метадалагічная і тэарэтычная пазіцыя ў сацыялогіі і сац. філасофіі, пры якой у тлумачэнні чалавека і яго асяроддзя першаступеннае значэнне надаецца сац. рэальнасці і сацыялагічным метадам. Развіваецца з канца 19 ст. як рэакцыя на натуралізм і псіхалагізм у грамадскіх навуках. Прынцыпы С. развівалі франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм і яго паслядоўнікі ў даследаваннях маралі, рэлігіі і навукі, каставага ладу (С.Бугле), этнічных працэсаў (М.Мос), права (Ж.Даві), эканомікі (Ф.Сіміян) і інш. У метадалагічным плане С. — прызнанне сацыялогіі асобнай, незалежнай навукай і імкненне тлумачыць розныя з’явы рэчаіснасці выключна сац. прычынамі, а часам абсалютызацыя ролі сацыялагічнага падыходу ў трактоўцы культ.-гіст. працэсу (гл.Вульгарны сацыялагізм). У анталагічным плане С. — сцвярджэнне аўтаномнасці сац. рэальнасці і яе перавагі над індывідамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РНА-САЛАЎЕ́ВІЧ Мікалай Аляксандравіч (25.12.1834, С.-Пецярбург — 26.2.1866),
расійскі рэвалюцыйны дзеяч, публіцыст. Вучыўся ў Аляксандраўскім ліцэі (1847—53). З 1853 працаваў у Дзярж. канцылярыі, з 1858 у адстаўцы. З 1860 супрацоўнічаў у выданнях А.І.Герцэна і М.П.Агарова, у час. «Современник». Паплечнік М.Г.Чарнышэўскага. Адзін з заснавальнікаў тайнай рэв. арг-цыі «Зямля і воля» 1860-х г. Адмоўна ставіўся і да прыгонніцтва, і да капіталіст.ладу, падзяляў ідэі рус. абшчыннага сацыялізму. У 1862 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, у 1865 сасланы навечна ў Сібір. Па дарозе ў ссылку наладзіў кантакты з удзельнікамі паўстання 1863—64. Загінуў у час падрыхтоўкі паўстання ссыльных у Сібіры. Аўтар прац па філасофіі, эканоміцы, сацыялогіі, праве, шэрагу літ.-мастацкіх твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА МО́ВЫ,
1) сукупнасць элементаў кожнай натуральнай мовы (фанем, марфем, лексічных адзінак, мадэлей сказаў), што звязаны паміж сабой устойлівымі адносінамі і ўтвараюць структураванае адзінае цэлае, якое служыць падставай для пабудовы маўленчых выказванняў. С.м. ўключае: узроўні мовы, адзінкі мовы, парадыгматычныя (гл.Парадыгматыка) і сінтагматычныя (гл.Сінтагматыка) адносіны, знакавасць мовы, форму, структуру і субстанцыю, знешнія і ўнутр. сувязі ў мове, сінхранію і дыяхранію, аналіз і сінтэз і інш. С.м. складаецца з некалькіх падсістэм (фаналагічнай, лексічнай і інш.), якім уласціва розная ступень адкрытасці або закрытасці. Найб. закрытая падсістэма мовы — фаналагічная, найб. адкрытая — лексічная.
2) Сукупнасць моўных форм, што ўтвараюць пэўную грамат. катэгорыю (напр., сістэма склонаў, сістэма форм катэгорыі ладу і інш.).
Літ.:
Солнцев В.М. Язык как системно-структурное образование. 2 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЁНАЎ Яўген Мікалаевіч (н. 10.1.1933, С.-Пецярбург),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965). З 1965 працаваў мастаком-дэкаратарам на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1969 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. У 1995—2001 жыў у Канадзе. Працуе пераважна ў жанрах пейзажа і партрэта. Творам уласцівы глыбіня перспектыўнай пабудовы кампазіцыі, адзінства каларыту, лірычнасць і маляўнічасць колеравага ладу: «Камсамольцы 30-х гадоў» (1970), «Салдаты», «Даяркі» (абодва 1975), «Зялёны Луг-5», «Ветэран міліцыі М.Ф.Мананка», «Дарога на Маладзечна» (усе 1978), «Зерняток» (1979), «Я.Кучыц» (1981), «У.Е.Лабанок сярод баявых сяброў» (1986), «Пейзаж» (1998—99), партрэты акадэмікаў Г.В.Багамолава, А.І.Булыгіна (2001) і інш. Выканаў дыярамы для Музея гісторыі і культуры Беларусі ў Мінску і краязнаўчага музея ў г. Мазыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫ́НБЕРГЕН (Tinbergen) Ян (12.4.1903, Гаага — 1994),
нідэрландскі эканаміст; адзін з заснавальнікаў эканаметрыкі Чл. Нідэрландскай АН. Скончыў Лейдэнскі ун-т (1926). З 1929 у Цэнтр. бюро статыстыкі (Гаага). З 1931 у Амстэрдамскім ун-це, з 1933 праф. Нідэрландскай школы эканомікі (г. Ротэрдам). У 1936—1948 у Лізе Нацый (Жэнева). У 1945—55 кіраўнік Цэнтр. бюро планавання, у 1965—72 старшыня камітэта па планаванні ААН. Навук. працы па тэорыі эканам. палітыкі, даследаваннях эканам. цыклаў у ЗША, праблемах эканам. планавання ў краінах, што развіваюцца. Аўтар тэорыі «аптымальнага ладу» (адзін з варыянтаў тэорыі канвергенцыі). Распрацаваў мадэль прагназавання эканам. палітыкі Нідэрландаў. Нобелеўская прэмія 1969 (з Р.Фрышам).
Тв.:
On the theory of economic policy. Amsterdam, 1952;
Economic policy: Principles and design. Amsterdam, 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́РБАРХ (Terborch, Ter Borch) Герард (канец снеж. 1617, г. Зволе, Нідэрланды — 8.12.1681), галандскі жывапісец. Вучыўся ў П.Малейна ў Харлеме (1633—35), зазнаў уплыў Ф.Халса. Працаваў у Харлеме, Амстэрдаме і інш. гарадах Галандыі. Наведаў краіны Еўропы. У 1630 — пач. 1650-х г. пісаў сцэны з нар. і салдацкага побыту, якія вылучаліся мяккімі святлоценявымі эфектамі («Салдаты гуляюць у карты», «Сям’я тачыльшчыка»), пазней з жыцця багатых бюргераў, выяўляючы нешматлікія фігуры ва ўбраных інтэр’ерах. Лепшым творам уласцівы строгая вытанчанасць і стрыманасць вобразаў, халаднаватая гама, тонкасць святлоценявой мадэліроўкі, віртуозная перадача фактуры шаўкавістых тканін («Бацькоўская парада», «Жанчына піша ліст», «Урок музыкі», «Бакал ліманаду», «Цікаўнасць»). Пісаў таксама невял., вытанчаныя паводле жывапіснай манеры і вобразнага ладу партрэты ў рост («Партрэт дамы», «Мужчынскі партрэт»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСПЕ́НСКІ Фёдар Іванавіч (19.2.1845, Горкі Галіцкага павета Кастрамской губ. — 10.9.1928),
рускі гісторык-візанцініст. Акад. Пецярбургскай АН (1900). Скончыў Пецярбургскі ун-т. З 1879 праф. Новарасійскага ун-та ў г. Адэса. У 1894—1914 дырэктар заснаванага ім Рус.археал. ін-та ў Канстанцінопалі. Арганізаваў шэраг археал. экспедыцый у Балгарыю, Сірыю, Палесціну і інш. У 1915—28 рэдактар час. «Византийский временник». У 1922—27 чытаў курс лекцый у Ленінградскім ун-це. Адзін з першых стаў вывучаць гісторыю агр. адносін у Візантыі. Гал. праца «Гісторыя Візантыйскай імперыі» (т. 1—3, 1913—48) ахоплівае гісторыю Візантыі і сумежных з ёю дзяржаў у 5—15 ст., грунтуецца на вял. колькасці крыніц. Падкрэсліваў уплыў грамадскага ладу славян, якія прынеслі з сабою абшчынныя парадкі, на сац.-эканам. развіццё Візантыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНГЕ́РСКАЯ МО́ВА,
адна з фіна-угорскіх моў (угорская галіна). Пашырана ў Венгрыі (афіцыйная мова), а таксама ў сумежных абласцях былой Югаславіі, Аўстрыі, Чэхіі і Славакіі, Румыніі, Украіны (Закарпацкая вобл.). Мае 8 дыялектаў (зах., паўн.-зах., задунайскі, альфёльдскі, дунайціскі, паўд.-ўсх., трансільванскі, сякейскі), якія нязначна адрозніваюцца адзін ад аднаго. Асн. фанетычныя рысы: супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных і зычных, гармонія галосных, націск на першым складзе. Грамат. лад аглюцінатыўны: паказчыкі ліку, часу, ладу, ступені параўнання далучаюцца да асновы, за імі — афіксы асобы і склону. Назоўнікі скланяюцца (больш за 20 склонаў), грамат. роду няма. У словаўтварэнні шырока выкарыстоўваецца суфіксацыя і словаскладанне. Першыя пісьмовыя помнікі з’явіліся каля 1200. Літ. мова пачала фарміравацца ў 16 ст. (асабліва інтэнсіўнае развіццё з канца 18 ст.). Пісьменства на аснове лацініцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛАС РАДЗІ́МЫ»,
інфармацыйная культ.-асветная газета Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом. Выдаецца з 6.4.1955 у Мінску на бел. мове штотыднёва. Да студз. 1960 наз. «За вяртанне на Радзіму». Засн.бел. секцыяй Сав.к-та «За вяртанне на Радзіму» для прапаганды сав.ладу жыцця сярод бел. эмігрантаў. З сярэдзіны 1970-х г. больш аб’ектыўна асвятляла жыццё, у т. л.бел. эміграцыі. З сярэдзіны 1990-х г. адзінае бел. выданне, якое распаўсюджваецца сярод нац. дыяспары і ў асяроддзі замежных беларусістаў. Інфармуе аб паліт. працэсах, якія адбываюцца ў Беларусі, навінах грамадска-культ. жыцця. Публікуе шмат матэрыялаў па гісторыі Беларусі, асвятляе жыццё беларусаў у далёкім і блізкім замежжы. Да 1993 выдавалася «Бібліятэчка газ. «Голас Радзімы». Выдадзена больш за 150 кніг і брашур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКА́ЗНІК,
галоўны член сказа, які знаходзіцца ў сэнсавай і граматычнай залежнасці ад дзейніка і абазначае дзеянне, стан ці прыкмету прадмета, названага дзейнікам. Паводле будовы ў бел. мове адрозніваюць выказнікі простыя, састаўныя і складаныя.
Самыя пашыраныя простыя выказнікі; яны падзяляюцца на дзеяслоўныя (выражаюцца найчасцей дзеясловамі абвеснага, загаднага ці ўмоўнага ладу: «За ракой туманяцца лугі», А.Русак) і іменныя (выражаюцца звычайна назоўнікамі, прыметнікамі ці займеннікамі: «Душа народа — песня», Я.Брыль; «Неба сіняе, сіняе», В.Каваль; «Хлеб у нас свой», І.Шамякін). Састаўны выказнік складаецца з дзеяслоўнай звязкі і выказальнага слова, якім можа быць дзеяслоў і інш. часціны мовы: «Я рад паслухаць лесу шум» (З.Бядуля). Складаны выказнік — мнагачленнае словазлучэнне, куды ўваходзяць тры ці больш структурных кампанентаў: «Я хацеў навучыцца іграць на скрыпцы» (Я.Колас).