АДВАРО́ТНАЯ МА́ТРЫЦА квадратнай матрыцы A, матрыца B таго ж парадку, вызначаная так, што AB=BA=E, дзе E — адзінкавая матрыца. Існуе тады і толькі тады, калі дэтэрмінант |A| матрыцы A не роўны нулю, у гэтым выпадку адваротная матрыца адзіная і яе элементы bij знаходзяць па формуле bij = (−1)j + i   Mij |A| , дзе Mji — дадатковы мінор элемента aji матрыцы A.

т. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́ДНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

ураўненне, якое не змяняе свайго выгляду пры адначасовым множанні ўсіх (або толькі некаторых) пераменных на адзін і той жа адвольны лік. Ураўненне можа быць аднародным і ў адносінах да адпаведных пераменных, напр., xy + yz + zx = 0 — аднароднае ўраўненне ў адносінах да ўсіх пераменных, ураўненне y + ln(x/z) + 5 = 0 — да х і z. Левая частка аднароднага ўраўнення з’яўляецца аднароднай функцыяй.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАРО́Т (вярчэнне) у геаметрыі, від руху, пры якім хоць адзін пункт прасторы застаецца нерухомы. Пры авароце на плоскасці ёсць толькі адзін нерухомы пункт — цэнтр авароту; пры авароце ў прасторы ёсць адна нерухомая прамая — вось авароту. Кожны рух у прасторы, які адрозніваецца ад зруху і люстранога адбіцця, можна атрымаць шляхам авароту вакол некаторай (імгненнай) восі і наступнага зруху ўздоўж гэтай восі (вінтавы рух).

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАТАЛІ́ЗМ (ад гетэра... + грэч. thallos галінка, атожылак),

раздзельнаполавасць у ніжэйшых раслін, якая выяўляецца ў фізіял. і генет. адрозніванні полаў без марфал. розніцы мужчынскіх і жаночых асобін. Выяўлены ў мукоравых грыбоў (1904). Пры гетэраталізме ў апладненні ўдзельнічаюць толькі клеткі, якія адрозніваюцца па вызначаных фактарах несумяшчальнасці і ўтвораныя на розных таломах. Часта тэрмін «гетэраталізм» выкарыстоўваюць шырэй — раздзельнаполавасць усіх раслін. Гл. таксама Гоматалізм.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАБІЁНТЫ [ад гідра... + біёнт(ы)],

расліны, жывёлы і мікраарганізмы, якія насяляюць марскія і мацерыковыя вадаёмы. Да гідрабіёнтаў адносяць таксама арганізмы, што праводзяць у вадзе толькі частку жыццёвага цыкла, — лічынкі і інш. арганізмы з воднай фазай развіцця. Напр., апалонікі і лічынкі стракоз — гідрабіёнты, а дарослыя жабы і стракозы — аэрабіёнты. Гідрабіёнты іншы раз падзяляюць на марынабіёнтаў, якія жывуць у акіяне, і аквабіёнтаў, якія насяляюць прэсныя вадаёмы.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА, Уэд-Дра,

рака на ПнЗ Афрыкі, у Марока. Даўж. каля 1150 км, пл. бас. 15,1 тыс. км². Пачынаецца на паўд. схіле Высокага Атласа вытокамі Дадэ і Іміні, цячэ па зах. ускраіне Сахары. Упадае ў Атлантычны ак. толькі ў час паводкі, калі растаюць снягі ў гарах. Пастаяннае цячэнне ў гарах (каля 200 км), ніжэй воды ракі выкарыстоўваюцца на арашэнне. Даліна Д. густа населена.

т. 6, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЬТАНІ́ЗМ,

прыроджанае расстройства каляровага зроку. Апісаны англ. фізікам Дж.Дальтанам у 1794. Бывае ў 8% мужчын і 0,5% жанчын; звязаны з адсутнасцю ці недастатковым функцыянаваннем аднаго з трох кампанентаў каляровага зроку. Распазнаюць Д. з дапамогай спец. (поліхраматычных) табліц і спектральных прылад (анамаласкопаў). Людзей з Д. не дапускаюць працаваць на транспарце, у авіяцыі і інш. (яны адрозніваюць у спектры толькі 2 колеры — жоўты і сіні).

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖА́РМА,

шматпластавое паселішча эпохі неаліту (каля 6,5—5 тыс. г. да н.э.) у Паўн. Іраку. Выяўлены глінабітныя прамавугольныя жытлы, часам на каменных падмурках. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства (пшаніца, ячмень) і жывёлагадоўля (козы). Знойдзены каменныя прылады працы, гліняныя статуэткі жывёлін і жанчын, керамічны посуд толькі ў верхніх культ. пластах. Дж. — адзін з найб. стараж. у свеце помнікаў вытворнай гаспадаркі.

А.​В.​Іоў.

т. 6, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́ЛЫ МІЖНАРО́ДНЫЯміжнар. праве),

штучныя марскія шляхі, якія звязваюць марскія прасторы і выкарыстоўваюцца для міжнар. суднаходства. Знаходзяцца пад суверэнітэтам той дзяржавы, на тэрыторыі якой размешчаны. Рэжым плавання праз К.м. рэгулюецца міжнар. пагадненнямі (напр., Панамскі, Суэцкі каналы) або толькі ўнутр. правам тэр. суверэна (Кільскі канал). Аднак ва ўсіх выпадках прававы рэжым канала, які прызнаны ў якасці міжнароднага, павінен улічваць інтарэсы міжнар. суднаходства.

т. 7, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ВЯЗЬ,

ніжняя, расшыраная частка песціка ў кветцы раслін, складаецца з аднаго ці некалькіх пладалісцікаў, мае семязавязь і дыферэнцыруецца ў плод. У залежнасці ад узаемаразмяшчэння З. і інш. частак кветкі адрозніваюць верхнюю (размяшчаецца свабодна на кветаложы, утворана толькі пладалісцікамі, напр., у люцікавых і злакаў), ніжнюю (цалкам абрастае тканкамі кветкавай трубкі або кветаложа, напр., у складанакветных, архідных, кактусавых) і прамежкавую (напр., у каменяломнікавых).

т. 6, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)