ГАЎРЫІ́Л (свецкае Васкрасенскі Васіль Мікалаевіч; 1795 — 10.5.1868),
багаслоў, гісторык рус. філасофіі. Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1820). У 1821 прыняў манаства і пераведзены ў Пецярбургскую духоўную акадэмію. З 1825 рэктар Арлоўскай, Магілёўскай семінарый, ігумен казанскага Зілантава манастыра. У 1835—50 прафесар Казанскага ун-та. Аўтар «Гісторыі філасофіі» (ч. 1—6, 1839—40), у якой на аснове помнікаў стараж.-рус. пісьменнасці спрабаваў даць сістэматычнае тлумачэнне гісторыі рус. філасофіі. Лічыў, што кожны народ мае свой асаблівы характар і сваю філасофію, «больш ці менш навукападобную ці рассеяную ў паданнях, аповесцях. Павучаннях, вершах і рэлігіі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙЗЕР (ісл. geysir ад geysa хлынуць),
крыніца, якая перыядычна выкідвае гарачую ваду і пару да выш. 20—40 м і больш. Пашыраны ў абласцях сучаснага ці нядаўняга вулканізму. Мае выгляд невял. конусаў, спадзістых паглыбленняў, катлавінак, ям з трубка- ці шчылінападобнымі каналамі. Адрозніваюць рэгулярныя гейзеры, працягласць цыкла якіх амаль пастаянная, і нерэгулярныя, са зменлівым цыклам. Існуюць у ЗША (найб. ў Йелаўстонскім нац. парку гейзер Стары Служака, выш. вывяржэння 42 м), Расіі (Даліна Гейзераў на Камчатцы, найб. Велікан, 40 м), Ісландыі, Канадзе, Новай Зеландыі, Японіі, Кітаі. Вадзяная пара і гарачая вада гейзера выкарыстоўваюцца для ацяплення будынкаў, цяпліц, на геатэрмальных электрастанцыях.
Гейзер Стары Служака ў Йелаўстонскім нацыянальным парку, ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАГЕАГРА́ФІЯ,
кірунак даследаванняў у галіне біял. навукі, сумежнай паміж генетыкай і біягеаграфіяй. Сфармулявана сав. вучоным А.С.Сераброўскім ў 1928—29. Вывучае генетычную гетэрагеннасць прыродных папуляцый і на гэтай аснове генетычную структуру папуляцыі, раскрыццё механізмаў фарміравання, падтрымання і змянення гэтай структуры, што стала пачаткам вывучэння генетыкі папуляцый у прасторы, а таксама выяўленне геагр. пашырэння і, па магчымасці, частот алеляў, адказных за асн. прыкметы і ўласцівасці пэўнага віду арганізмаў. Генагеаграфія высвятляе прычыны пашырэння алеляў. Мае практычнае і прыкладное значэнне пры вызначэнні генафондаў свойскіх жывёл і культ. раслін як адной з асноў пароднага і сартавога раянавання і селекцыі, а таксама ў генетыцы чалавека, асабліва ў мед. генетыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РПЕС (ад грэч. herpēs лішай),
вірусная хвароба з характэрнай высыпкай згрупаваных пухіркоў на скуры і слізістых абалонках. Узбуджальнік — вірус простага герпесу, вірусаносьбіты. Узнікненню хваробы спрыяюць: пераахаладжэнне, пераграванне, хранічныя ачагі гнойнай інфекцыі, паталогія страўнікава-кішачнага тракту, печані, органаў дыхання, залоз унутр. сакрэцыі і інш. Інкубацыйны перыяд 3—7 дзён. Хвароба пачынаецца са свербу, паколванняў; на ацёчнай скуры з’яўляюцца празрыстыя пухіркі (2—3 мм), якія праз 1—2 дні мутнеюць і засыхаюць. Часта пухіркі лопаюцца і на іх месцы з’яўляюцца ружова-чырвоныя эрозіі. У хворых на СНІД герпес мае рэцыдыўны характар з гемарагічным змесцівам пухіркоў з некратычна-язвавым пашкоджаннем. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу; тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГАНТАПІТЭ́К [ад грэч. gigas (gigantos) волат, гігант + pitēkos малпа],
род буйных выкапнёвых чалавекападобных малпаў, якія пражывалі ў паўд. і паўд.-ўсх. Азіі ў сярэдзіне антрапагену. У 1935—58 знойдзены 4 ніжнія сківіцы і больш за 1000 асобных вельмі вялікіх зубоў гігантапітэка (карэнныя зубы ў 6 разоў большыя за адпаведныя зубы сучаснага чалавека). Памеры цела гігантапітэка значна большыя, чым у чалавека (існуюць меркаванні, што гігантапітэк быў буйнейшы за гарылу і, магчыма, перасягаў 2,5 м). Па некат. адзнаках будовы зубной сістэмы гігантапітэк падобны да чалавека (адносна невялікія іклы), але ўся сківіца мае спецыялізацыю, характэрную для чалавекападобных малпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́СЕР (франц. glisseur ад glisser слізгаць),
лёгкае быстраходнае судна. Мае днішча адмысловай формы (з папярочнымі ўступамі — рэданамі — для змяншэння плошчы сутыкнення з вадой). У час руху пры абцяканні такога днішча ўзнікае гідрадынамічная сіла, якая падымае насавую частку і выклікае агульнае ўсплыванне судна (яно быццам бы слізгае па паверхні вады — глісіруе).
Глісер прыводзіцца ў рух грабнымі (часам паветранымі) вінтамі ад рухавікоў унутр. згарання (скорасць больш за 200 км/гадз). Бываюць з рэактыўнымі рухавікамі (скорасць больш за 300 км/гадз). Пашыраны ў спорце (гоначныя глісеры, напр.скутэр), ваенна-марскім (тарпедныя і ракетныя катэры) і пасажырскім флоце (паштова-пасажырскія катэры, аварыйна-выратавальныя судны і інш.).
Засн ў 1919 як ф-ка па пашыву вайсковага абмундзіравання. З 1922 ф-ка «Дзяржадзенне» па пашыву адзення насельніцтву і розным установам. З 1927 ф-ка «Гомшвей», з 1928 швейная ф-ка «Камінтэрн». У Вял.Айч. вайну эвакуіравана ва Ульянаўскую вобл., дзе аб’яднана з віцебскай ф-кай «Прафінтэрн». Пасля вайны адноўлена ў Гомелі. У 1964 шляхам аб’яднання ф-кі «Камінтэрн» са швейнай ф-кай № 1 і Рэчыцкай швейнай ф-кай створана Гомельскае вытв. швейнае аб’яднанне «Камінтэрн», якое у 1994 пераўтворана ў акц.т-ва. Вырабляе мужчынскае і жаночае адзенне. Мае знешнеэканам. сувязі з фірмамі Англіі, Даніі, Германіі, Венгрыі, Італіі, Чэхіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРО́ДЗЕНСКАЯ КАПЭ́ЛА»,
творчае аб’яднанне. Створана ў 1992 як установа культуры Гродзенскага гарвыканкома. Арганізатар і маст. кіраўнік А.Бандарэнка, з 1996 — А.Саладухін. У складзе капэлы камерныя хор (дырыжор Л.Іконнікава) і аркестр (дырыжор У.Борматаў), інстр. ансамбль салістаў, салісты-вакалісты. У праграмах капэлы муз. творы розных стыляў, эпох і жанраў, ад камерных (рамансы, інстр. п’есы) да сімфанічных і вак.-сімфанічных (сімфоніі, кантаты, араторыі), старадаўніх і сучасных бел. кампазітараў, рус. і зах.-еўрап. класікаў 17—20 ст., духоўная музыка, бел.нар. песні і інш.Мае на мэце адраджэнне і развіццё традыцый бел.муз. мінуўшчыны, прапаганду лепшых узораў бел. і сусв.муз. мастацтва, культ.-асв. і выдавецкую дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАВА́Я МА́РКА,
знак для абазначэння мінімальнай вышыні надводнага борта судна пры поўнай яго загрузцы ў розных умовах плавання.
Мае выгляд круга, перасечанага па цэнтры гарыз. лініяй, якая паказвае найб. дапушчальную асадку судна ў марской вадзе (у летні час у зоне ўмеранага клімату), і 6 гарыз. ліній, якія паказваюць гранічнае апусканне яго ў залежнасці ад раёна плавання, пары года, характару вады. Наносіцца на барты судна.
Грузавая марка марскога судна: а — надводны борт па летнюю грузавую марку; лініі асадкі: ТП і П — для прэснай вады ў трапічнай і ўмеранай зонах; Т — трапічная; Л і З — летняя і зімовая ва ўмеранай зоне; ЗПА — зімовая ў Паўн. Атлантыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЫ́НПІС»
(англ. Greenpeace «Зялёны мір»),
незалежная міжнар. грамадская экалагічная арг-цыя. Засн. ў вер. 1971 у г. Ванкувер (Канада) актывістамі на чале з Д.Мактагартам. Да 1979 стала міжнар. арг-цыяй. Мае аддзяленні ў 32 краінах, каля 2 млн. правадзейных членаў (1995), а таксама транспарт, у т. л. марскі. Штаб-кватэра ў г. Амстэрдам (Нідэрланды). Выступае за спыненне ядз. выпрабаванняў у свеце, забруджвання атмасферы, глебы, вады, затаплення хім. і радыеактыўных адходаў у морах, у абарону жывёльнага свету (асабліва кітоў і цюленяў), лясоў, Антарктыкі і інш. Дамагаецца ад урадаў і прамысл. кампаній прыняцця рашэнняў па канкрэтных экалагічных праблемах. Старшыні: Мактагарт (з 1978), У.Беліян (Германія, з 1993).