вектарная фізічная велічыня, якая характарызуе ўласцівасці дыполя. 1) Электрычны Д.м. — вектар па модулі, роўны p=ql, дзе q — дадатны эл. зарад дыполя, l — адлегласць паміж зарадамі (плячо дыполя), і накіраваны ад адмоўнага зараду да дадатнага. Д.м. вызначае эл. поле дыполя на вял. адлегласцях ад яго, а таксама ўздзеянне на дыполь знешніх эл. і магн. палёў. Адзінка эл. Д.м. ў СІ — кулон-метр, пазасістэмная адзінка — дэбай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЛЯ́ЛЬНЫЯ (Phallales),
парадак гастэраміцэтавых грыбоў. 2 сям., 20 родаў, каля 75 відаў. Пашыраны ў лясах пераважна трапічных зон. Глебавыя лясныя сапратрофы. На Беларусі 1 від — вясёлка звычайная (гл.Вясёлка).
Пладовыя целы акруглыя, закрытыя, фарміруюцца на міцэліі. Знешні слой абалонкі (перыдый) шчыльны, перапончаты, унутр. — студзяністы. У абалонцы ўтвараецца рэцэптакул — пладаносец. Ён выносіць на адлегласць да 30 см спелыя базідыяспоры, якія знаходзяцца ў слізістай масе з характэрным непрыемным пахам для прываблівання насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАЎНГО́ФЕРА ДЫФРА́КЦЫЯ,
дыфракцыя плоскай светлавой хвалі на неаднароднасці, напр., вузкай шчыліне ці адтуліне ў экране. Назіраецца, калі характэрныя памеры неаднароднасці значна меншыя за дыяметр 1-й зоны Фрэнеля (гл.Фрэнеля дыфракцыя); выконваюцца суадносіны
, дзе b — шырыня шчыліны, z — адлегласць ад экрана да пункта назірання, λ — даўжыня хвалі. Пры гэтым паралельны пучок прамянёў пераўтвараецца ў разбежны з вуглом разбежнасці прыкладна роўным λ/b. Такі спосаб назірання дыфракцыі святла прапанаваў І.Фраўнгофер (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРЫ́ФЫ (ад франц. tarif),
сістэма ставак, па якіх спаганяецца плата за паслугі. Найб. пашыраны мытныя тарыфы, Т. транспартныя, сувязі, страхавыя, камунальныя.
Т. транспартныя — стаўкі, па якіх аплачваюцца перавозкі грузаў, пасажыраў, багажу і пошты, а таксама пагрузачна-разгрузачныя работы, паслугі партоў, аэрапортаў і інш. Адрозніваюць Т. чыгуначнага, аўтамабільнага, марскога. рачнога, паветранага, трубаправоднага транспарту. Асн. фактары, якія ўлічваюцца пры фарміраванні і дыферэнцыяцыі трансп. Т.: адлегласць і від перавозкі (гарадская, міжгародняя, унутр., міжнар., кабатажная і інш.); від і памер грузу (дробны, павагонны, кантэйнерны і інш.); геагр. раён перавозкі. На ўсіх відах транспарту прадугледжваецца шырокі набор спец., ільготных, дамоўленых Т., якія накіраваны на актывізацыю попыту і дзейнічаюць у залежнасці ад рыначнай кан’юнктуры і стану трансп. галіны. Т. сувязі — цэны за паслугі, якія прадпрыемствы сувязі аказваюць спажыўцам. Асн. фактары дыферэнцыяцыі Т. — адлегласць, працягласць паслуг, час сутак, ступень тэрміновасці і інш. Формы спагнання плацяжу: пагадзінная, арэндная, абанементная платы або іх камбінацыі. Т. страхавыя — стаўкі страхавога ўзносу з адзінкі страхавой сумы або аб’екта страхавання. Прызначаецца для выплачвання страхавой кампенсацыі. Велічыня Т. вызначаецца ў дагаворы на страхаванне па дамоўленасці бакоў. Т. камунальныя — стаўкі за карыстанне электраэнергіяй, газам, вадой і інш. Дыферэнцыруюцца ў залежнасці ад катэгорый спажыўцоў (насельніцтва, прам-сць і інш.), Т. за карыстанне шэрагам паслуг для насельніцтва ніжэйшыя, чым для ўстаноў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎЖЫНЯ́ СВАБО́ДНАГА ПРАБЕ́ГУ,
сярэдні шлях, які праходзіць часціца (малекула, атам і г.д.) паміж двума паслядоўнымі сутыкненнямі з інш. часціцамі. Для звычайных малекулярных газаў пры нармальных умовах Д.с.п. ~0,1 мкм, што прыкладна ў 100 разоў перавышае сярэднюю адлегласць паміж малекуламі. Паняцце «Д.с.п.» ўзнікла ў кінетычнай тэорыі газаў і абагульнена на выпадак слаба ўзаемадзейных часціц, якія ўтвараюць газападобныя сістэмы (электронны газ у металах і паўправадніках, нейтроны ў слаба паглынальным асяроддзі і інш.). Выкарыстоўваецца пры разліках розных працэсаў пераносу (гл.Пераносу з’явы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАПЕ́ЦЫЯ (ад грэч. trapezion літар. — столік),
выпуклы чатырохвугольнік, у якога 2 процілеглыя стораны (асновы) паралельныя, а 2 іншыя (бакавыя) непаралельныя.
Адлегласцьh паміж асновамі наз. вышынёй. Адрэзак, які злучае сярэдзіны бакавых старон Т., наз. яе сярэдняй лініяй; яна паралельная асновам a і b, даўжыня яе роўная іх паўсуме. Плошча Т. S = 0,5 (a + b) ∙ h. Калі бакавыя стораны роўныя, Т. наз. роўнабаковай, калі адна з бакавых старон перпендыкулярная аснове — прамавугольнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫ́ЦЫУСА—БО́ДЭ ПРА́ВІЛА,
эмпірычнае правіла, якое ўстанаўлівае залежнасць паміж адлегласцямі планет ад Сонца. Прапанавана ням. вучоным І.Тыцыусам (1766), стала вядома з прац ням. астранома І.Бодэ (1772).
Паводле Т.—Б.п. адлегласці планет ад Сонца знаходзяцца па формуле:
, дзе an — адлегласць, выражаная ў астр. адзінках, n — нумар планеты. пачынаючы ад Венеры (для Меркурыя 1-ы член сумы роўны нулю.). Дакладнасць вызначаных адлегласцей каля 3%. Тэарэтычна Т.—Б.п. не растлумачана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІ́ЧНЫ МА́ЯТНІК,
цвёрдае цела, якое вагаецца пад уздзеяннем сілы цяжару вакол гарызантальнай восі, што не праходзіць праз яго цэнтр цяжару. Цыклічная частата ω і перыяд T малых ваганняў Ф.м. вызначаюцца суадносінамі:
і
, дзе
прыведзеная даўжыня, I — момант інерцыі адносна восі вярчэння і m — маса маятніка, d — адлегласць паміж воссю вярчэння і цэнтрам цяжару, g — паскарэнне свабоднага падзення. Іл.гл. да арт.Маятнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУНІКУЛЁР (франц. funiculaire ад лац. funiculus вяроўка, канат),
чыгунка з канатнай цягай для перамяшчэння пасажыраў і грузаў на кароткую адлегласць па стромкіх пад’ёмах і спусках (з вуглом да 35°). Грузавыя Ф. таксама наз. пад’ёмнікамі, элеватарамі. З’явіліся ў 1854 у Італіі і Аўстрыі, у Расіі — у пач. 20 ст. ў гарадах Ніжні Ноўгарад і Кіеў.
Вагоны рухаюцца паміж верхняй і ніжняй станцыямі пры дапамозе каната, які звязвае іх з цягавай лябёдкай, размешчанай на верхняй станцыі, скорасць да 5 м/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫКЛО́ІДА (ад грэч. kykloeidēs кругападобны, круглы),
плоская крывая, траекторыя пэўнага пункта P круга, які коціцца без слізгання па прамой.
Параметрычнае ўраўненне Ц.: x = r(t − d/r∙sin t), y = r(1 − d/r∙cos t), дзе r — радыус круга, d — адлегласць ад пункта P да цэнтра круга, t — вугал павароту круга. Адрозніваюць Ц. звычайную (d = r), падоўжаную (d > r), укарочаную (d < r) Ц. шырока дастасоўваецца ў механіцы, тэорыі механізмаў і інш.