МІ́НСКІ «КАЦЁЛ»,

акружэнне войскамі 1-га, 2-га і 3-га Бел. франтоў у ходзе Мінскай аперацыі 1944 гал. сіл 4-й і асобных злучэнняў 9-й ням. армій групы армій «Цэнтр» на У ад Мінска 3.7.1944 у Вял. Айч. вайну. У «кацёл» трапіла 105 тыс. гітлераўцаў. 4.7.1944 сав. войскі — часці 49-й, 50-й армій 2-га Бел. фронту, 33-й арміі 3-га Бел. фронту, частка сіл 1-й і 4-й паветр. армій пачалі ліквідацыю акружаных войск. Спробы іх вырвацца з «катла» поспеху не мелі. 7—8 ліп. знішчаны ці ўзяты ў палон гал. сілы ням. войск, 9—11 ліп. — астатнія асобныя групы. У М.«к.» знішчана больш за 70 тыс. і ўзята ў палон каля 35 тыс. варожых салдат і афіцэраў, у т. л. 12 генералаў. У ліквідацыі «катла» ўдзельнічалі партызаны брыгад 2-й Мінскай, «Буравеснік», імя Ракасоўскага, «За Савецкую Беларусь», імя газеты «Правда», «Полымя», імя Шчорса і інш. Партызаны ахоўвалі ўсе асн. аб’екты ў Мінску і яго ваколіцах. Упершыню ў наступальных дзеяннях Чырв. Арміі праціўнік быў акружаны і разгромлены ў выніку паралельнага (3-і і 1-ы Бел. франты) і франтальнага (2-і Бел. фронт) праследавання на глыбіні 200—250 км ад пярэдняга краю яго абароны.

У.​І.​Лемяшонак.

Дыярама «Мінскі «кацёл» (фрагмент). Мастакі П.​Крахалёў, У.​Лагун, Л.​Асядоўскі, Б.​Аракчэеў. 1969—71.

т. 10, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МОГИЛЁВСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

афіцыйная газета; орган Магілёўскага губ. праўлення. Выдаваліся ў 1838—1917 у Магілёве на рус. мове. Складаліся з 2 частак: афіц. (з 2.7.1838; мела агульны і мясц. аддзелы) і неафіц. (з 14.7.1893; у 1904—05 выходзіла як самаст. грамадская і літ. газета). У 1838—49 выходзіла нерэгулярна, у 1849—58, 1864—69, 1905, 1914—17 — штотыднёва, у 1859—63, 1870—1903, 1906—12—2 разы на тыдзень, у 1904—3 разы на тыдзень. У 1897—1903 неафіц. частку рэдагаваў Е.​Раманаў. У афіц. частцы публікаваліся пастановы, указы ўрада, губ. адміністрацыі, аб’явы, у неафіц. — краязнаўчыя матэрыялы па археалогіі і гісторыі, статыстыцы, адукацыі, этнаграфіі, фальклоры, мовазнаўстве, сац.-эканам. пытаннях, літ. і літ.-знаўчыя творы, асвятляла культ. жыццё Магілёва і губерні. Сярод публікацый: «Этнаграфічны нарыс» (1839), «Гісторыя Магілёўскага герба» (1842), «Гістарычны агляд Магілёўскай губерні» С.​Сакалова (1848), «Орша (1250—1683 гг.)» З.​Даўгялы (1898), «Да пытання аб этнаграфічнай карце беларускага племені» Я.​Карскага (1902) і інш. Асобныя матэрыялы надрукаваны з захаваннем асаблівасцей бел. мовы, у т. л. «Магілёўскія прыкметы», «Загадкі», «Дзяды» (1849), «Каляды ў Сенненскім павеце» (1852), «Беларускія тэксты вярцепнага дзейства» Раманава (1898) і інш. Некаторыя матэрыялы газеты друкаваліся ў Магілёўскай губернскай друкарні. Усяго выйшла 25 кніг і брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.​Кісяля (1861) як дадатак (замест неафіц. часткі).

І.​А.​Пушкін.

т. 10, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСТО́ЛЬНАЯ ВЫДАВЕ́ЦКАЯ СІСТЭ́МА,

камп’ютэрная сістэма, прызначаная для аўтаматызаванай апрацоўкі тэкставай і ілюстрацыйнай (чорна-белай і каляровай) інфармацыі пры вырабе фотаформы або арыгінал-макета паліграф. выдання (кнігі, часопіса, газеты і інш.). Звычайна размяшчаецца на адным рабочым месцы і прызначана для выкарыстання ў выдавецтве або сярэднім паводле аб’ёму выдавецка-паліграф. комплексе.

Складаецца з персанальнай ЭВМ (ПЭВМ) з клавіятурай, дысплеем, маніпулятарам тыпу «мыш» і прыстасаваннямі для электронных носьбітаў інфармацыі, спецыялізаванага матэм. забеспячэння (праграмы аўтам. набору і вёрсткі ў пакетным і дыялогавым рэжыме) і дадатковага перыферыйнага абсталявання. Падрыхтоўка выданняў на Н.в.с. ўключае: набор тэкстаў з дапамогай тэкставых рэдактараў, апрацоўку ілюстрацый з дапамогай графічных рэдактараў, вёрстку выданняў і раздрукоўку матэрыялу (на паперы ці плёнцы ў выглядзе арыгінал-макета). Для апрацоўкі тэкстаў звычайна выкарыстоўваецца стандартная ПЭВМ, для вёрсткі і апрацоўкі ілюстрацый — удасканаленая ПЭВМ ці спецыялізаваныя графічныя станцыі. У якасці дадатковага абсталявання (арганізацыйна-тэхнал. забеспячэння) выкарыстоўваюць: сканеры для ўводу ілюстрацый ці тэксту, прынтэры ці фотанаборныя аўтаматы для раздрукоўкі матэрыялу і вываду інфармацыі на святлоадчувальную плёнку. Існуе больш за 100 варыянтаў Н.в.с., пабудаваных паводле модульнага прынцыпу. Стварэнне гарнітур-кегляў ажыццяўляецца праграмным шляхам, магчыма іх практычна неабмежаваная колькасць. Інфармацыя пра шрыфты закладзена ў памяць ЭВМ. У параўнанні з ранейшымі тэхналогіямі Н.в.с. дазваляе больш аператыўна і якасна рыхтаваць выданні.

Літ.:

Шкаев А.В. Настольные издательские системы: Справ. М., 1994;

Тимофеев Я.Я. Издательство на моем столе. М., 1993.

С.​А.​Макаёнак.

т. 11, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ША ДО́ЛЯ»,

грамадска-паліт. і літ. газета; першае легальнае перыядычнае выданне на бел. мове. Выдавалася з 1(14).9 да 1(14).12.1906 у Вільні кірыліцай і лацінкай. Рэдактар-выдавец І.​Тукеркес. Актыўны ўдзел у стварэнні газеты і выданні першых нумароў прымалі І. і А.​Луцкевічы, Цётка. У праграмным арт. «Да чытачоў» газета выступіла за ўдзел у рэв. руху, сац. і нац. свабоду, развіццё класавай самасвядомасці рабочых і сялян, асвету на роднай мове. Друкавала вострапубліцыст. і агітац. артыкулы («Што будзе?», «Даход расійскага цара», «Пагром», «Як мужыку палепшыць сваё жыццё» і інш.), у якіх выкрывала антынар. палітыку царызму. Інфармавала пра рэв. падзеі ў краіне, цяжкае становішча прац. сялянства. Гэтымі тэмамі і ідэяй прасякнуты надрукаваныя ў газеце творы Цёткі (верш «Наш палетак» і апавяд. «Прысяга над крывавымі разорамі»), Я.​Коласа [вершы «Наш родны край» (1.9.1906, першае выступленне паэта ў друку), «Беларусам», «Асенні вечар», апавяд. «Слабода»] і інш. Змясціла апавяданне Ядвігіна Ш. «Суд». Выйшла 6 нумароў. На газету неаднаразова накладваўся арышт, а рэдактар прыцягваўся да крымін. адказнасці; паводле суд. прыгавору 11.1.1907 выданне забаронена, рэдактар прыгавораны да турэмнага зняволення на 1 год.

Літ.:

Шлюбскі А Новыя матэрыялы да гісторыі «Нашай долі» // Полымя. 1927. №3;

Біч М. У змаганні за лепшую долю // Там жа. 1966. №8;

Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968. С. 212—234.

У.​М.​Конан.

т. 11, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (НСП; Niezależna Partia Chłopska, NPCh),

рэвалюцыйна-дэмакратычная сялянская партыя ў Польшчы ў 1924—27. Дзейнічала легальна. Склалася ў ліст. 1924 у выніку расколу партыі «Вызваленне», левае крыло якой на чале з дэпутатамі сейма С.​Ваявудскім, А.​Фідаркевічам, С.​Баліным, Ф.​Галавачом і інш. ўтварыла НСП. ЦК партыі ўзначальваў Фідаркевіч. Выступала за надзяленне сялян зямлёй без выкупу шляхам канфіскацыі яе ў памешчыкаў, нацыяналізацыю памешчыцкіх лясоў і водных багаццяў, бясплатнае навучанне дзяцей на роднай мове, паліт. свабоды, права на самавызначэнне нац. меншасцей і інш. У знешняй палітыцы выступала за добрасуседскія адносіны, у т. л. з СССР. Мэтай паліт. барацьбы лічыла стварэнне рабоча-сял. ўрада. 3 сак. 1925 арг-цыі НСП пачалі ўзнікаць у шэрагу паветаў Зах. Беларусі, а таксама — гурткі ў вёсцы. Праводзіла паліт. кампаніі разам з КПЗБ і БСРГ. Выдавала газеты «Walka wsi» («Барацьба вёскі»), «Walka ludu» («Барацьба народу»), «Walka pracy» («Барацьба працы»), «Niezależny chłop» («Незалежны селянін»), «Lemiesz» («Лямеш»), «Zagon» («Загон»), якія былі папулярнымі ў Зах. Беларусі. У 1925 НСП налічвала каля 1 тыс. членаў, у 1927 — больш за 20 тыс. У польскім сейме мела сваю фракцыю (7 чал.), якая супрацоўнічала з фракцыямі КПЗБ і БСРГ. У чэрв. 1925 гэтыя 3 фракцыі прапанавалі сейму праект зямельнай рэформы (не быў прыняты). Распушчана польскім урадам у сак. 1927. Дзеячы НСП ў 1928 стварылі Арганізацыю сялянскай лявіцы «Самапомач».

П.​І.​Зялінскі, І.​П.​Хаўратовіч.

т. 11, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСО́НСКА-АСВЕ́ЙСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну,

тэрыторыя на Пн Віцебскай вобл., якую кантралявалі партызаны. Утварылася ў 1942 у выніку баёў (у т. л. Расонскага бою 1942) па вызваленні партызанамі ад ням.-фаш. захопнікаў тэр. Расонскага, Асвейскага, ч. Дрысенскага і Полацкага р-наў. Да вясны 1943 пл. 5 тыс. км². Вызваленая тэрыторыя стала часткай партыз. краю, створанага бел., латышскімі і рус. партызанамі на сумежжы Беларусі, Латвіі і Расіі (10 тыс. км², больш за 100 тыс. чал.). Зону абаранялі партыз. фарміраванні гэтых рэгіёнаў. На тэр. зоны базіраваліся падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, была адноўлена сав. ўлада, працавалі хлебапякарні, млыны, прамысл. майстэрні, выдаваліся раённыя газеты; падтрымлівалася сувязь з сав. тылам, дзейнічалі аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі. Партызаны пастаянна праводзілі дыверсіі на камунікацыях ворага, у т. л. ў час «рэйкавай вайны», аперацыі па разгроме яго гарнізонаў. Ням. фашысты з мэтай ліквідацыі зоны часта праводзілі карныя аперацыі (№ 12, 13, 14, «Пантэра», «Заяц-бяляк», «Зімовае чараўніцтва», «Генрых», «Ота» і інш.), таму яе тэрыторыя была ператворана акупантамі ў «выпаленую зямлю». У памяць пра Р.-А.п.в. насыпаны курганы каля в. Прошкі Верхнядзвінскага, Марачкова і Маторына Расонскага р-наў, пастаўлены помнікі ў Расонах, вёсках Дзёрнавічы, Новы Лад Верхнядзвінскага, Канюхова, Межна, Роўнае Поле, Сяляўшчына Расонскага р-наў Віцебскай вобл.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.

Э.​Ф.​Языковіч.

т. 13, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАНЕ́ВІЧ (Іван Лук’янавіч) (13.11.1891, в. Руднікі Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 24.4.1953),

бел. і рускі публіцыст, выдавец, філосаф, гісторык, пісьменнік, грамадскі і спарт. дзеяч. Сын Л.​М.​Саланевіча. Скончыў Петраградскі ун-т (1916). З 1909 працаваў у газ. бацькі «Белорусская жизнь» (Вільня), з 1912 — у газ. «Новое время» (Пецярбург). Віцэ-чэмпіён Расіі па гіравым спорце, арганізатар спарт. т-ваў «Сокал» у Гродне і Віцебску (1908—10). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 удзельнік грамадз. вайны на баку белых. З 1926 у Маскве. У 1933 за спробу ўцячы з СССР зняволены і накіраваны на буд-ва Беламорска-Балтыйскага канала. У жн. 1934 з сынам уцёк з лагера і прабраўся ў Фінляндыю. Потым у Балгарыі, дзе напісаў кнігу «Расія ў канцлагеры» (1936), выдаваў газ. «Голос России» (1936—38), якая стала цэнтрам рас. правапатрыят. эміграцыі, распаўсюджвалася ў 52 краінах, у т. л. даходзіла да Зах. Беларусі. Прапагандаваў ідэю «нацыянальнай праваслаўнай манархіі». Пасля забароны газеты балг. ўладамі (1938) пераехаў у Германію, знаходзіўся пад наглядам гестапа. З 1948 у Аргенціне. Заснаваная ім у Буэнас-Айрэсе газ. «Наша страна» стала цэнтрам народна-манархічнага руху, які меў на мэце ўвядзенне ў Расіі ладу нар. манархіі. Асн. філас.-паліталагічная праца «Народная манархія» (у першай рэд. «Белая імперыя», 1952).

Тв.:

Народная монархия. Мн., 1998.

Літ.:

Черепица В.Н. Преодоление времени. Мн., 1996.

В.​М.​Чарапіца.

т. 14, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«И́СКРА»,

першая агульнарасійская с.-д. палітычная газета. Выдавалася нелегальна з 11(24).12.1900 да кастр. 1905 на рускай мове, спачатку ў Лейпцыгу, потым у Мюнхене, з крас. 1902 у Лондане, з вясны 1903 у Жэневе. Ініцыятар стварэння У.І.Ленін. Як выразніца яго ідэі стварэння Рас. с.-д. рабочай партыі (РСДРП) газета выпрацоўвала тэарэт. і практычныя асновы партыі (падрыхтаваны праграма і статут РСДРП). «И.» крытычна ацэньвала ўнутр. і знешнюю палітыку царскай улады, асвятляла эканам. і паліт. становішча народаў Расіі, у т. л. і беларусаў, выступала за саюз рабочага класа з сялянствам, пісала пра рас. і міжнар. рэв. рух, са свайго пункту погляду крытыкавала міжнар. апартунізм (бернштэйніянства) і яго разнавіднасць — «эканамізм», выступала супраць т. зв. дробнабурж. ліберальных партый Расіі — эсэраў, бундаўцаў і іх лідэраў. Газету атрымлівалі ў 26 гарадах і мястэчках Беларусі. У ёй надрукавана 25 матэрыялаў з Беларусі, у якіх асвятляліся падзеі сац.-паліт. жыцця краю, расказвалася пра самавольства мясц. улад, становішча палітзняволеных. Крытыкаваліся мясц. лідэры «эканамістаў» (васільеўцы), лібералаў, бундаўцаў і інш. Дзейнасць газеты спрыяла стварэнню Палескага і Паўн.-Зах. к-таў РСДРП. У 1903 у РСДРП разгарнулася барацьба паміж бальшавікамі і меншавікамі. Пасля 51-га нумара «И.» перайшла на пазіцыі меншавікоў. Усяго выйшла 112 нумароў.

Літ.:

Волин М. Ленинская «Искра». (1900—1903 г.). М., 1964;

Ефремова О.И. Роль ленинской «Искры» в распространении марксизма в Белоруссии. Мн., 1980;

Ленинская «Искра»: История создания и распространения, 1900—1902. М.;

Лейпциг, 1984;

Возвращенная публицистика. Кн. 1. 1900—1917. М., 1991.

С.​В.​Говін.

т. 7, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВІЧ-ЗАБЛО́ЦКІ (Суліма-Савіч-Заблоцкі) Войслаў

(Вайніслаў) Казімір Канстанцінавіч [15.3.1850 (паводле інш. звестак у 1849),

маёнтак Панчаны Міёрскага р-на Віцебскай вобл. — пасля 1893], бел. і польскі паэт, празаік, публіцыст. Пісаў на бел., польскай, франц. і рус. мовах. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, ун-тах Прагі, Лейпцыга, Страсбурга. Рана пранікся ідэямі вызв. руху і нац. абуджэння бел. народа. З 1868 у нац.-асветнай суполцы «Крывіцкі вязок» (Пецярбург, яе кіраўнік). Суполку забаранілі, а С.-З. апынуўся пад наглядам паліцыі ў Варшаве. Апублікаваў сатыр. паэму на польскай мове «Праўдападобная гісторыя» (1871), гіст. творы пра М.​Каперніка (1873). З 1875 за мяжою (Аўстра-Венгрыя, Германія, Егіпет, Францыя, Бельгія). Выдаваў газеты на польскай і франц. мовах. Супрацоўнічаў у многіх франц., ням. і польскіх газетах і часопісах. У 1887 вярнуўся на радзіму. Працаваў у рэдакцыі газ. «Виленский вестник» (1888—89). У 1889—91 жыў у маёнтку Губіна Лепельскага пав. З 1891 у Мінску, пасля ў Пецярбургу. Перапісваўся з Я.​Карловічам, М.​Канапніцкай, А.​Ельскім, М.​Драгаманавым, П.​Лаўровым і інш. Польскамоўная паэма «Аповесць пра мае часы» (1876) пра Беларусь пярэдадня 1863. Аўтар аповесці «Полацкая шляхта» (1885). Рукапісы і дакументы С.-З. ў архівах і б-ках Мінска, Вільнюса, Масквы, С.-Пецярбурга, Львова, Варшавы, Кракава і інш.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974;

Пачынальнікі. Мн., 1977;

Янушкевіч Я. У прадчуванні знаходак. Мн., 1994.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 14, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у г. Гомель і прыгарадзе пад кіраўніцтвам Гомельскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б. Аб’ядноўвала больш за 40 груп (каля 400 чал.). Найб. актыўныя групы: на падшыпнікавым (кіраўнік В.​І.​Сухаў), паравозавагонарамонтным (М.​В.​Півавараў) з-дах, паравозным дэпо (А.​Ц.​Брыкс), чыг. вузле (Ф.​С.​Варонін), лесакамбінаце (М.​Д.​Жызнеўскі, Р.​М.​Каралёў), тлушчакамбінаце (Е.​І.​Каленікаў), у пашпартным стале (Н.​Я.​Заўгародні), у Навабеліцы (А.​В.​Мацвіенка, Ф.​С.​Кусцін, В.​Ц.​Папоў). Адной з першых пачала дзейнасць група Ц.С.Барадзіна, члены якой наладзілі друкаванне антыфаш. лістовак, бланкаў дакументаў, правялі шэраг дыверсій, перадавалі сав. ваеннапалонным у лагер адзенне, прадукты, лістоўкі, арганізоўвалі іх уцёкі. У ліст. 1941 створаны аператыўны цэнтр для каардынацыі дзейнасці падп. груп, наладжана сувязь з Гомельскім камсамольска-маладзёжным падполлем. Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі сав. газеты і зводкі Саўінфармбюро, уладкоўвалі сваіх людзей у акупацыйны апарат, учынялі дыверсіі на прадпрыемствах, чыгунцы і інш. месцах. Выкарыстоўваючы звесткі падпольшчыкаў, сав. авіяцыя рабіла налёты на скопішчы варожых войск, ваен. тэхнікі ў Гомелі, Рэчыцы, Жлобіне. У маі 1942 і лютым 1943 фашысты правялі шматлікія арышты і расстрэлы. За час акупацыі загінуў кожны трэці падпольшчык Гомеля. Барадзіну, І.П.Кожару і Е.І.Барыкіну прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У Гомелі на магілах падпольшчыкаў пастаўлены помнікі, на пл. Працы запалены Вечны агонь.

Літ.:

Кожар И.П., Рудак А.Д., Романовский В.Ф. Сильные духом // Герои подполья. 2 изд. М., 1970. Вып. 2;

Михайлашев Н.А. Невидимый фронт // Неман. 1968. № 2;

Рудак А.Д. Экзамен на зрелость. Мн., 1981.

Л.​В.​Аржаева.

т. 5, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)