ДЗЕНІСЮ́К (Юрый Мікалаевіч) (н. 27.7.1927, г. Сочы, Расія),
расійскі фізік, адзін са стваральнікаў галаграфіі. Акад.Рас.АН (1992, чл.-кар. з 1970). Скончыў Ленінградскі ін-т дакладнай механікі (1954). З 1954 у Дзярж. аптычным ін-це, з 1989 у Фізіка-тэхн. ін-це Рас.АН (С.-Пецярбург). Навук. працы па фіз. оптыцы і галаграфіі. Абгрунтаваў і распрацаваў (1962) метад стварэння аб’ёмных галаграм, якія ўзнаўляюць каляровы відарыс аб’екта пры дапамозе звычайных крыніц святла. Ленінская прэмія 1970, Дзярж. прэмія СССР 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́МАЎ (Дзімітр) (25.6.1909, г. Ловеч, Балгарыя — 1.4.1966),
балгарскі пісьменнік і вучоны. Засл. дз. культ. Балгарыі (1963), праф. анатоміі (1953). Дэбютаваў раманам «Паручнік Бенц» (1938). Майстэрствам псіхал. аналізу адметны раман «Асуджаныя душы» (1945), падзеі якога адбываюцца ў Іспаніі напярэдадні і пасля ваенна-фаш. мяцяжу 1936. Сусв. вядомасць прынёс раман «Тытунь» (1951; Дзімітраўская прэмія 1952), прысвечаны жыццю балг. народа ў 1930—40-я г. Аўтар камедыі «Жанчыны з мінулым» (1959), драм «Вінаваты» (1961), «Перадышка ў Арка Ірыс» (1936), а таксама прац па анатоміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЯНІ́СІЙ [каля 1440 — пасля 1502—03(7)],
рускі жывапісец. Працаваў пераважна ў Маскве і сярэднярус. манастырах. Большасць твораў Дз. не захавалася і вядома па пісьмовых крыніцах. Абразам Дз., з іх вытанчаным малюнкам і каларытам, з вельмі выцягнутымі, грацыёзнымі фігурамі, уласцівы ўзнёсласць і ўрачыстасць: «Божая Маці Адзігітрыя» (1482), «Спас у сілах» і «Распяцце» (абодва 1500); абразы для Ферапонтава манастыра і размалёўкі яго сабора выкананы разам з сынамі Уладзімірам і Феадосіем (1500—02 ці 1502—03). Дз. прыпісваюць таксама абразы «Мітрапаліт Пётр у жыцці», «Мітрапаліт Аляксій у жыцці» і інш.
Літ.:
Данилова И.Е. Фрески Ферапонтова монастыря. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКІ (Іван Іванавіч) (9.4.1909, г. Тамбоў, Расія — 18.1.1978),
расійскі кампазітар. Унук ураджэнца Беларусі Лявонція Дзяржынскага, удзельніка паўстання 1863—64, сасланага ў Тамбоў. У 1932—34 вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі ў Б.Асаф’ева і інш. Аўтар опер «Ціхі Дон» (1934, паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі 1938 і 1951), «Узнятая цаліна» (1937), «Князь-возера» (1947), «Далёка ад Масквы» (1954), «Лёс чалавека» (1959), «Рыгор Мелехаў» (1967), муз. камедый, 3 канцэртаў для фп. з аркестрам, 2 сімф. паэм, песень, рамансаў, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНІПРО́ВА ЧА́ЙКА (сапр.Васілеўская Людміла Аляксееўна; 1.11.1861, с. Зялёны Яр Мікалаеўскай вобл., Украіна — 13.3.1927),
украінская пісьменніца. Скончыла гімназію ў Адэсе (1879). Майстар інтымнай і грамадз. лірыкі. Аўтар рытмізаваных лірычных мініяцюр, адметных сац. сімволікай, рамант. пафасам і філас. роздумам аб сэнсе жыцця: «Дзяўчына-чайка» (1892), «Скала» (1893), «Буравеснік» (1900), «Плаўні гараць» (1902) і інш. Побыт укр. сялянства і інтэлігенцыі канца 19 — пач. 20 ст. адлюстраваны ў апавяданнях «Знахарка» (1885), «Крыжанос» (1896), «У школе» (1909). Вядома як збіральніца фальклору, перакладчыца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РСКАЯ (Алена Сяргееўна) (н. 21.2.1950, пас. Цялякава Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел.літ.-знавец і крытык. Канд.філал.н. (1982), дац. (1992). Скончыла БДУ (1972). У 1974 — 92 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1992 у Бел.дзярж.пед. ун-це. Друкуецца з 1967. Даследуе праблемы маст. пошукаў у сучаснай бел. паэзіі, пытанні паэтыкі (манаграфія «Адказнасць перад часам: Нарыс творчасці К.Кірэенкі», 1986; арт. «Свабодны верш і сучасная беларуская паэзія», 1975; «Мастацкія пошукі лірыкі», 1980, і інш.). Аўтар кн. «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1996, з Л.Гарэлік і Т.Грамадчанка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫЧ (Соф’я Якаўлеўна) (н. 29.12.1919, Мінск),
бел. актрыса, рэжысёр т-ра і радыё. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр.тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Т-ры юнага гледача БССР (1937—41). Дыктар на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь», у Брэсцкім і Гомельскім абл.драм. т-рах. У 1967—86 гал. рэжысёр літ.-драм. вяшчання Бел.рэсп. радыё. Ажыццявіла больш за 200 радыёпастановак, пераважна твораў бел. пісьменнікаў (у большасці была і аўтарам інсцэніровак). Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за радыёпастаноўкі «Хамуціус» паводле А.Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я.Коласа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСА́К (Сяргей Адамавіч) (2.4.1930, в. Іванкаўшчына Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 20.12.1969),
бел. крытык і літ.-знавец. Канд.філал.н. (1966). Брат А.А.Гусака і М.А.Гусака. Скончыўшы БДУ (1955), настаўнічаў. З 1960 у НДІ педагогікі, у 1962 у Мін-ве асветы БССР, з 1965 у БДУ. У 1968—69 рэктар Брэсцкага пед. ін-та. Друкаваўся з 1959. Даследаваў праблемы сучаснай бел. прозы (апавяданні В.Адамчыка, Я.Брыля, М.Даніленкі, М.Капыловіча, І.Навуменкі, Б.Сачанкі і інш., раманы І.Шамякіна, М.Лобана і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕВА (Ларыса Нічыпараўна) (н. 8.8.1933, Мінск),
бел.літ.-знавец і крытык. Канд.філал.н. (1966), дац. (1979). Скончыла БДУ (1955). У 1956—68 у Ін-це л-ры АН Беларусі, у 1973—82 у БДУ (1968—72 у Нью-Йорку, 1982—88 у Аўстрыі). Друкуецца з 1964. Даследуе творчасць М.Багдановіча, Я.Коласа, К.Чорнага, Я.Брыля, сучасную прозу, традыцыі стараж.рус. і бел. л-р, пытанні тэксталогіі. Аўтар манаграфіі «Янка Брыль — мастак» (1968). Складальнік хрэстаматыі «Старажытная руская літаратура ў даследаваннях» (1979, з Л.Кароткай), метадычнага дапаможніка «Гісторыя старажытнай рускай літаратуры і літаратуры XVIII ст.» (1982, з Кароткай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА ДВУХ СУСЕ́ДАЎ»,
цыкл ананімных твораў бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. Выдаваўся асобнымі выпускамі Б.Шварцэ, А.Белакозам, Грынявіцкім у беластоцкай падп. друкарні напярэдадні паўстання 1863—64. У 1861—62 выйшлі 4 нумары. Напісана ў форме вершаванага дыялогу двух сялян — бывалага, спрактыкаванага Матэвуша і праставатага, наіўнага Юзафа. Зместам і ідэйнай накіраванасцю блізкая да «Гутаркі старога дзеда», некат. палажэннямі набліжаецца да публіцыстыкі «Мужыцкай праўды». Была каля вытокаў бел.дэмакр. прэсы. Выказвалася думка, што яе аўтары — У.Сыракомля і В.Каратынскі.
Літ.:
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 21—24.