камандная спартыўная гульня з мячом у басейне; адзін з водных відаў спорту. Гуляюць 2 каманды па 7 чал. на воднай пляцоўцы 30 × 20 м (глыб. не менш за 1,8 м). Пасярэдзіне больш кароткіх бакоў пляцоўкі ўстаноўлены вароты шыр. 3 м, выш. 0,9 м. Гульня доўжыцца 4 перыяды па 5 мін кожны (улічваецца чысты час). Мэта гульні: перадаючы мяч партнёрам, кожная з каманд імкнецца закінуць яго ў вароты саперніка. Стыль плавання адвольны, мяч можна весці і кідаць адной рукой (дзвюма рукамі гуляе толькі варатар). Парушэнне правіл караецца перадачай мяча праціўніку ці (за грубую гульню) выдаленнем парушальніка на 45 с або да прапушчанага гола.
Узнікла воднае пола ў Вялікабрытаніі ў 2-й пал. 19 ст. Да пач. 20 ст. стала развівацца і ў інш. краінах. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1900. Праводзяцца чэмпіянаты Еўропы (з 1926), свету (з 1973). З 1926 дзейнічае К-т воднага пола пры Міжнар. аматарскай федэрацыі плавання (ФІНА). На Беларусі развіваецца з 2-й пал. 1940-х г. Чэмпіянаты краіны з 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМБРО́ВІЧ ((Gombrowicz) Вітольд) (4.8.1904, Малашыцы, каля г. Апатаў, Польшча — 25.7.1969),
польскі пісьменнік, драматург. Юрыст па адукацыі. У 1939—63 жыў у Аргенціне, з 1964 — у Францыі. Працягваў традыцыі польск. сатыры. Аўтар зб. апавяданняў «Дзённік часоў сталення» (1933), аповесцей «Фердыдурке» (1938), «Парнаграфія» (1960), «Космас» (1965), рамана «Транс-Атлантык» (1953), скіраваных супраць крывадушнасці і фальшу, што прыкрываюцца нормамі маралі, канфармізму, стандартызацыі ў матэрыяльным і духоўным жыцці. Яго творам уласцівы абсурдысцкая манера апавядання, заснаваная на літ.гульні і вытанчанай тэхніцы пісьма, спалучэнне сатыры, гумару і фантастыкі. У п’есах «Вянчанне» (1953), «Аперэтка» (1966) разглядаў праблемы адносін паміж людзьмі, уплыў на псіхіку дэструктыўных сац. з’яў. Выдаў «Дзённік. 1953—66» (т. 1—3, 1957—66).
Тв.:
Dzieła. Т. 1—9. Kraków, 1986—95;
Рус.пер. — Преднамеренное убийство: Рассказы. М., 1991;
Транс-Атлантик. М., 1994;
Порнография. М., 1994.
Літ.:
Медведева О.Р. Диалог: Философия и поэтика (М.Бубер и В.Гомбрович) // История культуры и поэтика. М., 1994;
Jarzębski J. Gra w Gombrowicza. Warsczawa, 1982;
Błonski J. Forma, śmiech i rzecy ostateczne: Studia o Gombrowiczu. Kraków, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУШЭ́Ц (Tetrao urogallus),
птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. 2 падвіды. Пашыраны ў лясах Еўразіі. На Беларусі нешматлікі аселы від. Водзіцца ў хваёвых і мяшаных сухадольных лясах, радзей — на мохавых балотах Бел. Паазер’я, Прыпяцкага Палесся, у Белавежскай пушчы. Нар. назва на Палессі когут. У Бярэзінскім і Дарвінскім запаведніках вывучаецца вальернае ўтрыманне і развядзенне ў няволі.
Самы буйны з баравой дзічыны. Даўж. самцоў да 110 см, маса да 6,5 кг, самкі ўдвая меншыя. У самцоў верх галавы, шыя, спіна шэрыя з цёмным малюнкам, крылы карычнева-бурыя, валлё чорнае з метал. бляскам, брушка цёмнае з буйнымі белымі плямамі. Мае доўгае пер’е на падбародку і гарляку. Самка стракатая: буравата-рыжая з чорнымі пярэсцінкамі. Палігам. Вясной глушцы збіраюцца на шлюбныя гульні, самцы пяюць, б’юцца паміж сабой (такуюць). У час спеваў («скіркання») глушэц нічога не чуе (адсюль назва). Гняздуецца на зямлі. Нясе 5—10 (зрэдку да 12) яец. Корміцца ігліцай хвоі, елкі, ягадамі, кветкамі, пупышкамі, насякомымі. Каштоўны прамысл. від. Колькасць скарачаецца, у шэрагу месцаў, у т. л. на Беларусі, пад аховай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІ́Д ((David) Жак Луі) (30.8.1748, Парыж — 29.12.1825),
французскі жывапісец; прадстаўнік класіцызму ў франц. мастацтве. У 1766—74 вучыўся ў Парыжы ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (чл. акадэміі з 1784), у 1775—80 вывучаў ант. мастацтва ў Рыме. Дзеяч франц. рэвалюцыі 1789—94, чл. якабінскага Канвента; стварыў Нац. музей у Луўры. Яго творы вылучаюцца яскравым увасабленнем прынцыпаў класіцызму: «Клятва Гарацыяў» (1784), «Смерць Сакрата» (1787), «Ліктары прыносяць Бруту целы яго сыноў» (1789) і інш. У часы рэвалюцыі ствараў партрэты, карціны пра вядомыя гіст. падзеі сучаснасці: «Клятва ў зале для гульні ў мяч» (1791), «Забіты Лепелецье» і «Смерць Марата» (абедзве 1793). Вял.рэаліст. сілай вызначаюцца партрэты: «Аўтапартрэт» (1794), «Зяленіўшчыца» (1795). З 1804 Давід — прыдворны мастак Напалеона I; маляваў дэкар.-эфектныя парадныя партрэты і карціны («Напалеон пры пераходзе праз Сен-Бернар», 1800, «Каранацыя Жазефіны», 1805—07, і інш.). Пасля рэстаўрацыі манархіі Бурбонаў быў вымушаны пераехаць у Брусель. У Давіда вучыліся А.Гро, Ф.Жэрар, Ж.А.Д.Энгр і інш. мастакі.
Літ.:
Кузнецова И.А. Луи Давид М., 1965.
А.М.Пікулік.
Ж.Л.Давід. Сафо і Фаон. 1809.Ж.Л.Давід. Аўтапартрэт. 1794.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГРЫ́ШЧА,
народнае зборышча з танцавальна-гульнявымі і тэатралізаванымі паказамі. Бярэ пачатак ад масавых забаў язычніцкай абраднасці. Мае глыбокія карані ва ўсходнеслав. фальклоры. Значную ролю ў вызначэнні характару І. адыгралі скамарохі. На Беларусі пашыраны ў паўн., усх. і цэнтр. раёнах, дзе паняцце і сам тэрмін «І.» часта выступае як сінонім вечарынак, вячорак. Асабліва характэрны для святочна-каляднага часу з яго «святымі» («крывымі») вечарамі, калі можна ўсё паказваць «шыварат-навыварат», у карнавалізаваным выглядзе. Таму на І. асаблівая роля належыць карнавалізаваным хаджэнням пераапранутых (хадзіць «у гусары», «у цыганы»), гульнявым паказам вяселля («Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара»), парадзіраванаму пахаванню з амбівалентнасцю смерці — уваскрэсення ў танцы, гульні, смеху («Бабёр памёр, пашлі хараніць — ажну ён сядзіць...», «у вакно глядзіць, стаіць», «ажну ён за намі бяжыць!»), іншым розным гульням у фанты, выбару пары і інш. («Яшчур», «Халімон», «Зязюля»).
Літ.:
Финдейзен Н.Ф. Очерки по истории музыки в России с древнейших времен до конца XVIII в. Т. 1. М.; Л., 1928;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ННЫ СПОРТ,
верхавая язда спарт. характару. Уключае пераадольванне перашкод (канкур), выездку, трохбор’е (манежная язда, палявыя выпрабаванні, пераадольванне перашкод), прабегі, вальтыжыроўку. Да К.с. адносяць таксама скачкі (гладкія і бар’ерныя), стыпль-чэз, джыгітоўку, язду ў экіпажах, коннае пола, нац. конныя гульні. Спаборніцтвы праводзяцца звычайна на іпадромах і ў манежах.
Вядомы са стараж. часоў. У Расіі першыя конныя турніры пачаліся ў Пецярбургу ў 1766, першыя скачкі — у 1826. У СССР К.с. развіваўся ў 1920-я г. ў армейскіх часцях, у клубах Асаавіяхіма. На Беларусі культывуецца з 1957, з часу адкрыцця аддзялення К.с. ў Гомельскай спарт. школе моладзі. Працуюць (1998) Рэсп. цэнтр па К.с. і конегадоўлі (пас. Ратамка Мінскага р-на), 11 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ і 8 секцый К.с. Найб. вядомыя бел. спартсмены: В.Угрумаў, І.Карачова — бронз. прызёр чэмпіянату свету і чэмпіёнка СССР у камандным заліку (1978); чэмпіёны СССР — Ю.Зябраў (1965), В.Вагнер (1978), абодва — пераадольванне перашкод, А.Яцына (1977, выездка); А.Зелянко, А.Сарачаў, С.Антановіч, Ю.Навумовіч-Швабоўская, Т.Жалабковіч і інш.
расійскі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1948), у 1967—92 выкладаў у ім. Зб-кам «Дарога далёкая» (1947), «Вяртанне» (1955), паэмам «Вага вёрстаў» (1945), «На рубяжах» (1945—47) і інш. уласцівы інтанацыі рэквіема, імкненне да высокай сімволікі. У зб-ках «Ветравое шкло» (1961), «Развітанне са снегам» (1964), «Ладажскі лёд» (1965), «Падкова» (1967), «Познія вершы» (1971), «Пад старым небам» (1976), «Абрысы рэчаў» (1977), «Медальён» (1979), «Проза ў вершах» (1982; Дзярж. прэмія СССР 1986), «Барматуха» (1991), паэмах «Балада пра цырк» (1961), «Alter ego» (1975) і інш. успрыняцце рэчаў у маштабе часу і вечнасці, сімвалізацыя дэталей, проціпастаўленне гульні афіцыйнасці і дэмагогіі, цырк як сімвал уласнага жыцця, творчага лёсу, сусвету. Паэзія М. адметная філасафічнасцю, драматызмам, спалучэннем фантазіі з непасрэднай рэальнасцю перажывання, літ. рэмінісцэнцыямі. Аўтар вершаў на бел. тэматыку («З вайны»). На бел. мову асобныя вершы М. пераклалі А.Вялюгін, С.Гаўрусёў, У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ГБІ,
камандная спартыўная гульня з мячом авальнай формы. Гуляюць 2 каманды па 13 (у прафес. матчах) ці 15 (у аматарскіх) чалавек, 2 таймы па 40 мін, на пляцоўцы 100 × 69 м (за лініяй варот заліковае поле). Мэта гульні — прызямліць мяч рукой у заліковым полі праціўніка ці забіць над перакладзінай Н-падобных варот. Перамагае каманда, якая набірае найб. колькасць ачкоў. Мяч можна біць нагой, несці ў руках, кідаць інш. гульцу (але нельга пасаваць уперад). Дапускаецца захоп саперніка за плечы, пояс і ногі, збіццё з ног плячом. Пры парушэнні правіл назначаецца «схватка», пры ўводзе мяча з-за бакавой лініі выстройваецца «калідор».
Р. ўзнікла ў 1820-я г. ў Вялікабрытаніі ў г. Рэгбі (адсюль назва). У 1934 засн.міжнар. аматарская федэрацыя Р. (ФІРА); аб’ядноўвае каля 50 краін. З 1960 разыгрываецца кубак ФІРА (неафіц, чэмпіянат свету). У праграме Алімп. гульняў 1900, 1908. 1920. 1924. Найб. развіта ў Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы і інш.
У Беларусі ў пач. 1930-х г. праводзіліся першынствы Мінска, рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯ́ТА ЎРАДЖА́Ю,
святкаванне заканчэння ўборкі ўраджаю. Першыя С.ў. прымяркоўвалі да Пакроваў — стараж. земляробчага свята заканчэння палявых работ. У ім прымалі ўдзел калектыўныя і аднаасобныя гаспадаркі; праводзілі яго ў школах, хатах-чытальнях, нар. дамах, на плошчах. У падрыхтоўцы свята ўдзельнічалі выканкомы мясц. Саветаў, парт., камсамольскія, прафс. арг-цыі. Асн. мэта першых С.у. — прапаганда с.-г. вопыту. Суправаджалася выстаўкай узораў с.-г. прадукцыі, прылад працы, паказам прыёмаў апрацоўкі і ўгнаення глебы і інш. У час свята дэманстравалі апрацоўку глебы трактарам, арганізоўвалі выстаўку калгаснай прадукцыі, кірмашы. Састаўнымі элементамі С.ў. былі маст. інсцэніроўкі, канцэрты, танцы, гульні, спаборніцтвы (у прыватнасці, конныя), часам карнавальныя шэсці. Высокі эмац. настрой святу надавалі духавыя аркестры. Мастацкія рысы С.ў. ўзмацніліся ў 1960—90-я г. Яно ўзбагацілася традыц. сімваламі дажыначных абрадаў (апошні сноп жыта, ячменю, лёну, дажынкавы вянок, каравай з зерня новага ўраджаю; гл.Дажынкі). Своеасаблівасць свята выражаюць святочныя персанажы «Ураджай», «Колас», «Каласкі» і інш. Праводзяцца парады тэхнікі, выступленні ўдзельнікаў маст. самадзейнасці, спарт. выступленні, конкурсы, латарэі. Змяніліся сутнасць і значэнне свята. Яно стала святкаваннем заканчэння ўборкі ўраджаю, днём падвядзення вынікаў працы, ушанавання пераможцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРМАШО́ВЫ ТЭА́ТР,
умоўная назва комплексу тэатральных і паратэатральных дзействаў у час святочных кірмашоў. Вядомы ў многіх народаў свету, на Беларусі — з 16 ст. Спачатку паказы К.т. ўключалі выступленні скамарохаў, дэманстрацыі дрэсіраваных мядзведзяў. У 19 ст. папулярнасць набылі фрай-балаганы на вольным паветры, дзе выступалі вандроўныя артысты (у сярэдзіне 19 ст. ў Кобрыне на кірмашы выступалі канатныя танцоры і штукары пад кіраўніцтвам бел. фокусніка Даўгялы). У пач. 20 ст. ў зах. раёнах Беларусі вандроўны заапарк з Польшчы дэманстраваў дрэсіраваных звяроў, выступалі мясц. і прыезджыя цыркавыя трупы; у Докшыцах адной з форм К.т. сталі прадстаўленні батлейкі Б.Патупчыка. На кантрактавых кірмашах 19 ст. выступалі хары нар. песні і інстр ансамблі, наладжваліся танц. балі, маскарады, феерверкі. З 1803 у Мінску штогод на святочных кірмашах іграў гар. аркестр; у Шклове ў маёнтку графа С.Г.Зорыча ў час летніх кірмашоў ладзілі водныя відовішчы з расквечанымі караблямі (імітавалі «марскія бітвы», напады на судны «піратаў»). Да кірмашоў прымяркоўвалі і тэатр. спектаклі (ставіў спектаклі Мінскі гар.т-р; у Мазыры ў 1840 у час спасаўскага кірмашу выступалі драм. артысты з Мінска, музыканты, катрыншчыкі, вальтыжоры, канцэрцісты). Кірмашовыя паказы вандроўных т-раў адбываліся ў Нясвіжы, Кобрыне, Оршы. У Зэльве ў спецыяльна пабудаваным т-ры балаганнага тыпу часта выступаў т-р з Вільні, вандроўныя артысты з Расіі, інш. краін, паказвалі цыркавыя праграмы, імпрэзы з танцаў і індыйскіх гульняў (у 1860 франц. антрэпрэнёр Л.Персуар даў тут 12 цыркавых прадстаўленняў). У канцы 19 — пач. 20 ст. на Віцебшчыне, Магілёўшчыне і Міншчыне на кірмашах праводзілі неафіц. конкурсы вясковых хароў, фалькл.-інстр. ансамбляў, выканаўцаў прыпевак. У Полацкім пав. выступалі тэатралізаваныя муз. ансамблі. Пашыраны былі і кірмашовыя чэмпіянаты вясковых асілкаў, барцоў, тэатралізаваная барацьба з пераапранутым у мядзведзя (Пінск), ладзіліся нар.гульні, забавы, карагоды, каруселі, гушканне на арэлях. Спецыфіка паратэатр. дзействаў бел. кірмашоў канца 19 ст. — тэатралізаваныя гандл. атракцыёны (палеская, браслаўская і перабродская рыбалкі, тураўская рыбная латарэя, івацэвіцкая гандл. рулетка і інш.), якія ўзніклі як форма прапаганды тавару сродкамі гульні. Паказы К.т. давалі шырокія магчымасці для праяў фантазіі, майстэрства, імправізацыйнай творчасці ўдзельнікаў. На сучасным этапе адбываецца адраджэнне К.т. Беларусі. На святочных кірмашах побач з традыц. формамі К.т. суіснуюць сучасныя тэатр. і паратэатр. дзействы — выступленні аматарскіх тэатр. калектываў, т-раў малых форм, конкурсы гумарыстаў, выканаўцаў прыпевак, канцэрты прафес. артыстаў, сюжэтна-гульнявыя праграмы, танц. балі і інш.