БІБЛІЯТЭ́КА (грэч. bibliothēkē ад biblion кніга + thēkē сховішча),
установа, якая займаецца зборам, спец. апрацоўкай і захаваннем кніг, дакументаў і інш. друкаваных і рукапісных твораў, арганізуе іх грамадскае выкарыстанне і абслугоўванне чытачоў, выконвае інфарм., адукац., н.-д., метадычную і выдавецкую функцыі. Бібліятэкі бываюць масавыя, навук., спец., дзіцячыя. Масавыя бібліятэкі падзяляюць паводле прыналежнасці на дзярж., прафсаюзныя, школьныя і інш., паводле тэр. адзнакі на нац., краявыя, абл., гар., раённыя, сельскія. Да навук. і спец. бібліятэк адносяцца дзярж., акадэмічныя, універсітэцкія, галіновыя, тэхн., бібліятэкі прадпрыемстваў, НДІ, ВНУ, школьныя і г.д. Кожная бібліятэка ў адпаведнасці са сваім тыпам арганізуе і дыферэнцыруе абслугоўванне асобных груп чытачоў на аснове вывучэння іх складу і запатрабаванняў. Усе бібліятэчныя працэсы, віды і формы прапаганды л-ры падпарадкоўваюцца задачам максімальна поўнага і аператыўнага задавальнення попыту карыстальнікаў.
Як сацыяльны ін-т бібліятэкі з’явіліся адначасова з узнікненнем дзяржавы, пісьменства, што абумоўлена неабходнасцю стварэння грамадскага механізму арганізацыі, збору, назапашвання, апрацоўкі і выкарыстання інфармацыі. Бібліятэкі як грамадскае сховішча помнікаў пісьменства вядомы з глыбокай старажытнасці: бібліятэка асірыйскага цара Ашурбаніпала (сярэдзіна 7 ст. да н.э.); у Ст. Егіпце бібліятэкі пры храмах для абслугоўвання жрацоў, першая буйная бібліятэка Стараж. Грэцыі, заснаванне якой прыпісваецца Арыстоцелю (4 ст. да н.э.); Александрыйская бібліятэка і бібліятэка ў Пергаме (3 ст. да н.э.) і інш. Бібліятэкі сучаснага тыпу пачалі фарміравацца з 15 ст. пасля вынаходніцтва кнігадрукавання. Буйнейшыя ў свеце б-кі; Ватыканская Апостальская бібліятэка (засн. ў 1475, больш за 1,3 млн. адз. захавання), Францыі нацыянальная бібліятэка (засн. ў 1480, больш за 30 млн. адз. захавання), Расійская нацыянальная бібліятэка (засн. ў 1795, больш за 28 млн. адз. захавання), Бібліятэка кангрэса (засн. ў 1800, больш за 90 млн. адз. захавання), Расійская дзярж. бібліятэка (засн. ў 1862, больш за 37 млн. адз. захавання), Брытанская бібліятэка (засн. ў 1972 на базе шэрагу буйных бібліятэк, у т. л. бібліятэка Брытанскага музея, больш за 21 млн. адз. захавання).
На Беларусі бібліятэкі вядомы з 11 ст., пераважна пры цэрквах і манастырах. Сярод найб. старажытных Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка. У 2-й пал. 16 ст. бібліятэкі засн. ў Полацку, Слуцку, Мінску, Магілёве. Некаторыя знішчаны ў час пажараў, войнаў. У канцы 16—18 ст. склалася сістэма бібліятэк ордэна базыльян, асновай якіх найчасцей былі бібліятэкі правасл. манастыроў. Цэнтральныя бібліятэкі базыльян знаходзіліся ў Віленскім Святатроіцкім, Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах. Вялікія кнігазборы мелі каталіцкія кляштары: кармелітаў у Глыбокім, дамініканцаў у Гродне і Шклове, піяраў у Шчучыне і Драгічыне, бернардзінцаў у Слоніме, аўгусцінцаў і трынітарыяў у Брэсце. Найб. значныя пратэстанцкія бібліятэкі былі ў Слуцкай кальвінісцкай калегіі і Смаргонскім зборы. З 16 ст. існуюць бібліятэкі навуч. устаноў. Найб. з іх бібліятэка Віленскай акадэміі (цяпер Вільнюскага універсітэта бібліятэка). Самыя вял. прыватныя бібліятэкі 16—18 ст. на Беларусі: Радзівілаў бібліятэка ў Нясвіжы, Сапегаў бібліятэкі, Храптовічаў бібліятэка ў Шчорсах, бібліятэка Хадкевічаў, слуцкіх князёў Алелькавічаў, магнатаў Солтанаў і інш. У 18 ст. існавалі бібліятэкі езуіцкіх, базыльянскіх і піярскіх вучылішчаў, бібліятэкі калегіумаў у Гродне, Брэсце, Мінску, Слуцку, Навагрудку, Бабруйску, Мазыры, Пінску, Паставах, Халопенічах і інш. У 18—19 ст. бібліятэкі мелі гімназіі, Горы-Горацкі с.-г.ін-т, Слуцкая вышэйшая пратэстанцкая школа, Нясвіжскі ліцэй, бібліятэка пры Полацкай езуіцкай акадэміі (у 1813 каля 40 тыс. тамоў). У 19—20 ст. вядомы бібліятэкі: прыватныя Т.Нарбута, І.М.Даніловіча, А.К.Кіркора, Ашторпаў у Дукоры (Ігуменскі пав.), Беніслаўскіх у Быхаве, Масальскіх у Белічанах, Г.Х.Татура ў Мінску, Тышкевічаў у Лагойску, Т.С.Урублеўскага ў Вільні і інш. У Слуцку Ю.Бергель сабраў больш за 3 тыс. рэдкіх кніг, рукапісаў і дакументаў. Створаны публічныя бібліятэкі ў Гродне (1830, 1863), Магілёве (1833, 1861), Мінску (1845, 1900), Віцебску (1857) і інш. У пач. 1890-х г.Віленская навучальная акруга арганізавала бібліятэкі пры нар. вучылішчах (у 1894 былі 733 такія бібліятэкі). Яны мелі невял. кніжны фонд і камплектаваліся пераважна кнігамі рэліг. павучальнага зместу. У пач. 20 ст. на сродкі выдаўца Ф.Ф.Паўленкава ствараліся паўленкаўскія бібліятэкі, у т. л.Астрамечаўская бібліятэка. У 1913 на Беларусі была 851 бібліятэка з кніжным фондам 423 тыс. тамоў. У 1921 арганізавана Бібліятэка фундаментальная БДУ — першая навуковая бібліятэка на Беларусі. У 1922 створана аб’яднаная Бел.дзярж. і універсітэцкая бібліятэка, з 1926 Бел. дзяржаўная (гл.Бібліятэка нацыянальная Беларусі), яе філіялы (да 1938) у Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1928), пры Доме ўрада (1933; з 1994 Бібліятэка прэзідэнцкая Рэспублікі Беларусь). У 1925 засн.Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Якуба Коласа. З 1934 пачала стварацца сетка самаст.бібліятэк дзіцячых, з 1938 — бібліятэк абласных Беларусі. На пач. 1941 на Беларусі працавалі 4172 масавыя бібліятэкі з кніжным фондам больш за 5 млн. тамоў і больш за 500 навук. бібліятэк з кніжным фондам каля 5 млн. тамоў. У Вял.Айч. вайну амаль усе бібліятэкі разбураны, большасць кніжнага фонду страчана. У 1950 колькасць бібліятэк і агульны кніжны фонд перасягнуў даваенны ўзровень. Працуюць спец. рэспубліканскія бібліятэкі: Бібліятэка беларуская сельскагаспадарчая імя І.С.Лупіновіча, Бібліятэка навукова-медыцынская рэспубліканская, Бібліятэка навукова-педагагічная рэспубліканская, Бібліятэка навукова-тэхнічная рэспубліканская і інш.Асн. прынцыпамі бібліятэк Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца садзейнічанне адраджэнню і развіццю нац. культуры, зберажэнне гісторыка-культурнай спадчыны, распаўсюджванне гуманіст. ідэй і навук. ведаў. На 1.1.1996 на Беларусі каля 14 тыс. масавых і спец. бібліятэк, у т. л. 300 тэхнічных, 200 мед., 279 дзіцячых, агульны фонд якіх складае больш за 240 млн.экз.
Бібліятэчныя будынкі ў Еўропе напачатку ствараліся пры манастырах (асобныя памяшканні), потым пры палацах (б-каг. Эскарыял каля Мадрыда, 2-я пал. 16 ст.). Як самастойныя будынкі бібліятэкі ўзніклі ў 14—15 ст., мелі суровы манастырскі або парадны палацавы выгляд. З ростам грамадскага значэння бібліятэкі з’яўляліся вял. чытальныя залы (часцей круглыя) са шмат’яруснымі кніжнымі шафамі і балконамі ўздоўж сцен (б-ка Брытанскага музея ў Лондане, 1854—57). У Расіі першыя будынкі бібліятэк вядомы з канца 18 — пач. 19 ст. У 1828—32 у стылі ампір пабудавана Публічная б-ка ў Пецярбургу (арх. К.Росі; цяпер гал. корпус Рас.нац. б-кі). У Маскве пабудавана адна з буйных бібліятэк свету — Рас.дзярж.б-ка (1828—58, арх. У.Гельфрэйх, У.Шчуко і інш.). Сучасныя будынкі бібліятэк маюць 2 асн. зоны: абслугоўвання чытачоў (чытальныя і лекцыйныя залы, памяшканні каталогаў, даведачна-бібліягр. і навук.-метадычных аддзелаў, абанемента) і службова-вытв. (памяшканні аддзела камплектавання і апрацоўкі фондаў, службовых каталогаў, кнігасховішчаў, вытв. майстэрняў і інш.). Вял. чытальныя залы часцей размяшчаюць у цэнтры будынкаў, яны выяўляюцца ў кампазіцыі фасадаў; кніжныя сховішчы — у ніжніх паверхах або ў спец. памяшканнях на ўсю вышыню будынка. Часам пры ун-тах і інш.навуч. установах узводзяць спец.будынкі бібліятэк па індывід. праектах (Б-ка рэдкіх кніг і рукапісаў Іельскага ун-та, 1963, арх. Л.Скідмар, Н.А.Оўінгс і Дж.О.Мерыл).
На Беларусі найб. значныя па памерах і цікавыя арх. вырашэннем будынкіНац. б-кі Беларусі (1932, арх. Г.Лаўроў), Цэнтр.навук. б-кі імя Я.Коласа АН Беларусі (1967), абласной б-кі імя Пушкіна (1971), Рэсп. навукова-мед., б-кі № 11 у Мінску, Гомельскай (1958) і Віцебскай (1969) абл. бібліятэк і інш. Гарадскія і раённыя бібліятэкі звычайна будуюць па тыпавых праектах. Сельскія бібліятэкі найчасцей размяшчаюцца ў будынках клубаў, дамах і палацах культуры.
У.А.Акуліч, В.І.Анікін (архітэктура).
Да арт.Бібліятэка. Агульны выгляд і інтэр’ер бібліятэкі рэдкіх кніг і рукапісаў Іельскага універсітэта. 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ КУЦЕ́ІНСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 17—20 ст. Заснаваны як жаночы манастыр у 1631 Багданам Сцянкевічам на паўд.-зах. ускраіне Оршы. У комплекс уваходзіла некалькі драўляных цэркваў, жылыя і гасп. пабудовы. Гал. драўляны сабор згарэў у 1635. Пабудаваны мураваны Успенскі сабор (1655) меў рысы стылю барока. Крыжова-купальны 3-апсідны храм. Асн. неф і крылы трансепта былі накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сяродкрыжжа ўвенчана 8-гранным глухім барабанам і масіўным грушападобным купалам з галоўкай. Сцены ўпрыгожаны прафіляванымі карнізамі, пілястрамі на вуглах. Высокія вокны з паўцыркульнымі арачнымі завяршэннямі. Франтоны завершаны галоўкамі і аздоблены патройнымі плоскімі арачнымі нішамі. У 1658 куцеінскія манахіні пераведзены ў новаадчынены Уваскрасенскі манастыр у Смаленску. Ёсць звесткі, што з Куцейна былі і першыя насельніцы Новадзявочага манастыра ў Маскве. У 1842 манастыр прылічаны да 1-га класа. Зачынены ў 1918, будынкі не захаваліся.
Т.В.Габрусь, А.А.Ярашэвіч.
Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. Агульны выгляд. Малюнак 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ (КАЛО́ЖСКІ) МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 15—20 ст. у Гродне. Узнік пры Гродзенскай Барысаглебскай царкве. У 1480 пры першым вядомым ігумене Каліксце гродзенскі мешчанін І.Сергіевіч завяшчаў манастыру фальварак Панямонь, Г.Хадкевіч — штогадовую даніну ў 20 бочак мукі. Каля 1500 вял.кн. Аляксандр падараваў манастыру сад на беразе Нёмана, а кцітар (стараста з міран) каралеўскі пісар Б.Багавіцінавіч — фальварак Чашчаўляны (Чашчэвічы). У сярэдзіне 16 ст. манастыр заняпаў і ў ім не было манахаў. У канцы 16 ст. адрадзіўся і стаў уніяцкім. Сярод уніяцкіх ігуменаў быў вядомы пісьменнік-палеміст Леў Крэўза. З сярэдзіны 17 ст. тут вядомы цудатворны абраз Маці Божай Каложскай (эвакуіраваны ў 1915, месца яго знаходжання невядома). У пач. 18 ст. пры ігумене Воўку-Ланеўскім манастыр зноў заняпаў, а ігумен Яхімовіч аддаў усю зямельную маёмасць гродзенскім кармелітам. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр стаў зноў праваслаўным, у сярэдзіне 19 ст. ён пераведзены ў будынкі закрытага Гродзенскага кляштара бернардзінак. Спыніў існаванне ў 1-ю сусв. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛА́ЦКІ МАНАСТЫ́Р, Гелаты,
адзін з буйнейшых сярэдневяковых манастыроў Грузіі (за 11 км ад г. Кутаісі); помнік груз. архітэктуры. Засн. ў пач. 12 ст. царом Давідам Будаўніком. У 2-й пал. 16 ст. — 1814 — месцазнаходжанне каталікоса-патрыярха. Буйны цэнтр асветы, філас. думкі і маст. культуры Грузіі сярэдневякоўя; у 12 ст. тут створана Гелацкая акадэмія. Арх. комплекс Гелацкага манастыра ўключае крыжова-купальныя гал. храм (1106—-25) і царкву св. Георгія, 2-павярховую царкву св. Мікалая, 3-ярусную званіцу (усе 13 ст.) і будынкі акадэміі (12 ст., усх. порцік 14 ст.). Захаваліся часткі паўд. ўвахода, створанага над магілай Давіда Будаўніка (12 ст.), і мураванай агароджы. Мазаіка гал. храма з выявамі Божай маці з дзіцем і архангелаў (1125—30) — выдатны помнік мастацтва сярэдневякоўя. У храмах манастыра захаваліся размалёўкі 12—18 ст., у т. л. партрэты гіст. асоб.
Літ.:
Меписашвили Р. Архитектурный ансамбль Гелати. Тбилиси, 1966.
Гелацкі манастыр. Агульны выгляд. У цэнтры — галоўны храм (1106—25).Да арт.Гелацкі манастыр. Галава архангела Гаўрыіла. Фрагмент мазаікі. 1120-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНКО́ВАЯ КАНСТРУ́КЦЫЯў архітэктуры,
сістэма драўляных вянкоў (гарыз. радоў бярвён, брусоў, плах, дыляў), звязаных у вуглах урубкамі, укладзеных адзін на адзін, што ўтвараюць зруб. Пашырана ў лясных раёнах Еўропы з жал. веку. На Беларусі вядома з 2—3 ст.н.э. ў плямён культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, з 9 ст. — асн. канструкцыя драўляных будынкаў. На такой аснове будавалі жыллё, гасп. і вытв. пабудовы, абарончыя збудаванні (гародні, тарасы, вежы), грамадскія і культавыя будынкі. Вядомы зрубы прамавугольнай, квадратнай (клеці), 8-граннай (гл.Васьмярык), 6-граннай формаў, пастаяннага або пераменнага па вышыні сячэння, ярусныя (чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і інш.). Спалучэннем некалькіх зрубаў утвараліся падоўжна-восевая, глыбінна-прасторавая, крыжова-цэнтрычная, жывапісна-асіметрычная і інш. кампазіцыі. Вянковую канструкцыю мелі не толькі зрубы, але і іх завяршэнні (гл. ў арт.Закот, Верх, Шацёр). Цяпер вянковую канструкцыю выкарыстоўваюць пераважна ў традыц.нар. жыллі і гасп. пабудовах.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Вянковая канструкцыя. Вянковы двор. Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту. Сектар «Цэнтральная Беларусь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ.
Засн. ў 1624 у г.п. Бялынічы (Магілёўская вобл.) канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. Пазней апекунамі кляштара былі ўладальнікі Бялынічаў Агінскія. У сярэдзіне 18 ст. першапачатковыя драўляныя будынкі заменены мураванымі. У комплекс уваходзілі Успенскі касцёл, Т-падобны ў плане корпус кляштара, агароджа з уваходнай брамай, званіца, вежа з гадзіннікамі. Касцёл (пабудаваны ў 1742—63 у стылі позняга барока) — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з трансептам. Багата дэкарыраваны ордэрнымі элементамі і скульптурамі гал. фасад падзяляўся па гарызанталі на 3 ярусы, раскрапаваныя антаблементамі, па вертыкалі — на 5 частак вязкамі пілястраў. Сярэдняя частка завяршалася фігурным франтонам, бакавыя — масіўнымі валютамі, прамежкавыя — вежамі, накрытымі гранёнымі купалкамі. Інтэр’ер быў багата аздоблены драўлянай і стукавай скульптурай, сюжэтнымі размалёўкамі. У 1534 невядомы мастак намаляваў тут абраз Маці Божай, які знік у Вял.Айч. вайну. У 1960-я г. ўзарваны касцёл, у 1970-я г. — кляштар.
Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў. З гравюры 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРЭ́НГІ (Quarenghi) Гварэнгі Джакома
(20 ці 21.9.1744, Вале-Іманья каля г. Бергама, Італія — 2.3.1817),
італьянскі архітэктар. Прадстаўнік рас. класіцызму. З 1761 вучыўся ў Рыме жывапісу; вывучаў ант. архітэктуру, работы А.Паладыо. У Расіі з 1780. Пабудовы К. вылучаюцца яснасцю планіровачных вырашэнняў, прастатой і дакладнасцю аб’ёмных кампазіцый, манум. пластычнасцю форм, якая дасягалася ўвядзеннем урачыстых каланад на фоне гладкіх паверхняў сцен: Англійскі палац у Пецяргофе (цяпер Петрадварэц, 1781—94), будынкіАН (1783—89), Асігнацыйнага банка (1783—90), Эрмітажнага т-ра (1783—87), Кацярынінскага ін-та і Коннагвардзейскага манежа (1804—07), Смольны ін-т (1806—08) у Пецярбургу, Аляксандраўскі палац (1792—96) у Царскім Сяле (цяпер г. Пушкін) і інш. Рабіў малюнкі з выявамі стараж.-рус. дойлідства і сучасных яму пабудоў, жанравых сцэн. Выдаў гравіраваныя альбомы са сваіх праектаў Эрмітажнага т-ра і Асігнацыйнага банка (1787 і 1791) і 1-ы том збору сваіх праектаў (1810).
Літ.:
Архитектурные проекты и рисунки Д.Кваренги из музеев и хранилищ СССР. Л., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,
форма ўласнасці, пры якой маёмасць належыць калектывам грамадзян. Паводле Закону «Аб уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» ад 11.12.1990 К.ў. маюць арэндныя і калект. прадпрыемствы, кааператывы, акц. і гасп. т-вы, асацыяцыі, грамадскія, рэліг. і інш. арг-цыі і аб’яднанні.
Ва ўласнасці арэнднага прадпрыемства знаходзяцца прадукцыя і даходы, атрыманыя ў выніку выкарыстання арандаванай маёмасці, а таксама інш. маёмасць, набытая на законных падставах. Уласнасць калект. прадпрыемстваў узнікае, калі прац. калектыў поўнасцю набудзе маёмасць адпаведнага прадпрыемства. Уласнасцю акц т-ва з’яўляюцца маёмасць і грашовыя ўзносы яго ўдзельнікаў, вырабленая ім прадукцыя, атрыманыя даходы і інш. Удзельнікамі гасп.т-ва могуць быць прадпрыемствы, установы, арг-цыі, дзярж. органы і грамадзяне, іх уласнасць складаецца з укладаў і маёмасці ад гасп. дзейнасці. Грамадскія арг-цыі маюць права мець ва ўласнасці будынкі, жыллёвы фонд, грашовыя сродкі і інш. Ва ўласнасці рэліг. арг-цый закон прадугледжвае знаходжанне будынкаў, культавых рэчаў, грашовых сродкаў і інш. Уласнікамі маёмасці, якая адносіцца да К.ў., з’яўляюцца толькі прадпрыемствы, арг-цыі і аб’яднанні са статусам юрыд. асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ВЕРПУЛ (Liverpool),
горад на З Вялікабрытаніі, пры ўпадзенні р. Мерсі ў Ірландскае мора. Адм. ц. метрапалітэнскага графства Ліверпул і гал. горад канурбацыі Мерсісайд. 475 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Адзін з буйнейшых партоў краіны. Прам-сць звязана з абслугоўваннем порта і знешнегандл. аперацыямі. У Л. і яго прыгарадах — суднабудаванне і суднарамонт, аўта- і авіябудаванне, эл.-тэхн., гумавая, хім., папяровая, харч.прам-сць. Фондавая і таварная біржы. Ун-т. Музеі. Маст. галерэя Уокера. Арх. помнікі 18—20 ст. (шпіталь, ратуша, дзелавыя і гандл.будынкі).
Упершыню згадваецца ў 1191. У 1207 атрымаў гар. правы. Да 17 ст. невял. порт. Росту горада і порта з 17 ст. паспрыялі гандаль рабамі, якіх вывозілі ў ісп. калоніі ў Амерыцы, а пасля 1840 — масавая эміграцыя ірландцаў у ЗША. У 19 ст. Л. — гал.англ. порт па ўвозе бавоўны і вывазе баваўняных вырабаў. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны ў выніку ням. бамбардзіровак. У 1956 у Л. створаны муз. квартэт «Бітлз».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ГА РЭКО́РДАЎ ГІ́НЕСА (The Guinness Book of Records),
даведачнае выданне, у якім змешчаны звесткі пра выдатныя дасягненні, унікальныя з’явы і кур’ёзы ў свеце. Выдаецца з 1955 штогод (акрамя 1957 і 1959) у Вялікабрытаніі выд-вам «Гінес паблішынг лімітэд», заснавальнікамі якога былі кіраўнік брыт. піваварнай кампаніі «Гінес» Х.Бівер і ірландскія выдаўцы браты H. і Р.Макхуэртэры. Мае тэматычны прынцып пабудовы (раздзелы «Свет прыроды і космас», «Свет жывой прыроды», «Чалавек», «Навука і тэхніка», «Будынкі і збудаванні», «Транспарт», «Дзелавы свет», «Культура і мастацтва», «Чалавек і грамадства», «Дасягненні чалавека», «Спорт»); вызначаецца кампактным, сціслым выкладам матэрыялу. Вузкаспецыяльная інфармацыя выдаецца ў тэматычна абмежаваных выпусках-дадатках («Авіяцыя», «Караблі», «Аўтамабілі» і інш.). У кожным новым выданні звесткі абнаўляюцца. К.р.Г. перакладзена амаль на 50 моў свету, у т. л. на рус. мову (1990). На ўзор К.р.Г. ў розных краінах выходзяць даведнікі, блізкія да яе па аб’ёме і структуры (напр., у Расіі кн. «Дзіва: цуды, рэкорды, дасягненні», 2-е выд. 1993).