персанаж чарадзейных усх.-слав. казак. Падобна на Ендзі-бабу польскіх, Ежы-бабу чэшскіх, Гіндзі-бабу славацкіх казак, мае агульныя рысы з героямі казак інш. народаў. Каларытны вобраз Бабы-Ягі на касцяной назе: яна лётае на ступе, паганяючы памялом, жыве ў лясной хатцы на курынай ножцы, якая паварочваецца, калі сказаць магічныя словы. Ён складваўся на працягу эпох і ўвабраў у сябе ўяўленні аб пачынальніцы мацярынскага роду, царстве мёртвых, абрадзе ініцыяцый. Паступова зліўся з вобразам злой варажбіткі, ведзьмы і стаў служыць яго заменай. У некат. казках Баба-Яга выступае як дарадчыца героя, якому памагае. Аднак часцей яна — пярэварацень, злая варажбітка, выкрадальніца-людаедка.
адна з варыяцыйных формаў у музыцы, заснаваная на шматразовым паўтарэнні ў басовым (ніжнім) голасе нязменнай мелодыка-рытмічнай фігуры-тэмы пры гарманічным і поліфанічным развіцці ў верхніх галасах, якія пастаянна абнаўляюцца. Форма баса астынаты служыць стварэнню адзінага муз. вобраза, увасабленню адзінага настрою. Выкарыстоўваўся ў арыях і харах 17—18 ст. як ніжні голас суправаджэння (Г.Пёрсел, І.С.Бах), у інстр. формах тыпу пасакаллі і чаконы. У музыцы 19—20 ст. астынатнасць выйшла за рамкі баса астынаты і стала адным з асн. формаўтваральных прынцыпаў муз. мовы (Дз.Шастаковіч, І.Стравінскі, П.Хіндэміт і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІТЭРА́ЦЫЯ (ад лац. ad да, пры + littera літара),
адзін са спосабаў гукавой арганізацыі маўлення, паўтарэнне аднолькавых або падобных зычных гукаў. Словы, звязаныя алітэрацыяй, вылучаюцца ў моўнай плыні, набываюць пэўную інтанацыйную значнасць. Як стыліст. прыём алітэрацыі выкарыстоўваецца з даўніх часоў у вуснапаэт. і літ. разнавіднасцях маст. мовы (пераважна ў паэзіі).
На алітэрацыі пабудаваны многія прыказкі і прымаўкі («Дружба дружбай, а служба службай»), скорагаворкі («Пекар Пётр пёк пірог»). Прасцейшы від алітэрацыі — гукаперайманне, але ў чыстым выглядзе яно выступае рэдка, часцей служыць першаасновай для далейшых гукавых асацыяцый («Шурхатала трава затоеным шэптам: «Ш-ш-ш... с-с-с...» З.Бядуля). Алітэрацыя звычайна спалучаецца з асанансам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЛАА́М (свецкае імя Шышацкі Рыгор; 1750, в. Красілаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 1821 ці 1823),
праваслаўны царк. дзеяч. Скончыў Пераяслаўскую духоўную семінарыю і Кіеўскую духоўную акадэмію. У 1776 прыняў манаства, у 1780—95 ігумен і архімандрыт манастыроў у Расіі, на бел. і літ. землях Рэчы Паспалітай. У 1793 памагаў мінскаму архіепіскапу Віктару (Садкоўскаму) вяртаць уніятаў да праваслаўя. З 1805 епіскап, з 1808 архіепіскап магілёўскі і віцебскі. У час вайны 1812 падтрымаў французаў, загадаў служыць набажэнствы за Напалеона. Пасля выгнання акупантаў прыцягнуты да адказнасці па справе аб здрадзе, у 1813 пазбаўлены сану і сасланы простым манахам у Ноўгарад-Северскі і Спаса-Праабражэнскі манастыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (лац. velaris ад velum заслона) у мовазнаўстве, дадатковая артыкуляцыя, якая выражаецца ў пад’ёме задняй часткі спінкі языка да мяккага паднябення. У бел. мове ў заднеязычных зычных «г», «к», «х» яна супадае з асноўнай артыкуляцыяй, таму іх называюць велярнымі; у шыпячых зычных яна не супадае з асноўнай артыкуляцыяй, збліжэннем языка з цвёрдым паднябеннем, таму іх называюць двухфокуснымі. Выразная велярызацыя ў гука «л», што робіць яго непадобным да невелярызаванага, т.зв. сярэднееўрапейскага l. Ва ўсіх астатніх цвёрдых зычных велярызацыя служыць для больш выразнага іх проціпастаўлення адпаведным мяккім палаталізаваным зычным (гл.Палаталізацыя). Акустычны эфект велярызацыі нагадвае эфект ад лабіялізацыі (агублення).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНАК,
матэрыяльны, пачуццёва ўспрымальны прадмет (з’ява, дзеянне), які выступае як прадстаўнік іншага прадмета, уласцівасці або адносін і выкарыстоўваецца для фіксавання, захоўвання, перапрацоўкі і перадачы інфармацыі. Адрозніваюць З. моўныя і нямоўныя (апошнія падзяляюцца на З.-копіі, З.-прыкметы, З.-сімвалы). Выконваюць гнасеалагічную (абазначае думку) і камунікатыўную (служыць сродкам зносін) функцыі. Разуменне З. немагчыма без высвятлення яго значэння: прадметнага, сэнсавага або экспрэсіўнага.
Гнасеалагічныя функцыі З. разглядалі ант. філосафы (Платон, Арыстоцель, стоікі), мысліцелі 17—18 ст. (Дж.Лок, Г.Лейбніц, Э.Кандыльяк). У 19 ст. новае ў даследаванні З. ўнеслі лінгвістыка і матэм. логіка. У 20 ст. склалася асобная навука пра З. — семіётыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЫЯЛЕ́КТ (ад грэч. idios свой, своеасаблівы + дыялект),
індывідуальная мова, мова асобы з індывідуальнымі, уласцівасцямі толькі ёй фармальнымі, семантычнымі і стылістычнымі асаблівасцямі; адна з самых істотных і адметных характарыстык чалавека. Тэрмін ужываецца побач з тэрмінамі дыялект, сацыялект, нацыялект і ўказвае на індывід. асаблівасці ў адрозненне ад тэр., сац., нац., прафес. асаблівасцей мовы. З’яўляецца аб’ектам вывучэння сацыя- і нейралінгвістыкі, псіхалогіі, паэтыкі, стылістыкі, крыміналістыкі, графалогіі, сцэн. майстэрства і інш. Асаблівае значэнне мае для відаў мастацтва, дзе маст. вобраз ствараецца пры дапамозе слова — маст.л-ра (аўтарскі стыль пісьменніка служыць яскравым сведчаннем індывід. моўнага майстэрства), тэатральнае мастацтва (індывідуалізаванае маўленне сцэн. герояў) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМЯ́ў цывільным праве.
Даецца чалавеку пры нараджэнні і служыць сродкам індывідуалізацыі асобы ў грамадскім жыцці. Права на І. — неад’емнае права грамадзяніна, замацаванае Міжнар. пактам аб грамадз. і паліт. правах 1966. Паводле Цывільнага кодэкса Рэспублікі Беларусь грамадзянін набывае і ажыццяўляе правы і абавязкі пад сваім імем, якое ўключае прозвішча і ўласна L, а таксама І. па бацьку. У выпадках і парадку, прадугледжаных законам, грамадзянін можа выкарыстаць псеўданім, перамяніць І. Грамадзянін, які памяняў І., мае права патрабаваць унясення за свой кошт адпаведных змен у дакументы, аформленыя на яго ранейшае І. Атрыманае грамадзянінам І. пры нараджэнні, а таксама перамена яго, падлягаюць рэгістрацыі ў органах ЗАЦСа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕ́РСІЯ (ад лац. inversio перастаноўка) у мовазнаўстве, мэтазгоднае змяненне звычайнага (прамога) парадку слоў у сказе. У гутарковай мове служыць сродкам сэнсавага члянення выказвання (падзел на зыходную частку — дадзенае і тое, што гаворыцца пра яе — новае). Параўн. «Ён не прасіў мяне дапамагчы» і «Мяне дапамагчы ён не прасіў». У мовах з фіксаваным парадкам слоў І. мае грамат. нагрузку (напр., для стварэння пытальных сказаў у рус., англ., франц. мовах). У публіцыстыцы і маст. творах І. — стылістычная фігура, якая ўзмацняе выразнасць выказвання, падкрэслівае тую ці інш. думку, паняцце: «У імя беззваротнага мінулага я прашу аб адным: ратуйце ад смерці дзяцей маіх і ўнукаў!» (М.Лынькоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАБЕ́ЛЬНЫЯ ЧЭ́РВІ, тэрэда (Teredo),
род марскіх двухстворкавых малюскаў сям. тэрэдынід. Каля 30 відаў. Пашыраны ў морах трапічнага і ўмеранага паясоў Паўн. паўшар’я. Жывуць у драўніне, што трапляе ў марскую ваду, у падводных ч. драўляных суднаў і гідратэхн. збудаванняў, у якіх праточваюць хады і разбураюць драўніну.
Цела даўж. да некалькіх дзесяткаў сантыметраў, чэрвепадобнае. На пярэднім канцы маленькая ракавіна (даўж. каля 10 мм), якая служыць для свідравання. Нага рэдукаваная. Робяць хады даўж. да 2 м, дыяметрам да 5 см. Гермафрадыты. Кормяцца планктонам, фільтруючы ваду, а таксама апілкамі. Некат. віды ядомыя ў краінах Паўд.-Усх. Азіі.
Карабельны чарвяк тэрэда ў кавалку паточанага ім дрэва.