КАЛІ́НІН (Міхаіл Іванавіч) (19.11.1875, в. Верхняя Троіца Кашынскага р-на Цвярской вобл., Расія — 3.6.1946),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1944). Скончыў 4-класную школу (1889). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07 і Кастр. рэвалюцыі 1917. Старшыня ЦВК РСФСР (з 1919), ЦВКСССР (з 1922) і Прэзідыума Вярх. Савета СССР (з 1938). Чл.КПСС (з 1898), яе ЦК (з 1919) і Палітбюро ЦК (з 1926). Выконваў пераважна прадстаўнічыя функцыі. Неаднаразова быў у Беларусі, у т. л. 11.7.1935 на юбілейнай сесіі ЦВКБССР у Мінску ўручыў рэспубліцы ордэн Леніна. У Беларусі ў сав. час яго імем названы прадпрыемствы, калгасы, вуліцы; помнікі ў Мінску, Гомелі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІНО́ЎСКІ (Валяр’ян Валяр’янавіч) (15.2.1896, г. Астрахань, Расія — 23.10.1941),
бел. спявак (барытон). Засл. арт.Беларусі (1940). Скончыў Бел.муз. тэхнікум (1930), Бел. студыю оперы і балета (1933). Дэбютаваў у партыі Дадона ў студыйным спектаклі «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава (1931). У 1933—41 саліст Дзяж. т-ра оперы і балета Беларусі. Прыгожы голас, вак. майстэрства і сцэн. тэмперамент вылучылі яго ў лік вядучых майстроў першага пакалення бел. оперных артыстаў. Сярод партый: Змітрок («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Пан Длугошыц («У пушчах Палесся» А.Багатырова), Князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Анегін, Томскі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯ́ДКА (Мікалай Сяргеевіч) (н. 29.6.1952, г. Любань Мінскай вобл.). бел. дырыжор. Засл. дз. маст.Беларусі (1994). Скончыў Маскоўскі муз.-пед.ін-т імя Гнесіных (1975),
Літ. кансерваторыю (Вільнюс, 1985, клас Ю.Домаркаса). З 1979 дырыжор Нац.акад.т-ра оперы і балета Беларусі. Творчасці К. ўласцівы тонкае адчуванне муз. стыляў, рамантычная ўзнёсласць, эмацыянальнасць. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены балеты «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (1979, 1989), «Па-дэ-катр» Ц.Пуні (1981), оперы «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1986), «Баль-маскарад» Дж.Вердзі (1988), «Медыум» Дж.К.Меноці (1989), «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (1992), «Воўк і сямёра казлянят» А.Уладзігерава (1984). Дырыжыраваў таксама шматлікімі інш. операмі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАГО́Д, танок,
масавая нар. гульня, найб. пашыраная са стараж. часоў да пач. 20 ст. ў слав. народаў, у т. л. на Беларусі. Уключае танец, хар. спевы і элементы драм. дзеяння; драм. і танц. сцэны часцей за ўсё ілюструюць змест песні. К. бываюць адкрытыя і закрытыя, падвойныя і адзінарныя, павольныя і хуткія з прытанцоўваннем; іх удзельнікі трымаюцца за рукі, часам за рагі хустак. У бел. летапісах згадваюцца з 11 ст.Асн. сюжэты К. — выбар маладога і маладой, праводзіны ў войска, падзеі сямейнага жыцця і інш. У наш час на Беларусі карагодныя песні і танец звычайна выконваюцца прафес. і самадз.маст. калектывамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць на корм жывёле. Да іх належаць кармавыя травы, караняплоды (кармавыя буракі і морква, бручка, турнэпс), клубняплоды (кармавыя сарты бульбы, тапінамбур), зернефуражныя (авёс, ячмень, віка, гарох, пялюшка, кармавыя сарты лубіну), бахчавыя (гарбуз, кабачок, кавун) і сіласныя культуры.
Вырошчваюць у палявых і кармавых севазваротах, на лугах і пашы. Выкарыстоўваюцца свежыя (зялёная маса, пашавы корм) і прыгатаваныя (сена, сянаж, сілас, травяная мука, карм. гранулы, брыкеты, канцэнтраты). На Беларусі К.к. займаюць каля 40% пасяўной плошчы, сярод іх пераважаюць кармавыя травы, адна- і шматгадовыя злакавыя і бабовыя. На Пд і ў цэнтр.ч.Беларусі значныя плошчы займаюць пасевы кукурузы на сілас і зялёны корм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПЕ́НКА (Валерый Аляксандравіч) (н. 22.10.1944, г. Хабараўск, Расія),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1988). Скончыў БДУ (1967). З 1970 у Ін-це прыкладной оптыкі Нац.АНБеларусі. Навук. працы па электрадынаміцы і тэорыі аптычных хваляводаў. Распрацаваў эл.-магн. тэорыю танкаплёначных лазераў з улікам дыфракцыі хваль на тарцах рэзанатара, бескаардынатны метад рэдукцыі ўраўненняў электрадынамікі для неаднародных і анізатропных асяроддзяў. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.
Тв.:
О сведении уравнений Максвелла к системе двух скалярных уравнений второго порядка // Радиотехника и электроника. 1984. Т. 29, № 5;
О решении двухмерного стационарного уравнения Шредингера с потенциалом специального вида // Журн. технич. физики. 1996. Т. 66, № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСПО́РСКАЯ (Любоў Канстанцінаўна) (к. 25.10.1941, в. Локці Чэлябінскай вобл., Расія),
бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт.Беларусі (1978), нар.арт.Беларусі (1991). Скончыла Бел. кансерваторыю (1967, клас М.Людвіг). З 1978 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. З 1966 салістка Хору акадэмічнага Беларускага тэлебачання і радыё, выканала шматлікія партыі саліруючага сапрана ў буйных кантатна-аратарыяльных творах муз. класікі і бел. кампазітараў. У яе камерным рэпертуары значнае месца належыць творам бел. кампазітараў (упершыню выканала вак. цыклы «Дзявочыя песні» Г.Гарэлавай, «Вясёлыя дзіцячыя песні» С.Картэса, «Песні кахання» А.Мдывані, «Перайманне англійскіх балад» і «Незвычайная школа» Э.Тырманд і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАРАБІЁНТЫ [ад грэч. katharos чысты + біёнт(ы)],
катаробіі, арганізмы, якія жывуць у чыстых халодных прэсных водах з вял. колькасцю растворанага кіслароду. Характэрны для вадаёмаў, размешчаных у высакагорных або паўн. раёнах — некат. азёрах, хуткацякучых рэках і ручаях.
Відавы склад К. разнастайны, часта гэта рэліктавыя арганізмы, вельмі адчувальныя да якасці вады (некат. бурыя і чырв. водарасці, імхі, двухстворкавыя бруханогія малюскі; з ракападобных — нямногія віды цыклопаў, бакаплаваў; з насякомых — лічынкі некат. вяснянак і шыцікаў; з рыб — стронгі, харыусы, бычкі-падкаменшчыкі) Многія К. фауны Беларусі занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (вусач, рыбец, стронга ручаёвая, харыус звычайны; з ракападобных — бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая, понтапарэя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ БІЯХІ́МІЯ,
навука, якая вывучае структуры, уласцівасці і ўзаемадзеянне біял. макрамалекул з дапамогай сродкаў, уяўленняў і метадаў квантавай механікі.
Сфарміравалася ў 1950—60-я г. на стыку біяхіміі, біяфізікі і малекулярнай біялогіі. Асновы К.б. закладзены франц. вучонымі А.Пюльман і Б.Пюльманам, амер. Р.Рэйнам і І.Тынака, італьян. Э.Клеменці і інш. Выкарыстоўвае таксама метады квантавай хіміі, з іх дапамогай выяўлена прырода макраэргічнасці АТФ, кропкавых мутацый і інш.
На Беларусінавук. даследаванні па К.б. праводзяцца ў ін-тах фотабіялогіі, біяхіміі, біяарган. хіміі Нац.АНБеларусі, БДУ і інш. Вывучаюцца механізмы ферментнага каталізу, фотапераўтварэнняў, асаблівасці структур біяпалімераў, вядзецца пошук біялагічна актыўных рэчываў і мед. прэпаратаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛО́Ў (Мікалай Уладзіміравіч) (н. 29.4.1932, г. Беласток, Польшча),
бел. вучоны ў галіне здабычы карысных выкапняў і механікі сыпкіх асяроддзяў. Д-ртэхн.н. (1983), праф. (1984). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1980). Скончыў БПІ (1954), дзе і працаваў. З 1987 дырэктар Ін-та торфу АНБеларусі, з 1990 у БПА. Распрацаваў крытэрыі ацэнкі фіз.-мех. і аэрадынамічных уласцівасцей сыпкіх матэрыялаў, выявіў заканамернасць іх накіраванага перамяшчэння пад уздзеяннем вадкасцей і газаў. Даследаваў пытанні інтэнсіфікацыі тэхнал. працэсаў перапрацоўкі цвёрдых карысных выкапняў.
Тв.:
Аэродинамика измельченного торфа. Мн., 1987;
Гидроциклонное осветление воды. Мн., 1990 (разам з Ф.М.Санюкевічам);
Пневматический транспорт. Мн., 1998 (разам з Б.М.Хрусталёвым).