СЕ́РНА-САЛАЎЕ́ВІЧ (Мікалай Аляксандравіч) (25.12.1834, С.-Пецярбург — 26.2.1866),

расійскі рэвалюцыйны дзеяч, публіцыст. Вучыўся ў Аляксандраўскім ліцэі (1847—53). З 1853 працаваў у Дзярж. канцылярыі, з 1858 у адстаўцы. З 1860 супрацоўнічаў у выданнях А.​І.​Герцэна і М.​П.​Агарова, у час. «Современник». Паплечнік М.​Г.​Чарнышэўскага. Адзін з заснавальнікаў тайнай рэв. арг-цыі «Зямля і воля» 1860-х г. Адмоўна ставіўся і да прыгонніцтва, і да капіталіст. ладу, падзяляў ідэі рус. абшчыннага сацыялізму. У 1862 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, у 1865 сасланы навечна ў Сібір. Па дарозе ў ссылку наладзіў кантакты з удзельнікамі паўстання 1863—64. Загінуў у час падрыхтоўкі паўстання ссыльных у Сібіры. Аўтар прац па філасофіі, эканоміцы, сацыялогіі, праве, шэрагу літ.-мастацкіх твораў.

М.А.Серна-Салаўевіч.

т. 14, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)