жанр выяўленчага мастацтва, які адлюстроўвае падзеі штодзённага прыватнага і грамадскага жыцця. Судакранаецца з гістарычным жанрам і батальным жанрам, з партрэтам. Вызначальнае месца ў бытавым жанры належыць жывапісу, жанравыя тэмы пашыраны таксама ў графіцы і скульптуры (пераважна ў скульптуры малых формаў). Дыяпазон бытавога жанру шырокі — ад амаль дакумент. фіксацыі ўбачаных у жыцці ўзаемаадносін і паводзін людзей да глыбокага раскрыцця ўнутр. сэнсу і грамадска-гіст. зместу з’яў штодзённага жыцця.
Быт. сцэны ў выяўленчым мастацтве вядомыя з далёкай старажытнасці: сцэны палявання і абрадаў у першабытным мастацтве, шэсцяў прыдворнага жыцця, працы аратых і рамеснікаў Стараж. Усходу, быт. сюжэты ў грэчаскім вазапісе. У сярэднявеччы жанравыя сцэны ўключаліся ў рэліг. і алегарычныя кампазіцыі (размалёўкі, рэльефы, мініяцюры). У еўрап. мастацтве склаўся ў 17 ст., сцвярджаючы сябе як мастацтва рэальнага жыцця, а прыватны побыт як грамадскую з’яву. Сярод майстроў бытавога жанру 17—19 ст. Ф.Гоя, Д.Веласкес, П.П.Рубенс, У.Хогарт, П. дэ Хох. У рус. мастацтве бытавы жанр развіваўся з 18 ст.Найб. яркія палотны стварылі А.Венецыянаў, А.Дайнека, Б.Кустодзіеў, Ю.Піменаў, К.Пластаў, В.Пяроў, І.Рэпін, Т.Салахаў і інш. На пач. 20 ст. для твораў бытавога жанру характэрны адыход ад быт. сюжэта, змяненне яго трактоўкі, страта непасрэдных сувязяў з рэчаіснасцю (творы П.Гагена, Э.Мунка, Ф.Ходлера). У 20 ст. бытавы жанр заняў значнае месца ў мастацтве неарэалізму (Ф.Брэнгвін, Дж.Белауз, Р.Гутуза, У.Морыс і інш.). Уклад у развіццё рэаліст. Бытавога жанру зрабілі мастакі сацыяліст. краін, якія адлюстравалі новыя грамадскія адносіны ў жыцці сваіх народаў (К.Баба ў Румыніі, С.Венеў у Балгарыі, В.Вомака ў Германіі, М.Бенка і Л.Фула ў Чэхіі, Нгуен Дык Нунг у В’етнаме, Кім Ёнджун у Карэі, Цзян Чжаахэ ў Кітаі).
У бел. мастацтве элементы бытавога жанру вядомыя з 15 ст. (мініяцюра «Вясельнае ігрышча» ў Радзівілаўскім летапісе). Жанравыя сцэны сустракаюцца ў графіцы Ф.Скарыны («Руф у полі», 1519), у іканапісе 17—18 ст. («Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з в. Галыніца, 1649, «Пакланенне вешчуноў», 17 ст.). Шмат бытавых назіранняў у графіцы А.Тарасевіча (серыя «Поры года», канец 17 ст.). Як самастойны бытавы жанр пашыраны з 18 ст. Яго станаўленне звязана з творчасцю М.Жукоўскага (гравюры ў кн. У.Радзівіл «Трагедыі і камедыі», 1754), Ф.Смуглевіча («Сяляне за сталом»), К.Бароўскага («Гарадская харчэўня ў Вільні»), І.Хруцкага («У пакоях»), Я.Дамеля («Галоп»), К.Бахматовіча («Замалёўкі з народнага побыту»), Ф.Гарэцкага («Апошняе прычасце»), М.Мікешына (серыя «Беларускія малюнкі»), В.Дмахоўскага («Каля пераправы»). У 2-й пал. 19 ст. ў бытавым жанры працавалі К.Альхімовіч («Дажынкі»), М.Э.Андрыёлі («Каляднікі»), Б.Залескі («У юрце»), Н.Сілівановіч («Дзеці ў двары»), П.Баркоўскі («Беларуская карчма»), А.Бартэльс («Абед чэлядзі»), А.Гараўскі («Старая моліцца»), В.Сляндзінскі («Дзяўчынка ля дзвярэй»). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў бытавым жанры ўзмацніўся ўплыў крытычнага рэалізму (жывапісныя творы Л.Альпяровіча, Г.Віеру, С.Каўроўскага, Я.Красоўскага, Я.Кругера, Ю.Пэна, Р.Семашкевіча, М.Сеўрука, М.Станюты, М.Філіповіча; графічныя С.Богуш-Сестранцэвіча, А.Каменскага, К.Кастравіцкага, К.Каганца, С.Кудраўцава, Ю.Фалата; скульптурныя — А.Бембеля, А.Грубэ, А.Краснапольскага, Я.Тышынскага). У перыяд Вял.Айч. вайны асобныя творы бытавога жанру набліжаны да батальных кампазіцый. У 1950-я — пач. 1960-х г. папулярнасць набыла тэматычная кампазіцыя з апавядальным сюжэтам (жывапісныя творы Б.Аракчэева, А.Бархаткова, Г.Бржазоўскага, В.Волкава, П.Гаўрыленкі, А.Гугеля, І.Давідовіча, Ф.Дарашэвіча, В.Жолтака, К.Касмачова, У.Кудрэвіча, А.Мазалёва, Л.Рана, І.Стасевіча, І.Фяцісава, А.Шаўчэнкі; графічныя — А.Волкава, І.Гембіцкага, Л.Лейтмана). У творах бытавога жанру 1960—70-х г. відавочнае імкненне адлюстраваць гіст. змест быцця, наблізіцца да сімвала, алегорыі (жывапісныя кампазіцыі Э.Белагурава, Г.Вашчанкі, У.Гоманава, М.Данцыга, Б.Казакова, А.Малішэўскага, У.Стальмашонка, В.Сумарава, Л.Шчамялёва, А.Шыбнёва; графічныя — Л.Асецкага, М.Бельскага, А.Дзямарына, Ю.Зайцава, А.Кашкурэвіча, А.Лось, Г.Паплаўскага, У.Пашчасцева; скульптурныя — А.Веліксонава, І.Глебава, М.Пушкара, М.Якавенкі). З 1980-х г. у бытавым жанры звычайныя жыццёвыя працэсы набываюць рытуальны характар, час паказваецца іманентна, вобразы становяцца імперсанальныя, вылучаюцца своеасаблівымі філасофска-інтэлектуальнымі абагульненнямі (жывапісныя кампазіцыі С.Казака, У.Кожуха, А.Марачкіна, В.Маркаўца, У.Сулкоўскага, В.Тоўсціка, Ф.Янушкевіча, В.Яўсеева; графічныя — Э.Агуновіча, А.Лапіцкай, В.Славука, В.Цітовіча; скульптурныя — А.Гвоздзікава, У.Слабодчыкава, У.Церабуна, А.Фінскага).
Літ.:
Русская жанровая живопись XIX — начала XX в. М., 1964;
Фехнер Е.Ю. Голландская жанровая живопись XVII в. в собрании Государственного Эрмитажа: Альбом. М., 1979;
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка 1945—1977. Мн., 1979;
Беларуская савецкая скульптура. Мн., 1978.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Бытавы жанр. В.Жолтак. А за вокнамі зіма. 1975.Да арт.Бытавы жанр. П. дэ Хох. Гаспадыня і служанка. Каля 1660.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСТАЕ́УСКІ (Фёдар Міхайлавіч) (11.11.1821, Масква — 9.2.1881),
рус. пісьменнік. Род Д. бел. паходжання; у 1506 яго продкі атрымалі грамату на в. Дастоева (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Скончыў Пецярбургскае ваенна-інж. вучылішча (1843). Дэбютаваў перакладам рамана А.Бальзака «Яўгенія Грандэ» (1844). Першы раман «Бедныя людзі» (1846) паставіў Д. ў шэраг вядомых прадстаўнікоў натуральнай школы. У 2-й пал. 1840-х г. захапляўся ідэямі сацыялістаў-утапістаў. За ўдзел у гуртку М.Петрашэўскага прыгавораны (1849) да пакарання смерцю, замененага катаргай (адбываў у Омску, 18 50—54), потым праходзіў салдатчыну. На катарзе перажыў духоўны крызіс: страціў веру ў мажлівасць перабудовы грамадства рэв. шляхам. У той жа час абвастрыліся яго ўспрыманне чалавечых пакут і трывога за лёс чалавецтва. З 1859 жыў у Пецярбургу. Напісаў і выдаў творы «Дзядзечкаў сон», «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» (абодва 1859), «Прыніжаныя і зняважаныя» (1861). У «Запісках з Мёртвага дома» (1861—62) паказаў жахі катаргі. З братам Міхаілам выдаў час. «Время» (1861—63) і «Эпоха» (1864—65), у якіх прапагандаваў ідэі т.зв. почвеніцтва. У 1863 напісаў аповесць «Запіскі з падполля», якія сталі вяхой на шляху распрацоўкі ім філас. рамана. Раманы «Злачынства і кара», «Гулец» (абодва 1866), «Ідыёт» (1868), «Падлетак» (1875), «Браты Карамазавы» (1879—80) адлюстравалі глыбокія супярэчнасці рас. рэчаіснасці і грамадскай думкі ў эпоху вял.сац. зрухаў у Расіі і Зах. Еўропе. У іх Д. выказаў бязмернасць пакут абяздоленага чалавека. Свет чалавечых пакут — аснова ўсёй рэаліст. творчасці пісьменніка. Пафас яго твораў — барацьба супраць арэчаўлення чалавека, нівеліроўкі і абясцэньвання асобы ва ўмовах капіталізму. Самыя вострыя праблемы часу Д. пераносіў у раманы, як у «лабараторныя» ўмовы, каб паказаць іх магчымы кірунак і вынік у маштабах усяго чалавецтва. Герой Д. — чалавек ідэі, непаўторнага светаўспрымання. Свядомасць гал. герояў Д. — арэна барацьбы пунктаў погляду. Звычайна героі яго твораў паказваюцца ў моманты крызісу, пералому, калі ідэя авалодвае глыбінямі іх натуры, пераходзіць у моцнае пачуццё. У паказе здзеку з чалавечай годнасці, у перадачы самых тонкіх перажыванняў Д. дасягае незвычайных маст. вышынь. У рамане «Злачынства і кара» ён выкрыў бурж. індывідуалізм, паказаў заганнасць, антычалавечнасць тэорыі «права моцнага», «права на праліццё крыві». У ім гранічная напружанасць думкі і філас псіхал. дыялогу. Дыялог у творах Д. разгортваецца як споведзь герояў. У рамане «Ідыёт» высакародны чалавек сутыкаецца з бесчалавечным грамадствам, раскрываецца яго трагічнае бяссілле перад амаралізмам і прагаю грошай. Вельмі моцна гучыць заўсёднае імкненне пісьменніка зберагчы веру ў чалавека, знайсці і ўвасобіць свой ідэал. Адначасова пісьменнік ідэалізаваў пакорлівасць і ўзвышаныя пакуты чалавека, праводзіў ідэю маральнага самаўдасканалення на рэліг. аснове. Самы супярэчлівы твор Д. раман «Д’яблы» (1871—72). Гэта ў нейкай ступені памфлет на рус.рэв. дэмакратыю, якую ён беспадстаўна атаясамліваў з бурж. індывідуалізмам. Разам з тым у творы ёсць і больш значны, глыбокі ідэйна-маст. змест, які робіць яго сугучным нашым сённяшнім адносінам да разбуральнага, цалкам амаральнага экстрэмізму. Раман «Падлетак» — пра драпежніцтва і маральны распад буржуазіі. Вяршыняй філас., сац. і псіхал. пошукаў пісьменніка з’яўляецца яго апошні раман «Браты Карамазавы». У ім адбіўся жах аўтара перад звярыным у чалавеку, перад яго разбэшчанасцю і эгаізмам, абвастрылася пакутлівае хістанне пісьменніка паміж ідэалізацыяй пакорлівасці і бунтам супраць яе. Д. стварыў новы тып рамана, блізкага да трагічнага тэатра. Ён выявіў важныя тэндэнцыі грамадскага развіцця, паставіў праблемы сусв. значнасці. Многія яго творы экранізуюцца і інсцэніруюцца.
Творы Д. зрабілі велізарны ўплыў на рус., бел. і сусв. л-ру. М.Гарэцкі (драма «Антон» і інш.), шукаючы адказы на шмат якія праблемы нац. характару, апіраўся і на маст.-псіхал. адкрыцці аўтара «Братоў Карамазавых». Бел. раман, які рабіўся ўсё больш псіхалагічным і аналітычным (творчасць К.Чорнага), вельмі плённа выкарыстоўваў вопыт Д. Прыкметныя сляды вучобы ў Д. ў творах М.Зарэцкага («Сцежкі-дарожкі» і інш.). У бел. перакладзе выйшлі раман Д. «Бедныя людзі» (1930, пер. Я.Плашчынскі), аповесці «Белыя ночы» і апавяданне «Палзункоў» (1971, пер. Л.Салавей). Першыя пастаноўкі твораў Д. на Беларусі адбыліся ў пач. 20 ст. Аматарскімі і прафес. калектывамі ставіліся спектаклі паводле раманаў Д. «Ідыёт» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; Т-варус. драмы, 1921; Бел.тэатр.-маст.ін-т, 1970), «Прыніжаныя і зняважаныя» (тэатр імя Я.Коласа, 1957, 1973), «Злачынства і кара» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; тэатр імя Я.Коласа, 1962), «Дзядзечкаў сон» (тэатр імя Я.Купалы, 1978). У в. Дастоева працуе літ.-краязнаўчы музей Д.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—30. Л., 1972—90.
Літ.:
Бахтин М.М. Проблемы поэтики Достоевского. 4 изд. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
дзяржаўнае кніжнае выдавецтва ў Мінску. Засн. ў студз. 1921 як Дзярж.выд-ваБССР на базе створанага ў 1920 Бел. аддзялення Дзярж.выд-ва РСФСР, якому акрамя падрыхтоўкі ўласных выданняў было даручана рэгуляванне ўсёй выдавецкай дзейнасці на Беларусі, улік і размеркаванне паперы, распаўсюджванне друкаваных твораў. З 1922 у складзе Дзярж. трэста выдавецкай справы і паліграф. прам-сці Беларусі (Белтрэстдрук). У 1924 на базе Белтрэстдруку і кааператыўнага выд-ва «Савецкая Беларусь» створана Бел.дзярж.выд-ваБССР (ДВБ). У Вял.Айч. вайну з 1942 працавала ў Маскве [да 1943 як выд-ваЦККП(б)Б «Савецкая Беларусь»], з 1944 у Мінску. Назва «Беларусь» з 1963. Выпускае грамадска-паліт., мастацка-публіцыстычную, краязнаўчую, вытворча-тэхн., мед., мастацтвазнаўчую і муз. л-ру, маст. альбомы, плакаты, паштоўкі, адрыўныя календары. У першыя гады існавання выпускала таксама перыяд. выданні, да 1951 навукова-пед., да 1961 с.-г., да 1972 маст. і дзіцячую л-ру, крытычныя і літ.-знаўчыя творы. З яго вылучыліся выд-вы: у 1951 «Народная асвета», у 1961 «Ураджай», у 1972 «Мастацкая літаратура».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЭ́ЦЫЙ (Boethius, Boetius) Аніцый Манлій Севярын (каля 480, Рым — 524), рымскі філосаф і дзярж. дзеяч. З арыстакратычнага роду Аніцыяў. Сенатар. Бліжэйшы саноўнік остгоцкага караля Тэадорыха; абвінавачаны ў змове супраць яго, зняволены ў турму і пакараны смерцю. Па сваіх філас. поглядах належаў да александрыйскага кірунку ў неаплатанізме. У гал.творы трактаце «Суцяшэнне філасофіяй» (напісаны ў зняволенні) сцвярджаў, што супакой можна знайсці толькі ў дабрадзейнасці, заклікаў страсці падпарадкоўваць розуму і з даверам ставіцца да вышэйшай Божай волі. На развіццё сярэдневяковай навукі і філасофіі значна паўплывалі яго пераклады (з каментарыямі) на лац. мову лагічных твораў Арыстоцеля. Баэцый лічыцца стваральнікам сярэдневяковай логікі і распрацоўшчыкам лагічнай тэрміналогіі на лац. мове. З яго імем звязана развіццё дыялектыкі як агульнай тэорыі ведаў, якая ўключае пытанне аб рэальнасці таго, што спасцігаецца ў агульных паняццях. Гэтае пытанне ўвайшло ў гісторыю як філас. праблема універсалій. Аўтар трактата «Аб музыцы», перакладаў на лац. мову «Арыфметыкі» Нікамаха, «Пачаткаў» Эўкліда, трактатаў па астралогіі і багаслоўі.
Тв.:
Рус.пер. — «Утешение философией» и другие трактаты. М., 1990.
Літ.:
Уколова В.Н. «Последнний римлянин» Боэций. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ТЫК (малайскае),
тэхніка размалёўкі тканін, а таксама шматколерная тканіна, аздобленая гэтай тэхнікай. Фон тканіны ўкрываюць непранікальным для фарбы саставам (пры «гарачым» батыку — разагрэтым воскам, пры «халодным» — гумавым клеем), і раствор афарбоўвае толькі не ўкрытыя лініі ці плоскасці малюнка. Іншыя колеры наносяць паэтапна афарбоўкай пасля зняцця частак васковага ўкрыцця. «Гарачы» батык здаўна вядомы ў народаў Інданезіі. На Беларусі тэхнікай батыку карысталіся з 18 ст. на ткацкіх мануфактурах кн. Радзівілаў у Міры і Карэлічах для вырабу палатняных шпалераў, якімі абівалі пакоі палацаў. Бел. мастакі выкарыстоўваюць батык з пач. 1930-х г. У тэхніцы «гарачага» батыку мастакі ствараюць буйнамаштабныя творы для грамадскіх інтэр’ераў, сюжэтна-тэматычныя і дэкаратыўныя пано для жылых інтэр’ераў. З 1970-х г. у тэхніцы «халоднага» батыку аздабляюць хусткі, шалікі, купоны для сукенак і блузак на Гомельскім камбінаце быт. паслуг, Мінскай ф-цы маст. галантарэі, Бабруйскай галантарэйнай ф-цы, па эскізах В.Дзёмкінай, С.Абрамовіч, Т.Паплаўскай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАБІЯГРА́ФІЯ (ад аўта... + біяграфія),
1) афіцыйны дакумент з кароткімі звесткамі пра падзеі свайго жыцця.
2) Апісанне аўтарам уласнага жыцця; літаратурны жанр. Ад інш.літ. жанраў адрозніваецца большай прывязанасцю адлюстраваных падзей да рэальных фактаў асабістага жыцця. Сярод вядомых твораў сусв. л-ры «Споведзь» Ж.Ж.Русо, «Былое і думы» А.Герцэна, «Споведзь сына стагоддзя» А.Мюсэ і інш. У бел. л-ры пашыраны аўтабіягр. аповесць, раман, паэма, хроніка. Узоры аўтабіягр. твораў — аповесці «У дрымучых лясах» З.Бядулі, «Шлях з цемры» Я.Маўра, «Свая аповесць» Я.Скрыгана, «Сцежкі» А.Пальчэўскага, «Споведзь» Л.Геніюш і інш. Многія творыбел. л-ры грунтуюцца на адборы і тыпізацыі аўтабіягр. матэрыялу ў спалучэнні з маст. вымыслам. Аўтабіягр. аснову мае паэма Я.Коласа «Новая зямля», у якой аўтар, апіраючыся на жыццёвыя рэаліі сваёй сям’і, стварыў яркую энцыклапедыю бел. жыцця канца 19 — пач. 20 ст. «Чыстыя» аўтабіяграфіі бел. пісьменнікаў сабраны ў кнігах «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Да аўтабіягр. жанру адносяць таксама мемуары, дзённік, споведзь, успаміны, падарожныя нататкі; у стараж.бел. л-ры — дыярыуш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБО́Й (ням. Hoboe ад франц. hautbois літар. высокае дрэва),
1) духавы язычковы муз. інструмент. Уяўляе сабой драўляную канічную трубку (даўж. 59—61 см) з падвойнай трысцінкай і невял. раструбам. Мае больш за 20 пальцавых адтулін з сістэмай клапанаў. Дыяпазон b—a3 (b3, h3). Выкарыстоўваюць як сольны, ансамблевы і арк. інструмент. Адрозніваюць ням. (з больш шчыльным гугнявым гукам) і франц. (з больш шырокімі тэхн., тэмбравымі і дынамічнымі магчымасцямі) сістэмы канструкцыі. Асн. разнавіднасці: малы габой, габой д’амур, англійскі ражок (альтовы, або тэнаровы габой). Інструменты тыпу габоя здаўна бытавалі ў розных народаў. Узнік у 17 ст. ў выніку ўдасканалення стараж.нар. інструмента шалмея, пашыранага ў Зах. Еўропе з 13 ст. Сучасны габой з клапанным механізмам створаны ў пач. 20 ст. На Беларусі вядомы з 2-й пал. 18 ст.Муз.творы для габоя ёсць у бел. кампазітараў Л.Абеліёвіча, М.Аладава, Г.Гарэлавай, Л.Захлеўнага, П.Падкавырава і інш. Сярод бел. габаістаў М.Баркоўскі, Г.Забара, Б.Нічкоў, С.Сяргеенка, В.Фралоў і інш. 2) Арганны рэгістр язычковай групы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́Н (Яраслаў Аляксандравіч) (27.7.1902, г. Дынаў, цяпер Польшча — 24.10.1949),
украінскі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Венскім (1923—26), скончыў Кракаўскі (1928) ун-т. Удзельнічаў у рэв.падп. рабоце. Адзін з арганізатараў антыфаш. кангрэса па абароне культуры (Львоў, 1936). Першы твор — п’еса «Дон Кіхот з Этэнгайма» (1927). Аўтар п’ес «Груз» (1929), «Вераніка» (1930), «Каханне на досвітку» (нап. 1949), сатыр. камедыі «99%» (1930—31), трагедыі «Пад залатым арлом» (1947), апавяданняў і аповесцей, публіцыстычных артыкулаў, у якіх адлюстраваў складаныя, супярэчлівыя падзеі даваен. і пасляваен. зах.-ўкр. рэчаіснасці. Майстар сатыр. нарысаў, памфлетаў і фельетонаў (зб-кі «Фронт у эфіры», 1943; «Іх абліччы», 1948; «Перад тварам фактаў», 1949). Трагічна загінуў. Дзярж. прэмія СССР 1952. На бел. мову асобныя творы Галана перакладаў Г.Сапрыка.
Тв.:
Твори. Т. 1—4. Київ, 1977—80;
Бел.пер. — З крыжам ці з нажом: Памфлеты. Мн., 1954;
Рус.Пер. — Избранное. М., 1985;
Об этом нельзя забывать: Рассказы, очерки, памфлеты, пьесы. Киев, 1987.
Літ.:
Вартанов Г.И. Ярослав Галан: Очерк жизни и творчества. Львов, 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЧЫ́НСКІ ((Gałczyński) Канстанцін Ільдэфанс) (23.1.1905, Варшава — 6.12.1953),
польскі паэт. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1923—26). Друкаваўся з 1923. У яго ранняй творчасці пераважаюць скептыка-анархічныя адносіны да свету (паэт. карыкатуры). Аўтар сатыр. аповесці «Вослік Парфірыён, або Клуб святататцаў» (1929) і паэмы «Канец свету» (1930). Рэаліст. замалёўкі нар. гуляння перамяжоўваюцца з фантаст. ўстаўкамі ў паэме «Народная забава» (1934). Першы зб. вершаў «Паэтычныя творы» (1937). У 1939—45 вязень фаш. канцлагераў. У 1946—50 апублікаваў цыкл мініяцюр «Зялёная гусь», прасякнутых абсурдна-гратэскавым гумарам, паэт. і сатыр. фельетоны (цыкл «Пісьмы з фіялкай», 1948). Выдаў зб-кі вершаў «Зачараваная пралётка» (1948), «Заручальныя пярсцёнкі» (1949), «Лірычныя вершы» (1952), паэмы «Ніабея» (1951), «Віт Ствош» (1952; пра сярэдневяковага скульптара), «Падарожжа Хрызастома Бульвецыя ў Цемнаград» (1953). Лірычны цыкл вершаў «Песні» (1953) напоўнены філас. роздумам пра жыццё і прызначэнне мастацтва. Галчынскі стварыў арыгінальную маст. сістэму, у якой спалучаны элементы лірыкі, сатыры, гратэску, зямнога і фантастычнага. На бел. мову яго вершы перакладалі Н.Гілевіч, С.Дзяргай, М.Лужанін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДЗЕ́ЕНКА (Уладзімір Цітавіч) (н. 6.7.1936, в. Клівы Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел.тэатр. мастак, жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1962). У 1975—78 гал. мастак Бел.рэсп.т-ра юнага гледача. Выкладчык Мінскага маст. вучылішча (1963—70), Бел.тэатр.-маст. ін-та (1973—75, 1978—93, у 1993—96 у Рэспубліканскім цэнтры эстэт. выхавання дзяцей. Творы Гардзеенкі вызначаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, яркай дэкар. вобразнай мовай. У т-ры юнага гледача аформіў спектаклі: «На ўсіх адна бяда» П.Макаля, «Партызанская зона» К.Губарэвіча (абодва 1976), «Міколка-паравоз» М.Лынькова (1977), «Эдзіт Піяф» В.Лягентава (1978) і інш.; у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі — «Мая жонка — ілгуння» В.Ільіна і У.Лукашова (1989). Аўтар станковых твораў «Думы пра былое (Пятрусь Броўка)» (1976), «Слова пра Беларусь» (1983), «Салют над Прыпяццю», «Безыменная вышыня» (абедзве 1984), «Процістаянне» (1985), пейзажаў «Край дзеда Талаша» (1985), «Чырвоныя дрэвы» (1995), серый нацюрмортаў «Кветкі Чарнобыля» (1986—96), «Сто сустрэч з Радзімай (Пасля Чарнобыля)» (1986—96).