ЛУНІНЕ́ЦКІ РАЁН.

На У Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 14.8.1979). Пл. 2,8 тыс. км². Нас. 82,9 тыс. чал. (1998), гарадскога 47,8%. Сярэдняя шчыльн. 30 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Лунінец. Уваходзяць рабочы пас. Мікашэвічы, 80 сельскіх нас. пунктаў; 11 сельсаветаў: Багданаўскі, Бастынскі, Вулькаўскі, Гарадоцкі, Дварэцкі, Дзятлавіцкі, Лахвенскі, Лунінскі, Радзігераўскі, Сінкевіцкі, Чучавіцкі; Мікашэвіцкі пасялковы Савет. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 88% нас. пражываюць на тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі.

Тэр. раёна размешчана ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня нізінная, нахілена ў бок даліны р. Прыпяць. 70% тэрыторыі — ніжэй за 140 м, найвыш. пункт 150 м (за 6 км на Пд ад в. Малыя Чучавічы). Карысныя выкапні: граніт (буд. камень), пясок, гліна, суглінак, каалін, торф, сапрапель. Сярэдняя т-ра студз. -5,5 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 615 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Найб. рэкі — Прыпяць з прытокамі Случ (з Валхвой), Лань, Смердзь, Цна, Бобрык. Азёры: Белае, Чорнае, Вулька. Вадасховішчы Велута і Собельскае. Найб. меліярац. каналы: Валчанскі, Вулькаўскі, Глухая Лань, Лунінецкі, Мікашэвіцкі канал, Сітніцкі. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (35,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (24,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (24,3%). Пад лесам 40% тэрыторыі, з іх 19% — штучныя насаджэнні. Пераважаюць лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя; трапляюцца яловыя, дубовыя, грабавыя, ясянёвыя. На ПнУ і З — суцэльны лясны масіў. Пад балотам 14,6% тэрыторыі, з іх асушана 78,1 тыс. га. Найб. балотны масіў Грычын. Заказнікі рэсп. значэння: біял. — Борскі (частка), Вусце Лані, Лунінскі, Нізоўе Случы; ландшафтны — Белае; мясцовыя гідралагічныя заказнікі Дзятлавічы, Ліпскае, Флярова-Грамада, частка Ястрабель. Помнік прыроды рэсп. значэння — 2 дубы (400 гадоў) у в. Кажан-Гарадок.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 91,5 тыс. га, з іх асушаных 63,3 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 19 калгасаў, 2 саўгасы, 13 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірунак сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (буд. камень, зборны жалезабетон, Мікашэвіцкі каменеапрацоўчы завод — абліцовачныя пліты), харч., хім. (з-д «Палімер» у в. Сінкевічы), дрэваапрацоўчай, лесанарыхтоўчай (АТ «Лунінецлес») і лясной прам-сці; Палеская доследна-меліярац. станцыя ў пас. Палескі. Па тэрыторыі раёна праходзяць чыгункі Брэст—Гомель і Рыга—Львоў, аўтадарогі Гомель—Брэст, Лунінец—Пінск, Лунінец—Ганцавічы, Мікашэвічы—Салігорск. У раёне 29 сярэдніх, 13 базавых, 2 пач., 6 муз., спарт. школы, школа-сад, 3 навуч.-вытв. камбінаты, 2 СПТВ, 37 дашкольных устаноў, 40 дамоў культуры і клубаў, 46 б-к, 2 бальніцы, скурна-венералагічны дыспансер, паліклініка, 11 амбулаторый, 26 фельч.-ак. пунктаў, Лахвенскі касцёватуберкулёзны санаторый. Помнікі архітэктуры: цэрквы Пакроўская (1851) у в. Вял. Чучавічы, Праабражэнская (1823) у в. Дзятлавічы, Мікалаеўская (1818) у в. Кажан-Гарадок, Прачысценская (1880-я г.) у в. Лахва, Барысаглебская (1824) у в. Лунін, Георгіеўская (канец 17 — пач. 18 ст.) у в. Сінкевічы, Праабражэнская (1910) у в. Язвінкі, лазня (1905) у пас. Палескі. Выдаецца газ. «Лунінецкія навіны».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НКАЎСКІ КАПІТА́Л,

сканцэнтраваныя ў банкаўскай сістэме рэсурсы, прызначаныя для выканання крэдытна-разліковых і інш. аперацый і атрымання прыбытку. Складаецца з уласнага капіталу банка (статутны, падпісны, аплачаны і рэзервовы) і чужога (найперш з укладаў). Паводле рэчавага складу ён падзяляецца на наяўныя грошы, каштоўныя паперы ў выглядзе гандл. вэксаляў і публічныя каштоўныя паперы (дзярж. аблігацыі, казначэйскія вэксалі, акцыі, іпатэкі). Наяўныя грашовыя сродкі банкі ўкладваюць у банкаўскія будынкі і іх абсталяванне, у зямельныя ўчасткі і г.д., выкарыстоўваюць на выдачу доўгатэрміновых крэдытаў, куплю каштоўных папераў, нерухомасці. Але большая частка банкаўскага капіталу — фіктыўны капітал у форме публічных каштоўных папераў, якія не маюць вартасці і толькі сведчаць аб праве іх уладальніка на атрыманне часткі нац. даходу. Іх можна прадаць на фін. рынку па больш высокай цане (курсе) і атрымаць наяўных грошай больш, чым кошт гэтых папераў. Таму маса банкаўскага капіталу павялічваецца найперш па законах фін. рынку (а не таварнага), што вядзе да адрыву руху банкаўскага капіталу ад руху прамысл. капіталу і да банкруцтва слабых банкаў.

Велічыня банкаўскага капіталу ў сучасны перыяд вымяраецца з дапамогай грашовых агрэгатаў — спецыфічных груповак ліквідных актываў. У мінулым стабільнасць банкаў вызначалася сумай наяўных грошай і чэкавых укладаў, а з пач. 1980-х г. — яшчэ і сумай укладаў на бясчэкавых рахунках і дробных тэрміновых укладаў. Вышэйшая форма канцэнтрацыі і цэнтралізацыі банкаўскага капіталу — транснац. банкаўскі капітал.

Т.​І.​Адамовіч.

т. 2, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РАНЦАВА МО́РА,

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак. паміж паўн. берагам Еўропы і а-вамі Шпіцберген, Зямля Франца-Іосіфа і Новая Зямля. Абмывае берагі Расіі і Нарвегіі. На З мяжуе з Нарвежскім морам, у паўд. частцы злучаецца з Карскім м. пралівам Карскія Вароты і з Белым м. пралівамі Горла і Варонка. Пл. 1424 тыс. км². Размешчана б.ч. на шэльфе; найб глыб. 600 м, пераважныя глыб. 360—400 м. Берагі фіёрдавыя, высокія, скалістыя, моцна парэзаныя, на У ад п-ва Канін нізкія і слабапарэзаныя. Залівы: Порсангер-фіёрд, Варангер-фіёрд, Мотаўскі, Кольскі, Пячорская губа, Чэшская губа і інш. Найб. в-аў Калгуеў. Упадаюць р. Пячора, Індыга.

Клімат арктычны, але пад уплывам цёплага Нардкапскага цячэння (адгалінаванне Гальфстрыма) зіма адносна мяккая. Т-ра паверхневых водаў у лютым на Пн і У ніжэй за -1 °C, на ПдЗ 3—5 °C. У жн. на Пд 7—12 °C, на У 3—5 °C, на Пн ніжэй за 0 °C. Салёнасць на Пн 32—33%, на ПдЗ — каля 35%. Зімой не замярзае толькі паўд.-зах. частка, на Пн лёд трымаецца круглы год. Прылівы паўсутачныя (да 6,1 м). Раслінны і жывёльны свет багаты і разнастайны. Рыбалоўства (траска, селядзец, пікша, сайда, марскі акунь, камбала). Мае вял. трансп. значэнне. Гал. незамярзаючыя парты: Мурманск (Расія), Вардзё (Нарвегія). Назва ў гонар галандскага мараплаўца В.Барэнца.

т. 2, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

адзіная сетка цеплавых электрастанцый (ДРЭС і ЦЭЦ), трансфарматарных падстанцый і ліній электраперадач, размешчаных на тэр. Беларусі; аснова нац. энергетыкі. Уключае 22 электрастанцыі агульнай устаноўленай магутнасцю каля 7 млн. кВт, 1200 падстанцый, больш за 250 тыс. км ліній электраперадач усіх напружанняў.

Пачала фарміравацца ў 1930 з пракладкі першых ліній электраперадач ад Асінаўскай ДРЭС (цяпер Беларуская ДРЭС). У 1950-я г. з ростам электраэнергетыкі электрастанцыі аб’яднаны ў мясц. энергет. сістэмы: Цэнтральную, Паўд., Паўн.-Заходнюю. У 1962 з уводам у дзеянне лініі электраперадачы Бярозаўская ДРЭС — Баранавічы — Мінск мясц. энергасістэмы злучаны ў Беларускую энергетычную сістэму, у складзе якой 6 абл. электрасістэм.

Сярод электрастанцый Беларускай энергетычнай сістэмы найбольшыя Лукомская ДРЭС (2400 тыс. кВт), Бярозаўская ДРЭС (940 тыс. кВт), Мінская ЦЭЦ-4 (1030 МВт); ёсць інш. буйныя ЦЭЦ у Мінску, Наваполацку, Віцебску, Светлагорску, Гомелі і інш. гарадах. У складзе Беларускай энергетычнай сістэмы 25 буйных кацельняў і каля 2000 км цеплавых сетак. У 1994 выпрацавана 31,4 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі. З электрастанцый і інш. электрасістэм электраэнергія паступае ў агульную сетку, аснова якой — лініі электраперадач напружаннем 220, 330 і 750 кВ. Пасля электраэнергія перадаецца ў размеркавальныя сеткі напружаннем 0,4, 6, 10, 35 кВ. Беларуская энергетычная сістэма звязана з энергасістэмамі Літвы, Украіны, Польшчы і Расіі лініямі электраперадач напружаннем 330 і 750 кВ; частка электраэнергіі ў яе паступае з Літвы і Расіі.

А.​У.​Вержбаловіч.

т. 2, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛГАРО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Утворана 6.1.1954. Пл. 27,1 тыс. км². Нас. 1435,1 тыс. чал. (1994), гарадскога 64%. Цэнтр — г. Белгарад. Найб. гарады: Стары Аскол, Губкін, Шабекіна, Аляксееўка, Валуйкі.

Прырода. Белгародская вобласць размешчана на ПдЗ Сярэднярускага ўзвышша. Паверхня — узгоркавая раўніна (выш. да 276 м), моцна парэзаная ярамі і лагчынамі. Карысныя выкапні: жал. руда (радовішчы Курскай магнітнай анамаліі), буд. матэрыялы, фасфарыты, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -8 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў да 500 мм за год. Асн. рэкі: Северскі Данец і Аскол (бас. Дона), Ворскла (бас. Дняпра). Глебы пераважна чарназёмныя, месцамі шэрыя лясныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Белгародская вобласць ляжыць у лесастэпавай і стэпавай зонах, б.ч. разнатраўна-лугавога стэпу ўзарана. Пад лясамі 9% тэрыторыі (дуб, клён, ясень, бяроза і інш.). Запаведнікі «Лес на Ворскле» і частка Цэнтральначарназёмнага запаведніка («Ямскі стэп»).

Гаспадарка. Развіты горназдабыўная прам-сць (жал. руда), машынабудаванне і металаапрацоўка (паравыя катлы, абсталяванне для харч. і хім.-фармацэўтычнай прам-сці, вытв-сць металаканструкцый, электраабсталявання і інш.), металургічная, хім. (вітаміны, мыйныя сродкі і інш.), харч. (цукр. і мяса-малочная) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Пасевы збожжавых (ячмень, пшаніца) і тэхнічных (цукр. буракі, сланечнік, эфіраалейныя) культур. Пладаводства. Малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, пчалярства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Харкаў, Масква—Растоў-на-Доне, Харкаў—Бранск, аўтамагістраль Масква—Сімферопаль і ўчасткі магістральных газаправодаў Шабялінка—Масква, Стаўрапаль—Масква.

П.​І.​Рогач.

т. 3, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЭЛЕКТРЫ́ЧНЫЯ ПАТЭНЦЫЯ́ЛЫ, біяпатэнцыялы,

электрычныя патэнцыялы, якія ўзнікаюць у жывых тканках і асобных клетках чалавека, жывёл і раслін; паказчык біяэл. актыўнасці; важнейшыя кампаненты працэсаў узбуджэння і тармажэння. Вызначаюцца іх рознасцю паміж двума пунктамі жывой тканкі. Асн. віды: мембранныя, або біяэлектрычныя патэнцыялы спакою, дзеяння, постсінаптычныя. Інш. віды біяэлектрычных патэнцыялаў розных органаў і тканак — аналагі або вытворныя асноўных.

Мембранны патэнцыял — рознасць патэнцыялаў паміж вонкавым і ўнутр. бакамі мембраны жывой клеткі. Абумоўлены нераўнамерным размеркаваннем іонаў (у першую чаргу іонаў натрыю і калію) паміж унутр. саставам клеткі і асяроддзем вакол клеткі. Унутр. частка мембраны ў спакоі зараджана адмоўна, вонкавая — дадатна. Патэнцыял дзеяння характэрны для спецыялізаваных узбуджальных утварэнняў, паказчык развіцця працэсу ўзбуджэння. Забяспечвае, напр., распаўсюджванне ўзбуджэння ад рэцэптараў да нерв. клетак і далей ад клетак да мышцаў, залоз, тканак У мышачным валакне садзейнічае сувязі фіз.-хім. і ферментатыўных рэакцый, якія закладзены ў аснову скарачэння мышцаў. Постсінаптычныя патэнцыялы (узбуджальны і тармазны) узнікаюць на невял. участках клетачнай мембраны. Месцы ўзнікнення градыентаў — мембраны, якія адрозніваюцца структурай і іонаабменнай уласцівасцю. Асноўная крыніца энергіі — адэназінтрыфосфарная кіслата (АТФ). Біяэлектрычныя патэнцыялы інфармуюць аб стане і дзейнасці розных органаў. Іх рэгіструюць і вымяраюць пры даследаванні функцый арганізма, тканак і асобных клетак. У мед. практыцы ў дыягнастычных мэтах рэгіструюць біяэлектрычныя патэнцыялы сэрца (электракардыяграфія), мозга (эл.-энцэфалаграфія), мышцаў (эл. міяграфія) і інш.

А.​М.​Ведзянееў, У.​У.​Салтанаў.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІНЬЁН (Avignon),

горад на ПдУ Францыі, у Правансе. Порт на рэках Рона і Дзюранс. Адм. ц. дэпартамента Ваклюз. 181 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1990). Металаапр., тэкст. (пераважна шаўковая), харч., абутковая прам-сць. Трансп. вузел і цэнтр с.-г. раёна (вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва, кветкаводства).

Авіньён узнік на месцы заснаванай рымлянамі ў 48 г. да н.э. калоніі Авенія. Пасля падзення Зах. Рымскай імперыі Авіньён пад уладай бургундцаў, вестготаў, франкаў, у 730 і 737 разбураны сарацынамі. У сярэднявеччы ч. каралеўства Бургундыя, належаў графам Тулузскім і Праванскім. У 1226 разбураны франц. каралём Людовікам VIII. У 1309—77 месца вымушанага знаходжання рымскіх папаў, у 1348—1791 (афіц. 1797) — папскае ўладанне. У 1797 Авіньён далучаны да Францыі. У 14 ст. адзін з буйных маст. цэнтраў Еўропы. Аблічча Авіньёна ў многім вызначаюць будынкі 14 ст., кальцо гар. умацаванняў з зубчастымі сценамі, прамавугольнымі вежамі, варотамі. Над радыяльнай сеткай вуліц сярэдзіны 18 ст. з дамамі 19—20 ст. дамінуе раманскі сабор Нотр-Дам-дэ-Дом (12 ст.) з грабніцамі папаў; побач гатычны папскі палац з высокімі сценамі і вежамі (14 ст.; у інтэр’еры фрэскі 14—15 ст.), епіскапскі Малы палац (15 ст., рэнесанс). Захаваліся частка моста Сен-Бенезэ (12—13 ст.), гатычныя цэрквы 14 ст., атэлі і цэрквы 15—18 ст. Музей скульптуры. У музеі Кальвэ (засн. ў 1810) жывапіс авіньёнскай школы 14—16 ст.

Літ.:

Berenguier R. Avignon. Paris, [1973].

Панарама Авіньёна.

т. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛЧЭ́ННЕ,

1) часовае ваеннае фарміраванне (пераважна добраахвотнае) з цывільнага насельніцтва для адпору ворагу ў надзвычайных умовах. Вядома са старажытнасці. Пры феадалізме універсальная сістэма агульнай мабілізацыі доўгі час масавае народнае апалчэнне было асн. спосабам разгортвання войска, ядро якога складала княжацкая (каралеўская, ханская) дружына. Апалчэннем наз. таксама сярэдневяковыя ваен. фарміраванні міліцыйнага тыпу (рыцарскае, дваранскае, гарадское апалчэнне). У Расіі вядомы масавыя апалчэнні ў 1611—12, 1812, 1855—56. Вял. ролю адыграла Народнае апалчэнне ў Вял. Айч. вайне 1941—45.

На тэр. Беларусі апалчэнне наз. пагоняй. У 13—14 ст. адыгрывала важнейшую ролю ў абароне краіны. У сталым сярэднявеччы масавую мабілізацыю сялян замяніла феад. апалчэнне (ахоплівала ўсіх землеўладальнікаў). Велічыня зямельнага надзелу вызначала памер вайсковай павіннасці (земскай службы). Ухвалу (пастанову) аб скліканні ўсеагульнага апалчэння мог прыняць толькі вальны сойм. Войскі апалчэння мелі ўласную вял. харугву. Кіраваў апалчэннем найвышэйшы, з 17 ст. вял. гетман літоўскі. Нярэдка камандаванне прымаў кароль і вял. князь ВКЛ. Апалчэнне з тэр. ўсёй дзяржавы склікалася ў 1528, 1567, 1654 і інш. гады. З 17 ст. эфектыўнасць такой формы арганізацыі войска знізілася, але інстытут апалчэння існаваў да канца 18 ст.

2) Дзярж. апалчэнне — частка ўзбр. сіл Расійскай імперыі ў 1874—1917 (прызначалася для папаўнення дзеючай арміі і дапаможнай службы ў ваен. час). Аналагічная катэгорыя ваеннаабавязаных у Венгрыі наз. гонвед, у Аўстра-Венгрыі і Германіі — ландвер і ландштурм.

т. 1, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ МУЗЕЙ СТАРАЖЫ́ТНАСЦЕЙ.

Існаваў у Вільні з 1856 да пач. 1-й сусв. вайны. Засн. 29.4.1855 Я.П.Тышкевічам, адкрыты 1.12.1856. Аддзелы: археалогія, этнаграфія, мастацтва, зброя, мінералогія, арніталогія. Свае калекцыі музею перадалі Я.П. і К.​П.​Тышкевічы, У.​Сыракомля, А.​К.​Кіркор, Т.​У.​Нарбут, М.​І.​Балінскі, Ф.​К.​Багушэвіч, А.​А.​Плятар і інш. У канцы 19 ст. ў фондах налічвалася больш за 12 тыс. экспанатаў, у т. л. стараж. рукапісы, інкунабулы, рэдкія выданні 15—18 ст., багатыя калекцыі зброі, слуцкіх паясоў, габеленаў, графікі, скульптуры, партрэтаў прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў, Храптовічаў, Сапегаў, гербаў гарадоў Беларусі і Літвы, этрускіх ваз, яп., італьян. і кіт. тканін, фарфору, бронзавых вырабаў, нумізматычныя калекцыі (у 1858 былі 3264 антычныя, усх., рус., польска-літ., зах.-еўрап. манеты). Пераважная большасць матэрыялаў была з Беларусі. У фондах музея ўпершыню выкарыстаны метад захавання прадметаў па аднароднасці матэрыялаў, з якіх яны зроблены (метал, дрэва, шкло, косць, папера і г. д.). Пры Віленскім музеі старажытнасцей дзейнічала Віленская археалагічная камісія. У сувязі з паўстаннем 1863—64 музей падвергнуты рэвізіі, пасля якой шмат экспанатаў адпраўлена ў Маскву, але пазней частка іх вернута. Большасць экспанатаў цяпер зберагаецца ў гіст.-этнагр. музеі АН Літвы і Рэсп. мастацкай галерэі Літвы, Музеі бурштыну (г. Паланга), Дзярж. гіст. музеі (г. Масква), Нар. музеі (г. Варшава).

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 4, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ (Cephalopoda),

клас найб. высокаарганізаваных марскіх малюскаў. 7 падкласаў, з іх 6 пераважна выкапнёвыя віды (у т. л. вымерлыя аманіты і белемніты) і 1 сучасны з 7 атрадамі. Каля 650 сучасных і 10 тыс. вымерлых відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах і акіянах, трапляюцца таксама ва ўмераных і палярных водах. Жывуць паблізу берагоў і на вял. глыбінях каля дна, сярод камянёў, скал і водарасцей, у тоўшчы вады. Найб. вядомыя васьміногі, кальмары, каракаціцы.

Даўж. цела ад 1 см да 18 м (разам са шчупальцамі). Галава і вочы вялікія. Вакол рота 8 або 10 шчупальцаў («рук»), якія з’яўляюцца часткай змененай і перамешчанай на галаву нагі (адсюль назва). Канечнасці з прысоскамі. Тулава ўкрыта мантыяй. Каля шчылінападобнага ўваходу ў мантыйную поласць ёсць мускульны орган — канічная лейка — відазмененая частка нагі. Вада з мантыйнай поласці з сілай выкідваецца праз лейку, і галаваногія малюскі рухаюцца па прынцыпе ракеты заднім канцом цела наперад. Ракавіна рэдукаваная або адсутнічае (за выключэннем караблікаў). Драпежнікі, бента- і планктафагі. Раздзельнаполыя. З дапамогай своеасабліва змененай рукі (гектакатыля) самец пераносіць капсулы (сперматафоры) з палавымі прадуктамі ў мантыйную поласць самкі. Звычайна размнажаюцца раз у жыцці, потым гінуць. Яйцы вялікія, самка прымацоўвае іх да падводных прадметаў. Ёсць чарнільны мяшок, здольны хутка мяняць афарбоўку цела (ахоўная рэакцыя). Часта маюць органы свячэння. Аб’екты промыслу, фармацэўтычная сыравіна.

Галаваногія малюскі: 1 — росія; 2 — сепія; 3 — арганаўт (а — самка, б — самец).

т. 4, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)