ТЫБЕ́РЫЙ Клаўдзій Нерон (Claudius Nero Tiberius; 16.11.42 да н.э. — 16.3.37 н.э.),
рымскі імператар [14—37 н.э.]. Палкаводзец у арміі Аўгуста, у 20 да н.э. здзейсніў паход у Арменію, у 15 да н.э. — да вытокаў Дуная, у 12—9 да н.э. ваяваў з панонцамі, у 8—7 да н.э. з германцамі. Усыноўлены Аўгустам у 4 н.э. і ў завяшчанні абвешчаны наследнікам. У 13 стаў суправіцелем Аўгуста, пасля яго смерці — імператарам. Пры Т. ўмацаваны прынцыпат, павялічана дзярж. казна (за кошт скарачэння выдаткаў на відовішчы, раздач плебсу, грамадскага будаўніцтва), палепшана сістэма кіравання правінцыямі; правы абрання магістратаў перададзены сенату. Узмацніў ганенні на апазіцыю сената праз суд. працэсы за знявагу велічы імператара. З 27 жыў на в-ве Капры і адтуль кіраваў імперыяй.
Літ.:
Светоний Г.Т. Жизнь двенадцати Цезарей: Пер. с лат. М., 1993;
Федорова Е.В. Императорский Рим в лицах. 2 изд. Смоленск, 1995.
А.Г.Зельскі.
т. 16, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)