, Мінгечаур, вядзецца рэканструкцыя Баку. Эстэтыка сучаснага этапу дойлідства Азербайджана выявілася ў архітэктуры Баку (комплекс будынкаў АН, гасцініц «Азербайджан» і «Масква», усе арх. Усейнаў; станцыі метрапалітэна, арх. Усейнаў, К.​Сянчыхін, Т.​Ханлараў, Ш.​Зейналава, Касімзадэ і інш.; палац «Гюлістан», арх. А.​Амірханаў, Н.​Гаджыбекаў) і інш. гарадоў. У выяўл. мастацтве з канца 1950-х г. паглыбляецца працэс асэнсавання нац. маст. традыцый, развіваецца самабытная школа жывапісу. У 1960—80-я г. мастакі Н.​Абдурахманаў, М.Абдулаеў, Саламзадэ, Э.Рзакуліеў, Т.Салахаў, Б.​Мірзазадэ і інш. працуюць у гіст. і быт. жанрах, пішуць партрэты, пейзажы. Сярод сучасных мастакоў — жывапісцы Т.​Нарыманбекаў, А.​Джафараў, Н.​Касумаў; графікі Р.​Бабаеў, Ю.​Гусейнаў, Э.​Шамілаў, К.​Алекпераў. У 1936 засн. Саюз архітэктараў, у 1940 — Саюз мастакоў Азербайджана.

Музыка. На працягу многіх стагоддзяў на тэр. Азербайджана існавалі фалькл. музыка (сялянская і гарадская) і творчасць нар.-прафес. музыкантаў вуснай традыцыі, у т. л. ашугаў. Вак.-інстр. фальклор мае элементы шматгалосся. Самабытнасць гукавога строю азерб. музыкі вызначаюць 7 асн. ладоў-мугамаў (найб. пашыраны раст, шур, сегях). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковы кеманча, струнна-шчыпковыя тар, саз, уд; духавыя тугак, балабан, зурна; ударныя дэф (бубен), нагара, гоша-нагара. Нар. песенная творчасць разнастайная ў жанравых адносінах, з багатай метрарытмікай. Пераважае сольнае, радзей хар. (унісоннае) выканальніцтва. Мастацтва паэтаў-спевакоў ашугаў засн. на класічных мелодыях (больш за 80), кожная з якіх мае шмат імправізацыйных варыянтаў. У 11—16 ст. найб. пашырана было гар. мастацтва мугамаў — вял. цыклічных вак.-інстр. п’ес, пабудаваных у розных ладах. З канца 19 ст. ў Азербайджан пранікае еўрап. муз. культура. Асновы сучаснай азерб. прафес. муз. культуры заклаў У.Гаджыбекаў, які распрацаваў тэорыю азерб. ладоў, стварыў першую мугамную оперу «Лейлі і Меджнун» (1908) і муз. камедыю «Аршын мал алан» (1913). Новы стыль азерб. музыкі фарміруецца ў 1920—30-я г. найперш у оперным жанры. Пастаноўка оперы Р.​Гліэра «Шахсенем» (1927) выявіла імкненне да сінтэзу еўрап. і нац. формаў, «Нэргіз» (1938) А.М.Магамаева — першы азерб. твор, засн. на класічных формах, опера «Кёр-аглы» (1937) У.​Гаджыбекава стала нац. класікай. У 1940 паст. першы нац. балет «Дзявочая вежа» А.​Бадалбейлі. Этапнымі былі балеты «Сем прыгажунь» (1952) і «Сцежкаю грому» (1958) К.Караева, «Легенда аб каханні» (1961) А.Мелікава. Муз. камедыі і аперэты стваралі С.​Рустамаў, Ф.Аміраў, С.​Алескераў, Караеў, Р.​Гаджыеў. Сімф. жанр у Азербайджане ўзнік у 1920—30-я г. У ім працавалі Караеў, у творчасці якога аб’яднаны рысы нац. і сучаснай музыкі, Ніязі, працуюць Аміраў, С.Гаджыбекаў, Дж.​Гаджыеў, Мелікаў, М.​Мірзоеў, А.​Рзаеў, А.​Алізадэ, М.​Куліеў, І.​Гаджыбекаў, А.​Дадашаў і інш.; у вак.-сімф. жанры — Рустамаў, Р.​Мустафаеў, Р.​Гаджыеў, Алізадэ, Н.​Мамедаў, Мірзоеў і інш. Першыя ўзоры нац. раманса належаць А.​Зейналы (1920-я г.). У камерна-інстр. жанрах працаваў Караеў, працуюць Аміраў, Дж.​Гаджыеў, Т.​Бакіханаў, С.​Гаджыбекаў, Куліеў, Х.​Мірзазадэ, А.​Азізаў і інш. Развіваецца дзіцячая музыка, музыка для т-ра і кіно. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Ніязі, Р.​Абдулаеў; спевакі Р.Бейбутаў, Бюль-Бюль, М.Магамаеў, Ш.Мамедава, Ф.Ахмедава, Л.Іманаў, З.Ханларава, Р.​Атакішыеў; піяністы Ф.​Бадалбейлі, Т.​Махмудава. У Азербайджане працуюць (1994): у Баку — Азерб. т-р оперы і балета (з 1920), Т-р музкамедыі (1938); філармонія (1936), у складзе якой Сімф. аркестр імя У.​Гаджыбекава, Ансамбль песні і танца Азербайджана, камерны аркестр, хар. капэла, ансамбль танца, Дзярж. эстрадны аркестр; Сімф. аркестр імя Ніязі, эстрадна-сімф. аркестр, аркестр нар. інструментаў, хор пры Азерб. радыё і тэлебачанні; «Тэатр песні»; у Гянджы — філармонія. Працуюць таксама кансерваторыя (з 1921), муз. вучылішчы, муз. школы. У 1934 засн. Саюз кампазітараў Азербайджана.

Тэатр. Вытокі азерб. тэатр. мастацтва — у нар. творчасці. У стараж. Азербайджане існаваў лялечны т-р «Кілімарасы», у сярэднявеччы — рэліг.-містэрыяльны тэатр. У 1873 у Баку ўпершыню на азерб. мове паказаны камедыі М.​Ахундава «Везір Ленкаранскага ханства» і «Гаджы-Кара». У 1897 арганізаваны першы прафесійны калектыў «Мусульманская драм. трупа», у пач. 20 ст. створаны тэатр. трупы пры асв. т-вах «Ніджат» і «Сафа». Значны ўклад у развіццё нац. драм. мастацтва зрабілі Дж.​Зейналаў, Г.Араблінскі, У.​Гаджыбекаў, Дж.​Джабарлы, А.​Шарыфзадэ, У.​Раджаб і інш. У 1920 у Баку створаны аб’яднаны дзярж. т-р (азерб., рус., арм. драм. і оперныя трупы). У 1922 азерб. драм. трупа пераўтворана ў Азерб. дзярж. т-р (Азерб. акад. т-р імя Азізбекава). У рэпертуары т-ра, які прадаўжае лепшыя нац. традыцыі, п’есы нац. драматургаў, класічныя і сучасныя творы. У 1944 засн. Азерб. тэатр. т-ва. У 1994 у Азербайджане 10 драм. т-раў.

Кіно. Кінавытворчасць у Азербайджане пачалася з 1916, калі акц. т-ва «Фільма» выпусціла карціны «У царстве нафты і мільёнаў» і «Аршын мал алан» (1917). У 1923 у Баку створана Азерб. фотакінаўпраўленне (з 1960 кінастудыя «Азербайджанфільм» імя Дж.​Джабарлы); першы маст. фільм «Легенда пра Дзявочую вежу» (1924). У 1929 арганізавана студыя для падрыхтоўкі нац. творчых кадраў. У фільмах 1920-х г. пераважалі тэмы рэвалюцыі і грамадз. вайны («Гаджы Кара», «26 камісараў»). З 1936 здымаюцца гукавыя фільмы: «Алмас», «Бакінцы», «Сын Радзімы», «Бахтыяр», «Адна сям’я». У 1960—80-я г. пашырылася тэматыка, абнавілася паэтыка фільмаў, зняты маст. фільмы: «Не тая, дык гэтая», «Чаму ты маўчыш?», «Святло згаслых вогнішчаў», «Перад зачыненымі дзвярыма»; дакумент.-хранік.: «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» (Ленінская прэмія 1960), «Пакарыцелі мора» (сярэбраны медаль Маскоўскага міжнар. кінафестывалю 1959). У 1969 пачата вытворчасць мультыплікацыйных фільмаў. У 1965 створаны Саюз кінематаграфістаў Азербайджана. Сярод дзеячаў кіно: І.​Касумаў, Т.​Тагізадэ, Т.​Ахундаў, М. і Р.​Ібрагімбекавы, Анара (А.​Рзаева), А.​Бабаеў, Г.​Мамедаў, Г.​Турабаў, Ш.​Мамедава.

Літ.:

Гаджи-заде А.М. Азербайджанский промышленный комплекс. Баку, 1975;

Географический справочник: Новые цифры, факты, названия. М., 1993;

Кавказ. М., 1966;

История Азербайджана. Т. 1—3. Баку, 1958—63;

История Азербайджана по документам и публикациям: Сб. Баку, 1990;

Рахман-заде Ф. Дар судьбы. Баку, 1990;

Касим-заде Ф. Очерки по истории азербайджанской литературы XIX в. Баку, 1962;

Бретаницкий Л.С., Веймарн Б.В. Искусство Азербайджана IV—XVIII веков. М., 1976;

Эфандиев Р. Декоративно-прикладное искусство Азербайджана. Баку, 1976;

Гаджибеков У. Основы азербайджанской народной музыки. 3 изд. Баку, 1985;

История музыки народов СССР. Т. 1. М., 1966;

История советского драматического театра. Т. 1—4. М., 1966—68;

Information please: Almanac, 1995. Boston;

New York, 1995.

В.​К.​Міхеева (прырода, гаспадарка), А.​Н.​Гуліеў, Г.​К.​Кісялёў, І.​Ф.​Раманоўскі (гістарычны нарыс), Г.​В.​Ратнікаў (кіно).

Герб і сцяг Азербайджана.
Азербайджан. Горад Баку.
Да арт. Азербайджан. Здабыча нафты на Каспійскім моры.
Да арт. Азербайджан. Аджэмі ібн Абу Бекр. Маўзалей Мамінэ-хатун у Нахічэвані. 1186.
Да арт. Азербайджан. Дэталь партала палаца Шырваншахаў у Баку. Канец 15 ст.
Да арт. Азербайджан. Маўзалей шэйха Сефі ў Ардэбілі. 16 ст.
Да арт. Азербайджан. Мір Сеід Алі. Мініяцюра з рукапісу «Хамсе» Нізамі. 1539—43.
Да арт. Азербайджан. Помнік Нізамі ў Баку. Скульпт. Ф.​Абдурахманаў, арх. С.​Дадашаў, М.​Усейнаў. 1949.
Да арт. Азербайджан. Помнік паэту Фізулі ў Баку. Скульпт. Т.​Мамедаў, О.​Эльцараў, арх. Г.​Мухтараў. 1962.
Да арт. Азербайджан. Т.​Салахаў. Жанчыны Апшэрона. 1967.

т. 1, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГО́ЛІЯ (Монгал),

Мангольская Рэспубліка (Монгал Улс), дзяржава ў Цэнтр. Азіі. Мяжуе на Пн з Расіяй, на З, Пд і У з Кітаем. Пл. 1565 тыс. км². Нас. 2,58 млн. чал. (1999). Дзярж. мова — мангольская. Сталіца — г. Улан-Батар. Падзяляецца на 18 аймакаў. Гарады Улан-Батар, Дархан і Эрдэнэт вылучаны ў самастойныя адм. адзінкі. Нац. свята — Дзень Народнай Рэвалюцыі (11 ліп.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Вялікаму дзярж. хуралу, які складаецца з 76 дэпутатаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным парламентам.

Прырода. У рэльефе пераважаюць горы і пласкагор’і. На З горы Мангольскі Алтай з найвыш. пунктам краіны г. Мунххайрхан-Ула (4362 м), Габійскі Алтай, Хангай, падзеленыя міжгорнымі катлавінамі (Катлавіна Вялікіх Азёр, Даліна Азёр). У цэнтр. ч. — нагор’е Хэнтэй. На Пд, ПдУ, У вял. раўніны — часткі пустыні Гобі (выш. 1000—1200 м) з асобнымі вулканічнымі масівамі, участкамі пяскоў і саланчакамі. Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, жал., уранавыя, медна-малібдэнавыя, алавяныя, марганцавыя, залатыя і сярэбраныя руды, фасфарыты, каштоўныя і паўкаштоўныя камяні і інш. Клімат умераны, рэзка кантынентальны, засушлівы, з кароткім гарачым летам і працяглай халоднай маласнежнай зімой. Сярэдняя т-ра студз. ад -35 °C на Пн да -10 °C на Пд, ліп. адпаведна 18 і 20 °C. Ападкаў 60—200 мм на Пд, 200—300 мм на Пн, у гарах 300—500 мм, пераважна летам. На большай ч. тэр. краіны няма пастаянных рэк. Маюць сцёк у акіян рэй: на Пн Селенга з прытокам Архон, Керулен і Анон. З рэк унутр. сцёку найб. Кобда і Дзабхан. Шмат азёр: Убсу-Нур, Хяргас-Нур (бяссцёкавыя, салёныя), Хубсугул, Хара-Ус-Нур, Хара-Нур (праточныя, прэсныя). На Пн у гарах лясы з лістоўніцы і кедра (10% тэр. краіны), ніжэй лесастэпы і стэпы, пераважна злакавыя з дамешкамі разнатраўя. ​2/3 тэрыторыі займаюць сухія стэпы, паўпустыні і пустыні. Для жывёльнага свету характэрны грызуны, ёсць ваўкі, лісы, антылопы дзерэн, джэйран і сайгак. На ПдЗ вельмі рэдка трапляюцца конь Пржавальскага і дзікі двухгорбы вярблюд. Вялікі Габійскі запаведнік (4,3 млн. га), рэзерваты.

Насельніцтва. Манголамоўныя народы складаюць 92,4%, у т. л. халха-манголы 80,5%. З імі паступова зліваюцца блізкія да іх дэрбеты, бураты, дарыганга, баяты, захчыны, таргуты і інш. Жывуць таксама казахі (4,4%, на З), рускія і кітайцы (пераважна ў гарадах). Вернікі — будысты-ламаісты. Сярэднегадавы прырост каля 1,5%. Сярэдняя шчыльн. 1,6 чал. на 1 км², у бас. р. Селенга да 3—7 чал. на 1 км², на Пд на 10—15 км² прыпадае 1 чалавек. Каля 25% насельніцтва вядзе качавы спосаб жыцця. У гарадах жыве 61% насельніцтва (1997). Найб. гарады (1997, тыс. ж.): Улан-Батар (680), Дархан (87), Чайбалсан (80), Эрдэнэт (59). У сельскай гаспадарцы занята 40% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 12%.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. паявіўся больш за 100 тыс. гадоў назад. У 3—2-м тыс. да н.э. ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах М. ўзніклі ачагі земляробства. У І-м тыс. да н.э. стараж. насельніцтва М. перайшло да качавой жывёлагадоўлі. У 3 ст. да н.э. тут склаўся моцны саюз качавых плямён сюну (хуну). Пасля яго распаду ў I ст. н.э. тэр. М. ўваходзіла ў склад племянных саюзаў сяньбі (1—3 ст.), жужаняў (3—5 ст.), Цюркскага і Усх.-Цюркскага каганатаў (6—7 ст.), дзяржавы кіданяў (10—12 ст). Этнонім «мангол» упершыню сустракаецца ў кіт. гіст. хроніках дынастыі Тан (7—10 ст.) у форме «мэнгу», «мэнгулі», «мэн-ва». Да канца 12 ст. на тэр. ад Вял. кіт. сцяны да р. Іртыш існавалі саюзы манг. плямён: тайджыюты, татары, меркіты і інш. У пач. 13 ст. б.ч. іх падпарадкаваў сабе хан Тэмучын з племя тайджыют. У 1206 курултай (з’езд манг. ханаў) абвясціў яго вял. ханам з тытулам Чынгісхан. Рэформы Чынгісхана (ваен., адм., судовая і інш.) ператварылі М. ў найб. моцную ваен. дзяржаву Азіі. У ходзе мангольскіх заваяванняў у 13 ст. ўтварылася Мангольская імперыя, якая акрамя М. ахоплівала Кітай, Цэнтр. Азію, Каўказ, Афганістан, Іран, Месапатамію, б.ч. зямель Русі і інш. У 1280 вял. хан Хубілай абвясціў сябе кіт. імператарам, заснавальнікам дынастыі Юань. У 1368 манголы выгнаны з Кітая. У 1388 кіт. войскі зруйнавалі манг. сталіцу г. Каракарум, адзіная манг. дзяржава распалася на шэраг ханстваў, якія ваявалі паміж сабой. На кароткі час М. аб’ядноўвалі пад сваёй уладай ханы Дайсун [1434—55] і Даян [каля 1479—1543]. Да канца 16 ст. з Манголіі гістарычнай вылучыліся Паўн. М., Паўд. М. (падзяляліся на дробныя ханствы). У 1630-я г. ў Джунгарыі (цяпер ч. тэр. Паўн.-Зах. Кітая і Зах. Манголіі) зах.-манг. плямёны (айраты) утварылі Айрацкае ханства. Непрацяглы час існавалі буйныя аб’яднанні паўд.-манг. плямён: тумэтаў на чале з Алтан-ханам (1543—83] і чахараў на чале з Лігдан-ханам [1604—34]. З канца 16 ст. сярод манголаў пашырыўся будызм у форме ламаізму, які аказваў вялізны ўплыў на іх жыццё і культуру. У 1634 маньчжуры заваявалі дзяржаву Лігдан-хана, у 1636 падпарадкавалі ўсю Паўд. М. У канцы 17 ст. ўладу маньчжурскай дынастыі (правіла ў Кітаі ў 1644—1911) прызналі наёны (князі) Паўн. М. У маньчжурскім Кітаі Паўд. М. атрымала назву Манголія Унутраная, а Паўн. М. — Манголія Знешняя. У 1758 маньчжуры заваявалі Айрацкае ханства і знішчылі б.ч. яго насельніцтва. Тэр. сучаснай М. падзялялася на З кіт. намесніцтвы з цэнтрамі ў гарадах Урга (цяпер Улан-Батар), Улясутай і Кобда. Асн. заняткам яе жыхароў была качавая жывёлагадоўля, у краіне практычна адсутнічала прам-сць. Вял. ўплыў мела ламаісцкая царква (больш як 750 манастыроў, 120 тыс. манахаў — 40% мужчын краіны). Неэквівалентны тавараабмен з Кігаем, закабаленне кіт. ліхвярамі да пач. 20 ст. б.ч. манг. жывёлаводаў вялі да росту антыкіт. настрояў. У час Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 успыхнула антыкіт. паўстанне ў Знешняй М., 1.12.1911 з’езд манг. знаці ў г. Урга абвясціў яе незалежнай дзяржавай (манархіяй) на чале з кіраўніком ламаісцкай царквы богда-гэгэнам. Пад націскам вял. дзяржаў манг. ўрад у маі 1915 паводле Кяхцінскага рус.-кіт.-манг. пагаднення згадзіўся на аўт. статус Знешняй М. ў складзе Кітая. У 1919 кіт. войскі акупіравалі Знешнюю М. і пазбавілі яе аўтаноміі. Гэта выклікала ўздым нац.-вызв. руху, які ўзначаліла створаная ў 1920 Манг. нар.-рэв. партыя (МНРП, да 1925 наз. Манг. нар. партыя) на чале з С.​Данзанам, Д.Сухэ-Батарам і Д.​Бода. У выніку Мангольскай нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1921 пры падтрымцы Чырв. Арміі з тэр. Знешняй М. выгнаны кіт. войскі і атрады рас. белагвардзейцаў ген. Р.Ф.Унгерна фон Штэрнберга. У ліп. 1921 у г. Урга створаны Нар. ўрад на чале з Бода. 5.11.1921 заключаны дагавор аб узаемадапамозе паміж М. і РСФСР. Сав. войскі знаходзіліся ў М. да 1925. У 1921—24 Нар. ўрад правёў у краіне важныя пераўтварэнні: нацыяналізаваў зямлю, ліквідаваў прыгонніцтва і залежнасць жывёлаводаў ад ліхвяроў, адмяніў феад. тытулы і прывілеі. Да смерці богда-гэгэна (1924) дзяржава фармальна заставалася манархіяй.

26.11.1924 1-ы Вял. нар. хурал (ВНХ) абвясціў Манг. Нар. Рэспубліку (МНР) і прыняў яе канстытуцыю. 3-і з’езд МНРП (жн. 1924) прыняў рашэнне пра пабудову ў М. некапіталіст. грамадства. Залежнасць М. ад СССР і капіраванне яе кіраўніцтвам сав. вопыту былі ў значнай ступені абумоўлены тым, што Кітай да 1946 не прызнаваў яе дзярж. суверэнітэту і лічыў М. часткай сваёй тэр. У 1929 у МНР праведзена кааперацыя жывёлагадоўчых гаспадарак. У выніку рэпрэсій 1936—39 загінула б.ч. парт. і дзярж. кіраўніцтва МНР, моцна пацярпела духавенства. Улада сканцэнтравалася ў руках Х.Чайбалсана (прэм’ер-міністр у 1939—52). У 1939 сав. і манг. войскі перамаглі яп. агрэсараў на р. Халхін-Гол. Манг. войскі прынялі ўдзел у Маньчжурскай аперацыі 1946 сав. войск. 20.10.1945 паводле рашэння Крымскай канферэнцыі 1945 адбыўся плебісцыт, на якім насельніцтва М. выказалася за незалежнасць краіны (у студз. 1946 прызнана Кітаем). Пасля смерці Чайбалсана (студз. 1952) прэм’ер-міністрам (да 1974) стаў Ю.Цэдэнбал (кіраўнік МНРП у 1940—54 і 1958—84, старшыня Прэзідыума ВНХ у 1974—84). У 1960 прынята новая канстытуцыя краіны. У 1950—70-я г. адбыўся пераход асн. масы манголаў да аселасці, з дапамогай СССР і інш. сацыяліст. краін пабудавана прам-сць, ліквідавана непісьменнасць. У 1984 ген. сакратаром МНРП і старшынёй ВНХ выбраны Ж.​Батмунх. З пачаткам перабудовы ў СССР у М. разгарнуўся масавы рух за дэмакратыю і шматпартыйнасць, які са снеж. 1989 узначальваў Манг. дэмакр. саюз. Пасля масавых дэманстрацый апазіцыі пленум ЦК МНРП у сак. 1990 прыняў адстаўку кіраўніцтва партыі і выбраў яе старшынёй Г.​Ачырбата, Старшынёй ВНХ выбраны П.​Ачырбат (з вер. 1990 прэзідэнт МНР). У маі 1990 уведзена шматпартыйнасць. У студз. 1992 прынята новая канстытуцыя, паводле якой МНР перайменавана ў Мангольскую Рэспубліку, замест ВНХ створаны Вял. дзярж. хурал (ВДХ). На першых свабодных выбарах у ВДХ перамагла МНРП. У чэрв. 1993 на першых прамых выбарах прэзідэнтам краіны выбраны Ачырбат. Непаслядоўнасць МНРП у рэфармаванні эканомікі і грамадства прывяла да перамогі дэмакр. апазіцыі на выбарах у ВДХ у чэрв. 1996. Урад М.​Энхсайхана (1996—98) правёў радыкальныя рыначныя рэформы, якія спрыялі адраджэнню эканомікі, але выклікалі сац. напружанасць у грамадстве, што праявілася ў выбранні прэзідэнтам краіны ў маі 1997 прадстаўніка МНРП Н.​Багабандзі. М. — чл. ААН (з 1961). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 24.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Манг. нар.-рэв. партыя, Манг. нац.-дэмакр. партыя, Манг. с.-д. партыя, Партыя «зялёных», Рэліг.-дэмакр. партыя і ІНШ.; Федэрацыя манг. прафсаюзаў.

Гаспадарка. М. — аграрна-індустрыяльная краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Штогадовы даход на 1 чал. каля 900 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае каля 40% валавога ўнутр. прадукту, прам-сць — каля 30%. У 1991—92 былыя с.-г. кааператывы пераўтвораны ў акц. кампаніі, завершана прыватызацыя жывёлы. На канец 1998 у прыватнай уласнасці 95% пагалоўя свойскай жывёлы. Больш за 80% тэр. (каля 130 млн. га) прыдатная для выкарыстання ў якасці пашы. Па колькасці жывёлы на душу насельніцтва М. займае адно з першых месц у свеце. Найб. развіта авечка- і козагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, канец 1996): авечкі — 13,5, козы — 9,1, буйн. раг. жывёла — 3,5, коні — 2,8, вярблюды — 0,4. Гадуюць таксама якаў і іх помесі з буйн. раг. жывёлай — артомаў і хайнакаў (у гарах), паўн. аленяў (у гарах на Пн). Прадукцыйнасць жывёлы нізкая. Вытв-сць (1995, тыс. т): ялавічыны і цяляціны — 71, бараніны — 98, каніны — 28, малака — 316. Авечак гадуюць усюды, але найб. у зах. і цэнтр. раёнах, буйн. раг. жывёлу — пераважна на ПнУ і Пн, коз — на З, вярблюдагадоўля ў асн. у паўд. і паўд.-ўсх. раёнах, конегадоўля — ўсюды. У прыгарадных раёнах свінагадоўчыя і птушкагадоўчыя гаспадаркі. Ёсць фермы пушной зверагадоўлі. Раслінаводства — новая галіна сельскай гаспадаркі, займае каля 0,5 млн. га зямель на Пн, у далінах рэк Селенга і Архон. Ураджаі рэзка вагаюцца ў залежнасці ад колькасці ападкаў летам. Пераважае яравая пшаніца, меншыя зборы ячменю, проса, жыта, аўса. У 1998 сабрана 214 тыс. т збожжа. У гарах і стэпах пашыраны пушны промысел, штогод нарыхтоўваюць больш за 1 млн. шкурак сурка. З галін прам-сці найб. значэнне маюць горназдабыўная і каляровая металургія, лёгкая і харчовая. Здабываюць медна-малібдэнавыя і вальфрамавыя руды, буры і каменны вугаль, плавікавы шпат, золата. Самае магутнае прадпрыемства краіны — горнаабагачальны камбінат «Эрдэнэт», які выпускае (тыс. т, 1996) медны (351) і малібдэнавы (4,7) канцэнтрат. Прадпрыемства «Манголрасцэмент» штогод выпускае больш за 1 млн. т цэменту. Камбінат «Керулен» выпрацоўвае плавікава-шпатавы канцэнтрат (565 тыс. т, 1996). Аснова энергетыкі — вугаль (5,1 млн. т, 1996). Вытв-сць электраэнергіі 3,2 млрд. кВтгадз (1995). Буйнейшая ЦЭС у сталіцы. Шмат дызельных электрастанцый невял. магутнасці ў аддаленых раёнах. ГЭС на р. Архон. Лёгкая прам-сць перапрацоўвае пераважна жывёлагадоўчую прадукцыю. Працуюць прадпрыемствы гарбарнай, абутковай, валюшна-лямцавай, аўчынна-футравай, скургалантарэйнай, суконнай, дывановай, трыкатажнай і інш. галін прам-сці. Харч. прам-сць прадстаўлена мясакамбінатамі і мясахоладабойнямі, харч. камбінатамі, якія вырабляюць кансервы, сыр, масла, хлебапрадукты. Прам-сць буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, жалезабетонныя канструкцыі, цеплаізаляцыйныя пліты, керамічныя пліты) ва Улан-Батары і Дархане. Дрэваапр. камбінаты ва Улан-Батары і Сухэ-Батары. Вытв-сць мэблі, фанеры, драўнінна-стружкавых пліт. Ёсць вытв-сць фармацэўтычных, шкляных і фарфоравых вырабаў, прадпрыемствы мікрабіялагічнай, паліграф., металаапр. і металарамонтнай галін. Асн. прамысл. цэнтр — г. Улан-Батар. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 46,7 тыс. км, у т. л. палепшаных 4,3 тыс. км, чыгунак 1,8 тыс. км. Трансмангольская чыгунка — частка чыг. магістралі Масква—Улан-Батар—Пекін. У краіне 397 аэрапортаў. Суднаходства па воз. Хубсугул, рэках Селенга і Архон. У 1995 экспарт склаў 451 млн. дол., імпарт — 473 млн. долараў. У экспарце пераважаюць медныя і малібдэнавыя канцэнтраты (каля 50%), плавікавы шпат, жывая жывёла, прадукцыя жывёлагадоўлі, аўчынна-футравыя, скургалантарэйныя вырабы; у імпарце — машыны і абсталяванне, паліва і электраэнергія, агародніна, хімікаты. Гал. гандлёвыя партнёры: Расія (больш за 50% кошту экспарту), Кітай, Японія. У 1991—98 развітыя краіны і міжнар. арганізацыі аказалі М. бязвыплатнай дапамогі на суму больш за 600 млн. дол. Грашовая адзінка — тугрык.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі і ППА) і пагранічных войск. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі налічваюць (1998) каля 8,5 тыс. чал., на ўзбраенні больш за 650 танкаў, 400 баявых машын пяхоты, 300 бронетранспарцёраў, 300 гармат палявой артылерыі і інш. У ППА каля 500 чал., 9 баявых самалётаў, 12 баявых верталётаў, зенітныя ўстаноўкі і комплексы. У пагранічных войсках каля 5 тыс. чал.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,1, жанчын 63,2 года. Смяротнасць 8 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 101 чал., урачамі — 1 на 402 чал. Узровень нараджальнасці — 25 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 1,6%. Дзіцячая смяротнасць — 68 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. Сістэма адукацыі М. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школу, прафес., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1997/98 навуч. г. ў М. 663 агульнаадук. школы, у якіх навучалася больш за 380 тыс. чал. У сістэме вышэйшай адукацыі 64 ВНУ, у т. л. 27 дзярж. ун-таў, ін-таў і каледжаў, у якіх вучылася каля 29 тыс. студэнтаў па 60 спецыяльнасцях на ступень бакалаўра і па 35 — на ступень магістра. ВНУ: Мангольскі дзярж. ун-т (з 1942), Дзярж. пед. ін-т (з 1951), політэхн. ін-т (з 1961), пед. ін-т рус. мовы (філіял Маскоўскага ін-та рус. мовы імя Пушкіна, з 1978), мед. (з 1982) і с.-г. (з 1958) ін-ты — усе ва Улан-Батары, пед. ін-т (з 1979) у г. Кобда. У 1998 у М. 424 б-кі з агульным фондам 4,2 млн. кніг, найбольшыя з іх Дзярж. публічная і б-ка Мангольскага дзярж. ун-та. Музеі: Цэнтр. дзярж., рэлігіі, горада Улан-Батар і інш. Навук. даследаванні праводзяцца вядучымі навук. ўстановамі сістэмы АН М. (з 1961) і галіновымі НДІ.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1998 у М. каля 130 перыяд. выданняў. Найб. папулярныя газеты — «Унадур» («Сёння», з 1992), «Ардын эрх» («Народнае права», з 1990), «Унэн-уу?» («Ці праўда?», з 1920), «Ардчылал» («Дэмакратыя», з 1990), «Худулмур» («Праца», з 1928), «Уг» («Слова», з 1990), «Засгійн газрын мэдээ» («Урадавы веснік», з 1991), «Ертанц» («Сусвет», з 1990), «Мангалын залучуд» («Моладзь Манголіі», з 1924), «Шынэ уе» («Новае пакаленне», з 1991); на рус. мове — «Новости Монголии» (з 1942). Інфарм. агенцтвы — Монгал Цахілган Медэній Агентлаг (МОНЦАМЭ, Мангольскае тэлеграфнае агенцтва, засн. ў 1921), «Мангалын дуу хаалой» («Голас Манголіі») і Сан-прэс (з 1992). Радыёвяшчанне з 1934. Тэлебачанне з 1967. Радыё- і тэлеперадачы вядуцца на манг., рус., кіт., англ., франц. і каз. мовах.

Літаратура. Фальклор манголаў прадстаўлены гераічнымі паданнямі, казкамі, ероаламі (пажаданні дабра), магтааламі (ухваленні), сургааламі (павучанні), легендамі і інш. Зберагліся эпіграфічныя помнікі 12—13 ст., дыялагічныя нар. песні («Золатаардынскі рукапіс на бяросце», 13—14 ст.), нар. эпас «Джангар» (15 ст.), эпічнае сказанне пра Гэсэр-хана (16—17 ст.), летапісы («Алтан Тобчы», 17 ст.) і інш. У 14—18 ст. росквіту дасягнула перакладная л-ра (зборы будыйскіх кананічных твораў «Ганжур», «Данжур»). У 2-й пал. 19 ст. зарадзілася рэаліст. л-ра. Дэмакр., антыфеад. тэндэнцыі выявіліся ў гіст. раманах В.​Інжынаша, сатыр. паэзіі Х.​Сандага. Пасля рэвалюцыі 1921 узнікла новая л-ра: створаны аповесці (Д.​Нацагдорж, Ц.​Дамдзінсурэн), зарадзілася рэв. паэзія, значных поспехаў дасягнула драматургія (п’есы С.​Буянэмэха, Нацагдоржа). Пасля 2-й сусв. вайны пашырылася ваен. тэматыка (аповесці «Аюуш» Д.​Сэнгээ, «Вучань Ганбат» Д.​Цэвэгмэда, вершы Ч.​Лхамсурэна, Дамдзінсурэна), з’явіліся п’есы на тэмы сучаснасці (Сэнгээ, Л.​Ванган). Вызначальная рыса л-ры 1950—60-х г. — станаўленне і развіццё новага рамана: прыгодніцкага («На Алтаі» Ч.​Ладайдамба), гісторыка-рэв. («Ранішняя зара» Б.​Рынчэна, «Чырвонае сонца» С.​Дашдэндэва), на тэмы сучаснасці («Вясна — восень» Ч.​Чыміда). У 1960—70-я г. далейшае развіццё атрымалі раман (Л.​Тудэў), аповесць (С.​Удвал), апавяданне і навела (Э.​Аюун, С.​Эрдэнэ). Паэзія ўзбагацілася лірычнымі і грамадз. вершамі Б.​Явуўхулана, Чыміда, паэмамі Ц.​Гайтава. Вядучае месца занялі пераклады. Творчасць сучасных манг. пісьменнікаў сведчыць пра збліжэнне л-ры М. з прагрэс. сусв. л-рай з захаваннем нац. асаблівасцей. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі «Мангольскія казкі» (пер. А.​Якімовіча, 1956), раманы Тудэва «Горны паток» (пер. І.​Сакалоўскага і У.​Шахаўца, 1971) і Н.​Банзрагча «Шлях» (пер. М.​Парахневіча, 1978), зб. навел «Вясновыя птушкі» (пер. В.​Рабкевіча, В.​Новіка, З.​Прыгодзіча, М.​Паслядовіча, Я.​Крамко, А.​Рыбака, 1981), казка «Залатая ластаўка» (пер. С.​Міхальчука, 1982). На бел. мову паасобныя вершы і навелы манг. пісьменнікаў перакладалі Я.​Бяганская, М.​Калачынскі, П.​Макаль, Ю.​Свірка, Х.​Чэрня і інш.

Архітэктура. Збудаванні на тэр. М. вядомы з часоў Цюркскага каганата (7 ст.), калі на месцы пахаванняў узводзілі храмы з мемар. стэламі і скульптурай. Ад перыяду Уйгурскага каганата (745—840) захаваліся руіны сталіцы Орду-Балык (пазней Хара-Балгас) са строгай планіроўкай, абарончымі збудаваннямі, дамамі, храмамі. Пры кіданях (10—12 ст.) інтэнсіўна будаваліся гарады. Звычайна горад, амаль квадратны ў плане, быў абкружаны равамі і землянымі валамі. Яго перасякалі адна ці некалькі вуліц з адм. будынкамі, храмамі і дамамі, на незабудаваных участках ставілі юрты і палаткі. Пры раскопках г. Барс-Хот I (10—12 ст.) выяўлены рэшткі будыйскага храма з сюжэтнымі і арнаментальнымі фрэскамі і 2 цагляныя пагады з 5 і 7 ярусамі (апошняя выш. 16 м), у дэталях звязаныя з мясц. традыцыяй і ўплывам Кітая. У канцы 12 — пач. 13 ст. вядомасць набывае архітэктура сталіцы Каракарум. Захаваліся рэшткі палаца хана Угедэя (пл. 2475 м²) на штучнай насыпной платформе (гранітныя цокалі і базы калон, разьба па камені і дрэве, лепка, чаканка і інш.) і кумірні (малітоўныя дамы) з насценнымі размалёўкамі. У 16 — пач. 20 ст. ў манг. ханствах і княствах асн. відам жылля была лямцавая зборна-разборная юрта (гэр: дыяметр 5 м, выш. каля 3 м) на драўляным каркасе з рассоўнымі насценнымі рашоткамі, дзвярной каробкай і дахам у форме ўсечанага конуса; звонку дзверы лямцавыя, унутры — драўляныя размаляваныя. Для далёкіх паездак з караванамі служылі шасцісхільныя палаткі (майханы). З канца 16 ст. з пашырэннем ламаізму вялося буд-ва манастыроў і храмаў. З’явіліся культавыя пабудовы з дрэва, у аснове якіх — кампазіцыя юрты (часам на колах) круглай, шматвугольнай, з сярэдзіны 17 ст. квадратнай формы, а таксама цагляны кіт. і каменныя тыбецкага тыпаў (у манастырах Амур-Баясхуланту-хіт, Эрдэні-дзу). Своеасаблівыя мемар. збудаванні — субурганы (Бодзі-субурган у манастыры Эрдэні-дзу). Захаваліся храмы змешанага тыпу: манг.-кіт. (манастыр Да-Хурэ ва Улан-Батары, засн. ў 1651 як качавы, з 1779 — аселы; юртападобныя храмы 18 ст.), тыбецка-кіт., тыбецка-манг. (манастыр Гандан, пач. 18 ст., з храмам Мэгджыд-Джанрайсэг, пач. 20 ст., ва Улан-Батары). У 19 — пач. 20 ст. цэнтрам культавага і свецкага буд-ва быў Улан-Батар (палацавы комплекс Ноган-Орга, «Зялёны палац», 1832). У 1920—30-я г. разгарнулася грамадз. і прамысл. буд-ва, рэканструкцыя старых (Улан-Батар) і стварэнне новых (Дархан, Налайха, Сайншанд) гарадоў і пасёлкаў з рэгулярнай планіроўкай, рысамі сав. канструктывізму. У 1940—50-я г. фасады грамадскіх будынкаў упрыгожвалі порцікамі, каланадамі, нац. арнаментам (Мангольскі ун-т ва Улан-Батары). Будынкі ўзводзілі з улікам кліматычных умоў, патрабаванняў камфорту, выразнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі (Т-р оперы і балета ва Улан-Батары). У 1960—80-я г. буд-ва вялося паводле тыпавых праектаў, з выкарыстаннем жалезабетонных канструкцый на аснове прынцыпаў функцыян. архітэктуры (выставачная зала ва Улан-Батары, будынак вакзала ў Сухэ-Батары).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва на тэр. М. вядомы з 14—10 ст. да н.э. (выбітыя або нанесеныя фарбай на скалах выявы жывёл). У 4—3 ст. да н.э. метал. вырабы і каменныя надмагільныя слупы аздаблялі стылізаванымі фігуркамі жывёл. У кургане Наін-Ула (1 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.) выяўлены начынне, тканіны, лямцавыя дываны, аздабленне конскай вупражы. У 6—8 ст. развіваліся рамёствы па вырабу конскай вупражы, зброі, упрыгожанай расл. арнаментам, з’явіліся мемарыяльныя каменныя стэлы на пастаментах у выглядзе чарапоў, скульпт. фігуры мужчын каля надмагільных помнікаў, т.зв. каменныя бабы. У 8—10 ст. развіваліся партрэтная пластыка, прысвечаная уйгурскім уладарам, фігуратыўная размалёўка з выявамі уйгурскіх і кіданьскіх уладароў у мемар. палацах і храмах, у 10—12 ст. — кераміка (фігуркі будыйскіх божастваў, жывёл і інш. з раскопак г. Барс-Хот I). Сінтэзам мастацтваў і стылістычнай разнастайнасцю вызначаюцца творы 12—13 ст., знойдзеныя ў Каракаруме: фігуратыўныя скульптуры, дэкар. маскі, жывапісныя партрэты ханаў і інш. Найб. пашыраным відам жывапісу 16 — пач. 20 ст. былі танка — будыйскія кампазіцыі, выкананыя на палатне фарбамі тыпу гуашы. У насценных размалёўках адчувальны ўплыў мастацтва Тыбета, Кітая, Непала. Стваралася храмавая скульптура з гліны, дрэва і бронзы, заснавальнік яе кананічнай формы — скульпт. Дзанабадзар (2-я пал. 17 ст.; рабіў таксама танка). З канца 19 ст. пашырыўся таксама свецкі жывапіс (ургінская школа і інш.) — партрэты, пейзажы, жанравыя палотны. У пач. 20 ст. пад уплывам еўрап. рэаліст. традыцый пачала фарміравацца сучасная манг. маст. школа (жывапісцы Б.​Шараў, Д.​Манібадар і інш.). У 2-й пал. 20 ст. пашырылася тэматыка твораў, у якіх спалучаліся прыёмы нац. і еўрап. мастацтва (жывапісцы Г.​Адон, Будбазар, Н.​Цултэм, А.​Цэвэгжаў, Д.​Чойдаг, графікі Д.​Амгалан, Балдан, скульптары Н.​Жамба, С.​Чоймбал і інш.). Развіваюцца вышыўка, аплікацыя, маст. апрацоўка металу, ювелірнае мастацтва, разьба па дрэве, выраб каляровых масак з пап’е-машэ, сюжэтных дываноў і інш.

Музыка. У традыц. музыцы М. пераважае вак. музіцыраванне, часта з інстр. суправаджэннем, пашыраны сольныя і ансамблевыя інстр. кампазіцыі. Ладавая аснова пераважна ангемітонная (часам пентатоніка). Спецыфічнае гуказдабыванне ў традыцыях гарлавога спеву (хаамэй), ігры на цууры (падоўжная флейта), аманхурах (самагучальныя язычковыя тыпу варганаў) і інш. Сярод традыц. інструментаў: стр. смычковыя — морын-хур, іх-хур, хучыр; стр. шчыпковыя — тобшур, шудрага (шанза), цытра ятга, род цымбалаў ёачын; драўляныя духавыя — лімбэ, цуур, біш-хур (тып габоя), эвэр-бурээ (рог); ударныя — барабаны хэнгэрэг, бумбур, талеркі цан, літафоны, шаманскія бубны; храмавыя інструменты — марская ракавіна дун, званы хонх, гонгі, вял. медныя трубы і інш. Стараж. музыка звязана з паляўнічай і жывёлагадоўчай практыкай, абрадамі. У 3 ст. да н.э. — 2 ст. н.э. ўзніклі разнастайныя жанры і віды музыкі. Да 13 ст. развівалася прыдворная музыка, дзейнічалі шматскладавыя аркестры. Музыка ўваходзіла ў абрады шаманізму і культу продкаў, суправаджала баявыя дзеянні; былі пашыраны караванныя песні без слоў (уншуу). У 13—14 ст. выпрацоўваліся нарматывы класічнай музыкі. Склаўся рэпертуар віртуознай сольнай інстр. музыкі, развіліся муз.-паэт. жанры магтаал (ода) і сургаал (дыдактычны верш). Розныя жанры манг. муз.-паэт. традыцыі спалучае гісторыка-эпічнае «Патаемнае казанне» (13 ст.). У канцы 17 — пач. 20 ст. муз. жыццё засяроджвалася пераважна ў ламаісцкіх манастырах. У 18 ст. цэнтрам культ. жыцця М. стала Урга. Вызначыліся асн. песенныя жанры: найб. развітая працяжная — уртын-дуу і кароткая — богіна-дуу. У 1920—30-я г. пачалося асваенне жанраў еўрап. музыкі (опера, балет, сімфонія, інстр. канцэрт). Сярод дзеячаў муз. мастацтва: кампазітары С.​Ганчыксумла, Б.​Дамдзінсурэн (першая нац. опера «Сярод трох маркотных гор», з Б.​Смірновым, паст. 1942), Л.​Мурдорж (першая нац. сімфонія «Мая радзіма», 1955), У.​Білегжаргал, Э.​Чойдаг, Д.​Луўсаншараў (першая нац. аперэта «Голы князь», 1986; песні і інш); дырыжоры Ж.​Чулун, Ц.​Намсрайжаў, Ж.​Жамсранжаў, спевакі Ц.​Пурэўдорж, А.​Сурдал, А.​Загдсурэн, Х.​Уртнасан, А.​Хаўлаш; інструменталісты Т.​Цолман, З.​Сэрэтэр, Аюуш; выканаўцы традыц. музыкі — спевакі Л.​Луўсанбалдан, Ш.​Дамба, М.​Дашрынчэн, С.​Гомба, Б.​Луўсангампіл, М.​Дугаржаў, Ж.​Дарждагва, Н.​Нараўбанзад, інструменталісты А.​Сандаг, Д.​Ішдулам, О.​Дашдэлэг, У.​Луўсанхурчы, Л.​Цэрэндорж, Г.​Жам’ян, Д.​Дашдулам. У М. працуюць (1999): больш за 10 муз. т-раў, у т. л. Дзярж. т-р оперы і балета (з 1963); філармонія, пры якой сімф. аркестр (з 1957), эстр. калектывы; Ансамбль Манг. нар. арміі (з 1932), Дзярж. ансамбль песні і танца (з 1950). Муз. аддзел у Пед. ін-це (Улан-Батар), муз.-харэаграфічныя вучылішчы. У 1957 створаны Саюз кампазітараў М.

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва М. — у тэатралізаваных рытуальных дзействах, нар. абрадах, танцах-пантамімах, выступленнях нар. спевакоў-сказіцеляў. З канца 14 ст. на манг. мастацтва, у т. л. т-р, паўплываў кіт. класічны т-р. Папулярнымі былі выступленні артыстаў-лялечнікаў. У 17 ст. з распаўсюджаннем будызму ўзнік містэрыяльны т-р цам (сінт. форма, дзе драм. дыялогі перамяжоўваюцца з пантамімай, танцам, харавымі спевамі). Пры дварах манг. князёў існавалі прыдворныя т-ры. У 1830 у Габійскім аймаку адбыўся першы публічны спектакль «Месячная зязюля». З 1920-х г. пачала шырока развівацца тэатр. самадзейнасць; арганізаваны муз.-драм. гурткі, з якіх пазней узніклі праф. т-ры. Спектаклі ставіліся ў нар. традыцыях. Рэпертуар складаўся з інсцэніровак нар. песень і сцэнак на надзённыя тэмы. Рабіліся спробы выкарыстоўваць вопыт кіт. класічнага т-ра і т-ра ян-гэ. У 1930 ва Улан-Батары арганізавана тэатр. студыя, з якой у 1931 узнік Цэнтр. дзярж. манг. т-р (з 1942 Дзярж. муз.-драм. т-р). Новая нац. драматургія была сарыентавана на традыцыйную манг. тэатр. форму сінт. т-ра. Ставіліся п’есы манг. аўтараў, творы сусв. класікі, сав. драматургаў. У 1963 на базе Дзярж. муз.-драм. т-ра створаны Дзярж. т-р оперы і балета і Дзярж. т-р драмы імя Д.​Нацагдоржа. З 1970-х г. развіваецца драматургія сучаснай тэматыкі; прасочваецца тэндэнцыя засваення еўрап. тэатр. школы і драматургіі. Ва Улан-Батары працуюць таксама Т-р лялек (з 1948), Цэнтр. дзіцячы т-р (з 1950), існуюць аймачныя (абласныя) т-ры.

Кіно. У 1935 ва Улан-Батары створана кінастудыя «Манголкіно». У 1936 выйшлі першыя дакумент. фільмы, у 1938 — маст. фільм «Шлях Норжмы» (рэж. Т.​Нацагдорж, Л.​Шэфер). З 1947 пачаўся сістэматычны выпуск кінаперыёдыкі. Першых поспехаў манг. кінематаграфісты дасягнулі ў гісторыка-рэв. тэматыцы: «Пасланец народа» (1959), «Адзін з многіх» (1962), «Раніца» (1968, усе рэж. Д.​Жыгжыда), «Апавяданні пра вайну» (1970, рэж. Ж.​Бунтар, Н.​Нямдава), «Пачатак вялікага шляху» (1978, рэж. Б.​Сумху) і інш. На сучасную.тэматыку ставіліся камедыі і меладрамы, з 1970-х г. здымаліся псіхал. сац. драмы: «Зяць» (1970, рэж. Жыгжыд), «Шум матора» (1973) і «Жонка» (1975, рэж. Сумху), «Сустрэча» (1974, рэж. Нямдава), «За перавалам перавал» (1977, рэж. Бунтар), «Неба праясняецца» (1978, рэж. Р.​Даржпалам), «Жыццё чалавечае» і «Хатанбатар» (1981, рэж. Г.​Жыгжыдсурэн). Значны ўплыў на станаўленне манг. кінематографа зрабілі сав. кінематаграфісты. Сярод сумесных сав.-манг. фільмаў: «Яго завуць Сухэ-Батар» (1942, рэж. А.​Зархі, І.​Хейфіц), «Віцязі стэпу» (1945, рэж. Ю.​Тарыч, Дудсан-Джалел, М.​Болд), «Слухайце, на тым баку!» (1972, рэж. Б.​Ермалаеў, Сумху), «Праз Гобі і Хінган» (1982, рэж. В.​Ардынскі, Сумху). Здымаюцца дзіцячыя (рэж. Х.​Дамдзін, Нямдава і інш.) і дакумент. (рэж. А.​Уртнасан, Г.​Даждорж і інш.) фільмы. У 1970-я г. створаны Саюз работнікаў мастацтваў, які аб’ядноўвае і кінематаграфістаў.

Літ.:

История Монгольской Народной Республики. М., 1983;

Татаро-монголы в Азии и Европе: Сб. ст. 2 изд. М., 1977;

Трепавлов В.В. Государственный строй Монгольской империи XIII в.: Пробл. исп. преемственности. М., 1993;

Михайлов Г.И., Яцковская К.Н. Монгольская литература. М., 1969;

Тудэв Л. Национальное и интернациональное в монгольской литературе: Пер. с монг. М., 1982;

Майдар Д. Архитектура и градостроительство Монголии. М., 1972;

Майдар Д., Пюрвеев Д. От кочевой до мобильной архитектуры. М., 1980;

Цултэм Ням-Осорын. Искусство Монголии с древнейших времен до начала XX в. М., 1982;

Кондратьев С.А. Музыка монгольского эпоса и песен. М., 1970;

Смирнов Б.Ф. Монгольская народная музыка. М., 1971;

Черненко М.М. Кино Монголии. М., 1976.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура). Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.​М.​Міхеева (тэатр).

Герб і сцяг Манголіі.
Да арт. Манголія. Краявід на поўначы краіны.
Да арт. Манголія. Горна-абагачальны камбінат «Эрдэнэт».
Да арт. Манголія. Мангольскія дываны.
Да арт. Манголія. Мангольскае войска. Мініяцюра са «Зборніка летапісаў» Рашыд-ад-дзіна. 1301—14.
Да арт. Манголія. Байцы Мангольскай народна-рэвалюцыйнай арміі вядуць бой з японскімі захопнікамі. Халхін-Гол. 1939.
Да арт. Манголія. Трыумфальныя вароты ў палацавым комплексе Ноган-Орга ва Улан-Батары. 19 ст.
Да арт. Манголія. Храм Мэгджыд-Джанрайсэг манастыра Гандан. Пач. 20 ст.
Да арт. Манголія. Юрта.
Да арт. Манголія. Будынак вакзала ў г. Сухэ-Батар.
Да арт. Манголія. Будынак выставачнай залы ва Улан-Батары.
Да арт. Манголія. Каменныя бабы. 6—8 ст.
Да арт. Манголія. Буда. Невядомы майстар. 19 ст.
Да арт. Манголія. Абраз «Буда Алмазнапрастольны (Ваджрасана)». Палатно, клеявыя фарбы. Канец 11—12 ст.
Да арт. Манголія. Галаўное ўпрыгожанне. 19 ст.
Да арт. Манголія. Майстар ургінскай школы. Шак’ямуні. 19 ст.
Да арт. Манголія. Маска для рэлігійнай цырымоніі цам. Бегдзе-Дармапала. 19 ст.
Да арт. Манголія. Б.​Шараў. Партрэт жонкі VIII богда-гэгэна. Пач. 20 ст.
Да арт. Манголія. Дзанабадзар. Сіяма-Тара (Зялёная тара; злева) і Сіта-Тара (Белая тара; справа).
Да арт. Манголія. Ансамбль мангольскіх народных інструментаў.
Да арт. Манголія. Сцэна з оперы «Сярод трох маркотных гор».

т. 10, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)