ГЛАЗЕНА́П (Сяргей Паўлавіч) (25.9.1848, с. Паўлаўскае Цвярской вобл., Расія — 12.4.1937),
расійскі астраном. Ганаровы чл.АНСССР (1929). Герой Працы (1932). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1870). У 1870—77 у Пулкаўскай абсерваторыі, з 1877 у Пецярбургскім ун-це (з 1889 праф.). Адзін з заснавальнікаў Рус.астр.т-ва. Навук. працы па вывучэнні руху спадарожнікаў Юпітэра, даследаванні падвойных і пераменных зорак, рэфракцыі святла ў зямной атмасферы. Прапанаваў спосаб вызначэння арбіт падвойных зорак. Пад яго кіраўніцтвам пабудавана абсерваторыя Пецярбургскага ун-та. Аўтар падручнікаў па астраноміі і матэматыцы.
Літ.:
Перель Ю.Г. Выдающиеся русские астрономы. М.; Л., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРН (Horne, Hoorn, Hornes) Філіп II дэ Манмарансі (Montmorency; 1524, Невель, каля г. Гент, Бельгія — 5.6.1568), граф, адзін з лідэраў антыісп. дваранскай апазіцыі ў пач.Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст.Чл. нідэрландскага Дзярж. савета (1561—65), адмірал фландрскага флоту, штатгальтэр Гелдэрна і Зютфена. Разам з Вільгельмам I Аранскім і Л.Эгмантам выступаў супраць каралеўскага абсалютызму і інквізіцыі. У 1565, у знак пратэсту супраць закону аб ерэтыках, выйшаў з Дзярж. савета. Спадзеючыся на прымірэнне з Іспаніяй, прысягнуў у 1567 Філіпу II Іспанскаму, аднак пасля прыбыцця ў Нідэрланды герцага Ф.Альбы быў разам з Эгмантам арыштаваны, абвінавачаны ў змове і пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНАВІ́ТАЯ ПАЛА́ТА,
помнік архітэктуры Расіі канца 15 ст.; адзін з стараж. будынкаў Масквы. Уваходзіць у комплекс Крамля Маскоўскага. Пабудавана ў 1487—91 італьян.арх. М.Фразінам і П.А.Салары. Назва з-за аздаблення гранёным рустам усх. фасада палаты. Выкарыстоўваецца як парадная зала для ўрачыстых прыёмаў. Пл. каля 500 м². Перакрыта крыжовымі скляпеннямі, што апіраюцца на цэнтр. слуп. У 1882 сцены палаты размалявалі палехскія іканапісцы, якія паўтарылі своеасаблівую кампазіцыю стараж. размалёўкі. Разны залочаны партал 15 ст. выкананы ў формах рэнесансавай архітэктуры.
Літ.:
Насибова А. Грановитая палата Московского Кремля: [Альбом]. Л., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУГНІ́Н (Мікалай Аляксандравіч) (н. 28.11.1946, г. Ноўгарад, Расія),
бел. мастацтвазнавец, педагог, графік. Канд. мастацтвазнаўства (1982). Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага ун-та (1970) і выкладае ў ім. Даследуе гісторыю і праблемы развіцця бел. кніжнай графікі. Адзін з аўтараў кн. «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 5, 1992), Працуе ў станковай графіцы: каля 70 кніжных знакаў (1966—89), кампазіцыі «Красавік. Ружовы золак» (1970), «Слабада», «Дарога на Лучосу» (абедзве 1988), «Верасень» (1994), «Ранішні снег» (1996) і інш. У творчасці пераважае пленэрны падыход, стрыманасць лінейна-жывапісных рытмаў, някідкія каларыстычныя інтанацыі («Зіма. Богаяўленскі сабор», 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАРА́ЛЬНАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,
адзін з механізмаў кіравання і каардынацыі фізіял. працэсаў у чалавека і жывёл у зменлівых умовах асяроддзя. Ажыццяўляецца праз вадкія асяроддзі (тканкавая вадкасць, лімфа, кроў) з дапамогай біялагічна актыўных рэчываў (неспецыфічныя метабаліты, гармоны, медыятары, пептыды, роставыя фактары, іоны і інш.). Прадукты абмену рэчываў уздзейнічаюць энда-, пара- або аўтакрынна на эфектарныя тканкі, канцы чуллівых нерваў (хемарэцэптары), нерв. цэнтры і выклікаюць гумаральным або рэфлекторным шляхам пэўныя рэакцыі арганізма. Гумаральная рэгуляцыя падпарадкавана нервовай рэгуляцыі і разам з ёй складае адзіную сістэму нейрагумаральнай рэгуляцыі, якая забяспечвае нармальнае функцыянаванне арганізма ў зменлівых умовах асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́ДАЎ (сапр.Левенсон) Аляксандр Міхайлавіч
(1872, маёнтак у Палтаўскай губ., Украіна — 28.6.1944),
расійскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Рэспублікі (1924). У 1889 — 1914 на опернай сцэне, у т. л. з 1900 у Марыінскім т-ры (Пецярбург). Адзін з лепшых выканаўцаў на рус. сцэне партый Германа («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Зігмунда, Логе і Міме («Пярсцёнак нібелунга» Р.Вагнера). З сярэдзіны 1920-х г. працаваў за мяжой (у 1934 рэж. опернай трупы, дзе спяваў Ф.Шаляпін). З 1935 зноў на радзіме, з 1936 выкладаў у вячэрняй школе спеваў пры Ленінградскім т-ры оперы і балета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬМЕ́Н (франц. dolmen ад брэтонскага tol стол + men камень),
старажытнае пахавальнае збудаванне, адзін з відаў мегалітычных збудаванняў. Складзены з вялізных каменных глыб і пліт да некалькіх дзесяткаў тон, пастаўленых вертыкальна і накрытых адной або некалькімі плітамі зверху. Найчасцей у Д. рэшткі некалькіх памерлых з каменнымі або бронзавымі прыладамі і ўпрыгожаннямі. Некат. Д. выкарыстоўваліся для пахаванняў на працягу дзесяткаў і нават соцень гадоў. Пашыраны ў прыморскіх абласцях Паўн. Афрыкі, Еўропы, у т. л. на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа і ў Крыме (бронзавы век), і Азіі (жалезны век).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬТАНА ЗАКО́НЫ,
1) адзін з асноўных газавых законаў, паводле якога ціск сумесі газаў, якія хімічна не ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, роўны суме парцыяльных ціскаў. Строга выконваецца для ідэальных газаў, набліжана — для рэальных газаў пры значэннях т-р і ціскаў, далёкіх ад крытычных.
2) Закон растваральнасці газаў у вадкасцях, паводле якога пры пастаяннай т-ры растваральнасць кожнага з кампанентаў газавай сумесі над вадкасцю прапарцыянальная яго парцыяльнаму ціску. Кожны газ раствараецца так, як быццам астатніх кампанентаў няма. Набліжана прыдатны для рэальных газаў пры ўмове невял. канцэнтрацыі газу ў растворы. Д.з. адкрыты Дж.Дальтанам у 1801 і 1803.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎГАВЕ́ЧНАСЦЬ,
уласцівасць тэхн. вырабу (прыстасавання, збудавання) захоўваць працаздольнасць да надыходу гранічнага стану, пры якім далейшая эксплуатацыя яго павінна быць спынена з-за неадхільнага парушэння патрабаванняў тэхнікі бяспекі або выхаду параметраў за ўстаноўленыя межы. Адзін з асн. паказчыкаў надзейнасці вырабаў. Колькасна ацэньваецца рэсурсам — працягласцю функцыянавання вырабу (або аб’ёмам выкананай ім работы) ад пачатку эксплуатацыі да надыходу гранічнага стану. Для многіх вырабаў (электроннай тэхнікі і інш.) крытэрыем гранічнага стану з’яўляецца прыпыненне дзейнасці (гл.Безадказнасць). Д. вызначаецца разлікамі, спец. даследаваннямі з выкарыстаннем тэхнічнай дыягностыкі. На Беларусі праблемы Д. вывучаюцца ў Ін-це надзейнасці машын Нац.АН і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́ВАНС ((Jevons) Уільям Стэнлі) (1.9.1835, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 13.8.1882),
англійскі эканаміст, статыстык і філосаф-логік. Праф. логікі, філасофіі і паліт. эканоміі ў Манчэстэры (1866—76) і Лондане (1876—80). Заснавальнік матэм. школы ў паліт. эканоміі, адзін з заснавальнікаў гранічнай карыснасці тэорыі. З эканам. прац найб. вядомая «Тэорыя палітычнай эканоміі» (1871). Гал. праблему эканам. навукі бачыў у вывучэнні спажывання, асн. законам якога лічыў закон убываючай карыснасці. Даследаваў праблемы грашовага абарачэння, індэкса цэн, тэорыі эканам. цыклаў, матэм. логікі і інш. Стварыў адну з першых лагічных машын (1869), звязаў тэорыю лагічнай індукцыі з тэорыяй імавернасці.