1) сродак для ўзбуджэння выбуху разрыўнога зараду інж.мін і ручных гранат. Складаецца з капсуля-запальніка і капсуля-дэтанатара, размешчаных у метал. (часам пластмасавай) гільзе. З. асколачных ручных гранат уключае таксама парахавы запавольнік і ўдарны механізм для ўзбуджэння гарэння капсуля-запальніка.
2) Прыстасаванне для ініцыіравання выбуху выбуховага рэчыва з дапамогай эл. току (т.зв. мінны З., цяпер наз.электрадэтанатарам).
3) Адтуліна ў казённай частцы артыл. гарматы 15—17 ст., запоўненая порахам для запальвання кідальнага зарада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАПСО́НІЯ (ад мана... + грэч. opsōnia закупка прадуктаў),
сітуацыя на рынку, калі аднаму пакупніку процістаіць вял. колькасць прадаўцоў. Ва ўмовах збалансаванага, насычанага таварамі рынку М. можа прыводзіць да негатыўных вынікаў: штучнае заніжэнне цэн буйнейшым спажыўцом на сыравіну, матэрыялы, паўфабрыкаты, якія ён купляе, навязванне контрагенту неспрыяльных умоў дагавораў і інш. Такія дзеянні прадпрыемстваў-манапсаністаў праследуюцца антыманапольным заканадаўствам. Найб. тыповае праяўленне М. — дзяржаўная М., калі адзіным пакупніком якой-н. прадукцыі (напр., узбраення) з’яўляецца дзяржава. Дзярж. М. часта выкарыстоўваецца як сродак падтрымкі некаторых галін (напр., сельскай гаспадаркі), прадукцыю якіх дзяржава купляе па цвёрдых цэнах. Гл. таксама Манаполія, Алігаполія, Алігапсонія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТО́Н (франц. ponton ад лац. pons мост),
1) прасцейшы плывучы сродак, што выкарыстоўваецца ў пантонных парках у якасці плывучых апор наплаўных мастоў або паромаў, а таксама для падтрымання на вадзе розных устройстваў (докаў, пад’ёмных кранаў, прычалаў, землечарпалак і інш.) ці правядзення караблёў з глыбокай асадкай па мелкаводным фарватэры. П. бываюць адкрытыя і закрытыя (з палубай), самаходныя і тыя, якія буксіруюцца. Робяць П. з дрэва, металу, пластмасы, прагумаванай тканіны, жалезабетону.
2) Метал. або тканінныя ёмістасці, якія выкарыстоўваюцца для пад’ёму патанулых суднаў (прадметаў). П. ўпершыню пачалі выкарыстоўваць у пач. 17 ст. ў галандскай арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРЭ́СТУП, брыёнія (Bryonia),
род кветкавых раслін сям. гарбузовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і, Зах. і Сярэдняй Азіі, на Каўказе.
На Беларусі 2 віды П.: белы (B. alba) і двухдомны (B. dioica). Вырошчваюцца ў садах, агародах; часта дзічэюць.
Шматгадовыя травы з клубнепадобнымі каранямі і пераважна лазячымі (да апоры прымацоўваюцца вусікамі) сцёбламі. Лісце 5-лопасцевае або глыбокараздзельнае, часам суцэльнае. Кветкі аднаполыя, дыяметрам да 1,5 см, правільныя, зеленавата-жоўтыя, у пазушных суквеццях. Плод — шарападобная ягада. П. белы і двухдомны — ядавітыя, карані выкарыстоўваюцца як лек.сродак. Інсектыцыдныя, фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАТАНІ́Н (ад лац. serum сываратка + грэч. tonos напружанне),
біялагічна актыўнае рэчыва, адзін з медыятараўнерв. сістэмы. Удзельнічае ў перадачы нерв. імпульсаў, садзейнічае надыходу сну, прыгнечвае болевую адчувальнасць, зніжае т-ру цела, выклікае скарачэнне гладкіх мышцаў, павялічвае згусальнасць крыві, валодае радыеахоўнымі ўласцівасцямі і інш. Прысутнічае ў тканках большасці жывёл і раслін (шмат у бананах, ананасах).
У млекакормячых і чалавека да 90% С. ўтрымліваецца ў кішэчніку, ёсць таксама ў трамбацытах, гіпаталамусе, эпіфізе. Недахоп С. ў мозгу адзначаецца пры дэпрэсіях, эпілепсіі і інш., лішак прыводзіць да спазмы бронхаў, боляў у жываце. У медыцыне выкарыстоўваюць як кроваспыняльны сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГМАТЫ́ЗМ [ад грэч. pragma (pragmatos) справа, дзеянне],
філасофскае вучэнне, якое вызначае значнасць тэарэт. ведаў на аснове іх практычных вынікаў. Узнік у 1870-я г. ў ЗША як «рэканструкцыя ў філасофіі», як метад вырашэння філас. спрэчак, пераадоленне абстрактнасці і сузіральнасці (Ч.Пірс). Філас. дактрыну П. распрацоўвалі У.Джэмс, Дж.Дзьюі, Дж.Мід, С.Хук, К.І.Льюіс, Ф.К.Шылер і інш. У канцы 1890-х г. ідэі П. былі пашыраны ў ЗША як сродак вырашэння лагічных праблем і практычных спраў. Па сваёй сутнасці П. прымыкае да традыцыі ідэаліст.эмпірызму. Ён атаясамлівае ўсю рэальнасць, што акружае чалавека, з вопытам, які трактуецца як змест свядомасці або «паток свядомасці» (Джэмс). Аб’екты пазнання, паводле П., не існуюць незалежна ад свядомасці. Яны фарміруюцца пазнавальнымі намаганнямі ў працэсе вырашэння практычных задач; мысленне — сродак для прыстасавання арганізма да асяроддзя з мэтай паспяховага дзеяння. Функцыя думкі — у пераадоленні сумнення, якое з’яўляецца перашкодай для дзеяння (Пірс), у выбары сродкаў, неабходных для дасягнення мэты (Джэмс) або для вырашэння праблематычнай сітуацыі (Дзьюі). Ідэі, паняцці, тэорыі — толькі інструменты, прылады, або планы дзеяння. Традыцыйнае для папярэдняй філасофіі проціпастаўленне ведаў і няведання ў П. змянілася проціпастаўленнем упэўненасці і сумніўнасці. Пры гэтым сумненне і ўпэўненасць тычацца магчымасці вынікаў дзеяння, а не зместу ведаў. Адпаведна і ісціннасць вызначаецца як працаздольнасць ідэі. У філасофіі П. з’яўляецца адзіным крытэрыем праўдзівасці ідэй і самім зместам паняцця ісціны. Цікавасць да П. пачала ўзмацняцца з канца 1960-х г.; робяцца спробы зблізіць П. з сучаснай логікай і метадалогіяй навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБО́К, бабоўнік, трыфоль,
трыліснік (Menyanthes),
род кветкавых раслін сям. бабковых. Уключае 1 від — бабок трохлісты ((Menyanthes trifoliata). Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца на нізінных і сфагнавых балотах, па забалочаных берагах рэк, азёраў, канаў, утварае зараснікі.
Шматгадовая травяністая расліна выш. 20—35 см з тоўстым, доўгім, паўзучым карэнішчам. Лісце трайчастае, суцэльнакрайняе, чаргаванае, прыкаранёвае, на доўгіх чаранках. Кветаноснае сцябло бязлістае, бакавое. Кветкі двухполыя, бледна-ружовыя або белыя, духмяныя, з нектарнікамі, у густых прамастойных гронках. Плод — акруглая каробачка. Лек. (жаўцягонны сродак і ўзбуджальнік апетыту), фарбавальная, меданосная і дэкар. расліна, мае гліказіды меніянцін, меліянцін, алкалоід генцыянін, вітамін C, дубільныя рэчывы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНЕ́Ц (Huperzia),
род дзярэзаў сям. баранцовых. Каля 150 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі зрэдку трапляецца баранец звычайны (Huperzia selago). Расце невял. групамі ў старых яловых і шыракаліста-яловых лясах, арэшніках і чорнаалешніках. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Шматгадовазялёная дзераза выш. 10—15 см. Спарафіт, утварае шчыльныя курціны з двойчы-чатырохразова вільчакова-разгалінаваных прамых ці ўзыходных сцяблоў, укрытых, як чарапіцай, дробным ланцэтным лісцем. Спарангіі жоўтыя, аднагнездавыя, ныркападобныя, на кароткіх ножках у пазухах спарафілаў. Спараносіць у ліп.—жніўні. Споры вельмі дробныя (каля 30 мкм). Зарастак (гаметафіт) цыліндрычны, радыяльна-сіметрычны. Лек. (мае алкалоіды, сродак ад алкагалізму і курэння), фарбавальная, інсектыцыдная і дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРВЕ́НАК (Vinca),
род кветкавых раслін сям. кутровых. 7 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 1 здзічэлы — барвенак малы (Vinca minor), які расце на старых могілках, у садах і парках, і 2 інтрадукаваныя віды — барвенак травяністы (Vinca herbaces) і барвенак вялікі (Vinca major).
Невялікія шматгадовазялёныя ці лістападныя травяністыя расліны і паўкусты з ляжачымі або прыўзнятымі сцёбламі даўж. да 1 м, якія лёгка ўкараняюцца. Лісце супраціўнае, эліпсоіднае або яйцападобнае, на кароткіх чаранках. Кветкі сінія, фіялетавыя, ружовыя або белыя, адзіночныя ў пазухах лісця. Плод — 2-цыліндрычная шматнасенная лістоўка. Дэкар., лек. (гіпатэнзіўны і вяжучы сродак) і ядавітыя (маюць алкалоіды вінкамін, пубесцын, мінарын) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЁКАТ (Hyoscyamus),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы, на Канарскіх і Азорскіх а-вах. На Беларусі на сметніках і пустках, каля жылля і дарог зрэдку трапляецца блёкат чорны (H. niger).
Адна- і двухгадовыя густаапушаныя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і непрыемным пахам. Сцябло клейкае ад залозістых валаскоў. Лісце чаргаванае, падоўжана-яйцападобнае, лопасцевае або буйназубчастае, прыкаранёвае звычайна ў разетцы. Кветкі двухполыя, лейкападобныя, у канцавых аблісцелых завітках. Плод — двухгнездавая каробачка. Лек. (спазмалітычны і болепатольны сродак, лісце ўваходзіць у састаў прэпаратаў асматол і аэрон) і ядавітыя расліны, маюць алкалоіды групы атрапіну — атрапін, скапаламін, гіясцыямін (найб. у насенні), тлусты і эфірны алей.