СЕЛЕЎКІ́ДЫ,

царская дынастыя, якая кіравала ў 312—64 да н.э. ў адной з эліністычных дзяржаў у Зах. Азіі (гл. Элінізм і Селеўкідаў дзяржава). Заснавана Селеўкам I Нікатарам. Найб. магутнасці дасягнула пры Антыёху III Вялікім [223—187 да н.э.].

т. 14, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛБА́НІЯ КАЎКА́ЗСКАЯ, Аран,

стараж. дзяржава ва Усх. Закаўказзі ў 4—3 ст. да н.э. — 10 ст. н.э. (у ніжнім цячэнні Аракса і Куры). Сталіцы Кабалака, Партаў (Барда), Ардэбіль. Першапачаткова саюз роднасных плямёнаў (албаны, уціі, каспіі і інш.), пазней рабаўладальніцкая, каля 3—5 ст. н.э. феад. дзяржава. Найб. магутнасці дасягнула ў час праўлення цара Урнайра (370-я г.), які распаўсюдзіў у Албаніі каўказскай хрысціянства. У пач. 5 ст. з’явілася алб. пісьменнасць. З канца 4 ст. пад уладай Сасанідскага Ірана, супраць якога ў 451, 484, 571 адбыліся паўстанні. У 7 ст. іранскае панаванне змянілася візант. і хазарскім. У 713 заваявана арабамі. У 9 ст. распалася на княствы і з пач. 10 ст. большасць зямель Албаніі каўказскай увайшла ў склад Шырвана і інш. дзяржаў.

т. 1, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭ́СІЯ (ад лац. aggressio напад),

выкарыстанне ўзброенай сілы адной дзяржавай (групай дзяржаў) супраць суверэнітэту, тэр. цэласнасці, паліт. незалежнасці другой дзяржавы або народа (нацыі). Найб. небяспечная ўзброеная (прамая) форма агрэсіі. Існуе таксама паняцце ўскоснай агрэсіі, пры якой дзяржава-агрэсар скрыта выкарыстоўвае ўзбр. сілы (напр., праз узбр. банды наёмнікаў, нерэгулярных вайск. фарміраванняў). Паводле Статута ААН, Савет Бяспекі можа кваліфікаваць як агрэсію і інш. дзеянні. Адпаведна з міжнар. правам агрэсія — злачынства супраць міжнар. міру і таму цягне за сабой міжнар. адказнасць. Дзяржава, якая стала аб’ектам агрэсіі, мае права на прыняцце мер індывідуальнай і калектыўнай абароны. Савет Бяспекі ААН правамоцны прыняць рашэнне аб выкарыстанні да агрэсара мер, у т. л. ваеннага характару (напр., у 1991 узбр. сілы НАТО выступілі супраць Ірака, які захапіў Кувейт).

Л.​В.​Паўлава.

т. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЬ,

ці Шан, першая кітайская дзяржава, якая існавала ў 16—11 ст. да н.э. Апошняя сталіца знаходзілася паблізу сучаснага г. Аньян. Значную ролю ў гаспадарцы І. адыгрывалі земляробства, жывёлагадоўля, паляванне і рыбалоўства. Зямлю апрацоўвалі пераважна каменнымі і драўлянымі прыладамі. У час І. з’явілася іерагліфічная пісьменнасць. Развіваліся рамёствы, у т. л. выраб бронзавага посуду, зброі, керамікі і інш. Археалагічныя знаходкі і эпіграфічныя помнікі сведчаць аб значным маёмасным расслаенні іньскага грамадства, якое складалася са знаці (члены царскай сям’і, жрацы, чыноўнікі), сялян-абшчыннікаў і рабоў (у асноўным ваеннапалонныя). У 14 ст. на чале дзяржавы стаяў цар (ван), які меў неабмежаваную ўладу. Дзяржава І. вяла працяглую барацьбу з суседнімі плямёнамі. У 11 ст. да н.э. заваявана роднасным племем чжу і перастала існаваць.

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДЫЯ (грэч. Lydia),

старажытная дзяржава на З М. Азіі ва ўрадлівай даліне р. Герм. Насялялі індаеўрап. плямёны лідыйцаў. Каля 7 ст. да н.э., багатая радовішчамі золата, Л. ўпершыню ў гісторыі пачала чаканку манет; развіваліся ювелірнае, ткацкае, гарбарнае рамёствы. У пач. 1-га тыс. да н.э. ў складзе Фрыгіі. У пач. 7 ст. да н.э. незалежная дзяржава са сталіцай у г. Сарды. Правячая яе дынастыя — Мермнады (цары Гугу, Аліят, Крэз) усталявала сваю ўладу амаль на ўсёй тэр. М. Азіі. У 546 да н.э. Л. заваявана перс. царом Кірам II; у 4 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага. У 3—2 ст. да н.э. падпарадкавана Селеўкідамі, пазней у складзе Пергамскай дзяржавы. У 133 да н.э. частка рым. правінцыі Азія.

т. 9, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВО́ЙСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА,

дзяржава ў 1416—1720 (у 11 ст. — 1416 мела статус графства) са сталіцай у Шамберы (цяпер тэр. Францыі), з 1563 — у Турыне (цяпер тэр. Італіі). У склад С.г. ўваходзіў П’емонт. З сярэдзіны 15 ст. — аб’ект экспансіі Францыі. У 16—17 ст. як пагранічная дзяржава разбурана войнамі Габсбургаў з Францыяй за Італію. У войнах за Іспанскую спадчыну першапачаткова саюзнік Францыі, з 1703 — «Свяшчэннай Рым. імперыі». Паводле Утрэхцкага міру 1713 савойскі герцаг Віктар Амедэй П атрымаў тэр. Манферата, ч. герцагства Міланскага і Сіцылію. Паводле Лонданскага пагаднення 1720 да С.г. замест Сіцыліі, страчанай у 1718, перайшла Сардзінія. У выніку стварылася Сардзінскае каралеўства, яго каралём стаў апошні герцаг савойскі Віктар Амедэй II. Цяпер Савояй называецца частка тэр. б. С.г. вакол г. Шамберы.

т. 14, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗНА́ (цюрк.),

1) фінансавыя рэсурсы дзяржавы, цэнтралізаваныя дзярж. крыніцы фінансаў; грашовыя сродкі якой-н. установы.

2) Дзяржава як суб’ект пэўных маёмасных правоў і інтарэсаў.

3) У гіст. мінулым сховішча грошай і каштоўнасцей цароў, князёў, манастыроў і інш., а таксама самі гэтыя каштоўнасці (маёмасць).

т. 7, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗВЕ́ДВАЛЬНЫЯ О́РГАНЫ,

спецыяльныя падраздзяленні, якія дзяржава стварае для ажыццяўлення разведвальнай дзейнасці; састаўная ч. разведвальнай суполкі і сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Прызначаны абараняць інтарэсы асобы, грамадства, дзяржавы ад знешніх пагроз з выкарыстаннем вызначаных заканадаўствам спец. метадаў і сродкаў.

В.​А.​Окунеў, А.​А.​Мініч.

т. 13, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІКІ́Я (грэч. Kilikia),

старажытная вобласць на п-ве М. Азія (Пд сучаснай Цэнтр. Турцыі). Падзялялася на 2 часткі: «К. суровая» (горы Таўр) і «К. раўнінная» (узбярэжжа Міжземнага м.). У 2-м тыс. да н.э. ўваходзіла ў Хецкае царства, у 12—16 ст. да н.э. на яе тэр. існавала некалькі незалежных царстваў, з 6 ст. да н.э. ў складзе стараж.-перс. Ахеменідаў дзяржавы. У 333 да н.э. заваявана Аляксандрам Македонскім. У 297—190 у складзе дзяржавы Селеўкідаў. У 1 ст. да н.э. тут узнікла пірацкая дзяржава, разгромленая ў 67 да н.э. рым. палкаводцам Пампеем Вялікім. З 64 да н.э. К. — рым. правінцыя, з 5 ст. н.э. ў складзе Візантыі. У 1080—1375 тут існавала Кілікійская армянская дзяржава. У 1515 заваявана туркамі-асманамі.

В.​У.​Адзярыха.

т. 8, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКО́Е ДНО (прававы рэжым),

глыбакаводнае марское дно, якое размешчана па-за знешнімі межамі кантынент. шэльфа. Прынцыпы і нормы міжнар. прававога рэжыму М.д. вызначаны Канвенцыяй ААН па марскім праве 1982. Паводле Канвенцыі, агульныя паводзіны дзяржаў у адносінах да гэтага раёна павінны адпавядаць яе палажэнням, прынцыпам Статута ААН і інш. нормам міжнар. права ў інтарэсах падтрымання міру і бяспекі і садзейнічання міжнар. супрацоўніцтву і ўзаемаразуменню. Прававы рэжым М.д. не закранае прававога статуса вод, якія яго пакрываюць, і паветр. прасторы над ім. Канвенцыя абвясціла М.д. агульнай спадчынай чалавецтва. Ні адна дзяржава не можа прэтэндаваць на суверэнітэт або суверэнныя правы ці ажыццяўляць іх у адносінах нейкай часткі гэтага раёна М.д. або яго рэсурсаў, ні адна дзяржава, фіз. або юрыд. асоба не можа прысвойваць ніякую частку дадзенага раёна і яго рэсурсы. Гл. таксама Марское права.

т. 10, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)