ЗА́ВЯЗЬ,

ніжняя, расшыраная частка песціка ў кветцы раслін, складаецца з аднаго ці некалькіх пладалісцікаў, мае семязавязь і дыферэнцыруецца ў плод. У залежнасці ад узаемаразмяшчэння З. і інш. частак кветкі адрозніваюць верхнюю (размяшчаецца свабодна на кветаложы, утворана толькі пладалісцікамі, напр., у люцікавых і злакаў), ніжнюю (цалкам абрастае тканкамі кветкавай трубкі або кветаложа, напр., у складанакветных, архідных, кактусавых) і прамежкавую (напр., у каменяломнікавых).

т. 6, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)