ГІПАДЭ́РМА
(ад гіпа... + дэрма),
у пазваночных жывёл самы глыбокі слой скуры з рыхлай злучальнай тканкі, у якім назапашваюцца тлушчавыя клеткі, што ўтвараюць падскурную тлушчавую клятчатку. Гіпадэрма злучае скурнае покрыва з падлеглымі тканкамі, выконвае апорную, трафічную, пластычную, тэрмарэгулятарную, ахоўную функцыі. У беспазваночных жывёл гіпадэрма — тонкі слой прызматычнага эпітэлію, што знаходзіцца пад кутыкулай, створанай у выніку сакраторнай дзейнасці клетак гіпадэрмы. У раслін гіпадэрма — адзін ці некалькі слаёў клетак, што знаходзяцца пад эпідэрмісам сцёблаў, лісця, насення і пладоў; у каранях гіпадэрмы іншы раз называюць вонкавыя пласты клетак першаснай кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)