спявак (драм. тэнар) і педагог. Засл. дз. маст. Латвіі (1946) і Беларусі (1955). Праф. (1947). Вучыўся ў Мілане, дэбютаваў у П’ячэнцы (Італія, 1908). У 1907—18 саліст Марыінскага т-ра, дзе выканаў партыі Радамеса («Аіда» Дж.Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Германа («Пікавая дама» П.Чайкоўскага) і інш. З 1920 жыў пераважна ў Рызе (да 1946 саліст оперы, да 1950 педагог кансерваторыі). У 1950—59 вёў клас сольных спеваў у Бел. кансерваторыі. Сярод яго вучняў М.Ворвулеў, В.Глушакоў, М.Зюванаў, Р.Асіпенка, М.Дружына, П.Дружына, А.Самарадаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВА́РДЗІ, Гуардзі (Guardi) Франчэска (хрышчаны 5.10.1712, г. Венецыя, Італія — 1.1.1793), італьянскі жывапісец, пейзажыст. Прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Знаходзячы натхненне ў простых матывах паўсядзённага жыцця горада, яго залітых сонейкам дворыках, каналах, шматлюдных набярэжных, Гвардзі стварыў новы тып пейзажу, адзначанага паэтычнасцю зрокавых уражанняў («Венецыянскі дворык», «Рыо дэі Мендыканці. Венецыя», «Архітэктурная фантазія» і інш.). Яго жывапісная манера вызначаецца віртуознасцю, мігатлівасцю колеравых плям, якія тонка імітуюць рух паветра і святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІ́ДА д’АРЭ́ЦА, Гвіда Арэцінскі (Guido d’Arezzo; каля 992, г. Арэца, Італія — 17.5.1050?),
італьянскі муз. тэарэтык; адзін з рэфарматараў у галіне муз. практыкі сярэдневякоўя. Адукацыю атрымаў у манастыры Пампоза (каля г. Ферара). Каля 1025 стаў манахам бенедыкцінскага манастыра ў г. Арэца (вобл. Таскана), кіраваў дзіцячым хорам кафедральнай школы. Увёў у карыстанне 4-лінейны нотны стан, чым заклаў асновы сучаснай натацыі. Тэарэтычна абгрунтаваў сістэму гексахорда (6-ступенны дыятанічны гукарад) — аснову сальмізацыі, што палегчыла спевакам дакладнае выкананне нотнага запісу. З 1952 у г. Арэца праводзяць Міжнар. конкурс хар. калектываў імя Г. д’А. («Паліфоніка»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭНТЫЛЕ́СКІ ((Gentileschi) Арацыо) (сапр.Ломі; Lomi; хрышчаны 9.7.1563, г. Піза, Італія — 7.2.1638),
італьянскі жывапісец; адзін з прадстаўнікоў італьян.караваджызму. Брат і вучань мастака-маньерыста А.Ломі. З 1576 працаваў у Рыме, а таксама ў Генуі, Турыне, Парыжы, з 1626 — у Лондане, пры двары Карла I. Творам Дж. (у якіх выразна адчуваецца ўплыў ранняй творчасці М.Караваджа) уласцівы лірычная сузіральнасць, свабода кампазіцыйных рашэнняў, тонкасць святлоценявых пераходаў і вытанчанасць светлавога каларыту («Св. Цэцылія»; «Благавешчанне», 1621—23; «Лютністка» і інш.).
А.Джэнтылескі. Давід з галавой Галіяфа. Каля 1610.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́РМІ ((Germi) П’етра) (14.9.1914, г. Генуя, Італія — 5.12.1974),
італьянскі кінарэжысёр, акцёр, сцэнарыст. Скончыў Эксперым. кінацэнтр у Рыме. Сацыяльна-крытычныя фільмы «Аблудная моладзь» (1947), «У імя закону» (1949, у сав. пракаце «Пад небам Сіцыліі»), «Дарога надзеі» (1950), «Горад абараняецца» (1951), «Машыніст» (1956) і «Бесхарактарны мужчына» (1958, у апошніх сыграў гал. ролі) паставілі Дж. ў лік найб. значных майстроў неарэалізму. Карысталіся поспехам яго сатыр. трагікамедыі пра сіцылійскія норавы: «Развод па-італьянску» (1961), «Спакушаная і пакінутая» (1964), «Альфрэда, Альфрэда» (1971) і вясёлая і гарэзлівая камедыя «Серафіна» (1969).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ СА́НТЫС ((De Santis) Джузепе) (н. 11.2.1917, г. Фонды, Італія),
італьянскі кінарэжысёр. Скончыў Рымскі ун-т (1939), вучыўся ў Рымскім кінацэнтры. У яго творчасці неарэалістычныя тэндэнцыі сац. драм «Трагічнае паляванне» (1947), «Горкі рыс» (1949), «Няма міру пад алівамі» (1950) па-мастацку пераканаўча раскрыліся ў фільме «Рым, 11 гадзін» (1952). Сярод інш. фільмаў: «Дайце мужа Ганне Дзакеа» (1953, у пракаце «Страчаныя мроі»), «Яны ішлі на Усход» (1964, сав.-італьян.), «Цэнны спецыяліст з забяспечанай будучыняй» (1972). У лепшых фільмах страснасць, рамантычная прыўзнятасць спалучаюцца з каларытнымі замалёўкамі нар. жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ВІК, Ібік (Ibykos),
грэчаскі паэт 2-й пал. 6 ст. да н.э. Родам з г. Рэджа-ды-Калабрыя (Італія). Некат. час жыў пры двары тырана Палікрата на в-ве Самас. Стваральнік хвалебнай і любоўнай лірыкі (энкаміі), урачыстай і харавой песні, якая ўхваляла не багоў, а людзей (падзяляюць на 7 кніг, захаваліся фрагменты каля 100 вершаў). Паводле падання, забіты разбойнікамі, якіх знайшлі дзякуючы жоравам. Легенда выкарыстана Ф.Шылерам у баладзе «Івікавы жоравы» (пер. на рус. мову В.Жукоўскага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЦЫ ((Corazzi) Антоніо) (16.12.1792, г. Ліворна, Італія — 26.4.1877),
польскі архітэктар; прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў АМ у Фларэнцыі (1810—16). Працаваў у Польшчы (1818—47), пераважна ў Варшаве. Аўтар планіроўкі плошчаў Тэатральнай і Банкаўскай, манум. грамадскіх будынкаў, якія ў многім вызначылі аблічча цэнтра польскай сталіцы: палац Сташыца (1820—23, цяпер АН), Вял.т-р (1825—32), Польскі банк (1828—30) і інш. Сярод інш. работ: сабор у Любліне (1821; перабудова касцёла езуітаў канца 16 ст.), гімназія ў Плоцку (1843).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТО́К ДАРО́ЖНЫ,
прычапная або самаходная машына для ўшчыльнення грунтоў, дарожных асноў і пакрыццяў стальнымі вальцамі (гладкімі, рабрыстымі, кулачковымі, крацістымі) ці апорнымі коламі на пнеўматычных шынах. Пашыраны таксама вібракаткі, у якіх акрамя статычнага дзеяння ўласнай вагі, выкарыстоўваецца ўшчыльняльнае дзеянне вібрацыі. Маса К.д. (часта павялічваецца баластам); самаходных ад 0,5 да 35 т, прычапных да 100 т. Выкарыстоўваюцца ў дарожным, чыгуначным, аэрадромным, гідратэхн. і інш. буд-ве. У Беларусі К.д. выпускаюць акцыянернае т-ва «Амкадор», машынабуд. прадпрыемства «Белдартэхніка».
І.І.Леановіч.
Каткі дарожныя вібрацыйныя: 1 — акцыянернага таварыства «Амкадор» (Беларусь); 2 — фірмы «Марыні» (Італія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я ЕЎРО́ПА»,
тайнае міжнар. аб’яднанне рэв.-дэмакр. арг-цый некаторых краін Еўропы ў 1834—36. Створана Дж.Мадзіні ў Швейцарыі ў крас. 1834 з мэтай спрыяння ўсталяванню рэсп. ладу ў еўрап. краінах. У аб’яднанне ўваходзілі пераважна паліт. эмігранты (рэспубліканцы розных кірункаў), якія прадстаўлялі тайныя саюзы «Маладая Італія», «Маладая Германія» і «Маладая Польшча». Асн. дзейнасць «М.Е.» была накіравана на стварэнне ва ўсіх краінах Еўропы рэсп. арг-цый: заснаваны саюзы «Маладая Францыя», «Маладая Іспанія», «Маладая Бельгія». У 1836 улады Швейцарыі выслалі з краіны членаў «М.Е.», што прывяло да спынення яе дзейнасці.