ГАЛАГЕНАВЫТВО́РНЫЯ ВУГЛЕВАДАРО́ДАЎ,

клас арганічных злучэнняў, якія маюць атамы галагенаў, звязаныя з вуглевадароднымі радыкаламі.

Большасць галагенавытворных вуглевадародаў бясколерныя вадкасці. У вадзе амаль не раствараюцца, добра раствараюцца ў эфіры, спірце і інш. арган. растваральніках. З вадой і слабымі растворамі шчолачаў утвараюць спірты, з аміякам — аміны, з солямі карбонавых кіслот — складаныя эфіры і г.д. Атам галагену каля вугляроду пры падвойнай сувязі (у т. л. ў араматычных галагенавытворных вуглевадародах) інертны і з цяжкасцю ўступае ў звычайныя для галагенавытворных вуглевадародаў рэакцыі (напр., вінілхларыд, хлорбензол). Пад уздзеяннем канцэнтраваных раствораў шчолачаў галагенавытворныя вуглевадароды утвараюць алкены. Атрымліваюць галагеніраваннем вуглевадародаў, спіртоў (замяшчэнне атамаў вадароду, гідроксігрупы галагенам), ненасычаных арган. злучэнняў (далучэнне галагенаў і галагенавадародаў) і інш. метадамі.

Выкарыстоўваюць як растваральнікі (метыленхларыд, тэтрахлорэтылен, трыхлорэтылен, трыхлорэтаны), холадагенты для халадзільных машын (хладоны), інсектыцыды (гексахлорбутадыен, ДД — сумесь дыхлорпрапанаў і дыхлорпрапенаў, гексахлорцыклагексан), абязбольвальныя сродкі ў медыцыне (хлараформ, этылхларыд, ёдаформ), як антыпірэны, у вытв-сці палімераў (полівінілхларыд, фторапласты) і інш. арган. рэчываў.

К.​Л.​Майсяйчук.

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІКО́ЛІ, дыолы, двухатамныя спірты,

арганічныя злучэнні, якія маюць 2 гідраксільныя групы (OH), звязаныя з насычанымі атамамі вугляроду. У залежнасці ад узаемнага размяшчэння груп OH у малекуле адрозніваюць 1,2-гліколі (напр., 1,2-прапілен-гліколь HOC​1H2C​2H(OH)C​3H3), 1,3-гліколі і г.д. Гліколі, у якіх абедзве групы OH размешчаны пры адным атаме вугляроду, звычайна няўстойлівыя гідратныя формы альдэгідаў і кетонаў.

Найпрасцейшы гліколі — этыленгліколь і інш. ніжэйшыя гліколі (з 2—7 атамамі вугляроду ў малекуле) — вязкія бясколерныя вадкасці, якія лёгка змешваюцца з вадой і не змешваюцца з эфірам, вуглевадародамі гліколі маюць усе хім. ўласцівасці спіртоў (утвараюць алкагаляты, простыя і складаныя эфіры і г.д.; групы OH могуць рэагаваць незалежна адна ад адной і адначасова). Пры дэгідратацыі ў залежнасці ад умоў рэакцыі і будовы гліколі могуць утварацца цыклічныя эфіры (напр., дыаксан). Гліколі з’яўляюцца растваральнікамі лакафарбавых матэрыялаў, палімераў, пластыфікатарамі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці поліэфірных валокнаў, пластыфікатараў, мыйных сродкаў, кляёў.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 5, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАНО́ЧЫЯ ХВАРО́БЫ,

спецыфічныя хваробы жанчын, звязаныя з анатама-фізіял. асаблівасцямі іх арганізма. Бываюць у розныя перыяды жыцця жанчыны; выклікаюць парушэнні функцый палавых органаў, іншы раз жыццядзейнасці ўсяго арганізма. Заганы развіцця палавых органаў уласцівы жаночаму арганізму да надыходу палавой спеласці, запаленні — у перыяд палавой спеласці (бываюць ад ганарэі, абортаў, пасляродавых ускладненняў, радзей ад сіфілісу, туберкулёзу, трыхаманозу і інш.). У гэты перыяд могуць развівацца дабраякасныя і злаякасныя пухліны (фібраміёмы маткі, кісты яечнікаў, рак шыйкі і цела маткі). Паразітычныя і грыбковыя Ж.х. выклікаюцца грыбкамі (напр., малочніца) і гельмінтамі. Ж.х. бываюць, калі парушана размяшчэнне палавых органаў — пры зрушэнні маткі і сценак похвы ці іх выпадзенні. Самастойная група Ж.х. — парушэнні менструальнага цыкла. Пасля клімактэрыю (гл. Клімакс) запаленні жаночых палавых органаў бываюць радзей, але могуць развіцца пухліны (рак маткі, яечнікаў і інш.). Прыкметы Ж.х.: болі, белі, крывацёкі, агульныя сімптомы (павышэнне т-ры цела), расстройствы інш. органаў і сістэм (сардэчна-сасудзістай, нерв. і інш.). Лячэнне: медыкаментознае, хірургічнае. Гл. таксама Бясплоднасць. І.​У.​Дуда.

т. 6, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЯНЫ́Я РАБО́ТЫ,

работы, звязаныя з распрацоўкай (выманнем), перамяшчэннем і ўкладкай грунту ў пэўнае месца; від будаўнічых работ. Выконваюцца пры буд-ве плацін, дамбаў, дарог, пракладцы інж. сетак, планіроўцы тэрыторый, раскрыцці радовішчаў і інш. Бываюць адкрытыя (на паверхні зямлі), падземныя і падводныя.

З.р. выконваюцца мех., гідрамех. (гл. Гідрамеханізацыя), выбуховым і камбінаваным спосабамі. Пры мех. спосабе капанне і перамяшчэнне грунту робяцца землярыйнымі і землярыйна-трансп. машынамі (экскаватарамі, бульдозерамі, скрэперамі, грэйдэрамі, грэйдэрамі-элеватарамі, каналакапальнікамі, аўтапаяздамі, самазваламі і інш.); разраўноўванне і ўшчыльненне — планіроўшчыкамі, каткамі дарожнымі, трамбавальнымі машынамі і інш. Выбуховы спосаб эфектыўны пры распрацоўцы скальных, мёрзлых і інш. грунтоў павышанай трываласці. Метадам накіраванага выбуху часта забяспечваюць пасадку дарожнага насыпу на мінер. дно балота. Земляныя збудаванні, якія ствараюцца ў выніку З.р., бываюць у выглядзе выемак або насыпаў. Выемка, якая выкопваецца для здабычы грунту, наз. кар’ерам (часам рэзервам); насып, што ўтвараецца пры адсыпцы залішняга грунту, — адвалам. Да З.р. адносяць таксама падрыхтоўчыя і дапаможныя работы.

Літ.:

Основы строительного дела. Мн., 1980.

І.​І.​Леановіч.

т. 7, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ШКО́ЛА КПЗБ, Падпольная школа КПЗБ у Мінску,

навучальная ўстанова, у якой у 1925—37 праходзілі падрыхтоўку падпольшчыкі Зах. Беларусі. Створана паводле пастановы ЦК КПЗБ ад 17.7.1924. Пачала дзейнічаць у пач. 1925 у в. Лошыца (цяпер у межах Мінска); пазней размяшчалася ў б. памешчыцкай сядзібе на вул. Грушаўскай. Штогод у школе навучалася 25—30 падпольшчыкаў парт. і камсам. профілю. Вучоба працягвалася 9—10 месяцаў па спец. праграме. Заняткі праводзілі выкладчыкі з БДУ, інш. ВНУ Мінска, дзеячы рэв. і нац.-вызв. руху Зах. Беларусі; з дакладамі выступалі кіруючыя работнікі КПП і КПЗБ, сакратары ЦК КП(б)Б і старшыні СНК БССР. Усе слухачы і выкладчыкі, звязаныя з падполлем, карысталіся псеўданімамі. Сярод выпускнікоў школы дзеячы рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі С.Р.Анісаў, А.Р.Бергман, С.В.Прытыцкі і інш. Перастала існаваць у 1937 у сувязі з рэпрэсіямі ў адносінах да ўдзельнікаў рэв.-вызв. руху Зах. Беларусі.

Літ.:

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 10, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗАЦЫ́ЙНА-АПТЫ́ЧНЫ МЕ́ТАД ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ напружанняў,

метад вывучэння напружанняў у дэталях машын і буд. канструкцый на празрыстых мадэлях. Заснаваны на ўласцівасці большасці празрыстых ізатропных асяроддзяў станавіцца пры дэфармацыі аптычна анізатропнымі. Праводзіцца з дапамогай палярызацыйных прылад.

Пры праходжанні слоя анізатропнага рэчыва дзвюма светлавымі хвалямі, па-рознаму палярызаванымі і з рознымі скарасцямі распаўсюджання, паміж ваганнямі гэтых хваль узнікае рознасць фаз, значэнне якой залежыць ад анізатрапіі асяроддзя, таўшчыні слоя і даўжыні хвалі. Па рознасці фаз вызначаюць параметры асяроддзя, якія характарызуюць яго аптычную анізатрапію і звязаныя з ёю асаблівыя напрамкі. Метад пашыраны ў крышталяфізіцы, мінералогіі, пры вызначэнні размеркавання мех. напружанняў і дэфармацый у дэталях машын і элементах канструкцый, вывучэнні тканак жывых арганізмаў і інш.

На Беларусі П.-а.м.д. распрацоўваецца з 1950-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це, з 1960-х г. у Ін-це фізікі Нац. АН пры вывучэнні размеркавання напружанняў у пругка дэфармаваных (фотапругкасць) і пластычна дэфармаваных (фотапластычнасць) асяроддзях (С.І.Губкін, Б.Б.Бойка і інш.).

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРО́КІ СЭ́РЦА,

паталагічныя змены анатамічнай структуры сэрца і пачатковай часткі сасудаў, што адыходзяць ад яго. Падзяляюцца на прыроджаныя (у выніку парушэнняў ці незакончанасці фарміравання ў час унутрывантробнага, часам постнатальнага развіцця) і набытыя (ад захворванняў). Прыроджаныя П.с. прыводзяць да парушэнняў унутрысардэчнай і агульнай гемадынамікі. Значнасць гэтых парушэнняў уплывае на адэкватнасць развіцця, клінічныя праявы, прагноз жыцця немаўлят. Некат. прыроджаныя П.с. дыягнастуюць у дарослым узросце. Да набытых П.с. прыводзіць рэўматызм, інфекц. эндакардыт, сіфіліс, захворванні, звязаныя з аортай, — анеўрызма, атэрасклероз, васкуліты. Пры набытых П.с. пашкоджваюцца клапаны ці перагародкі камер сэрца. У залежнасці ад лакалізацыі П.с. падзяляюцца на мітральныя, аартальныя і інш. Сярод набытых П.с. бывае недастатковасць клапана, стэноз (спалучэнне недастатковасці і стэнозу называюць спалучаным парокам). Пры камбінаваным пароку адбываюцца паталагічныя змены некалькіх клапанаў сэрца. Доўгаіснуючыя П.с. вядуць да развіцця хранічнай і вострай недастатковасці кровазвароту, да парушэнняў рытму і інш. ускладненняў. Лячэнне кансерватыўнае, хірургічнае.

Літ.:

Сумароков А.В., Моисеев В.С. Клиническая кардиология. 2 изд. М., 1995;

Маколкин В.И. Приобретенные пороки сердца. 2 изд. М., 1986.

М.​А.​Саўчанка.

т. 12, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́ЗМЕННЫЯ ПАТО́КІ,

накіравана рухомая плазма, таксама раздзел фізікі плазмы, які вывучае пытанні, звязаныя з атрыманнем, даследаваннямі і выкарыстаннем рухомай плазмы.

У залежнасці ад крыніц плазмы адрозніваюць П.п. стацыянарныя (неперарыўныя) і імпульсныя. Для атрымання стацыянарных П.п. выкарыстоўваюць у асн. плазматроны, імпульсных — плазменныя паскаральнікі розных тыпаў і выбуховыя генератары Для магутнатокавых плазменных паскаральнікаў характэрна сцісканне (кампрэсія) плазмы — утварэнне кампрэсійных П.п. Найб. буйнамаштабныя кампрэсійныя П.п. атрымліваюць двухступеннымі плазменнымі паскаральнікамі. Для атрымання П.п. з высокімі скарасцямі выкарыстоўваецца лазернае выпрамяненне пры яго ўздзеянні на цвёрдыя целы і газы.

На Беларусі сістэматычныя даследаванні пачаліся з 1960-х г. пад кіраўніцтвам акад. М.​А.​Ельяшэвіча і вядуцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН, БДУ. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца ў ракетнай і касм. тэхніцы, лазернай фізіцы, цеплафізіцы, эксперым. аэрагазадынаміцы, плазменнай тэхналогіі.

Літ.:

Минько Л.Я. Получение и исследование импульсных плазменных потоков. Мн., 1970;

Физика и применение плазменных ускорителей. Мн., 1974.

Л.​Я.​Мінько.

т. 12, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ТАД (ад грэч. methodos шлях даследавання або пазнання, тэорыя, вучэнне),

спосаб пазнання, сукупнасць прыёмаў і аперацый практычнага і тэарэт. асваення рэчаіснасці. М. могуць быць прыёмы навук. даследавання і маст. творчасці, сістэмы аперацый у тэхніцы, прам-сці, сельскай гаспадарцы і інш. У філасофіі пад М. разумеюць пэўны спосаб пабудовы і абгрунтавання сістэмы філас. і навук. ведаў. Зыходныя ўяўленні аб М. сфарміраваны ў антычнасці, але сістэмнае вывучэнне і распрацоўка М. адносіцца да Новага часу і звязана з узнікненнем і развіццём эксперым. навукі. Пачынальнік метадалогіі доследнай навукі Ф.​Бэкан параўноўваў М. з паходняй, якая асвятляе шлях у цемры. Выключная рознатыповасць аб’ектаў навукі і чалавечай практыкі абумоўліваюць разнастайнасць М., таму спробы выпрацаваць універсальны, прыдатны да пазнання ўсіх з’яў і аб’ектаў М. не прывялі да поспеху. Адрозніваюць агульныя М., якія выкарыстоўваюцца ў працэсе як навук., так і звычайнага пазнання, а таксама ў практычнай дзейнасці, і навук. М., уласцівыя толькі навук. пазнанню. Навук. М., у сваю чаргу, падзяляюцца на агульнанавуковыя, якія выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, і канкрэтна-навук., або спецыяльныя, якія ўжываюцца ў рамках асобных навук. дысцыплін. Тэндэнцыя інтэграцыі навук. ведаў вядзе да пашыранага выкарыстання М. адных навук у інш. навуках, што актуалізуе пытанне пра М. міждысцыпліннага даследавання. У залежнасці ад суаднясення з вопытам вылучаюць М. эмпірычныя і тэарэтычныя; адрозніваюць таксама лагічныя М., звязаныя з абстрактным, разумовым узроўнем пазнання (аналіз, сінтэз, індукцыя, дэдукцыя, аналогія і інш.), і практычныя М., непасрэдна звязаныя з матэрыяльнай, практычна-прадметнай дзейнасцю (назіранне, рэальны эксперымент і інш.). Павялічваецца роля М. навук.-тэхн. творчасці, дзе навук. пошук спалучаецца з вынаходствам і дзе творца спалучае ў сабе якасці даследчыка і інжынера. У залежнасці ад мэты М. падзяляюць на эўрыстычныя (скіраваныя на адкрыццё новага) і алгарытмічныя. Паводле характару дэтэрмінацыі адрозніваюць адназначна дэтэрмінаваныя і імавернасныя М. Ужываецца таксама класіфікацыя М. на колькасныя і якасныя. У залежнасці ад сферы выкарыстання бываюць М. хім., фіз., біял., лінгвістычныя, сацыялагічныя і інш. Развіццё М., іх ускладненне і дыферэнцыяцыя абумовілі стварэнне вучэння аб М. — метадалогіі.

Літ.:

Бэкон Ф. Новый Органон // Соч. 2 изд. М., 1978. Т. 2;

Степин В.С., Елсуков А.Н. Методы научного познания. Мн., 1974;

Кочергин А.Н. Научное познание: формы, методы, подходы. М., 1991.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 10, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСЬМО́,

графічная фіксацыя мовы для зносін паміж людзьмі на адлегласці і замацавання ў часе. Выступае як пэўныя сістэмы графічных абазначэнняў, што склаліся гістарычна ў выніку культ. развіцця паасобных народаў. Паводле сэнсавага аб’ёму знакаў падзяляецца на 4 тыпы; піктаграфічнае пісьмо, ідэаграфічнае пісьмо, складовае пісьмо, літарна-гукавое пісьмо.

Развіццё П. звязана з грамадскім прагрэсам і ішло ад выпадковых агульных паведамленняў да перадачы ўсё больш дробных элементаў мовы. Першыя спробы пісьмовай фіксацыі думак паявіліся ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу (канец каменнага веку). Аднак уласцівае племянным абшчынам піктаграфічнае П. не было ўпарадкаванае, бо ў ім з дапамогай малюнкаў схематычна перадаваўся толькі сэнс выказванняў, але не адлюстроўваўся гукавы бок мовы, падзел яе на словы Пераход ад выпадковых піктаграфічных запісаў да ўпарадкаванага ідэаграфічнага П. абумоўлены ўтварэннем рабаўладальніцкіх дзяржаў, калі з’явілася патрэба рознай пісьмовай дакументацыі. Дзякуючы здольнасці пісьмовых знакаў абазначаць паасобныя словы і перадаваць складаныя тэксты, новы тып П. стаў абслугоўваць усе сферы тагачаснага эканам. і культ. жыцця. Ідэаграфічныя сістэмы, мала звязаныя з фанетыкай мовы, былі зручныя для стараж. дзяржаў, неаднародных па этнічным складзе. Складовае П. пачало фарміравацца ў 2-м тыс. да н.э., ім карыстаюцца некат. народы ў наш час. У параўнанні з ідэаграфічным мае меней знакаў, бо розных складоў у мовах менш, чым слоў, дакладней адлюстроўваецца фанет. і грамат. структура мовы, хоць засталіся цяжкасці, звязаныя з грувасткасцю і немагчымасцю перадачы сумежных і канцавых гукаў у складах. Найб. зручнае П. літарна-гукавое, у якім пры дапамозе знакаў перадаецца гукавы склад мовы. Яго перавага над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Большасць народаў свету карыстаецца літарна-гукавымі сістэмамі. Выкарыстанне П. пашыралася з павелічэннем колькасці адукаваных людзей і ўдасканаленнем пісьмовых прылад. Важны этап у гісторыі П. — вынаходніцтва паперы і кнігадрукавання, што стварыла перадумовы для масавага пашырэння культ. дасягненняў сярод розных слаёў грамадства. Вывучэннем П. займаецца граматалогія, а таксама эпіграфіка і палеаграфія. Пра бел. сістэму П. гл. ў арт. Беларускі алфавіт, Графіка.

Літ.:

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Гельб И.Е. Опыт изучения письма: (Основы грамматологии): Пер. с англ. М., 1982;

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963.

А.​М.​Булыка.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)