КА́ЎЭЛ ((Cowell) Генры Дыксан) (11.3.1897, Менла Парк, штат Каліфорнія, ЗША — 10.12.1965),
амерыканскі кампазітар, піяніст, тэарэтык, педагог. Вучыўся ў Нью-Йорку і Берліне ў Ч.Сігера і Э.М. фон Хорнбастэля. Заснавальнік (1927) і выдавец (да 1936) серыі нотных выданняў і грамзапісаў «Новы музычны квартальнік» («New Music Quarterly»). У ранніх творах эксперыментаваў у галіне гармоніі, інструментоўкі. У 1932 сканструяваў (з Л.Тэрменам) т. зв. рытмікон — інструмент, які ўзнаўляе адначасова розныя рытмы, напісаў для яго п’есу з арк. «Рытмікана». Збіраў і выкарыстоўваў кельцкія нар. мелодыі, звяртаўся да амер. сельскай музыкі 18 ст. Цікавіўся муз. мастацтвам Усходу (13-я сімфонія «Мадрас», 1958; «Персідскі цыкл» для камернага арк., 1957). Аўтар оперы «О’Хігінс з Чылі» (1949, не скончана), 2 балетаў, 20 сімфоній (пераважна праграмных, 1918—65), п’ес для розныхарк. складаў; канцэртаў для фп. (1928), ударных (1958), акардэона (1960); камерна-інстр. ансамбляў (5 стр. квартэтаў, 1916—56), інстр. п’ес, хароў і інш., а таксама кн. «Ч.Айвз і яго музыка» (1955), артыкулаў пра музыку Усходу, Азіі, Афрыкі і інш. Сярод вучняў Дж. Кейдж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭФІЦЫЕ́НТЫў статыстыцы,
адносныя паказчыкі, што выкарыстоўваюцца ў ведамаснай, дзярж., міжнар. статыстыцы. Найб. распаўсюджаныя: К. сацыяльна-эканамічныя (паказваюць размеркаванне матэр. даброт, тавараў, паслуг у разліку на душу насельніцтва, на аднаго работніка і інш.), К. росту (зніжэння) эканамічных паказчыкаў (разлічваюцца ў працэнтах адносна значэння паказчыка на перыяд часу, узятага як базавы; напр., К. тэмпаў росту вытв-сці тавараў, тэмпаў інфляцыі), К. сацыяльна-дэмаграфічныя (адносіны колькасці выпадкаў ці падзей пэўнага роду да колькасці насельніцтва або асобных сац. груп; напр., К. нараджальнасці, смяротнасці, натуральнага прыросту насельніцтва, шлюбнасці, разводнасці і інш.). Сац.-дэмаграфічныя К. могуць быць агульнымі (разлічваюцца адносна колькасці ўсяго насельніцтва), полаўзроставымі (разлічваюцца адносна колькасці асобных полаўзроставых груп) і інш. К. могуць характарызаваць хуткасць развіцця якой-н. з’явы (К. дынамікі) і частату яе ўзнікнення (напр., К. нараджальнасці), узаемасувязь якасна розных з’яў (напр., К. шчыльнасці насельніцтва), ступень выкарыстання матэрыяльных, прац., грашовых рэсурсаў (напр., К. эфектыўнасці), варыяцыю велічынь адзнакі (напр., К. рытмічнасці). К. выражаюцца ў працэнтах, прамілях, адносінах да адзінкі.
Літ.:
Елисеева И.И., Юзбашев М.М. Общая теория статистики. М., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПЕ́ННЕ,
пераход вадкасці ў пару, які адбываецца з утварэннем у аб’ёме вадкасці бурбалак пары; адзін з фазавых пераходаў I роду. Пры К. бурбалкі павялічваюцца ў аб’ёме ў выніку выпарэння вадкасці ў поласць бурбалак, усплываюць на паверхню вадкасці, а насычаная пара, што ў іх знаходзіцца, пераходзіць у паравую фазу над паверхняй вадкасці. К. пачынаецца, калі ціск насычанай пары ў бурбалках дасягае значэння знешняга ціску, і можа адбывацца ва ўсім тэмпературным інтэрвале раўнавагі вадкасці і пары (паміж трайным пунктам і крытычным станам).
Для падтрымання К. да вадкасці неабходна падводзіць некаторую колькасць цеплаты, якая ідзе на параўтварэнне і на работу пары супраць знешняга ціску. Значэнне тэмпературы кіпення вадкасці залежыць ад яе хім. прыроды і знешняга ціску, з павелічэннем якога т-ра К. павялічваецца. К. можна выклікаць таксама памяншэннем знешняга ціску пры пастаяннай т-ры, што тлумачыцца з’явай кавітацыі. Залежнасць т-ры К. ад знешняга ціску ляжыць у аснове вызначэння бараметрычнага ціску. Выкарыстоўваецца ў розныхтэхн. і тэхнал. працэсах (атрыманне вадзяной пары ў паравых катлах, выпарванне, рэктыфікацыя, кансерваванне, атрыманне нізкіх т-р і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСТА́ (ад грэч. kystis пузыр),
паталагічная поласць у органах і тканках арганізма з вадкім ці паўвадкім змесцівам, высланая злучальна-тканкавай абалонкай або эпітэліем. Паводле механізма ўтварэння адрозніваюць К. рэтэнцыйныя, рамаліцыйныя, дызонтагенетычныя, пухлінныя, траўматычныя, паразітарныя.
Рэтэнцыйныя К. (як правіла, набытыя) утвараюцца ў залозах (напр., слінных, тлушчавых, малочных) пры парушэнні адтоку сакрэту, што вядзе да расцяжэння залозы ці пратокі. Рамаліцыйныя К. ўзнікаюць у кампактнай тканцы пры яе размякчэнні (пры кровазліцці, запаленні, некрозе) на абмежаваным участку (напр., К. галаўнога мозга). Утварэнне дызонтагенетычных К. звязана з расшырэннем эмбрыянальных каналаў і шчылін ці з заганамі развіцця органа (напр., кістозныя ныркі). Пухлінныя К. развіваюцца найчасцей у жалезістых, сасудзістых ці касцявых пухлінах па розных прычынах (кістадэрма, лімфангіёма). Траўматычныя К. лакалізуюцца на кісцях рук, у радужнай абалонцы вока, іншы раз у падстраўнікавай залозе і касцявой тканцы пры траўматычным зрушэнні эпітэлію. Паразітарныя К. ўяўляюць сабой пузыраватыя лічынкавыя стадыі (фіны) стужкавых чарвей (эхінакок, цыстыцэрк). К. могуць мець рознае паходжанне, напр., эпідэрмоідныя К. бываюць рэтэнцыйнымі, траўматычнымі і дызонтагенетычнымі. Памеры, будова і знешнія праяўленні К. залежаць ад іх паходжання. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СТЭРЫ (англ. cluster літар. пучок, рой, вялікая колькасць),
групоўкі хімічна злучаных атамаў (ад 3—4 да некалькіх дзесяткаў і нават соцень) аднаго ці розных элементаў. Устойлівыя толькі ў саставе хім. кластэрных злучэнняў і кластэрных матэрыялаў (К. размеркаваны ў сярэдзіне матрыцы, напр., графіту).
У метал. К. атамы металаў (пераважна пераходных) злучаны шматцэнтравымі сувязямі, якія ў К. з некалькі дзесяткаў атамаў трансфармуюцца ў металічную сувязь. Звычайна маюць форму шматграннікаў (тэтраэдрычных, актаэдрычных). Кластэрныя злучэнні маюць кластэрныя іоны, напр., [Fe4(CO)13]2-, [Os6(CO)18]2−, [Mo3NiS4]4+, [Au55(PR3)12]6+. У гэтых іонах метал. К., які мае зарад, злучаны з лігандамі: асобнымі атамамі (напр., галагены, сера, кісларод) ці малекуламі (напр., аксід вугляроду СО, фасфіны PR3, дзе R — арган. радыкал). Кластэрныя злучэнні тыпу Fe4S4 уваходзяць у склад ферментаў і адыгрываюць значную ролю ў біял. працэсах акіслення, фіксацыі атм. азоту і інш. Перспектыўнае выкарыстанне кластэрных злучэнняў як каталізатараў для хім. прам-сці.
Літ.:
Петров Ю.И. Кластеры и малые частицы. М., 1986;
Губин С.П. Химия кластеров: Основы классификации и строение. М., 1987.
В.В.Свірыдаў.
Да арт.Кластэры. Структура кластэрнага дыаніёна [Os6(CO)18]2−.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІНА Б.А. ВЫДАВЕ́ЦТВА,
прыватнае выдавецтва ў Вільні ў 1913—37. Засн. Б.А.Клецкіным. Выдавала л-ру на бел., польск. і яўр. мовах. У 1921—31 існаваў бел. аддзел, які меў сваю эмблему з выявай сейбіта; выдадзена 30 арыгінальных і перакладных кніг. Упершыню выдадзена аповесць Я.Коласа «У палескай глушы» (1923), перавыдадзены яго кнігі «У глыбі Палесся», «Казкі жыцця» і інш., паэт.зб-кі «Шляхам жыцця» Я.Купалы, «Вянок» М.Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш. У перакладзе на бел. мову выйшлі кнігі «Тарас Бульба» М.Гогаля, «Для дзяцей» (выбранае) Л.Талстога, «Алеся» А.Купрына, «Сляпы музыка» У.Караленкі, «Прынц і жабрак» М.Твена, «Ірландскія народныя казкі» С.Макмануса. Сярод выданняў — кнігі зах.-бел. літаратараў Я.Нарцызава (Я.Драздовіча), Б.Друцкага-Падбярэскага, Я.Пачопкі, бел. падручнікі па гісторыі л-ры М.Гарэцкага, геаграфіі А.Смоліча, матэматыцы С.Рака-Міхайлоўскага, Р.Астроўскага, А.Гурскага, чытанкі Л.Гарэцкай, А.Смоліч, «Падручны беларуска-польскі слоўнік» Друцкага-Падбярэскага, «Расказы аб вялікіх падзеях розных часоў і народаў» М.Рубакіна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ СЯЛЯ́Н 1933у Заходняй Беларусі,
узброенае выступленне сялян Кобрынскага пав. 3—4 жн. супраць сац. і нац. прыгнёту. Паводле рашэння Брэсцкага акр.к-таКПЗБ на 4 жн. быў прызначаны паход сялян Кобрынскага пав. ў маёнтак паноў Малачэўскіх з патрабаваннем выдаць плату за палявыя работы. З жн. па дарозе да месца збору (в. Булькова) сяляне разграмілі некалькі сядзіб асаднікаў у в.Вял. Радванічы, забралі зброю; больш за 100 узбр. сялян некалькі гадзін трымалі ў асадзе паліцэйскі ўчастак у Навасёлках. Раніцай 4 жн. паліцыя з падмацаваннем з Брэста разагнала сялян, павет быў абвешчаны на асадным становішчы, пачаліся аблавы, вобыскі, арышты. Арганізатары выступлення былі аддадзены пад ваенна-палявы суд. На абарону арыштаваных выступілі працоўныя Зах. Беларусі, таму смяротны прыгавор 8 чал. быў заменены пажыццёвай катаргай, астатнія прыгавораны да розных тэрмінаў зняволення. У в. Навасёлкі Кобрынскага р-на ў памяць пра выступленне сялян пастаўлены помнік.
Літ.:
Курковіч М. За што судзілі рэвалюцыйных сялян у Кобрыне? Вільня, 1933;
Ласковіч В.П. Узброенае выступленне сялян у вёсцы Навасёлкі // У суровыя гады падполля. Мн., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МПЛЕКС (ад лац. complexus сувязь, спалучэнне) ў псіхалогіі, злучэнне асобных псіхічных працэсаў у цэлае, якое адрозніваецца ад сумы сваіх элементаў. У такім сэнсе паняцце К. выкарыстоўвалі прадстаўнікі розныхпсіхал. канцэпцый і тэорый. Яго сутнасць спецыфічна тлумачылася ў псіхааналізе З.Фрэйда, які разглядаў К. як групу разнародных псіхічных працэсаў, аб’яднаных адзіным моцным эмацыянальным перажываннем — афектам. Фрэйд вылучаў т.зв. К. Эдыпа, які ўзнікае ў раннім дзяцінстве і праяўляецца ў непрыхільных адносінах дзіцяці да аднаго з бацькоў свайго полу і эратычнай прыхільнасці да другога процілеглага полу. У індывідуальнай псіхалогіі А.Адлера выкарыстоўваліся паняцці «К. непаўнацэннасці» (глыбокае ўсёпаглынальнае пачуццё ўласнай фіз. ці псіхал. непаўнацэннасці ў параўнанні з інш. людзьмі) і «К. перавагі» (тэндэнцыя перабольшваць сваю асабістую значнасць). К.Г.Юнг у сваёй аналітычнай псіхалогіі лічыў К. своеасаблівым цэнтрам душэўнага жыцця кожнага чалавека, адносна аўтаномным псіхічным утварэннем, якое складаецца з разнастайных (найчасцей неўсвядомленых) эмоцый, пачуццяў і значна ўплывае на свядомасць і дзейнасць людзей. Нярэдка К. выклікаюць разнастайныя адхіленні ў паводзінах чалавека, што праяўляецца ў памылковых дзеяннях, у неўратычных рэакцыях, неадчэпных ідэях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНА́ЛЬНАСЦЬ ГЕАГРАФІ́ЧНАЯ,
1) на сушы — заканамерная і паслядоўная змена паясоў геаграфічных ад экватара да полюсаў (шыротная пояснасць), ад падножжа гор да вяршынь у залежнасці ад вышыні (вышынная пояснасць) і зон геаграфічных у межах гэтых паясоў. Шыротная пояснасць выклікана пераважна нераўнамерным размеркаваннем прамянёвай энергіі Сонца паводле геагр. шыраты. Вышынная пояснасць абумоўлена заканамерным для трапасферы паніжэннем т-ры (каля 0,6 °C на 100 м). У межах шыротнай і вышыннай пояснасці З.г. ўскладняецца мясц. адрозненнямі ва ўмовах увільгатнення, араграфічных і літалагічных асаблівасцей тэрыторыі, уздзеяннем цыркуляцый атмасферы і акіянічных цячэнняў. Найб. З.г. адлюстроўваецца ў занальнасці глеб, расліннасці, кліматычных асаблівасцей і інш. 2) У акіяне назіраецца менш выразная паверхневая (або шыротная), вертыкальная (або глыбінная да 1500—2000 м) і донная занальнасць. Найб. выразна З.г. шыротная праяўляецца да глыб. 100—150 м, дзе фарміруюцца асн. ўласцівасці Сусв.ак. пад уздзеяннем сонечнай энергіі. На фоне занальных назіраюцца прыродныя ўтварэнні азанальнага характару, якія могуць перасякаць некалькі зон (даліны рэк) або знаходзіцца ў розных зонах (балота і інш.) і пры гэтым захоўваць асабістыя ўласцівасці. Гл.арт.Азанальнасць, Азанальная расліннасць і інш.
ганаровае званне, якое прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь высокапрафес. работнікам органаў, устаноў і прадпрыемстваў сістэмы сац. абароны насельніцтва, што працуюць у гэтай галіне 15 і больш гадоў, за заслугі ў арганізацыі сац. дапамогі грамадзянам, іх пенсіённага забеспячэння, укараненні розных форм і відаў дабрачыннасці, развіцці навук. даследаванняў па найважнейшых кірунках сац. абароны насельніцтва. Устаноўлена 13.4.1995. У 1981—88 існавала званне засл. работнік сац. абароны Беларускай ССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.
Заслужаныя работнікі сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь