ДУБ (Quercus),

род кветкавых раслін сям. букавых. Каля 600 відаў; адна з гал. лесаўтваральных парод. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і і гарах Паўд. Амерыкі. На Беларусі 2 дзікарослыя і 13 інтрадукаваных відаў. Д. звычайны, або летні, ці чарэшчаты (Q. robur), расце ўсюды, асабліва на Пд, утварае дубовыя лясы; асобныя дрэвы ахоўваюцца як помнікі прыроды. Д. скальны, або зімовы, ці сядзячакветны (Q. petraea) — атлантычна-еўрап. рэліктавы від, трапляецца рэдка (вядома адзінае месца росту на тэр. нац. парку «Белавежская пушча», дзе ён утварае чыстыя і мяшаныя з грабам і елкай насаджэнні), занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Сярод інтрадукаваных найб. вядомыя Д. балотны (Q. palustris), паўночны (Q. borealis), каштаналісты (Q. castanefolia), шарлахавы (Q. coccinea), грузінскі (Q. iberica), буйнапыльнікавы (Q. macranthera), аксамітны (Q. velutina), мангольскі (Q. mongolica), Гартвіса (Q. hartwissiana).

Аднадомныя шматгадовазялёныя і лістападныя дрэвы і кусты з шатра- ці калонападобнай, пірамідальнай, ніцай або раскідзістай кронай. Жывуць 400—500, іншы раз да 2000 і больш гадоў. Лісце простае, чаргаванае, перыста-лопасцевае, суцэльнакрайняе, зубчастае, на чаранках. Кветкі дробныя, непрыкметныя, раздзельнаполыя, з зачаткавым калякветнікам. Плады — аднагнездавыя арэхі (жалуды), у ніжняй ч. з чашападобнай плюскай. Драўніна мае высокія фізіка-мех. і тэхн. ўласцівасці, прыгожую тэкстуру (асабліва цэніцца драўніна Д., якая доўга знаходзіцца пад вадой, т. зв. «мораны дуб»); выкарыстоўваецца ў мэблевай і сталярнай вытв-сці, вагона-, авія- і суднабудаванні, буд-ве і інш. Кара мае да 12% танінаў, добры дубільнік і вяжучы сродак, ідзе на выраб коркаў, жалуды — на прыгатаванне сурагату кавы, а таксама на корм жывёле. Дэкар. віды Д. выкарыстоўваюць у зялёным буд-ве.

Г.У.Вынаеў.

Дуб звычайны.

т. 6, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)