ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЯ ШКО́ЛА ў музыцы,
кірунак у муз. мастацтве Італіі 16 — пач. 18 ст. 1) Поліфанічная школа. Склалася ў Венецыі ў 16—17 ст. Заснавальнік А.Віларт, гал. Прадстаўнікі А. і Дж.Габрыелі, з ёй звязана дзейнасць Дж.Царліна. Майстры Венецыянскай школы аб’ядналі дасягненні нідэрландскай школы і італьян. муз. традыцыі, стварылі манум.-дэкар. стыль вак. поліфаніі, адметны маляўнічасцю, пышнасцю, паўнатой гучання. У іх творчасці набылі дасканаласць жанры мадрыгала і канцоны, мнагахорных канцэртаў і месаў, арганнага рычэркара, такаты і інш. Венецыянская школа ўплывала на фарміраванне мадрыгальнай камедыі і опернай арыі.
2) Оперная школа 17 — пач. 18 ст. Яе традыцыі закладзены ў позніх творах К.Мантэвердзі. Сярод прадстаўнікоў — Ф.Кавалі, А.Чэсці, А.Вівальдзі, Дж.Легрэнцы, Б.Галупі. Надзвычайная раскоша іх оперных пастановак — класічнае выяўленне італьян. муз. барока. У 1637 у Венецыі адкрыты першы публ. оперны т-р «Сан-Касіяна».
т. 4, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́БЕЛЬ ((Hebbel) Крысціян Фрыдрых) (18.3.1813, Весельбурэн, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 13.12.1863),
нямецкі драматург, паэт і празаік. Вывучаў права, філасофію, л-ру ў Гайдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах (1836—39). У аснове яго драматургіі метафізічная канцэпцыя ўсеагульнай віны чалавека, які толькі пакутамі і ахвярнасцю, блізкімі да самазнішчэння, можа наблізіць выратаванне свету. Вядомасць Гебелю прынесла ўжо першая п’еса «Юдзіф» (1840). П’еса «Марыя Магдаліна» (1844) паклала пачатак сучаснай мяшчанскай трагедыі. Сярод лепшых яго твораў «Ірад і Марыямна» (1850), «Агнеса Бернаўэр» (1851), «Гіг і яго пярсцёнак» (1856), трылогія «Нібелунгі» (1862), дзе аўтар імкнуўся праз старажытнае і легендарнае спасцігнуць сучаснасць. Пісаў таксама вершы, навелы. Свае эстэт.-філас. погляды выклаў у працах «Маё слова пра драму» (1843), «Пра стыль драмы» (1847) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1978.
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ ФУ (712, каля г. Сіянь, Кітай — 770),
кітайскі паэт. Шмат вандраваў па Кітаі з Гао Шы і Лі Бо (сяброўства з якім у многім вызначыла яго далейшы творчы лёс). З 746 жыў у сталіцы Чан’ані. У творчасці гэтага перыяду пераважалі тэмы нар. пакут, спагады беднякам, выкрыцця тых, хто прагнуў вайны: «Песня пра баявыя калясніцы», «З сталіцы ў Фэнсянь». У час антыўрадавага мяцяжу ў 756 пакінуў сталіцу, жыў на чужыне. У творах таго часу пачуццё болі за свой народ і краіну («Вёска Цянцунь», цыклы вершаў «Тры чыноўнікі» і «Тры расстанні»). З 759 жыў у Чэнду, напісаў каля 1000 вершаў, у цэнтры якіх — імкненне ахвяраваць сабой дзеля людзей. Стыль Д. адметны яснасцю, акварэльнай празрыстасцю.
Тв.:
Рус. пер. — Стихотворения. М.; Л., 1962.
Літ.:
Серебряков Е.А. Ду Фу. М., 1958.
Г.В.Сініла.
т. 6, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕПТЫ́ЗМ (ісп. conceptismo ад concepto паняцце, думка),
адна з 2 асн. школ ісп. барока (разам з гангарызмам), пачатак якой паклаў ісп. паэт А. дэ Ледэсма Буйтрага («Духоўныя кансепты», 1600). Тэарэтычна абгрунтаваны ў эстэт. трактаце Б.Грасіяна-і-Маралеса. У аснове К. раскрыццё ўсёй складанасці, парадаксальнасці, шматасацыятыўнасці думкі. Паслядоўнікі К. займаліся пошукамі глыбінных і нечаканых сувязей паміж далёкімі прадметамі, з’явамі, паняццямі, імкнуліся да выяўлення парадаксальных заканамернасцей быцця, макс. выразнасці і сэнсавай насычанасці выказвання. Гэта абумовіла шматзначнасць слова, каламбуры, разбурэнне фразеалагізмаў, ужыванне іх у незвычайным кантэксце, метафары-кансепты, апрадмечванне метафар і ідыём. Стыль К. атрымаў назву «цяжкага стылю». Найб. поўна выявіўся ў т. зв. шахрайскім рамане Ф.Кеведа-і-Вільегаса і Л.Велеса дэ Гевары, спрыяў стварэнню гратэскна-сатыр., фантасмагарычнай карціны ісп. рэчаіснасці.
Літ.:
Гл. пры арт. Гангарызм.
Г.В.Сініла.
т. 7, с. 590
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЦЦЯ́,
1) у беларусаў і інш. слав. народаў абрадавая страва; каша з ячных круп, радзей з пшанічных зярнят. Гатуюць для жалобнага стала па нябожчыку (памінкі), а таксама на Дзяды, Радаўніцу і інш. памінальныя дні. Спажывалі астуджанай з сытой або алеем.
2) Традыц. абрадавая страва на Каляды ў славян і інш. народаў; каша з тоўчаных ячных круп (у некат. народаў з зярнят пшаніцы); вячэра напярэдадні Каляд (посная К.), Новага года (стары стыль, багатая або скаромная К.) і перад Вадохрышчам (посная К.). На ўсе тры К. кашу варылі ў адным і тым жа гаршку і з аднолькавай колькасці круп. Звараную К. перад заходам сонца ставілі на покуці. К., якую варылі з цэлых зярнят, была сімвалам вечнасці жыцця. Вял. значэнне надавалася прыкметам, варажбе. Трапляецца і ў наш час.
т. 9, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАПАЛІТА́НСКАЯ О́ПЕРНАЯ ШКО́ЛА,
італьянская оперная школа і стылявы кірунак у 18 ст. Узнікла ў Неапалі. Заснавальнік — А.Скарлаці, першы найб. значны прадстаўнік — Ф.Правенцале. Н.о.ш. абагульніла дасягненні італьян. оперы 17 ст. Вял. значэнне для яе фарміравання мелі традыцыі быт. неапалітанскай музыкі і дзейнасць кансерваторый Неапаля, якія падрыхтавалі многіх спевакоў-віртуозаў. У Н.о.ш. склаліся арыстакратычны жанр оперы-серыя (Скарлаці, Л.Вінчы, Н.Порпара, Л.Леа, Н.Іамелі, Т.Траэта) і дэмакр. жанр оперы-буфа (Дж.Б.Пергалезі, Н.Пічыні, Дж.Паізіела, Д.Чымароза). Сярод лібрэтыстаў — паэты і драматургі А.Дзена і П.Метастазіо. Вял. ролю ў ёй адыгралі кантыленныя і віртуозныя сольныя спевы, выкрышталізаваліся формы опернай арыі, італьян. опернай уверцюры, тыпы рэчытатыву, устанавіліся традыцыі выкарыстання аркестра ў оперы. Стыль Н.о.ш. паўплываў на еўрап. музыку.
Літ.:
Гл. пры арт. Опера.
т. 11, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́СТАН [Piston; сапр. Пістоне (Pistone) Уолтэр Хеймар; 20.1.1894, г. Рокленд, штат Мэн, ЗША — 12.11.1976],
амерыканскі кампазітар, педагог. Па паходжанні італьянец. Чл. Нац. ін-та (з 1938) і Нац. акадэміі мастацтваў і л-ры (з 1955), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (з 1940). Скончыў Гарвардскі ун-т (1924), з 1926 выкладаў у ім (з 1944 праф.). Вучань Н.Буланжэ. У аркестравых творах адчуваюцца ўплывы І.Стравінскага, франц. неакласіцызму, Г.Фарэ і М.Равеля. Стыль яго муз. твораў вылучаўся поліфанічнай распрацаванасцю, рытмічнай вастрынёй (выкарыстоўваў элементы джазу). Сярод твораў: балет «Фантастычны флейтыст» (паст. 1938); 8 сімфоній (1937—65), Святочная уверцюра для Лінкальн-цэнтра (1967), сімф. сюіты; 7 інстр. канцэртаў; камерна-інстр. ансамблі, п’есы. Сярод вучняў Л.Бернстайн і інш. Аўтар кніг па гармоніі, поліфаніі, аркестроўцы. Пуліцэраўскія прэміі 1948, 1961.
т. 12, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПЕ́РЦЫЙ (Секст) (Sextus Propertius; каля 50 да н.э., г. Асізі, Італія — каля 15 да н.э.),
рымскі паэт. Вучыўся ў Рыме. Належаў да гуртка Гая Мецэната. Выдаў 4 кнігі элегій (28—16 да н.э.), у якіх па-майстэрску адлюстраваў дыялектыку любоўнай страсці. Большасць з іх прысвяціў сваёй каханай Кінфіі (сапр. Гостыя). Узбагаціў жанр рым. элегіі новымі тэмамі. У «вучоных» элегіях, напісаных на ўзор Калімаха, звяртаўся да нац. рым. сюжэтаў, тлумачыў паходжанне рэліг. культаў, звычаяў, помнікаў. Выкарыстаў міфы як сродак паэтызацыі. Мова П. сціслая і цяжкая, стыль вызначаецца патэтычнасцю і выразнасцю.
Тв.:
Рус. пер. — у кн.: Валерый Катулл;
Альбий Тибулл;
Секст Проперций. М., 1963;
У кн.: Античная лирика. М., 1968.
Літ.:
Савельева Л.И. Идеал и действительность в творчестве Тибулла и Проперция // Античность и современность. М., 1972.
С.Дз.Малюковіч.
т. 13, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАСА́ТЭ, Сарасатэ-і-Наваскуэс (Sarasate у Navascuéz) Пабла дэ (Пабла Марцін Мелітан; 10.3.1844, г. Памплона, Іспанія — 20.9.1908), іспанскі скрыпач, кампазітар; адзін з найбуйнейшых скрыпачоў-віртуозаў. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1857). З 1859 вёў гастрольную дзейнасць. У канцы 1860-х г. арганізаваў стр. квартэт у Парыжы, з якім канцэртаваў у многіх краінах, у т. л. ў Расіі (з 1869). Іграў у ансамблях з піяністамі А.Р. і М.Р. Рубінштэйнамі, скрыпачамі Г.Вяняўскім і Л.Аўэрам, віяланчэлістамі К.Давыдавым і А.Вержбіловічам. У Парыжы быў пастаянным удзельнікам т.зв. чацвяргоў у І.Тургенева. З вял. поспехам выконваў асабістыя творы, у якіх яскрава праявіўся нац. стыль. Аўтар твораў для скрыпкі з фп., у т. л. «Арагонская хота», канцэртнай фантазіі на тэмы класічных опер і інш. Каралевай Ізабелай быў узнагароджаны адной з лепшых скрыпак А.Страдывары.
т. 14, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЎРУКО́Ў (Мікалай Іванавіч) (н. 28.6.1947, г. Дальні, Кітай),
бел. баяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1983). Праф. (1990). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1971). З 1966 выкладчык муз. школы ў Ленінградзе, з 1972 — Мінскага муз. вучылішча імя М.Глінкі, з 1973 саліст Бел. філармоніі, адначасова выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1981 заг. кафедры). Яго выканальніцкі стыль адметны глыбокім пранікненнем у аўтарскую задуму, віртуозным валоданнем інструментам, раскрываючы яго тэхн. і тэмбравыя магчымасці. У рэпертуары творы кампазітараў-класікаў (у пералажэннях) і сучасных аўтараў, у т. л. бел. Я.Глебава, В.Войціка, В.Іванова, В.Помазава, Л.Шлег і інш. Лаўрэат Міжнар. конкурсу баяністаў у ГДР (1971). Пра творчасць С. зняты тэлефільм «Іграе Мікола Сеўрукоў». Сярод вучняў Б.Біёчыч, Г.Вінаградскі, І.Квашэвіч, А.Мацкевіч, Н.Слюсар, Ю.Тарасёнак.
І.М.Шмелькіна.
т. 14, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)