ПАЛЕССЕВАДБУ́Д, Галоўнае ўпраўленне па асушэнні зямель і будаўніцтве саўгасаў на Палессі пры Міністэрстве меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР. Дзейнічала ў 1966—91, размяшчалася ў г.Пінск. Ажыццяўляла меліярацыю і с.-г. асваенне зямель Бел. Палесся з мэтай стварэння ў гэтым рэгіёне буйной базы па вытв-сці мяса і малака. Было прадугледжана меліяраваць 2,2 млн.га балот і забалочаных зямель, пабудаваць 17 вадасховішчаў і 19 поўнасістэмных рыбных гаспадарак, арганізаваць і пабудаваць 72 саўгасы, забяспечыць меры проціпаводкавай аховы. Буд-ва вялі спецыялізаваныя трэсты і сельскія буд. камбінаты. У складзе трэстаў і ў непасрэдным падпарадкаванні П. былі падрадныя буд.-мантажныя арг-цыі ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абл. Беларусі, у Бранскай вобл. Расіі. У П. ўваходзілі прадпрыемствы па выпуску зборнага жалезабетону, металаканструкцый, сталярных вырабаў, дрэнажных труб, цэглы, друзу, рамонту меліярац.-буд. тэхнікі, па забеспячэнні і камплектацыі будоўляў, Палескі трэст саўгасаў, вытв.аўтамаб. трэст, упраўленне рабочага забеспячэння. За перыяд дзейнасці П. асушаны новыя землі і рэканструяваны ўстарэлыя меліярац. сістэмы агульнай плошчай больш за 1 млн.га, пабудавана шмат новых пасёлкаў. Меліярацыя прывяла таксама да непажаданых вынікаў — абмялелі ці былі знішчаны малыя рэкі, пашырылася эрозія глебы, зменшылася разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету, скараціліся арэалы многіх раслін і інш.Гл. таксама Меліярацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры 18—19 ст. ў г.Пінск Брэсцкай вобл. Касцёл пабудаваны ў 1765—86 з цэглы ў стылі барока (з 1830-х г. Варварынская царква) на месцы драўлянага касцёла пач. 18 ст. Прамавугольны ў плане аднанефавы храм з паўкруглай алтарнай апсідай. Гал. фасад аздоблены пілястрамі, карнізамі, нішамі і завершаны 3-лопасцевым франтонам. Перспектыву інтэр’ера замыкае размалёўка апсіды ў тэхніцы грызайль. Захаваўся помнік іканапісу 16 ст. — абраз «Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская». У пач. 19 ст. побач узведзены мураваны 2-павярховы корпус кляштара (у 1832 скасаваны; у 1858—75 тут размяшчаўся правасл.Пінскі Варварынскі манастыр, у 1993 адноўлены).
Драўляны касцёл Міхаіла Архангела пабудаваны ў 1712 у прадмесці Пінска Каралін па фундацыі М.Вішнявецкага і яго жонкі Кацярыны з Дольскіх. Аднанефавы прамавугольны ў плане будынак быў накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад з трохвугольным франтонам і арачным парталам увахода фланкіравалі 2 трох’ярусныя вежы (2 ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні васьмерыковы, завершаны купалком). Побач стаяў невял. 1-павярховы драўляны будынак кляштара. Касцёл і кляштар адлюстраваны на карце бернардзінскіх кляштараў літ. правінцыі, выгравіраванай Г.Ляйбовічам у 1750—60-я г.
Р.В.Баравы, Ю.А.Якімовіч, А.А.Ярашэвіч.
Пінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. Варварынская царква. Здымак 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПО́ВІЧ (Лявонцій) (свецкае імя Лонгін, Логвін; 1580, г.Пінск Брэсцкай вобл. — вер. 1620),
бел. праваслаўны дзеяч, пісьменнік. Адзін з пачынальнікаў айч. сістэматычнага багаслоўя. Вучыўся, верагодна, у Віленскай брацкай школе. Не пазней 1610 пастрыгся ў манахі, потым прыняў сан святара. Заснавальнік і першы архімандрыт Віленскага брацкага Святадухаўскага манастыра. Рэктар брацкай школы, рэфармаванай пры яго ўдзеле на ўзор класічнай 2-ступеннай. Узначальваў навуч. і выдавецкую дзейнасць віленскага праваслаўнага брацтва. Выступаў у абарону праваслаўя, супраць Брэсцкай уніі 1596. Быў духоўным настаўнікам царк. дзеячаў М.Сматрыцкага, Іосіфа Бабрыковіча, Сільвестра Косава і інш. За выданне антыуніяцкай кн. М.Сматрыцкага «Трэнас» у 1610 зняволены на 2 гады. Аўтар твораў «Казанне двое...» («Казанне на Праабражэнне» і «Казанне на Успенне Багародзіцы», Еўе, 1615), «Казанне на пахаванне князя В.В.Галіцына» (Вільня, 1619; захавалася ў аўтарскім перакладзе на польск. мову) і «Казанне ў нядзелю перад Раством Хрыстовым» (верагодна, 1619; захавалася ў рукапісным зб-ку). Аўтар шматлікіх глыбока эмацыянальных пропаведзяў, прадмовы да кн. Фікарыя Святагорца «Вертаград душэўны» (1620) і інш. Памяці К. прысвечаны «Казанне на чэснае пахаванне... Лявонція Карповіча» М.Сматрыцкага і паэма «Лямант на смерць Лявонція Карповіча» (1620).
Літ.:
Молчанов Н. Леонтий Карпович, церковный вития православной юго-западной Руси в XVII ст. и два его слова // Православное обозрение. М., 1880. Т. 3;
Левшун Л.В. Некоторые принципы использования текстов Священного Писания в «Казанье на Преображенье» Леонтия Карповича // Начало: Сб. работ молодых ученых. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,
адм.-тэр. адзінка праваслаўнай царквы на Беларусі. З канца 10 — пач. 11 ст.тэр. епархіі ўваходзіла ў склад Тураўскай праваслаўнай епархіі ў падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі. У 1241 кафедра перанесена ў Пінск, што лічыцца пачаткам дзейнасці П.п.е. У 14 ст. епархія тройчы знаходзілася ў юрысдыкцыі Галіцкай мітраполіі, пасля яе скасавання — зноў у Кіеўскай. У 1595—1795 пінскай кафедрай валодалі уніяты, аднак у 1620—32 П.п.е. адраджалася і існавала адначасова з уніяцкай. У 1795—1839 уніяцкія прыходы епархіі аб’ядналіся з правасл. царквой і іх тэр. была ўключана ў склад Мінскай праваслаўнай епархіі. У 1920 епархія адноўлена, у 1922—39 знаходзілася ў складзе Польскай аўтакефальнай правасл. царквы. У 1941 на пінскую кафедру быў прызначаны епіскап Маскоўскага патрыярхату, аднак з-за ваен. дзеянняў ён не змог кіраваць епархіяй. У 1942—44 епархія знаходзілася ў падпарадкаванні Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы; у 1944 вернута ў юрысдыкцыю Маскоўскага патрыярхату. У 1839—40 і 1980—90 тытул «епіскап пінскі» насілі вікарыі Мінскай епархіі. У 1990 дзейнасць П.п.е. адноўлена ў складзе Беларускай праваслаўнай царквы, яе тэр. ахоплівае 8 адм. раёнаў Брэсцкай вобл.: Пінскі, Баранавіцкі, Ганцавіцкі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Столінскі. На канец 1999 у епархіі 147 прыходаў, 34 капліцы, 128 святароў, 5 дыяканаў, Пінскі Варварынскі манастыр (адноўлены з 1993).
Літ.:
Пінская епархія // Беларускі праваслаўны каляндар, 2000. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў 1565—1793 у Брэсцкім ваяв.ВКЛ, з 1795 у Мінскім намесніцтве, з 1796 у Мінскай губ.Рас. імперыі, з 1921 у Палескім ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР. Цэнтр — г.Пінск. У 16—18 ст. на яго тэрыторыі размяшчаліся Пінскае староства і буйныя магнацкія вотчыны Астрожскіх, Гальшанскіх, Радзівілаў, Чартарыйскіх. У 1793 большая ч. павета адышла да Расіі. У 1795 павет утвораны паўторна: на Пн да яго далучана ч. Навагрудскага пав., усх.ч. вылучана ў Давыд-Гарадоцкі павет, паўн.ч. перададзена ў Ровенскі пав. З 1796 у Мінскай губ. У 1797 пл. павета каля 10 тыс.км². Пасля 1861 уключаў 23 воласці: Дабраслаўская, Дубайская, Жабчыцкая, Кажан-Гарадоцкая, Кухацкавольская, Лагішынская, Лемяшэвіцкая, Лунінская, Любяшоўская, Марачнянская, Пагост-Загародская, Парэцкая, Пінкавіцкая, Плотніцкая, Радчыцкая, Святавольская, Ставоцкая, Столінская, Угрыніцкая, Хатыніцкая, Хойнаўская, Целяханская, Церабяжоўская. У 1897 у П.п. 201 тыс.чал., 11 мястэчак, 75 сёл, 292 вёскі, 191 фальварак. У 1920 Святавольская і Целяханская вал. перададзены ў Косаўскі пав., Дабраслаўская, Кажан-Гарадоцкая, Лунінская, Пагосцкая, Плотніцкая, Столінская, Хатыніцкая і Церабяжоўская вол. — у Лунінецкі пав. З 18.3.1921 у складзе Палескага ваяв. Польшчы. У 1933 уключаў 13 гмін: Бродніцкая, Вітчаўская, Дабраслаўская, Жабчыцкая, Кухацкавольская, Лагішынская, Лемяшэвіцкая, Марачнянская, Пінкавіцкая, Пінская, Парэцкая, Пагост-Загародская, Хойнаўская. З 4.12.1939 пераважная частка ў складзе Пінскай вобл.БССР. 15.1.1940 павет скасаваны, на яго тэр. ўтвораны раёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ РАЁН Размешчаны на Пд Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940
(у сучасных межах з 1962). Пл. 3,2 тыс.км². Нас. 61,3 тыс.чал. (2000),
гарадскога 4,5%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Пінск. Уключае г.п.Лагішын, 179 сельскіх нас. пунктаў, Лагішынскі пасялковы Савет, 24 сельсаветы: Аснежыцкі, Ахоўскі, Барычавіцкі, Бобрыкаўскі, Бярозавіцкі, Валішчанскі, Гарадзішчанскі, Дубайскі, Загародскі, Калавуравіцкі, Лапацінскі, Ласіцкі, Лемяшэвіцкі. Лышчанскі, Малоткавіцкі, Мерчыцкі, Навадворскі, Парахонскі, Парэцкі, Пінкавіцкі, Плешчыцкі, Сошненскі, Ставоцкі, Хойнаўскі. Паўднёвая ч. раёна пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Большая ч. тэрыторыі ў межах Прыпяцкага Палесся, зах. — узвышанай раўніны Загароддзе. Паверхня пераважна плоская, забалочаная, 75% яе ніжэй за 150 м. Найвыш. пункт 174 м (за 2 км на Пд ад в. Мерчыцы) Карысныя выкапні: торф, гліны і суглінкі, ляскі, мел. Сярэдняя т-растудз. -5,2 °C, ліп. 18,6 °C. Аладкаў 573 мм за год. Вегетац. перыяд 201 сут. Найб.р. Прыпяць і яе прытокі Піна, Ясельда з Мерачанкай і Мышшу, Бобрык 1-ы з Вісліцай, Стыр. Найб. азёры: Палескае возера (Гарадзішча), Пагосцкае возера, Кончыцкае, Семяховічы, Вылазскае; вадасх.: Пагост, Жыдча; каналы: ч. Дняпроўска-Бугскага, Агінскага, Ясельдаўскага, Дубаўскі. Пераважаюць глебы: тарфяна-балотныя (38,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (18,3%), дзярновыя і дзярнова-карбалатныя забалочаныя (18,2%), поймавыя (алювіяльныя) забалочаныя (13,4%), дзярнова-падзолістыя (11,7%). Пад лесам 32% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, ёсць бяроза, дуб, чорная вольха, граб, асіна, ясень. Пад балотамі 43 520 га (13,6%). Найб балоты: Хварашчанскае, Гарадзішчанскае, Дубнік, Жук, Дамашыцы, Панцялеева (ч. з іх уваходзіць у Пінскія балоты). На тэр. раёна заказнікі рэсп. значэння: ландшафтныя — Прастыр, Сярэдняя Прыпяць (часткова), біял.Тырвовічы; мясц. значэння: біял. — Ступскае, мікразаказнікі біял. — Ізін, Кончыцы, Падмосце, Тур, Ермакі; ахоўныя тарфянікі: Булгары, Вуйвічы, Гарадзішчанскае, Дамашыцы, Дублік, Сляпоўскае. Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк у в. Парэчча, насаджэнне піхты белай у парку в. Дубай.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 130,1 тыс.га, з іх асушаных 81,7 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 27 калгасаў, 3 саўгасы, 21 фермерская гаспадарка, с.-г.калект. прадпрыемства «Ніва», гасп. прадпрыемства «Паўднёвае» па вытв-сці свініны, рыбгас «Палессе», зверагаспадарка Белкаапсаюза, с.-г. прадпрыемства «Беларускія журавіны», Пінскае дзярж. прадпрыемства па буд-ве і эксплуатацыі меліярац. і водагасп. сістэм, адкрытыя акц. т-вы «Пінскае аўтатранспартнае прадпрыемства», «Пінская сельгастэхніка», «Пінскі райаграпрамзап». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вытв-сці збожжа і цукр. буракоў, вырошчваюць кармавыя культуры, бульбу, лён, агародніну. Прадпрыемствы харч. (лікёра-гарэлачныя вырабы, віны, вінныя і безалкагольныя напіткі, піва, кандытарскія вырабы, кісель, крухмал), металаапр., кааператыўнай, швейнай прам-сці; лясгас (піламатэрыялы, дзелавая драўніна), вытв.-гандл. прадпрыемства «Медтэхніка» (мед. абсталяванне). Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Брэст—Лунінец, аўтадарогі Брэст—Гомель, Брэст—Мінск—Лунінец, Івацэвічы—Лагішын—Пінск—Столін, Ганцавічы—Пінск. У раёне 30 сярэдніх, 27 базавых, 6 пачатковых, 6 муз., 1 спарт. школы, спецшкола-інтэрнат, завочная школа, с.-г. тэхнікум, СПТВ, цэнтр пазашкольнай работы, дзіцячая турыстычная база, дзіцяча-юнацкі клуб фізічнай падрыхтоўкі, 36 дашкольных устаноў, у т. л. 2 садкі-школы, 74 б-кі, 78 клубаў, 11 бальніц, 2 псіханеўралагічныя інтэрнаты, 4 амбулаторыі, 54 фельч.-ак. пункты, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Світанак», санаторый «Ясельда», турыстычны цэнтр «Палессе». Музеі: літаратурныя А.Блока (в. Лапаціна), Я.Янішчыц (в. Парэчча), Я.Коласа (в. Пінкавічы); этнаграфіі (в. Жабчыцы), гіст.-краязнаўчы (г.п. Лагішын). Арх. помнікі: цэрквы — Раства Багародзіцы (1758) у в. Ахова, Ушэсця (канец 18 ст.) у в. Боркі, Пакроўская (1878) у в. Бярозавічы, Прачысценская (1720) у в. Востраў, Ільінская (1788) у в. Вуйвічы, Раства Багародзіцы (1787) у в. Вылазы, Раства Багародзіцы (1826) у в. Вяляцічы, Троіцкая (18 ст.) у в. Дабраслаўка, Раства Багародзіцы (1811) у в. Дубай, Параскевы Пятніцы (1788) у в. Жабчыцы, Мікалаеўская (сярэдзіна 19 ст.) у в. Камень, царква (19 ст.) у в. Кашэвічы, Мікалаеўская (1892) у в. Купяцічы, Раства Багародзіцы (1885) у в. Лемяшэвічы, Троіцкая (1875) у в. Месткавічы, Параскевы Пятніцы (1794) у в. Мясяцічы, св. Кірылы і Мяфодзія (2-я пал. 19 ст.) у в. Пагост-Загародскі, Раства Багародзіцы (1888) у в. Парахонск, Раства Багародзіцы (1912) у в. Парэчча, Пакроўская (1830) у в. Пінкавічы, Ушэсця (1855) у в. Ставок, Пакроўская (1856) у в. Тырвовічы; манастырскі будынак (канец 18 ст.) у в. Гарадзішча, касцёл Ўзвіжання св. Крыжа (18 ст.) у в. Дубай, капліцы (19 ст.) у в. Болгары, Дубай, Каўбы, Ласіцк, Чухава; сядзіба (1920-я г.) у в. Заполле, паркі сярэдзіны 18 ст. ў в. Дубай, 1-й пал. 19 ст. ў в. Парэчча, 19 ст. ў в. Сташаны; сядзібныя дамы (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Заполле, Паўтаранавічы; сінагога і будынак Талмуду-Торы (пач. 20 ст.) у в. Пагост-Загародскі. Выдаецца газ. «Полесская правда».
Літ.:
Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБКЛА́Д,
дэкаратыўная аздоба абраза ці кніжнага пераплёту. Найчасцей абклад рабілі з пазалочанай медзі або серабра, арнаментавалі чаканкай, філігранню, чарненнем, эмалямі, упрыгожвалі каштоўнымі камянямі. Існавалі абклады таксама з дрэва, маст. тканін, якія закрывалі адзенне, галаўныя ўборы (такія абклады наз. «шата»), радзей — фон на абразах. Узнікненне кніжных абкладаў са слановай косці адносяць да 7—8 ст., металічных — да 9—10 ст. На Беларусі вядомы сярэбраны абклад Лаўрышаўскага евангелля (14 ст.). Найб. пашырэнне тут атрымаў у 17—19 ст. У 17 ст. найчасцей абкладамі аздаблялі шанаваныя ці цудатворныя абразы (Брэст, Гродна, Мінск, Жыровічы, Лагішын і інш.). Значнымі маст. цэнтрамі, дзе ствараліся абклады, былі Вільня, Магілёў, Мінск, Пінск, Слуцк і інш. Іх рабілі бел. майстры Максім Сямёнаў (Куцень), Фёдар Мікулаеў і інш., якія працавалі ў Залатой і Сярэбранай палатах Маскоўскага Крамля (гл. ў арт.Аружэйная палата). Найб. вядомыя сярэбраныя пазалочаныя абклады да абразоў: «Маці Божая Бялыніцкая» (Нясвіжскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая з езуіцкімі святымі» (Ляхавіцкі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Адзігітрыя Смаленская» (Міёрскі р-н, 1774), медныя пасярэбраныя да абразоў «Пакланенне вешчуноў» (Браслаўскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Апека» (Пінскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Замілаванне» (Пінскі р-н, 1803), разны драўляны да абраза «Маці Божая Адзігітрыя» (Драгічынскі р-н, 2-я пал. 17 ст.) і інш.
Літ.:
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў / Скл. Н.Ф.Высоцкая. Мн., 1984. А.А.Ярашэвіч.
Абклад абраза Антонія Падуанскага. Астравецкі раён Гродзенскай вобласці. 18 ст.Абклад Евангелля з г.Ляхавічы. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТЭР (англ. cutter),
невялікае (водазмяшчэннем да 400 т) самаходнае, звычайна быстраходнае, судна. Паводле прынцыпу руху адрозніваюць К. водазмяшчальныя, глісіруючыя, на падводных крылах і паветр. падушцы. Існуюць К. для перавозкі людзей (пасажырскія, раз’язныя, турысцкія) і невял. грузаў (грузавыя), для нясення ахоўнай (міліцэйскія, пагранічныя), мытнай, лоцманскай, выратавальнай службы, выканання баявых задач і інш. мэт.
К. баявыя — караблі ваенныя з найменшымі габарытамі і асадкай, прызначаныя для дзеянняў у прыбярэжных раёнах мора, на рэках і азёрах. Есць у ВМС многіх дзяржаў. Паводле асн. ўзбраення і функцыян. задач адрозніваюць К.: мінныя (самы ранні тып К., які з’явіўся ў рус.ВМФ у час рус.-тур. вайны 1877—78), тарпедныя (з’явіліся ў 1-ю сусв. вайну спачатку ў Вялікабрытаніі і Італіі), артыл. (пашыраная разнавіднасць — бранякатэр, у СССР будаваліся да 1984), вартавыя (патрульныя), дэсантныя, процімінныя (К.-тральшчыкі), процілодачныя, ракетныя (найб. позні тып, будуюцца з сярэдзіны 20 ст.). На Беларусі К. (бранякатэры, К.-тральшчыкі, вартавыя, мінныя, глісеры і паўглісеры) былі пашыраны ў 1-й пал. 20 ст. ў складзе рачных ваен. флатылій, у т. л. ў 1930-я г. будаваліся ў г.Пінск для польскай Пінскай флатыліі.
К. наз. таксама карабельную шлюпку на 10—14 вёслаў, часам аснашчаную двухмачтавым парусам з кліверам, фокам і гротам, а таксама рухавіком.
Літ.:
Белавин Н.И. Боевые катера. М., 1987;
Шершов А.П. История военного кораблестроения с древнейших времен и до наших дней. СПб., 1994;
Широкорад А. Речные линкоры // Воин. 1996. № 8.
У.Я.Калаткоў. Р.К.Паўловіч.
Малы браніраваны катэр Дняпроўскай ваеннай флатыліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры барока 17 ст. ў г.Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў гіст. цэнтры горада. Калегіум разам з мураваным касцёлам св. Станіслава (пабудаваны ў 1636—46, у 1956 разбураны) уваходзіў у ансамбль кляштара езуітаў. Узведзены ў 1651—1738 з цэглы. Яго трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак паўд. фасадам арыентаваны да набярэжнай р. Піна. Тут размяшчаліся вучэбныя класы, трапезная, службовыя памяшканні. Фасады члянёны аконнымі праёмамі з ляпнымі абрамленнямі. Паўд.-зах. вугал фланкіруе 6-гранная вежа-контрфорс. Будынак завершаны 2-схільным дахам з заломам. Яго тарцы ўпрыгожаны складанымі франтонамі з дэкар. валютамі. З 1638 у калегіуме знаходзілася філас.-тэалагічная школа; у 1645 адкрыта муз. бурса, у 1694 — аптэка; увесь час дзейнічаў т-р, у 1727—35 — друкарня, меліся б-ка, шпіталь для бедных. У 1773 калегіум закрыты. Касцёл у 1786 перададзены уніятам і стаў кафедральным саборам Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі, у 1800 належаў правасл.Пінскаму Богаяўленскаму манастыру. У 1848 сюды пераведзена з Лядаў духоўнае вучылішча. У 1919 касцёл вернуты езуітам, у 1923 аднавілася навуч. дзейнасць калегіума. З 1925 пры калегіуме працавала духоўная семінарыя, з 1937 — навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). У 1939 калегіум закрыты. У будынку размяшчаліся адм. ўстанова і карцінная галерэя, з 1995 пасля рэстаўрацыі — Музей Беларускага Палесся.
Літ.:
Адамовіч С. Комплекс Пінскага езуіцкага кляштара // Наша вера. 1999. № 3.
Ю.А.Якімовіч, А.А.Ярашэвіч.
Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Будынак былога калегіума. Здымак 2000.Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры 16—18 ст. у г.Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў цэнтры горада паміж р. Піна і вул. Леніна. Драўляны кляштар і касцёл засн. ў 1396 кн. Жыгімонтам Кейстутавічам. У 17 ст. неаднаразова гарэў, адбудаваны з дрэва (каменнай была толькі сакрысція), значна пашкоджаны ў 1648. У 1712—30 пабудаваны мураваны касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пазней — карпусы кляштара ў стылі барока. Афармленне фасада касцёла завершана ў 1766. У 1817 перад касцёлам пастаўлена 3-ярусная мураваная званіца (арх. К.Каменскі), 4-ы ярус якой дабудаваны ў пач. 20 ст. Кляштар перабудаваны ў 1920-я г. (арх. Г.Гай), касцёл у 1920—40-я г. і з 1991 — кафедральны. Касцёл — 1-нефавы храм з прыбудаванымі да яго капліцамі. Неф і вузейшая за яго паўкруглая апсіда з прэсбітэрыем накрыты стромкім чарапічным дахам, завершаным у месцы злучэння аб’ёмаў гранёнай вежачкай. Капліцы пад 1-схільнымі чарапічнымі дахамі. Гал. фасад расчлянёны на 3 ярусы і завершаны складаным франтонам з 2 вежамі па баках, дэкарыраваны пілястрамі, раскранаваны карнізамі, філянговымі нішамі і паяскамі. Бакавыя фасады раскрапаваны лапаткамі. Сцены капліц прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі нефа і алтарнай апсіды — прамавугольнымі з лучковымі завяршэннямі. У інтэр’еры пазалочаныя алтары 18 ст. У іх кампазіцыі шмат драўлянай скульптуры і дэкар. арнаментальнай разьбы ў стылі барока. У 1909 скляпенні і падпружныя аркі размаляваны арнаментальнымі матывамі (маст. С.Рудзінскі), прэсбітэрый аздоблены фрэскамі (маст. Б.Вішнеўскі). 4 узаемна перпендыкулярныя 2- і 3-павярховыя карпусы кляштара разам з касцёлам утвараюць некалькі дворыкаў. Тарцы кляштарных будынкаў завершаны барочнымі франтонамі складанага профілю.